Home
Культура

Сустрэча школьнікаў 11-й лідскай школы з таленавітым майстрам слова Уладзімірам Васько

Сустрэча школьнікаў 11-й лідскай школы з таленавітым майстрам слова Уладзімірам Васько

Літаратурная гасцёўня “Зігзагі лёсу Уладзіміра Васько” сабрала аматараў слова ў бібліятэцы 11-й лідскай школы. У госці да навучэнцаў 9-10 класаў завітаў вядомы на Лідчыне пісьменнік, таленавіты майстар слова Уладзімір Гаўрылавіч Васько.

Літаральна на днях, а калі быць дакладным, то 2 студзеня майстар слова адзначыў сваё 85-годдзе. Таму сустрэча з школьнікамі была не выпадковай.

Перш-наперш навучэнцы і настаўнікі павіншавалі пісьменніка з юбілеем, пажадалі моцнага здароўя, творчага натхнення і папрасілі Уладзіміра Гаўрылавіча працягваць здзіўляць усіх новымі мастацкімі творамі: і вершамі, і апавяданнямі. Што вельмі прыемна ўразіла госця, дык гэта тое, што ў бібліятэцы 11-й лідскай школы была арганізавана выстава кніг і артыкулаў “Паэзія пачуццяў і думак”, прысвечаная яго юбілею.

Падчас сустрэчы Уладзімір Гаўрылавіч расказаў школьнікам пра сябе, пра сваю літаратурную дзейнасць, падзяліўся ўспамінамі аб тым часе, калі ён працаваў ў раённым выданні “Лідская газета”, якой прысвяціў амаль 30 гадоў. 

Сёлетні юбіляр нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. За яго плячыма Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы, праца ў рэдакцыях шчучынскай (1959-1960), дзятлаўскай (1967-1972) і лідскай (1972-2000) раённых газет. З 1972 года жыве ў Лідзе. Друкуецца ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку. Выдаў кнігі паэзіі і прозы “Прасветленасць” (1981), “На схілах берагоў” (1997), “Кругаварот жыцця” (2011), “Лясная рапсодыя” (2013), “Зігзагі лёсу” (2017), “Энергія душы” (2018), “На перавалах часу” (2021).

Больш 30 гадоў Уладзімір Васько ўзначальваў літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” пры раённым выданні “Лідская газета”, і менавіта ён даў назву, якая і да гэтага часу ўвасабляе і аб’ядноўвае ўвесь літаратурны свет Лідчыны.

У цёплай атмасферы гасцёўні асабліва гучалі вершы паэта. Найбольшую цікавасць у падлеткаў выклікалі байкі, якія Уладзімір Гаўрылавіч піша апошнія гады. Яны атрымліваюцца ў яго вельмі змястоўнымі, актуальнымі. Загадчыца бібліятэкі Тамара Зенюкевіч прадэкламавала некалькі баек і звярнула ўвагу на мову і дакладныя вобразы, якія выкарыстаны ў творах. Тамара Іосіфаўна – чалавек, які ведае Уладзіміра Гаўрылавіча не адзін дзесятак гадоў, таму яна падзялілася з вучнямі сваімі ўспамінамі і ўражаннямі аб сяброўстве з пісьменнікам.

Калі вучні спыталі, да якіх тэм у паэзіі звяртаецца майстар слова, то разнастайнасці іх мог пазайздросціць кожны. Як пераканаліся юныя суразмоўцы, у цэнтры ўвагі Уладзіміра Васько сустракаюцца тэмы малой радзімы, паэта і паэзіі, кахання, дзіцячая тэма, шэраг твораў уяўляюць сабой філасофскія разважанні на надзённыя пытанні.

Пацікавіліся школьнікі ў госця, ці сустракаўся ён з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. І ў адказ пачулі, што за сваё жыццё Уладзімір Гаўрылавіч вёў сяброўства з Максімам Танкам, Янкам Брылём, Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Аляксеем Карпюком, Алегам Лойкам і інш.

Пісьменнік падзяліўся з вучнямі сваімі думкамі пра сутнасць паняцця “паэзія”, пра пачуцці, якія павінны быць закладзены ў душы чалавека, даў некалькі парад у майстэрстве напісання вершаў.

Унікальнай магчымасцю для юных аматараў слова стала набыццё ў сваю хатнюю бібліятэку зборнікаў паэзіі і прозы пісьменніка, а таксама атрыманне ўласнага аўтографа ад аўтара.

Нягледзячы на сталы ўзрост, Уладзімір Васько – паэт з маладой душой. Яго творы добра ўспрымаюцца юнымі слухачамі. І гэта было заўважана падчас мерапрыемства.

Наталля АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 9 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды.

Previous article Мастацкае слова натхнёна хвалюе
Next article Навіны Германіі. У Германіі прапанавалі заснаваць пасаду паэта пры бундэстагу

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

Верас 27th, 202418
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201918
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202516
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202015