21 верасня споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Васіля Жуковіча.
Родам паэт з Камянецкага раёна. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Дзмітравіцкай сярэдняй школе, якую скончыў у 1957 годзе. Пасля школы два гады працаваў на заводзе будаўнічых матэрыялаў у Берасці.
У 1959 годзе Васіль Жуковіч паступіў на філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута. Першыя вершы былі надрукаваны ў 1956 годзе ў газеце “Піянер Беларусі”. У студэнцкія гады ён актыўна ўдзельнічаў у рабоце літаратурнага аб’яднання пры абласной газеце “Зара”, якім кіраваў яго настаўнік, вядомы беларускі крытык Уладзімір Калеснік. У 1959 годзе заўчасна памерла маці Васіля Жуковіча Яўгенія Дзянісаўна, і ён пакутліва перажываў нечаканую раннюю страту. З прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча, у 1962 годзе юнак перавёўся на завочнае аддзяленне інстытута і працаваў літсупрацоўнікам, загадчыкам сельскагаспадарчага аддзела ў рэдакцыі берасцейскай раённай газеты “Заря над Бугом”.
Паэтычны голас Васіля Жуковіча актыўна загучаў на старонках абласнога і рэспубліканскага друку. На гэты час прыпадае сяброўства і перапіска з паэтэсай Яўгеніяй Янішчыц. З 1971 года Васіль Жуковіч займаў пасаду старшага рэдактара Берасцейскай студыі тэлебачання. Вершы маладога паэта былі заўважаны ў Менску. Яго запрасілі на працу ў рэдакцыю газеты “Знамя юности”. І ў траўні 1972 года Васіль Жуковіч пераехаў у Менск, дзе стаў супрацоўнікам газеты “Знамя юности”. У 1973-1980 гадах працаваў рэдактарам у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, з 1981 па 1982 год – намеснікам рэдактара ў выдавецтве “Юнацтва”. З 1982 года займаецца творчасцю.
Васіль Жуковіч – паэт шырокага дыяпазону. У набытку творцы – лірычныя, публіцыстычныя і жартоўныя вершы, байкі і прыпавесці, эпіграмы, вершы і прозу для дзяцей. Кожны яго паэтычны зборнік – гэта часцінка сэрца паэта: “Паклон” (1974), “Мелодыя святла” (1976), “Суседства” (1982), “Цана цішыні” (1985), “Твая місія” (1988), “Разняволенне” (1990), “У храме хараства і смутку” (2003), “Каханне радасці і пакуты” (2004), “Не завіце радзіму малой” (2009), “Цудадзейны вітамін” (2011), “Золата лістападу” (2012) і іншыя.
Асноўныя тэмы творчасці – маральна-этычныя праблемы, краса роднай прыроды, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей – добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступ-на гаварыць з малым чытачом.
Васіль Жуковіч заявіў пра сябе і як паэт-песеннік. Выйшла некалькі зборнікаў яго песняў, у тым ліку для дзяцей “Дарога ля жыта”, “Свята”, “Дзіўны горад”, “Вясёлы ранішнік” (1992). На вершы Васіля Жуковіча напісаны песні Уладзімірам Буднікам, Леанідам Захлеўным, ён аўтар слоў “Калыханкі” (музыка Эдуарда Зарыцкага). Васіль Жуковіч – самабытны аўтар на пісьменніцкай ніве, самаахвярны, самаадданы і абавязковы чалавек, сапраў-дны патрыёт нашай Бацькаўшчыны.
Паводле СМІ.