«Беларусы ў паўсядзённай гаворцы часта ўжываюць імёны мітычных пэрсанажаў, але не разумеюць гэтага», — так лічаць рупліўцы беларускай даўніны, якія ўзяліся вярнуць зь нябыту герояў беларускага фальклёру. І хочуць на гэтым зарабіць.
Жэўжык зь Зюзем — лідэры гіт-параду беларускай міталёгіі
«На сёньня апісана 500 пэрсанажаў беларускага мітычнага сьвету, але ён застаецца для большасьці беларусаў невядомым», — кажа адзін з удзельнікаў праекту Павал Арлоў.
«Мы ўздымаем артэфакты беларускай культуры, фальклёру, якія застаюцца незапатрабаванымі. Імкнёмся папулярызаваць той элемэнт культуры, якім мы, беларусы, адрозьніваемся ад іншых народаў», — кажа ён.
Паводле Паўла, беларусы ў сваёй гаворцы часта ўжываюць імёны постацяў зь беларускай міталёгіі, але не надаюць гэтаму вялікага значэньня.
«Калі мы займаліся гэтай справай, высьветлілася, што, напрыклад, мала хто ведае, хто такі Жэўжык. Між тым гэтае слова часта ўжываецца, калі гаворка ідзе пра малых дзяцей, — тлумачыць Павал. — І беларусы шмат чаго такога выкарыстоўваюць у паўсядзённай гаворцы, але ня ведаюць, што гэтыя словы азначаюць. У пэрсанажаў беларускай міталёгіі закладзены даволі лёгкі для ўспрыняцьця сэнс, і мы хочам сваімі выставамі яго раскрыць беларусам».
«Першапачаткова мы імкнуліся нарабіць скульптур і засяліць імі сядзібу старажытнага роду Абуховічаў у Вялікай Ліпе, што пад Нясьвіжам», — працягвае ён. — Нарабілі іх нямала, нават не было куды складаваць, таму і вырашылі: нам патрэбныя выставы. Патроху нашы вырабы «разьехаліся». Вызвалілася прастора, і мы працуем далей«.
Зюзя — бог зімы і холаду. Ходзіць у белай цёплай вопратцы, але босы, у руцэ трымае жалезную булаву
Шэсьць відаў русалак і Аржавень — змагар за здаровы лад жыцьця
Пад сотню пэрсанажаў зь беларускай міталёгіі, легендаў ды казак намаляваў для кнігі «Чароўны сьвет» графік Валеры Славук. Гэтую кнігу некалькі разоў перавыдавалі, але яна ўсё адно застаецца рарытэтам. Натрапіць на яе ў кнігарні — цуд.
Графічныя вобразы герояў міталёгіі, створаныя Валерыем Славуком, дапамагаюць ягоным маладым калегам рабіць скульптуры і ажыўляць іх у мультымэдыйных стужках. Сам Валеры Пятровіч ня ўдзельнічае ў праекце, але свае працы для яго перадаў моладзі.
«Працуючы над фальклёрнымі пэрсанажамі, я ўлічваў і тое, якімі іх мог бы бачыць народ. Зразумела, уласнае бачаньне таксама ў працы знайшло адбітак», — згадвае, як маляваліся героі беларускай міталёгіі, Валеры Славук.
Фантазіі беларусаў пра свой мітычны сьвет, пагадзіўся суразмоўца, не бяднейшыя, чым у іншых народаў.
Глядзі больш