Home
Выданні

Пад знакам квітнеючай магноліі

Пад знакам квітнеючай магноліі

Альманах “Літаратурны экватар” звычайна выходзіць напрыканцы года, у снежні. І нумар 10 (12) – не выключэнне. А вось вокладка новага альманаха патанае ў бела-ружовых кветках, ды яшчэ на фоне ярка-блакітнага неба… І тут многім, я думаю, вельмі захочацца спытаць: і якая ж можа быць зімой магнолія, ды яшчэ квітнеючая?.. Бадай, толькі ў нашых марах і надзеях… Дык гэта таксама някепска.

Увогуле, магнолія – расліна сур’ёзная. Ёй, па розных падліках, ужо звыш дзевяноста мільёнаў гадоў – прыкладна столькі яна ўпрыгожвае нашу планету. Калі ж казаць пра мову кветак, то асноўны сэнс, які нясе ў сабе магнолія, можа быць сфармуляваны так: “Настойлівасць і ўпартасць”. А гэта ўжо дакладна пра нас, бо літаратурны клуб “Экватар” працуе ўжо дванаццаць год насуперак усяму…

Так, дызайн усяго альманаха “Літаратурны экватар” № 10 (12) практычна цалкам кветкавы. Тэму магноліі, зададзеную вокладкай выдання, падтрымлівае ягоны блок, дзе бакавыя калантытулы таксама ўпрыгожаны гэтымі кветкамі – прычым, у пяці розных інтэрпрэтацыях. Прыродна-раслінная тэматыка падтрымліваецца ў інфармацыйных блоках альманаха, дарэчы, іх таксама пяць. А паколькі імпрэзы ды канцэрты літаратурнага клуба “Экватар” праводзіліся ў розныя поры года, то да асноўных фота адбыўшыхся падзей дададзена трохі пейзажных замалёвак – фотаздымкаў прыроды, адпавядаючых часу правядзення мерапрыемстваў суполкі.

Дарэчы, у 2021 годзе літклуб “Экватар” адзначыўся і шматлюднымі літаратурна-музычнымі імпрэзамі ды вечарынамі, і павольнымі літаратурнымі сустрэчамі, і выязнымі канцэртамі, збіраўшымі нармалёвыя такія па колькасці аўдыторыі. У пяці інфармацыйных блоках альманаха № 10 (12) размешчана шмат фота. Па іх можна адсачыць гісторыю падзей у літаратурным клубе “Экватар” у 2021 годзе. І канешне, асобным раздзелам у гэтай гісторыі пазначана нашае супрацоўніцтва з шаноўнай газетай “Наша слова”, у якой у 2021 годзе былі надрукаваны дзевяць вялікіх артыкулаў, прысвечаных мерапрыемствам нашай творчай суполкі. Дарэчы, усе гэтыя артыкулы – у трохі зменшаным выглядзе – прысутнічаюць у інфармацыйных блоках новага нумара альманаха, і іх можна прачытаць.

Выконваючы патрабаванне Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, мы зноў пішам падвоены нумар на вокладцы, тытуле і ў калонтытулах нашага выдання. Першая лічба азначае колькасць выйшаўшых нумароў альманаха з міжнародным кодам ISSN, а лічба ў дужках – агульную колькасць усіх нумароў выдання (да атрымання альманахам кода ISSN паспела выйсці два нумары без гэтага кода).

У новым альманаху “Літаратурны экватар” № 10 (12) за 2021 год размешчаны творы як на беларускай, так і на рускай мове, як і ў мінулым годзе. Дарэчы, па мовах у нас увогуле ніколі не было абмежаванняў: друкаваліся ў нашым выданні тэксты і на англійскай, і на польскай, і нават на турэцкай мове. Галоўнае – каб было таленавіта напісана. А на якой мове – гэта ўжо няважна.

Па жанрах надрукаваных твораў новы альманах ніякіх вычварэнстваў не мае: прысутнічаюць проза, паэзія, публіцыстыка. Слабых аўтараў няма, і гэта не можа не радаваць. Узровень твораў, у асноўным, сярэдні. Але ёсць і публікацыі, якія дасталі, можна сказаць, да вельмі высокай планкі.

Усяго аўтараў – дваццаць чатыры, як і ў мінулым годзе. З іх дзевяць – прафесійныя пісьменнікі. Мне ўсё яшчэ падабаецца лічба дваццаць чатыры, і я не хачу ад яе адыходзіць. Столькі гадзін у сутках; стрэлкі двойчы праходзяць поўнае кола – па дванаццаць гадзін кожнае. Дарэчы, “Экватар” – таксама кола: калі з геаграфічнага пункту гледжання, то гэта і ёсць тая цэнтральная паралель, якая, нібыта кола, апяразвае зямны шар.

У мінулым, 2020 годзе ў нас склаўся пэўны парытэт паміж аўтарамі-мужчынамі і аўтарамі-жанчынамі: і тых, і гэтых было па дванаццаць. У 2021 годзе жанчыны, можна сказаць, “здалі” свае пазіцыі і засталіся ў меншасці: аўтарак у нас усяго дзевяць. А вось аўтараў-мужчын ажно пятнаццаць. Нават не ведаю, як да гэтага ставіцца… А ўвогуле, калі зыходзіць з таго, што альманах “Літаратурны экватар” № 10 (12) па складзе аўтараў атрымаўся пераважна мужчынскім, то можа і добра, што дызайн у гэтага нумара цалкам жаночы – кветкавы?..

І вось я ізноў вярнулася да магноліі. Шыкоўная, вельмі прыгожая кветка – стойкая, упартая, нават холаду не баіцца. Нездарма ж яе ў Кітаі называюць “нефрытавай архідэяй”. Магнолія – гэта вясновы пах, абуджаючы да жыцця, сімвал любові, высакароднасці і росквіту… І ў працяг гэтай прыгожай ноты я вельмі хачу пажадаць аўтарам альманаха “Літаратурны экватар” № 10 (12), сябрам літаратурнага клуба “Экватар” і нашым шаноўным калегам – паважаючым нас журналістам і пісьменнікам – вясны ў сэрцах, пяшчоты, кахання, здзяйснення мараў, плёну ў жыцці і творчасці!..

 

Інга Вінарская,

шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар”,

паэтка, пісьменніца, журналістка.

Previous article Творчая сустрэча "І кніга дорыць натхненне"
Next article Мастацкае слова натхнёна хвалюе

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201918
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

Верас 27th, 202418
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202516
У Шклове ўзгадалі Анатоля Сербантовіча
Культура

У Шклове ўзгадалі Анатоля Сербантовіча

чэрв 9th, 202015