Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Шклове ўзгадалі Анатоля Сербантовіча

У Шклове ўзгадалі Анатоля Сербантовіча

9 чэрвеня 2020, 07:07 Культура, ТБМ 7
У Шклове ўзгадалі Анатоля Сербантовіча

50 гадоў назад у 1970 годзе адышоў у вечнасць беларускі паэт Анатоль Станіслававіч Сербантовіч. З гэтай нагоды 25 траўня 2020 года сябры літаратурнага салона імя Міхася Зарэцкага, які дзейнічае пры Шклоўскай раённай арганізыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”  наведалі яго малую радзіму – вёску Ордаць Шклоўскага раёна. Тут, у сям’і настаўнікаў нарадзіўся і скончыў Ордацкую сярэднюю школу будучы вядомы беларускі паэт.

Госці са Шклова наведалі Ордацкую школу. Зараз гэта базавая школа, дзе вучацца каля 50-вучняў. Кіраўніцтва школы дабразычліва сустрэла сяброў  шклоўскай ТБМ і здзейсніла экскурсію ў школьную бібліятэку, дзе створаны мемарыяльны куток паэта. Адбылася размова пра жыццё, творчасць і мясцовую памяць паэта. Сядзіба беларускага паэта ў вёсцы не захавалася. Пасля смерці яго маці дом набылі жыхары Шклова і перавезлі ў горад. Але галоўнае, памяць пра славутага ранейшага жыхара Ордаці захавалася ў мяс-цовай школе, і гэта вельмі добра.

З успамінаў пісьменніка Уладзіміра Арлова: “Ён быў упарты і вольналюбны. Ён жыў у прадчуванні цуда. Ён меў выключнае пачуццё мовы і талент, прызнаны і падтрыманы мэтрамі. Школьнікам, лідзіруючы ў велагонцы, ён трапіў у звалку, параніўся, але, закінуўшы ровар на плечы, першым дабег да фінішу. У дваццаць сем Анатоль выдаў ужо другую кнігу – не па гадах спелую і бязлітасную да сябе. Яна называлася трывожна – “Міннае поле”. Аднойчы ўвечары ён, атрымаўшы неблагі ганарар і “замачыўшы” гэтую падзею, ішоў па менскай вуліцы. На просьбу сустрэчнай кампаніі даць закурыць выцягнуў з кішэні пачак грошай: “Вось вам на цыгарэты!” Яго завалілі на ходнік і бясконца доўга білі нагамі. Потым былі шпіталь, жорсткія прыступы галаўнога болю, інсульт і адыход туды, дзе паэту, магчыма, удалося здзейсніць выказаную ў адным з вершаў мару і разгадаць

Тайну музыкі,

Тайну крыкаў,

Тайну гукаў і нематы,

Тайну чыстага і вялікага,

Тайну злосці і дабраты… “

 

Гістарычная даведка: Анатоль Станіслававіч Сербантовіч нарадзіўся 13 траўня 1941 года. У вайну жыў з бацькамі ў вёсцы. У 1958 годзе скончыў Ордацкую сярэднюю школу, працаваў у калгасе. У 1960 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, якое закончыў у 1965 годзе. У 1964-1965 гг. быў літаратурным супрацоўнікам часопіса “Бярозка”. З восені 1966 года знаходзіўся ў творчай камандзіроўцы ў Запаляр’і, Казахстане, на Урале, Далёкім Усходзе. У 1969 годзе зноў вярнуўся ў Менск і працаваў у газеце “Піянер Беларусі”. Сябар Саюза пісьменнікаў БССР з 1967 года. Памёр у Менску 21 сакавіка 1970 года пасля жорсткай бойкі з хуліганамі. Пахаваны на Усходніх могілках Менска. Анатоль Сербантовіч пачаў пісаць яшчэ ў школе. Гэта былі байкі і сатырычныя замалёўкі калгаснага жыцця. У 1959 годзе ў газеце “Магілёўская праўда” надрукаваў свой першы верш. У гады вучобы ў школе запрашаўся на паседжанні літаб’яднання, на абласныя і рэспубліканскія семінары пачынаючых пісьменнікаў. На другім курсе ўніверсітэта склаў рукапісны зборнік вершаў. Як сталы паэт сфармаваўся ў 1964 годзе, калі пачаў рэгулярна друкавацца ў рэспубліканскіх часопісах, напісаў некалькі паэм. Характэрная праявай яго паэзіі былі грамадзянская накіраванасць, пафаснасць. Аўтар зборнікаў паэзіі “Азбука” (1966 г.), “Міннае поле” (1968 г.), “Пярсцёнак” (1971 г.), “Жаваранак у зеніце” (1989 г.). Акрамя вершаў пісаў творы для дзяцей, прозу, крытыч-ныя артыкулы, займаўся перакла-дамі. У сярэдзіне 1960-х звярнуўся да жанру паэмы. У 1968 годзе, у час знаходжання ў Сярэдняй Азіі напісаў паэму для дзяцей “Тэлефон”.

Алесь Грудзіна,

Шклоўская арганіз. ТБМ.

На здымках: 1. Анатоль Сербантовіч; 2. Дэлегацыя ТБМ у Ордаці; 3. Кіраўнік літсалона ТБМ Пётр Мігурскі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Зварот ТБМ да бацькоў
ТБМ

Зварот ТБМ да бацькоў

1 чэрвеня 2021, 07:0934
ЦУКЕРКІ ЯНКІ КУПАЛЫ
Культура

ЦУКЕРКІ ЯНКІ КУПАЛЫ

25 мая 2022, 07:3230
Выйшаў Гарадзенскі перакідны краязнаўчы каляндар на 2022 год
Выданні

Выйшаў Гарадзенскі перакідны краязнаўчы каляндар на 2022 год

28 снежня 2021, 23:2329
Верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый  Ф. Скарыны застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў
Грамадства

Верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый Ф. Скарыны застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў

17 студзеня 2022, 21:5827
Далучайцеся да нас