Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Гелена Ромер. Юзаф Каліноўскі1

Гелена Ромер. Юзаф Каліноўскі1

6 кастрычніка 2026, 08:07 Гісторыя і краязнаўства 8
Гелена Ромер. Юзаф Каліноўскі1

І.

 

Капітан-інжынер рускай арміі, дзяржаўны вязень і выгнанец у Сібір, педагог, прыёр ордэна босых кармелітаў.

 

Перад намі ляжыць вялікая кніга на 597 старонак, напісаная па-французску босым кармелітам і выдадзеная ў Льежы ў 1923 годзе. У ёй змяшчаецца сапраўды незвычайная гісторыя незвычайнага, святога чалавека, і гэта наша віна, што ён дагэтуль не кананізаваны2. Жыццё Юзафа Каліноўскага, які нарадзіўся ў 1835 годзе, сына шаноўнага і ўзорнага дырэктара Шляхецкага інстытута ў Вільні, Андрэя і Юзафіны Палонскай, прыёмнай дачкі Зоф’і Путкамер – дачкі Марылі Верашчакоўны3, якая прынесла ў сям’ю з дзевяці дзяцей узнёслы і моцны рэлігійны дух. Гэтае жыццё як знешне, так і ўнутрана, з’яўлялася адной з самых цікавых псіхалагічных з’яў эпохі ў сферы калектыўнага містыцызму.

Знешняе жыццё гэтага элегантна выхаванага і прыгожага шляхецкага сына, які зрабіў бліскучую кар’еру, пачаўшы са Шляхецкага інстытута, мае шэраг незвычайных змен. Пасля агранамічнай школы ў Горках, у Пецярбургу была Ваенна-інжынернай акадэмія, дзе ён застанецца прафесарам матэматыкі. Потым інжынерная праца ў Курску на будаўніцтве чыгункі, потым у цвердзі Брэст-Літоўск, дзе ён становіцца капітанам генеральнага штаба. Бліскучыя перспектывы адкрыліся перад гэтым прыгожым і таленавітым афіцэрам у Маскве. Аднак у 1863 годзе, 3 мая, цар Аляксандр II падпісаў указ, які вызваліў яго ад службы па ўласным жаданні… Паўстанне прыгнечанага народа авалодала гэтай палкай душой.

І неўзабаве, з поўнай разважлівасцю, з поўным спакоем, настроены скептычна, але мужна, Каліноўскі адправіўся ў Вільню, дзе кіраваў Мураўёў, і быў прызначаны ваенным кіраўніком адчайнай і безнадзейнай барацьбы4.

Юзаф Каліноўскі выконваў сваю місію да 13 сакавіка 1864 года. Ён з дзяцінства быў містыкам, ахвяраваў і прысвячаў сябе Богу за грахі іншых і шукаў шлях да збавення ў малітве, медытацыі і добрых справах. Можна сказаць, што ўсе незвычайныя падзеі, насычанае, цяжкае і знясільваючае жыццё, якім ён жыў, праходзілі толькі па паверхні, як хвалі больш-менш бурлівага акіяна, не дакранаючыся да цудоўных перлаў усё большай хрысціянскай дасканаласці, якая жыла ў глыбіні яго душы для славы Божай і для ўмацаванне бліжніх. Яшчэ ў дзяцінстве, вучнем, ён вылучаўся незвычайнай любоўю да ўсіх людзей, з якімі сутыкаўся. Заўсёды і ўсюды рабіў дабро, як уважлівы да памылак і пакутаў бліжніх брат міласэрнасці.

Яго пабожнасць была глыбокая і гарачая. Зносіны з Богам, гэтае шчасце містычных душ, незразумелае для прафанаў, – яго лёс з ранняй маладосці. У сталіцы цароў, сярод спакус і раскошы свету, гэты прыгожы афіцэр, імкнучыся да гонару і бліскучай кар’еры, становіцца на калені ля ног алтароў і паглыбляецца ў вучэнне касцёла, вывучае адрозненні і ўзаемаадносіны паміж каталіцызмам і схізмай, прадчувае будучы лёс. Ад пачатку маючы пакліканне да манаскага жыцця, да поўнай адданасці Богу, да адрыву ад свету, у якім ён заўсёды пакутаваў на працягу ўсіх 20 гадоў надзвычай цяжкіх выпрабаванняў, айцец Юзаф Каліноўкі рыхтаваў сябе да будучага манаскага жыцця. Яго жыццё ў свеце было поўнае вялікіх заслуг, бязмежнай ахвярнасці, любові да бліжняга без розніцы ў веравызнанні, цярплівасці ўпакутах, найпрыгажэйшых добрых пачуццяў да Бога, сваёй радзімы і сям’і. Чытаючы гісторыю гэтага святога жыцця, не пакідае думка, якое гэта незвычайнае шчасце, нягледзячы на жыццёвыя пакуты, адчуваць тое самае, што і гэты дабраслаўлёны чалавек.

1863-ці год, пакутніцтва краю, турмы, поўныя ахвяр, пакаранне смерцю Серакоўскага, Далеўскага, Здановіча і Канстанціна Каліноўскага –  гэта ўсё больш уплывае на душу Юзафа, гатовую прыняць ласку Божую. Па настойлівай просьбе сястры і мачахі, дзвюх анельскіх постацяў, якіх так асабліва многа было сярод ліцвінскіх жанчын у тыя часы ўздыму і пакутніцтва, Юзаф Каліноўскі прысту-пае да сакрамантаў, якія ён атрымлівае з рук апошняга лазарыста (кангрэгацыя св. Вінцэнта дэ Поля) ў Літве, годнага кс. Эйсманта. Мачаха даўно лічыла свайго маладога пасынка Божым выбраннікам.

 

Змрочны ход драмы паўстання набліжаецца да эпілогу актыўных баявых дзеянняў. Заключныя эпізоды – арышты Гейштара, Аскеркі і Юзафа Каліноўскага, які пасля пакарання смерцю Канстанціна застаўся ў Вільні адзін, на руінах Народнага ўрада, гэтак жа, як і Траўгут у Варшаве, з якім ён меў шмат падабенства, бо абодва адначасова выраслі на адным падмурку рэлігійнасці і ліцвінскага патрыятызму.

У Варшаве паўстанне скончылася пакараннем смерцю 4 жніўня на схілах цытадэлі, дзе разам з Траўгутам, былі павешаны Р. Краеўскі, Р. Жулінскі, Я. Тачыскі і Я. Язяранскі.

У Вільні больш няма каго арыштоўваць, усе, нават самыя слабападазраваныя, ужо за кратамі. У гэтым спісе можна прачытаць шмат імёнаў землеўладальнікаў, дробнай шляхты і віленскіх месцічаў. Увесь горад жыве толькі тым, што адбываецца ў Дамініканскім кляштары. Духоўная сіла вязняў узрастае прапарцыйна іх пакутам і любові, якую яны выклікаюць нават у сваіх ворагаў. З турэмнай камеры Каліноўскі піша ліст Мураўёву пра прычыны паўстання, спрабуючы вярнуць яго на шлях талерантнасці. У адказ паўночная пачвара прысуджае яго да смерці. Аднак, ці то намаганнямі сям’і, ці думкай, што ператварыць гэтага святога чалавека ў пакутніка было б непрактычнай прапагандай, смяротнае пакаранне замяняюць 10 гадамі катаржных работ.

29 чэрвеня 1864 года, у дзень святых Пятра і Паўла, праз Вільню прайшоў вялікі канвой асуджаных, акружаных казакамі. “Вялізныя тлумы – піша Каліноўскі ў сваіх мемуарах, – тоўпіліся ў вокнах, на балконах і ў вуліцы. Конныя казакі адціскалі ўсіх, хто хацеў падысці. Гэта было падобна на пахаванне. А колькі падобных працэсій папярэднічала нашай з пачатку паўстання? Сярод нас былі людзі ўсіх пластоў грамадства: землеўладальнікі, лекары, прадпрымальнікі, рамеснікі, сяляне, замужнія жанчыны і панны,  усе мы як плынь, плылі на Далёкі Усход. Нас не суправаджаў ніводзін ксёндз, і жах ахопліваў пры думцы, што мы застанемся без рэлігій-най суцяшэння. Мы сядзелі ў вагонах, у якія нас напхалі адзін на аднаго. Цягнік рушыў, як магіла ўсыпаны кветкамі”.

Гэта пачатак сібірскіх гадоў Каліноўскага… Белая Сібір, іншая, містычная, быццам бы, радзіма нашых бацькоў і дзядоў, край слёз і смяротнай тугі.

На пачатку Перм, дзе ён сустракае свайго брата Гаўрыіла, таксама асуджанага на выгнанне, потым – Табольск, Томск, Краснаярск і Іркуцк з’яўляюцца рэзідэнцыяй будучага кармеліта, які, можна сказаць, з гэтага часу дае патройныя манаскія абяцанні і ні на хвіліну ім не здраджвае. Ён забывае пра сябе, свае выгоды і здароўе якое ўвесь час  пагаршаецца. Ён пастаянна раздае грошы, усе яго разумовыя здольнасці накіраваны на палягчэнне цяжкага становішча спадарожнікаў Тут завязваюцца дзіўныя сувязі нязгаснай дружбы, якія дапамагаюць выстаяць. Акрамя брата, Каліноўскі сустракае плямен-ніка сваёй любай мачахі, Яна Рыхлевіча, сына якога, народжанага ў дзень высылкі бацькі ў Сібір, ён трымаў падчас хросту. Акрамя таго, яго звязвае сяброўства і духоўнае блізкасць з Аскеркам, Гейштарам, Лаўдынам, Міткевічам і верным віленскім сябрам Корзанам. Спраў-ляюцца, як могуць. Каліноўскі зарабляе на жыццё перава-жна ўрокамі, і яго слава настаўніка распаўсюджваецца сярод выгнаннікаў, чыіх жонак і дзяцей ён вучыў, і сярод мясцовага насельніцтва, якое ахвотна давярала яму сваю моладзь. І заўсёды малітва і добрыя ўчынкі.

У 1865-1868 гады ён жыве ў бедным мястэчку Усоле, а дакладней, на востраве на рацэ Ангара, дзе ў кайданах на нагах працуе чысцільшчыкам катлоў на са-ляварні. Стараста асуджаных Аляксандр Аскерка ёсць поўны такту, дабрыні і розуму. Сябрам і апекуном заўсёды слабога Каліноўскага з’яўляецца Фелікс Зянковіч. Яго пакуты падзяляюць некалькі ксяндзоў: канонік Кача-ноўскі, кс. Рагозльскі, дэкан Стульгінскі з Жамойці, 70-гадовы стары кс. Сырвід з Літвы, кс. Ясевіч. У 1866 годзе ў Іркуцку кс. Швярміцкі дабраслаўляе шлюб А. Аскеркі і панны Грабоўскай, адной з нашых адважных, адданых дзяўчат, якія здалёк кінуліся на дапамогу, каб падсаладзіць хвіліны жыцця асуджаных. Дом Аскеркаў становіцца пры-тулкам і домам для ўсіх.

Аўтар кнігі пра Каліноўскіх дзеліцца лістом шаноўнага пана Аляксандра Аскеркі, напісаным у 1908 годзе з Нароўлі. Спадарожнік Каліноўскага ў пакутах апісвае ўмовы цяжкай працы, не асабліва цяжкай фізічна, але надзвычай цяжкай з-за няволі, тугі па доме і сям’і, а таксама цеснымі пакоямі. Усольская калонія складалася з 500 чалавек. Лісты з радзімы ішлі тыднямі, і ўся карэспандэнцыя падвяргалася цэнзуры. “Каліноўскі, – піша Аскерка, – па натуры аскет і назіральнік, імкнуўся працаваць над душамі сваіх суайчыннікаў, асабліва моладзі. З бязмежнай адданасцю і самаахвярнасцю ён дзяліўся ўсім, што меў, пастаянна сабе на шкоду. Пакора была яго была настолькі вялікай, што ён проста не мог цярпець пахвалы ці прызнання. Не хацеў бачыць нікога паміж Богам і сабой, справы яго былі ж ціхімі і прыгожымі”.

 

ІІ.

 

Калі б калі-небудзь і існавала грамадства, блізкае да першапачатковых хрысціянскіх грамад, то гэта, напэўна, была група людзей ва Усоле. Чытаючы апісанне Калядаў ці іншых святаў, якія разам святкавала 200 чалавек, у казематах, агорнутых зелянінай, на братэрскіх застоллях і размовах, у традыцыях краю, узнікае бачанне нейкага духоўнага Эдэма, населенага выбранымі істотамі, якія ззяюць яркім полымем ахвярнасці на цёмным гарызонце чалавецтва.

Сярод гэтых “катаржнікаў” меліся па-сапраўднаму анёльскія постаці працавітых і мілых жанчын, якія адмовіліся ад усіх выгод і забаў, каб стварыць дом для выгнаннікаў. Іх было каля сарака: пані Байнская, пані Вяльгорская, пані Красіцкая, пані Патоцкая, пані Сясіцкая і шмат іншых, восем лекараў і дзясятак ксяндзоў.

Сярод духавенства рэй вёў кс. Вацлаў Капуцын (Эдвард Навакоўскі), вядомы потым у Кракаве, які аб’ядноўваў усіх сваёй святасцю і непахіснасцю. Але ў Каліноўскім, які нават не ўзгадваў пра свае духоўнае пакліканне, усе адчувалі святога.

З 1868 годзе пасля амністыі большасць асуджаных перасялілася ў Іркуцк, і Усольская камуна распалася. Зянковіч стаў апекуном і неразлучным спадарожнікам Каліноўскага, ён сачыў за здароўем і фінансамі земляка і заўсёды клапаціўся пра ўсіх, акрамя сябе.

Да 1872 года Каліноўскі заставаўся ў Іркуцку, як звычайна, заняты сваёй выкладчыцкай працай, дапамагаў бедным і хворым і ўсё больш аддаваўся пабожнасці, посту і ўмярцвенню. Ён жыў у свеце як манах, поўны прастаты, цішыні і пастаяннага служэння Богу. Суправаджаў прафесараў Дыбоўскага і Гадлеўскага ў іх навуковых экспедыцыях, пастаянна адукоўваў свой розум і пашыраў веды, каб падзяліцца імі з іншымі. Рупліва вывучаў грэчаскую і лацінскую мову, гісторыю каталіц-кага касцёла. Пераехаўшы ў Перм, сустрэў новых спадарожнікаў: Зыгмунта Чаховіча, Маўрыцыя Межаеўскага з Віленшчыны і біскупа І. Э. Бароўскага з Жытоміра. Каліноўскі ўсё часцей меў зносіны са святарамі. Касцёл і яго абрады сталі сэнсам яго жыцця, таксама ён навучаў і супакойваў навакольных.

Нарэшце, дзякуючы намаганням Аскеркі і Гейштара, якія ўжо жылі ў Варшаве, Каліноўскаму дазваляюць паехаць у Наваградскі павет, у маёнтак сям’і Віктара Каліноўскага, а неўзабаве ў Грозава, дзе бацькі, браты і сёстры сустракаюць яго з вялікай радасцю пасля 10 гадоў выгнання. Грозава калісьці належала сям’і Межаеўскіх, але яны былі вымушаны прадаць яго з-за Валентыя Межаеўскага, якога павесілі падчас паўстання, і яно перайшло ў рукі князя Вітгенштэйна, сына Радзівілоўны, спадчынніцы велізарных маёнткаў князя Дамініка, афіцэра арміі На-палеона.

Караль Каліноўскі, брат Юзафа, ажаніўся з Марцінай, а пасля таго, як аўдавеў, з яе сястрой, Сабінай Межаеўскай, тройчы здаваў Грозава ў арэнду, жыў каля Гро-зава і прыгожы палац у Грозаве аддаў пад рэзідэнцыю сваіх бацькоў. Такім чынам, сям’я мела ілюзію, што гэтыя землі ўсё яшчэ ў іх руках.

У асяроддзі сям’і і суайчыннікаў, на зноў здабытай радзіме Каліноўскі правёў нядоўгі час, бо ён мусіў часова вярнуцца ў Расію, а менавіта ў Смаленск. Цяпер ён жыў як манах і ўсё глыбей і гарачэй разрываў з усімі свецкімі пачуццямі, імкнучыся да дасканаласці. У 1874 годзе зноў наведаў сям’ю, правёў разам Вялікдзень, а потым развітаўся, не ведаючы, што больш ніколі не ўбачыць іх у гэтым жыцці.

Пасля кароткага знаходжання ў Варшаве, наведвання Чанстахова і жыцця ў сяброў, ён з ваганнямі і недаверам да ўласных сіл, але ўспрымаючы гэта як правідэнцыяльны загад, прымае пасаду кіраўніка, апекуна і спадарожніка 16-гадовага князя Аўгуста Чартарыскага, сына князя Уладзіслава з Сянявы і іспанскай інфанты Марыі Ампара. Гэты малады чалавек, як і яго маці, хварэў на сухоты, далучыўся да салезіянаў ва ўзросце 27 гадоў пасля святога жыцця ў свеце і памёр пасля дванаццаці гадоў руплівай працы для ордэна. У цяперашні час працэс беатыфікацыі гэтага маладога каплана ўжо пачаўся. Такі чалавек, як Каліноўскі, падыходзіць для настрою княжацкай сям’і, у якой ужо меліся законніцы – босая кармелітка, сястра Марыя Ксаверыя Чартарыская з дому Грахольскіх, і свентаблівая, далёкая ад мітусні свету, адданая добрым справам княгіня д’Арлеанс, другая жонка князя Уладзіслава княгіня Сюзанна Хімай, жонка князя Марцэлія і яго маці княгіня Марцэліна, графіня Іза Дзялынская з Чартарыскіх. Жыццё гэтых княгінь, сваякоў каралёў, было ціхім, далёкім ад забаў, спакус і весялосці. Пабожныя практыкі, размовы са святарамі, радасці, сямейныя клопаты, клопат пра бедных, рэлігійныя ордэны, місіянеры і гэтак далей – усё гэта было іх пастаяннай і нязменнай дзейнасцю. Сярод іх знайшлі сваё месца генералава Замойская з дачкой і сынам, а таксама Патоцкая з Рыманава, чые ўчынкі цяпер вядомыя сучаснікам.

Гэтыя незвычайныя постаці, незвычайная людзі жылі напалову ў раі. Адзіная ў свеце духоўная атмасфера, патрыятызм, заснаваны на глыбокіх хрысціянскіх цнотах, пэўная пакорлівасць і рэлігійная радасць у пакутах, жыццё дзеля дабра бліжняга, навучальныя ўстановы, такія як школа ў гатэлі “Ламбер” ці іншая дабрачыннасць. На працягу чатырох гадоў, з незвычайнай адданасцю і любоўю, Юзаф Каліноўскі прысвячае сябе працы, пяшчотнай апецы маладога, сухотнага нашчадка княжацкага роду. Паміж настаўнікам і вучнем, у рэшце-рэшт, пануе поўная гармонія, абодва, з жыццём, поўным адрачэння, рыхтуюцца да ордэна. Ціхае асяроддзе, сціплае, амаль манастырскае жыццё, рэлігійныя практыкі, вучоба – гэта штодзённыя заняткі абодвух у Сяняве, у Парыжы, у атачэнні старых эмігрантаў-пенсіянераў, якія дажываюць свае гады ў гатэлі “Ламбер”. Гады тугі і клопатаў пра лёс краіны. Жыццё там сціхла, схавалася ў містычныя глыбіні душы. Больш няма прыёмаў часоў князя Адама. Дзве гаспадыні дома, Іза Дзялынская і Малгажата д’Арлеан Чартарыйскія, вядуць амаль што жыццё законніц. Здароўе маладога князя патрабуе яго паездак у Мянон, жыцця ў Мілане і Давосе, падарожжаў па Італіі і летніх канікул у Сяняве або ля мора. Каліноўскі, адчуваючы ўсё большую цягу да манаскага жыцця, упершыню ў гэтую эпоху выяў-ляе пэўную духоўную трывогу, няўпэўненасць і недавер да ўласных сіл. У лістах да сям’і ён просіць малітваў за сябе і ўважліва слухае аповед графіні Ізы Дзялынскай пра жыццё кармелітаў і скаргі маці Марыі Ксаверыі на заняпад ордэна ў Малапольшчы.

Нарэшце яго рашучасць саспела. Ён развітваецца з сям’ёй Чартарыскіх і бярэ на сябе першыя абавязацельствы перад  ордэнам. У 1878 годзе пераязджае ў Грац, каб пачаць, тут навіцыят і закончыць яго ў Раабе ў Венгрыі. Нарэшце, больш чым на 20 гадоў ён становіцца душой і аднаўляльнікам ордэна босых кармелітаў у Кракаве і наваколлі. З 1883 года узначальвае польскіх кармелітаў і з нястомнай стараннасцю працуе дзеля славы і развіцця ордэна, робіць гэта з пакорай і жаданнем дапамагчы сваім братам, але ўся яго душа цягнула да адзіноты і сузірання. Ён даручыў манашкам запісаць гісторыю кармелітаў у Менску, Вільні і ў цэлым у Літве, і жыццё блажэннай кармеліткі, маці Мархоцкай. Ён пастаянна займаўся падтрыманнем высокага рэлігійнага духу ордэна. Нарэшце, у 1907 годзе, пасля доўгіх пакут, памірае ў Вадавіцкім кляштары, а яго парэшткі потым перавезены ў Чэрна каля Кракава.

Вось кароткі змест вычарпальна і добрасумленна напісанай біяграфіі Каліноўскага. Кніга змяшчае шмат выкладзеных бесстаронна захапляльных падрабязнасцей пра людзей і часы да і пасля паўстання 1863 года.

[1] Helena Romer. Józef  Kalinowski // Słowo. 1927. № 194.

[1] Кананізаваны касцёлам 17 лістапада 1991 г. – Л. Л.

[1] Ваўжынец і Марыля Путкамеры мелі трох дзяцей: сына Станіслава і дачок Зоф’ю (па мужы — Каліноўскую) і Караліну (па мужы — Рыхлевіч). – Л. Л.

[1] З чэрвеня 1863 года ўзначаліў ваенную секцыю Выканаўчага аддзела Літвы, быў найбліжэйшым памочнікам кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага, які, па меркаваннях некаторых даследчыкаў, быў яго сваяком. – Л. Л.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя беларускай мовы
Мова

Гісторыя беларускай мовы

31 жніўня 2020, 12:5716
Прэзентацыі "Новага замка" і "Ятранкі" на Дзятлаўшчыне
Культура

Прэзентацыі "Новага замка" і "Ятранкі" на Дзятлаўшчыне

18 мая 2021, 09:0515
135 гадоў з дня нараджэння аўтара "Ваяцкага гімна"
літаратура

135 гадоў з дня нараджэння аўтара "Ваяцкага гімна"

3 верасня 2026, 07:0914
Тастамент Генадзя Бураўкіна
Культура

Тастамент Генадзя Бураўкіна

7 верасня 2021, 10:5114
Далучайцеся да нас