Пясецкі – вядомы пісьменнік, праваслаўны беларус, удзельнік польска-бальшавіцкай вайны, афіцэр разведкі, аўтар культавага рамана “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, які сваёй творчасцю аб’яднаў беларускую і польскую культуры. Ён нарадзіўся ў мястэчку Ляхавічы, памёр у 1964 годзе ў Вялікабрытаніі і быў пахаваны ў Гасцінгсе. Па просьбе нашчадкаў парэшткі эксгумавалі і перапахавалі на Вайсковых могілках “Павонзкі” ў Варшаве.

На жалобнай цырымоніі выступіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі. Ён падкрэсліў, што жыццё і творчасць Сяргея Пясецкага сёння асабліва важныя, каб нагадаць пра сутнасць бальшавізму, камуністычнай сістэмы і пра небяспеку, якую ўяўляе посткамуністычная, неаімперская ідэалогія для Польшчы і ўсёй Еўропы.
У сваім слове Наўроцкі ўзгадаў службу пісьменніка ў польскай выведцы, яго крымінальны прысуд (смяротны вырак ад польскай дзяржавы, рэд.), удзел у Другой сусветнай вайне і адзначыў, што творчасць Пясецкага была не толькі прыкладам вялікай літаратуры, але і зброяй у змаганні супраць камунізму.
Паводле СМІ.

