Умоўна пачатак зараджэння асобнай беларускай мовы адносяць да канца XIII — пачатку XIV стагоддзя. Менавіта ў гэты час у граматах, дзелавой і асабістай перапісцы пачынаюць спарадычна адлюстроўвацца моўныя з’явы, адметная лексіка і фанетыка, якія пазней сталі характэрнымі для беларускай мовы.
Ужо ў XIII стагоддзі ў пісьмовых помніках на беларускіх землях пачынаюць спарадычна трапляцца асаблівасці, характэрныя для сучаснай беларускай мовы. На працягу XIV—XVI ст. пачала складвацца беларуская народнасць з уласцівай ёй моваю, асноўныя асаблівасці якой захоўваюдца ў ёй да нашага часу.
Аднак старажытныя кніжнікі ў пісьменстве строга прытрымліваліся традыцыйных старажытнарускіх граматычных і лексічных норм, таму новыя моўныя рысы ў пісьмовых помніках на першых парах адлюстроўваліся толькі зрэдку ў выглядзе паасобных апісак. Адным з найстаражытнейшых пісьмовых помнікаў, які адлюстроўвае ўласна беларускія моўныя рысы, з’яўляецца Дагаворная грамата смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгаю і Гоцкім берагам (1229 год). У грамаце, сярод іншага, адлюстравана чаргаванне гукаў [в] і [ў] у прыназоўніку «въ»: «оу низъ» замест «въ низъ», «оу Ризѣ» замест «въ Ризѣ».
У XIV стагоддзі, пры Альгердзе, старабеларуская мова стала афіцыйнай мовай справаводства ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прыкладна з сярэдзіны XV ст. пісьменства на тэрыторыі Беларусі насычаецца спецыфічна беларускімі асаблівасцямі ў такой меры, што пачынаючы з гэтага часу ёсць ужо ўсе падставы гаварыць пра старабеларускую літаратурную мову, якая сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі рысамі прыкметна адрознівалася ад старажытнарускай літаратурнай мовы, але цалкам не перарвала сувязей з ёй. У беларускім пісьменстве старажытнага перыяду старабеларуская пісьмовая мова мела назву «руский языкъ».
Першы аркуш Псалтыра, выдадзенага Францыскам Скарынам у Празе, 1517
Старабеларуская мова ВКЛ адлюстроўвала многія моўныя з’явы, характэрныя для гутарковай беларускай мовы, хоць да канца XV ст. яшчэ не адходзіла далёка ад традыцыйных канонаў, якія былі складзены дагэтуль, і была прадстаўлена пераважна юрыдычнымі дакументамі. Блізкае месца да ёй займалі мясцовыя творы на царкоўнаславянскай мове[8]. Так, беларускія лінгвісты прыйшлі да высновы, што мова друкаваных перакладаў Бібліі Францыска Скарыны, зробленых ім у 1517—19 гадах, — гэта беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы, дзе маецца пэўны ўплыў гутарковай беларускай, чэшскай і польскай моў. У той жа час, гэтая мова, безумоўна, была зразумела славянскамоўнаму насельніцтву ВКЛ, а друкаваныя кнігі Францыска Скарыны былі адрасаваны менавіта да яго. Яшчэ больш рыс гутарковай мовы беларусаў, на слоўнікавы запас якой плённа паўплывалі таксама латынь, нямецкая, польская і іншыя мовы, старабеларуская мова набыла з сярэдзіны XVI ст. (асабліва ў лексіцы, фразеалогіі і марфалогіі, часткова — у фанетыцы і сінтаксісе) у ходзе Рэфармацыі ў ВКЛ і шырокага размаху друкарскай справы (Васіль Цяпінскі, Сымон Будны і інш.). Пісьмовая «руская мова» ВКЛ у XIV—XVII стст. вылучалася шыратой грамадскіх функцый (мела статус дзяржаўнай мовы, на ёй былі напісаны Статуты ВКЛ), развітасцю стыляў (дамінаваў афіцыйна-дзелавы стыль, які найболей атрымаў рыс гутарковай беларускай мовы, у адрозненне ад царкоўнага стылю, і якім найболей карысталася свецкая шляхта), значнай колькасцю друкаваных выданняў, а літаратура на ёй — развітасцю відаў і жанраў (у тым ліку, напісанне дзяржаўных летапісаў і хронік).
Да нашага часу дайшло каля 600 кніг Літоўскай метрыкі — дзелавога архіва канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, дакументы якога напісаны на старыжытнабеларускай літаратурнай мове. Зводы законаў Вялікага Княства Літоўскага (Судзебнік Казіміра Ягелончыка (1468), Статут ВКЛ у рэдакцыях 1529, 1566 і 1588) таксама напісаныя на старабеларускай мове і ўтрымліваюць вялікую колькасць адметнай беларускай лексікі.
З сярэдзіны XVII ст. у афіцыйным справаводстве, культурным і публічным жыцці гарадоў і вышэйшага саслоўя ВКЛ пачала дамінаваць літаратурная польская мова. У 1696 годзе быў аб’яўлен закон, паводле якога дзяржаўнаю моваю на беларускіх землях стала польская мова. Старабеларуская мова паслядоўна выцясняецца з ўжытку ў справаводстве і культуры на карысць польскай мовы. У выніку, літаратурна-пісьмовая мова занепадае, развіваюцца толькі жывыя народныя гаворкі.