90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
Селёта ў краіне творчымі конкурсамі і мастацкімі выставамі шырока адзначаецца 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.
Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы.
Ён з’яўляецца адной з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. “Асаблівая заслуга Уладзіміра Караткевіча – у распрацоўцы гістарычнай тэматыкі. Ён узняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаў дух мінулых эпох, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет сваіх герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам народным. Для Беларусі ён выканаў тую гістарычную місію, што Вальтэр Скот у Англіі, Генрых Сянкевіч у Польшчы, Алоіс Ірасек у Чэхіі”, – адзначыў даследчык творчай спадчыны пісьменніка, літаратура-знавец Анатоль Верабей.
Творчасць Уладзіміра Караткевіча вызначаецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам.
Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”, раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, нарыс “Зямля пад белымі крыламі”.
Продкі Караткевіча былі шляхецкага саслоўя і паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва і іншых гарадоў. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі, паводле сямейнай легенды – Тамаш Грынкевіч, браў удзел у паўстанні 1863-1864 гадоў. Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а яго самога расстралялі ў Рагачове. Гэтую гісторыю Караткевіч апісаў у эпілогу рускамоўнай аповесці “Предистория” (бел.: “Перадгісторыя”), і ў пралогу рамана “Нельга забыць” (“Леаніды не вернуцца да Зямлі”).
Уладзімір Караткевіч нарадзіўся ў сям’і інтэлігентаў. Бацька – Сямён Цімафеевіч (1887-1959), паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому раней належаў засценак Караткевічы. Сямён Цімафеевіч закончыў гарадское вучылішча ў Оршы, яшчэ падлеткам сам зарабляў сабе на жыццё, працаваў у каз-начэйстве, служыў у царскай арміі пісарам, пасля працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці – Надзея Васільеўна (1893-1977), якая паходзіла з роду Грынкевічаў, пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве некаторы час працавала настаўніцай у сельскай школе пад Рагачовам, пасля выхаду замуж занялася хатняй гаспадаркай. Маці добра ведала сусветную літаратуру, бацька цудоўна спяваў. Аднойчы, адказваючы на пытанне анкеты, пісьменнік адзначыў, што яго сваякі былі людзі спявучыя, вельмі музыкальныя, многія – з добрымі галасамі, з апавядальным талентам. У сям’і Караткевічаў было трое дзяцей – Уладзімір, яго старэйшы брат Валерый (1918 – загінуў у 1941 годзе), старэй-шая сястра Наталля (у шлюбе – Кучкоўская; 1922-2003)
У дзіцячыя гады сваяцкае асяроддзе шмат у чым уздзейнічала на Уладзіміра. Вялікі ўплыў аказаў дзед па лініі маці Васіль Юльянавіч Грынкевіч (1861-1945), чалавек з багатым жыццёвым вопытам, у свой час даслужыўся да губернскага казначэя. Васіль Грынкевіч быў дасціпным апавядальнікам, ад якога ўнук пачуў шмат казак і народных паданняў, пераняў любоў да прыроды.
Пазней дзед стане прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане “Каласы пад сярпом тваім”. Ад свайго дзеда Уладзімір пачуў легенду “Маці Ветру” пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743-1744 гадоў. Многія расповеды дзеда сталі крыніцай для будучых твораў Уладзіміра.
Уладзімір навучыўся чытаць вельмі рана, у тры з паловай гады. У дзяцінстве не толькі любіў слухаць казкі і розныя гісторыі, якія яму чыталі старэйшыя, але імкнуўся дадумваць развіццё сюжэтаў. З самага ранняга дзяцінства цікавіўся гісторыяй, асабліва гісторыяй Бела-русі. У дзіцячыя гады разнастайнасць яго талентаў выявілася і ў схільнасці да малявання, якая захавалася на ўсё жыццё. Таксама ён меў абсалютны слых, некаторы час займаўся ў музычнай школе. Моцна любіў прыроду; у дзя-цінстве адной з яго любімых кніг была кніга Альфрэда Брэма “Жыццё жывёл”.
У доме Караткевічаў было шмат кніг – і дзядулі, і кнігі бацькоў, і яго. У шэсць гадоў ім былі напісаныя першыя вершы. Трохі пазней паспрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа і ілюстраваў. Яшчэ ў даваенныя гады ён адправіў ліст Карнею Чукоўскаму, на які атрымаў адказ.
Малады Караткевіч таксама цікавіўся тэатрам, разумеў мову ідыш, пра што сведчаць успаміны яго старэйшай сястры Наталлі Кучкоўскай: “Зрэдку ў наш горад прыязджаў яўрэйскі тэатр. Паколькі яўрэйская мова гучала на аршанскіх вуліцах штодня, мы без перакладчыка спакойна глядзелі ўвесь рэпертуар, які складаўся паводле вядомых твораў Шолам-Алей-хема:”Блукаючыя зоркі”, “Тэўе-малочнік”, “Хлопчык Мотл”, – і атрымоўвалі вялікую асалоду”.
У 1938 годзе Уладзімір пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку вайны ён паспеў скончыць 3 класы. У час вайны Уладзімір знаходзіўся ў эвакуацыі ў Разанскай, а потым – у Пермскай вобласці. Летам 1944 года пасля вызвалення савецкімі войскамі Кіева Уладзімір Караткевіч разам з маці на некаторы час пераехалі ў гэты горад да сваякоў. Восенню 1944 года сям’я вярнулася ў Оршу.
У другой палове 1940-х гадоў Уладзімір працягваў навучанне ў школе. Яго школьны сябар, Леанід Крыгман, успамінаў, што Уладзімір у свае 14 гадоў валодаў энцыклапе-дычнымі ведамі па літаратуры і гісторыі.
У час вучобы ў старэйшых класах сярэдняй школы Уладзімір Караткевіч аддаваў даніну літаратурнай творчасці – пісаў навелы, апавяданні, літаратуразнаўчыя артыкулы. У пасляваенныя гады Уладзімір, аршанскі школьнік, змясціў на старонках рукапіснага часопіса “Званочак” некалькі сваіх вершаў, а таксама першую сваю прыгодніцкую аповесць “Загадка Неферціці”. Акрамя таго, ім быў напісаны шэраг апавяданняў і артыкулаў. Яшчэ ў восьмым класе ён ужо амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы “Млын на Сініх Вірах”.
У 1949 годзе Уладзімір Караткевіч закончыў сярэднюю школу і паступіў на рускае аддзяленне філа-лагічнага факультэта Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, які скончыў у 1954 годзе. Пазней у ім жа скончыў аспірантуру. За гады вучобы ён выявіў сябе адным з найбольш здольных студэнтаў, шмат чытаў – у кола яго чытацкіх зацікаўленняў уваходзілі творы класікаў сусветнай літаратуры, украінскіх, расійскіх, польскіх, беларускіх аўтараў. Цікавіўся ён не толькі літаратурай, але і гісторыяй, у першую чаргу – Беларусі. Пазнаёміўся са шматлікімі выданнямі, прысвечанымі нацыянальна-вызвольнаму паўстанню 1863-1864 гадоў.
У Кіеве Уладзімір Караткевіч працягваў складаць вершы на беларускай і рускай мовах, спрабаваў пісаць іх па-ўкраінску і па-польску. У яго студэнцкіх рэфератах былі грунтоўна распрацаваныя некалькі літаратуразнаўчых тэм: творчасць Пушкіна, Багдановіча і іншых.
У гэты час ён задумаў вялікі гістарычны твор, дзе планаваў падаць усе акалічнасці паўстання 1863-1864 гадоў. Улетку 1950 года ў Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта, Караткевічам быў створаны першы варыянт знакамітай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”.
На радзіме ў аршанскай раённай газеце “Ленінскі прызыў” у 1951 годзе былі надрукаваныя два вершы Уладзіміра Караткевіча: “Тут будет канал” і “Якубу Коласу”. Летам 1952 года пад уражаннем паездкі ў Вязынку – родныя мясціны Янкі Купалы – быў напісаны нарыс “Вязынка”, які разам з суправаджальным пісьмом Караткевіч даслаў жонцы Янкі Купа-лы Уладзіславе Луцэвіч. У гэты ж час ён накіраваў шэраг сваіх ранніх твораў (казкі, вершы, апавяданні) для ацэнкі Якубу Коласу.
Адзін з аднакурснікаў і сяброў Караткевіча, Фларыян Няўважны, казаў, што Уладзімір быў душой кампаніі, і што студэнты ставіліся з павагай да яго мужнасці і прынцы-повасці. Пра свае студэнцкія гады і пра Украіну, якую Караткевіч вельмі любіў, ён напісаў у аповесці “У снягах драмае вясна” (1957), у эсэ “Абраная” (1982), а таксама ў эсэ пра Шаўчэнку “I будуць людзі на зямлі” (1964), пра Лесю Украінку “Saxifraga” (1971), у нарысе пра Кіеў “Мой се градок!” (1982).
У 1954 годзе Уладзімір Караткевіч скончыў універсітэт. Яго дыпломная праца на тэму “Казка. Легенда. Паданне” выклікала неадназначную рэакцыю, і толькі дзякуючы намаганням акадэміка А. Бялецкага і выкладчыка А. Назароўскага, ён атрымаў вышэйшую адзнаку. Увесну 1955 года ён здаў экзамены кандыдацкага мінімуму і прыступіў да напісання дысертацыі пра паўстанне 1863 года, але так яе і не скончыў. У той жа час прыйшла і ідэя пра напісанне рамана на гэтую ж тэму.
Яшчэ ў пачатку творчага шляху У. Караткевіч звярнуўся да беларускай гісторыі і фальклору, пра што сведчаць яго творы “Казкі і легенды маёй Радзімы”, “Лебядзіны скіт”, казка “Вужыная каралева”. Фантазія пісьменніка раскрываецца ў казцы “Надзвычайная котка”, якую ён пазней дапрацаваў і назваў “Чортаў скарб”.
У другой палове 1950-х гадоў ён выношваў ідэю стварэння нацыянальнай эпапеі – планаваў напісаць каля 100 тамоў, у якіх павінны былі быць “Казкі і літаратура для дзяцей у стылі Ганса Крысціяна Андэрсена” і “Запісы фальклору”.
Пасля заканчэння ўніверсі-тэта, у 1954-1956 гадах Уладзімір Караткевіч працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сельскай школе, у вёсцы Лісавычы ў Кіеўскай вобласці Украіны. У 1956-1958 гадах ён быў настаўнікам у Оршы. Пазней – вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (1958-1960), сцэнарных курсах (1962), у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве (цяпер Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. А. Герасімава) і стаў прафесійным пісьменнікам.
У 1950-60-ыя гады Уладзімір Караткевіч стаў вядомы як аўтар паэ-тычных зборнікаў “Матчына душа” (1958), “Вячэрнія ветразі” (1960), “Мая Іліяда” (1969).
Ён плённа выкарыстоўваў у сваёй творчасці здабыткі сусветнай культуры і адначасова быў глыбока нацыянальным творцам, выказваючы адмысловую прыхільнасць да фальклору і гістарычных сюжэтаў.
Тэма абуджэння беларускага народа ў 1880-х гадах была раскрыта Караткевічам у апавяданні “Кнігано-шы” (1962), у якім паказаны бессмяротны дух народа, імкненне простага люду да праўды і асветы. Таксама яго прозе ўласцівая рамантычная паэты-ка. Радасцю жыцця напоўнена апавя-данне “Дрэва вечнасці”, асабліва месцы, прысвечаныя Палессю і палешукам. У апавяданні пісьменнік выказаў зачараванне палескімі краявідамі і веліччу палескіх песень. Вобразы прыроды былі раскрытыя ім у рамане “Каласы пад сярпом тваім”, у аповесці “Чазенія”, нарысах “Званы ў прадоннях азёр”, “Абдуванчык на кромцы вады”. Як пісьменнік-анімаліст ён паказаў сябе ў апавяданні “Былі ў мяне мядзведзі”.
У пачатку 1963 года Уладзімір Караткевіч атрымаў у Менску аднапакаёвую кватэру па адрасе вул. Чарнышэўскага, д. 7, кв. 57. Праз некаторы час з Оршы ў Менск да яго пераехала маці. Увесну 1967 года яны ўдваіх атрымалі кватэру на вул. Веры Харужай, д. 48, кв. 26. У тым жа 1967 годзе, увосень, у часе чытацкай кан-ферэнцыі па рамане “Каласы пад сярпом тваім” у Берасці, Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай Берасцейскага педагагічнага інстытута Валян-цінай Нікіцінай (у дзявоцтве – Ватковіч, 1934-1983 гг.), з якой 19 лютага 1971 года ён ажаніўся. Вясной 1973 года сужанцы пераехалі ў трохпакаёвую кватэру на вуліцы Карла Мар-кса, 36, дзе далей і жылі разам з маці Уладзіміра Караткевіча.
Уладзімір Караткевіч прысвяціў жонцы Валянціне Браніславаўне верш “Таўры” і раман “Чорны замак Альшанскі” (1979). Яна стала высокакваліфікаваным гісторыкам, працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, узнагароджана Дзяржаўнай прэміяй БССР.
Уладзімір Караткевіч прафесійна вывучаў гісторыю паўстання 1863-1864 гадоў. Гэта паслужыла асновай для апавяданняў “Паляшук”, “Сіняя-сіняя”, рамана “Каласы пад сярпом тваім” (1965), драмы “Кастусь Каліноўскі” (1965) і іншых паэтычных твораў і публіцыстычных артыкулаў.
У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” пісьменнік адлюстраваў падзеі 1880-х гадоў у адным з глухіх куткоў Беларусі. У гэтай аповесці аўтар імкнуўся паказаць грамадства таго часу, з яго нацыянальнымі, культурнымі і гістарычнымі асаблівасцямі, з яго патрыятычнымі ідэямі. Прыёмы дэтэктыўнага жанру былі выкарыстаны ім ў напісаным пазней сацыяльна-псіхалагічным і філасофскім рамане “Чорны замак Альшанскі” (1979). У рамантычнай аповесці “Сівая легенда” (1960) праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне ў першай палове XVII стагоддзяў аўтар асэнсоўваў лёс Айчыны.
Адным з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў стаў раман “Каласы пад сярпом тваім”. У гэтай кнізе, якую многія называюць галоўнай у творчасці пісьменніка, ім была ўзноўлена шырокая панарама жыцця народа, перададзена атмасфера ў грамадстве напярэдадні паўстання.
У 1966 годзе Караткевіч напісаў раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, сюжэт якога заснаваны на рэальных падзеях.. Штуршком для напісання паслужыў запіс з “Хронікі…” Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў XVI ст., напачатку княжання Жыгімонта I, з’явіўся чалавек, які называў сябе Хрыстом. Раман уяўляе сабой прытчу, філасофскія роздумы пра пакліканне чалавека.
У другой палове 1970-х гадоў Караткевіч пачаў працаваць на Бела-рускім тэлебачанні, дзе ён вёў пра-граму “Спадчына”, прысвечаную гісторыі і культуры беларускай зямлі.
Пісьменнік любіў шмат пада-рожнічаць – з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат мясцін у Беларусі, таксама наведваў іншыя краіны: двойчы быў у Польшчы (1971, 1977), тройчы ў Чэхаславакіі (1973, 1975, 1979).
У 1972 годзе У. Караткевіч напісаў аповесць “Лісце каштанаў”, якая стала адным з самых аўтабіяграфічных з яго твораў. Аповесць уяўляе сабой хвалюючыя і сумныя ўспаміны пра некалькі месяцаў, праведзеных ім у вызваленым ад нацыстаў Кіеве, роздумы пра лёс пакалення, чыё дзяцінства і юнацтва прыйшліся на час вайны.
Па-мастацку прыгожа і нат-хнёна распавёў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў нарысе “Зямля пад белымі крыла-мі”. У гэтым нарысе ён ахапіў беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў.
У. Караткевіч таксама стварыў шэраг п’ес, эсэ, артыкулаў, кінасцэнарыяў. Тра-гедыя і веліч нацыянальнай гісторыі былі ім асэнсава-ныя ў п’есах “Кастусь Каліноўскі” (1963), “Званы Віцебска” (1974), “Калыска чатырох чараўніц” (1982), “Маці ветру” (1985).
Уладзімірам Караткевічам былі перакладзены на беларускую мову творы Гая Валерыя Катула, Джорджа Байрана, Адама Міцкевіча, Івана Франко, Махтумкулі, Мустая Карыма, Элеаноры Гашпаравай.
Апошнія дні лютага 1983 года былі вельмі трагічнымі для пісьменніка – у адзін дзень, 28 лютага, памерлі яго жонка і родная цётка па матчынай лініі – Яўгенія Васілеўна, у якой ён жыў у вызваленым у 1944 годзе Кіеве. Паводле слоў пісьменніка, ён у тыя дні “адчуваў сябе на мяжы нярвовага надлому”. У шлюбе з Валянцінай Браніславаўнай ён пражыў 12 гадоў, але дзяцей у іх не было.
У пачатку чэрвеня 1983 года Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом да пляменніцы і вярнуўся ў Менск ў пачатку снежня. У пачатку лютага 1984 года ім былі напісаны некалькі вершаў, аднак у канцы лютага Уладзімір Караткевіч моцна захварэў і каля месяца праляжаў у рэанімацыі.
Вясной ён пачаў адчуваць сябе лепш. І незадоўга да смерці пісьменнік наведаў дарагія яму мясціны. Ён з’ездзіў у Рагачоў, у Кіеў на юбі-лейную сустрэчу выпускнікоў Кіеўскага ўніверсітэта. 12 ліпеня 1984 года з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, ён адправіўся ў паход па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна, і ён 20 ліпеня вярнуўся ў Менск.
Памёр Уладзімір Караткевіч 25 ліпеня 1984 года і быў пахаваны на Усходніх могілках у Менску.
Усё жыццё Уладзімір Караткевіч пісаў пра гісторыю беларускага народа, пра яго мастацтва, культуру, духоўнае жыццё. Ён выступаў у абарону беларускай мовы і культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды, і аказаў вялікі ўплыў на грамадскае, эстэтычнае і духоўнае жыццё народа.
Літаратуразнавец Анатоль Верабей назваў У. Караткевіча гонарам і сумленнем беларускай літаратуры, пісьменнікам, які змог цалкам раскрыць душу народа і яго нацыя-нальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы..
Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль ахарактарызаваў Караткевіча як нястомнага працаўніка, літаратара, які пастаянна і грунтоўна працаваў над сабой. Ён таксама гаварыў, што многія ведалі Уладзіміра Караткевіча як чалавека невычарпальнага светлага настрою, які ўмеў смяяцца як дзіцё, усёй душой любіў родных людзей і родную зямлю.
Беларуская пісьменніца і літаратурны крытык Людміла Рублеўская кажа, што цэлае пакаленне беларускіх літаратараў, да якога на-лежыць і яна сама, “выйшла з творчасці Уладзіміра Караткевіча, прыняўшы сэрцам яго гістарычны рамантызм, яго трагічны і прыгожы міф пра Беларусь”.
Караткевіч стаў адной з найбольш яскравых фігур беларускай літаратуры XX стагоддзя. Асаблівая яго заслуга – распрацоўка гістарыч-най тэматыкі. Ён падняў у сваіх творах шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаўшы дух мінуўшчыны.
Казкам Караткевіча ўласцівыя натуральнасць гучання, займальны сюжэт, багацце фантазіі і пазнавальнасць. У іх спалучаюцца фальклор і фантастычнасць, таямнічасць і рэальнасць. Яму ўдалося абнавіць казачныя сюжэты, паэтычна і ўзнёсла перадаць народную мараль і этыку, закрануць філасофскія праблемы..
Яго паэзіі ўласцівыя патрыятычны пафас, асацыятыўнасць мыслення, праніклівы лірызм і філасафічнасць. Таксама паэзіі Караткевіча ўласцівыя падвышаная экспрэсіўнасць, эмацыйнасць, напружанасць дзеяння, яркасць вобразаў. Яго вершы напоўнены радасцю і святлом, і, разам з тым, яны элегічна-лірычныя, поўныя драматызму і трагізму.
У сваёй прозе Уладзімір Караткевіч падняў шырокія пласты бе-ларускай гісторыі, стварыў пазнавальныя характары, раскрыў багаты духоўны свет персанажаў беларускай гісторыі.
Творы У.С. Караткевіча былі перакладзены на 18 моваў свету. Творчы партрэт легендарнага беларускага рамантыка, які апярэджваў свой час, узняўся над канфармізмам, паўсядзённасцю і бездухоўнасцю да вышыняў, з якіх добра відаць шляхі, што лучаць мінулае з будучыняй, стварыў ў сваёй кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” Адам Восіпавіч Мальдзіс. У літаратуразнаўчым эсэ даследчык спрабаваў разгадаць многія загадкі празорлівасці паэта і празаіка, гісторыка і мысляра.
Падрыхтавала Э. Дзвінская.