Прысвячаецца памяці Віктара Сяргеевіча Жарыкава
Сёлета адзначаецца 400 год бітвы пад Хацінам, якая адбылася ў 1621 годзе і доўжылася некалькі месяцаў. Магілёўскі літаратар Віталь Еўмянькоў некалькі год таму ў сваёй гістарычнай аповесці “Хацінская вайна” задаў наступнае пытанне: “Чым цікавая для нас – беларусаў XXI ст. – гэтая вайна? Канешне, перадусім тым, што геній нашага земляка, вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча, здолеў разбіць магутнае 300-тысячнае войска турэцкага султана Асмана II“.
Адным з самых выбітных беларускіх вайсковых дзеячоў старажытнасці з’яўляецца Ян Караль Хадкевіч. Нарадзіўся Ян Караль у 1560 годзе ў бацькоўскім мястэчку Заблудаве, што пад Беластокам, або ў Мышы на беразе рачулкі Мышанкі, дзе стаяў замак-палац (зараз Баранавіцкі раён). Хадкевічы паходзілі са старажытнага беларускага баярскага роду.
Пачатковай адукацыяй займаліся хатнія настаўнікі і маці. Як і яго старэйшыя браты – Геранім і Аляксандр – Ян Караль змалку ведаў беларускую, на той час дзяржаўную мову. Затым адпраўляецца вучыцца ў езуіцкі калегіюм у Вільні, дзе ў 1579 годзе ўрачыста вітае на лацінскай мове караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Кароль прарочыў Яну Каралю Хадкевічу: “Ён будзе вялікім воінам”. Далейшую адукацыю працягваў у Заходняй Еўропе. Навучаўся ў Баварыі ва ўніверсітэце Інгальштадта. Аб’ездзіў Германію, Іспанію, Нідэрланды, Англію, Францыю, Італію. Па вяртанні на радзіму адбыўся падзел бацькавай спадчыны з братам. Яну дасталіся землі з Быхавам, Ляхавічамі, Свіслаччу і Гнезнам на Ваўкавышчыне, значныя ўладанні на Жамойці. А брат Аляксандр Хадкевіч пачаў валадарыць у Мышы і Шклове. У 1594 годзе казацтва на Украіне падняло паўстанне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі. Пры задушэнні бунту Хадкевіч кіраваў ротай вершнікаў у складзе шляхецкага войска. Свае здольнасці паказаў пры аблозе табару Налівайкі пад Лубнамі. Затым былі паходы ў Трансільванію і Малдавію з Валахіяй, дзе Хадкевіч вызначыўся вялікай мужнасцю і адвагай. За кампанію ў Валахіі ён стаў польным гетманам – кіраўнком памежных войскаў і атрымаў адпаведную булаву. Менавіта з гэтага часу ён становіцца прафесійным вайскоўцам. Час пасля малдаўскага паходу Хадкевіч правёў у Ляхавічах, дзе займаўся будаўніцтвам мураванага палаца і царквы, ды ў мястэчку Быхаў на Магілёўшчыне. Менавіта дзякуючы намаганням Я. К. Хадкевіча першая палова 17 стагоддзя стала часам росквіту Быхава. Па звестках гісторыка Міколы Волкава горад у гэты час быў пераўтвораны ў наймагутнейшую фартэцыю на землях Вялікага Княства Літоўскага. Паўстала адна з найбольш вялікіх мураваных рэзідэнцый на ўсходзе Беларусі. Будаваўся мураваны замак, і вакол горада па перыметры насыпаліся земляныя валы. У пачатку адсыпкі земляных умацаванняў мясцовы ўраднік у чэрвені 1611 года запрашаў прыехаць гетмана асабіста і пракантраляваць работу па ўмацаванні Быхава і пісаў у лісце наступнае: “… работу, дрэнная, ці добрая, каб Ваша Міласць агледзеў, каб пазней не шкадаваць, лягчэй было б паправіць пакуль не высока”. З архіўных крыніц таксама вядома, што бруствер на версе валоў Быхава быў зроблены з драўляных зрубаў, якія былі напоўнены пяском і закладзены зверху каменнем. Іх вышыня на паўлокця перавышала рост чалавека. Была заснаваная людвісарня, у якой адліваліся гарматы і званы для мясцовага арсенала і замка ў Ляхавічах. З Кракава былі запрошаны чацвёра латаранскіх канонікаў для заснавання каталіцкага кляштара. Быхаў пачаў пераўтварацца ў сучасны горад-фартэцыю, які ў будучым паспяхова вытрымаў не адну аблогу варожага войска.
У 1601 годзе пачалася доўгая вайна са Швецыяй, і кароль накіраваў Яна Хадкевіча ў Інфлянты як намесніка вялікага гетмана Крыштафа Радзівіла. А пасля смерці састарэлага Радзівіла Сойм перадаў Хадкевічу булаву вялікага гетмана (пасада ваеннага міністра). Грошай на аплату войска не хапала, пашыралася дэзертырства і марадзёрства. Прыходзілася наводзіць суровую дысцыпліну, не спыняючыся нават перад смяротнаю карай. Ян Хадкевіч мусіў быць не толькі палкаводцам, арганізатарам, але яшчэ палітыкам і руплівым гаспадаром. Неабходна было знаходзіць правіянт і зброю для войска, на зіму, калі не вяліся вайсковыя дзеянні, размяшчаць жаўнераў. Часам Магілёўская эканомія прымала да сябе на пастой па 230 крылатых гусараў. Улетку 1605 года шведскі кароль Карл IX накіраваў у Інфлянты 13 тысяч вайскоўцаў, запланаваўшы захапіць Падзвінне з Рыгай. Войска Хадкевіча налічвала ўсяго 4 тысячы чалавек. Калі шведскі кароль даведаўся пра невялікую колькасць беларускага войска, то ён хацеў накіраваць супраць яго толькі частку сваіх сілаў. Але ягоныя ваеначальнікі, якія ўжо былі знаёмыя з сілай гусарскіх харугваў Хадкевіча патлумачылі свайму каралю: “Хутчэй Дзвіна паверне назад, чым каралеўская міласць убачыць уцёкі ліцвінаў”. Вырашальная бітва адбылася напрыканцы верасня ля мястэчка Кірхгольм. І, дзякуючы вайсковаму генію Хадкевіча, утрая большае войска шведаў было разбіта. Ледзь уратаваўся і сам паранены Карл IX, пад якім быў забіты конь. З трыумфам уступіў Ян Караль Хадкевіч у Рыгу, маючы з сабой 60 трафейных сцягоў і 11 гарматаў. Розгалас пра гэтую вікторыю шырока разляцеўся па свеце. Еўрапейскія манархі і папа рымскі слалі віншаванні Хадкевічу. Асаблівы ўздым быў на Бацькаўшчыне, бо большая частка войска была менавіта з Беларусі.
У 1608 годзе шведы ізноў высадзіліся на безабаронным уз-бярэжжы Латвіі. Хадкевіч, не дачакаўшыся дапамогі караля, узяўся адваёўваць страчанае. Пры падтрымцы некаторых магнатаў, уклаўшы не толькі ўласныя, але і жончыны грошы, здолеў у гэтую кампанію 12-ці тысячнаму шведскаму войску супрацьпаставіць толькі дзве тысячы жаўнераў. Шведскі кароль Карл захапіў некалькі гарадоў і цвердзяў і прыступіў да аблогі Рыгі. Хадкевічу ўдалося ў сакавіку 1609 захапіць цвердзь Парнаву. Але самымі галоўнымі трафеямі былі два шведскія караблі з гарматамі. І гетман выйграў яшчэ і марскую бітву пры вусці ракі Салакі. У выніку марской бітвы некалькі шведскіх караблёў згарэла. Не вытрымаўшы імклівага і дзёрзкага націску нашых ваяроў, астатнія шведскія караблі вымуша-ны былі шукаць ратунак у адкрытым моры. Гэта была, напэўна, першая ў беларускай ваеннай гісторыі марская бітва.
Пад Рыгай Хадкевіч суст-рэў гэткае вялікае шведскае войска, што распачынаць бітву было самагубствам. Тады Хадкевіч павярнуў да Дзвіны і пачаў дэманстраваць баязлівае адступленне. Шведскі ваеначальнік Мансфельд быў упэўнены ў перамозе, бо ён меў 14 тысяч войска супраць 2 тысяч Хадкевіча. Шведы кінуліся пераследаваць нашыя войскі, але раптам ліцвіны з засады кінуліся ў бой і зламалі супраціў ворага. Пабіты Мансфельд пайшоў з-пад Рыгі. Яну Каралю Хадкевічу давялося прыняць ўдзел у паходзе на Маскву ў вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй ў 1609 – 18 гадах. Каман-даваў войскам у паходах 1611 года на Маскву, правозіў у 1611-12 гадах харчаванне і баепрыпасы для польска – беларускага гарнізона ў Крамлі. У жніўні -верасні 1612 года штурмаваў Маскву, але прабіцца ў Крэмль на дапамогу гарнізону не здолеў. У 1613-15 гадах абараняў Смаленскае ваяводства ад расійскіх ваявод. У 1617-18 гадах узнача-ліў войска, якое пайшло з каралевічам Уладзіславам (фармальна царом Расіі з 1610 года) здабываць маскоўскі трон. Разам з украінскім казацкім войскам гетмана Канашэвіча-Сагайдачнага заняў сяло Тушына, аднак агульны штурм Масквы не ўдаўся, пасля чаго было падпісана перамір’е.
Ян Караль Хадкевіч усё жыццё правёў у паходах і войнах. Усё часцейнагадвалі пра сябе старыя раны і абвостраная хвароба нырак. Але зноў не давялося спачываць у сям’і побач з роднымі ў сваім маёнтку. Пачыналася вайна з Асманскай імперыяй. І з усёй Рэчы Паспалітай сойм і кароль лепшым кіраўніком нашага войска абралі Яна Караля Хадкевіча, бо кароннае войска ў 1620 годзе было разбіта і страціла абодвух гетманаў у бітве з туркамі і крымскімі татарамі. Заахвочаны перамогамі султан Асман II пачаў рыхтаваць паход на поўнач з жаданнем дайсці да Балтыйскага мора. У чэрвені 1621 года вялізная турэцкая армія, якая налічвала больш за 200 тысяч ваяроў, рушыла ў бок Малдавіі і Украіны. Войска Рэчы Паспалітай налічвала каля 60 тысяч, палову з якіх складалі ўкраінскія казакі пад камандаваннем гетмана Канашэвіча – Сагайдачнага, даўняга сябра Хадкевіча. Бітва адбылася каля Хацінскага замка на Днястры, што месціўся на тэрыторыі Малдовы. Частка ўмацаванняў абапіралася на Хацінскі мураваны замак, які будавалі беларускія майстры яшчэ пры Вітаўце Вялікім. Даведаўшыся пра самаўпэўненасць і вялікія планы турэцкага султана гетман трапна выказаўся па-беларуску: “Сярдзіты сабака – ваўкам страва”. 2 верасня перадавыя турэцкія часткі са стакіламетровай калоны падышлі пад Хацін і адразу атакавалі запарожскіх казакаў. Хадкевіч вывеў сваіх ваяроў і прамовіў моцныя словы для ўзняцця баявога духу жаўнераў: “Зваліцеся на гэтых агіднікаў, змятайце іх ацяжэлыя цюрбанамі галовы зручным пакосам шабляў. Вось Днестр ззаду непраходны, а вось наўкол залева турэцкіх і татарскіх сціжмаў. Няма ніякай спадзеўкі на ўцёкі – тут нам біцца і перамагчы альбо загінуць…”
Штурмы туркамі вяліся на працягу месяца. Войскі Рэчы Паспалітай рабілі ўдалыя контратакі і вылазкі. Шматкроць свае харугвы беларускіх гусараў выводзіў у бой сам гетман. Пры тым у гэты час Ян Караль моцна пакутваў ад цяжкай хваробы, знясілены няспыннымі вайсковымі паходамі.
Ян Караль Хадкевіч 18 верасня склікаў вайсковую нараду. Сам смяротна хворы, гетман не меў сілы ўзняцца з ложка. Паставіў пытанне на нарадзе: змагацца далей з туркамі ці лепей адыйсці ад Хаціна? Першым адазваўся казацкі гетман: “Лепей з годнасцю за Айчыну паміраць, чым кідацца наўцёкі, нягодныя людзей рыцарскіх”. Мужнага казака падтрымалі і астатнія ваяры. Баявы дух абаронцаў узняўся. Але стан здароўя гетмана пагаршаўся. Пасівелы ваяр дажываў апошнія дні, змучаны хваробай нырак і падаграй. 23 верасня Ян Караль Хадкевіч, ужо зусім бязмоўны, перадаў гетманскую булаву свайму намесніку Любамірскаму, а назаўтра адышоў у лепшы свет. Як занатаваў адзін з сучаснікаў: “Пан гетман памёр, а з ім вялікае шчасце Айчыны мілай”. Туркі адразу акрыялі, дазнаўшыся аб смерці вялікага ваяра, але іх сілы ўжо былі надламаныя ўпартай абаронай нашых войскаў. Няўдачы наступных штурмаў зламаць супраціў войска Рэчы Паспалітай прымусіла султана Асмана пайсці на замірэнне. 9 кастрычніка быў падпісаны мір. Мяжа паміж Асманскай імперыяй і Рэчай Паспалітай пакідалася ранейшай. 14 кастрычніка 1621 года ў Камянец – Падольску было ўрачыста пахавана цела Яна Караля Хадкевіча. Але праз некалькі тыдняў маладая ўдава перавезла труну з нябожчыкам у Астрог на Валыні. У 19 стагоддзі касцёл, дзе знайшоў свой спачын вялікі гетман, згарэў і быў затым зруйнаваны. Але сэрца Хадкевіча знайшло спачын на беларускай зямлі – у касцёле Бераставіцы, што на Гарадзеншчыне. На Яне Каралі Хадкевічы спынілася быхаўская лінія Хадкевічаў, і Быхаўскае ўладанне перайшлро да Сапегаў.
Імя гетмана Хадкевіча яшчэ пры жыцці стала легендарным. Яму прысвячалі і прысвячаюць свае творы мастакі і паэты. Сусветнавядомы фламандскі мастак Антоніс ван Дэйк напісаў партрэт Я.К. Хадкевіча. Вядомы беларускі пісьменнік і гісторык Міхась Чарняўскі выдаў кнігу “Правадыр крылатых вершнікаў”, якая распавядае пра нашага слыннага земляка. Ян Караль Хадкевіч і яго бліскучыя перамогі вартыя нашай памяці і пашаны.
Алег Дзьячкоў
Магілёў. Кастрычнік 2021 г.