Старажытны Магілёў мае прыгожую легенду, аб паходжанні назвы горада. Калісьці сярод непраходных лясных Дняпроўскіх кручаў жыў разбойнік – асілак Машэка, над магілай якога насыпалі вялізны курган, які празвалі “Магілай Льва.”Існуе некалькі варыянтаў трактовак гэтай гісторыі. Многія літаратары прысвяцілі нашаму Машэку свае творы. Напрыклад, першы Народны паэт Беларусі Янка Купала напісаў у 1913 годзе паэму “Магіла льва”, і вось так гучыць урывак паэмы, прысвечаны магілёўскай Замкавай гары:
“Яго высокую магілу –
Дзе лес ды вецер панаваў –
Знаць, што вялікую меў сілу,
“Магілай Льва” народ назваў.
Над ёю з часам дрэвы палі,
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магілевам назвалі,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.”
А ў 1971 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм” была знята мастацкая кінастужка “Магіла Льва”, дзе ролю Машэкі выконваў адзін з самых вядомых савецкіх кінаактораў Алег Відаў.
Магілёўскі замак быў заснаваны пры ўпадзенні рачулкі Дубравенкі ў Дняпро. І вось тут, на гары Магіла, якая ўзвышаецца над дзвюма рэкамі было вельмі зручна бу-даваць сярэднявечны горад. Як дакладна выглядалі першыя ўмаццаванні Магілёва, не вядома, але дзякуючы археалагічным даследаванням, якія праводзілі Е. Раманаў, І. Іонэ, М. Ткачоў, З. Яцкевіч і І. Марзалюк устаноўлена, што ў 10 – 11 стагоддзях на гары “Магіла” былі пастаўлены першыя ўмацаванні. Перад іх будаўніцтвам было распалена рытуальнае вогнішча. З напо-льнага боку паўночная частка гарадзішча першапачаткова была ўмацавана двума радамі драўляных гародняў.
У сярэдзіне 13 стагоддзя драўляныя ўмацаванні на Замкавай гары былі знішчаны, бо ў культурным слоі гэтага часу прасочваюцца сляды магутнага пажару і маюцца знаходкі мангольскіх наканечнікаў стрэл.
Ужо ў 1407 годзе ў магілёўскім замку падпісваецца гандлёвая дамова паміж По-лацкам і Рыгай, і гэтую дамову падпісвае не хто іншы, а кіраўнік Вялікага Княства Літоўскага сам князь Вітаўт Вялікі.
Пачынючы са студзеня 1503 года гаспаданяй замка становіцца вялікая княгіня Алена Іванаўна, жонка вялікаа князя літоўскага Аляксандра, якой быў падараваны “…замок могилевский, над рекой Днепром расположенный, со всякими дистриктами, то есть волостями к замку принадлежащими, с людьми с их службами…”, дзе ад яе імя кіраваў князь Мацвей. Пасля смерці княгіні кароль Жыгімонт І у 1513 годзе перадае Магілёўскі замак Яну Шчыту. Затым наступнымі намеснікамі і ўладальнікамі замка былі Юрый Зяноўевіч і Ян Якубавіч Неміровіч. А паколькі пасля вайны 1500 – 1503 гадоў паміж ВКЛ і царствам Маскоўскім была страчана вялікая тэрыторыя на ўсходзе краіны разам са шматлікімі гарадамі, і ў дадатак у 1514 годзе страчаны Смаленск, ва ўмовах узрастаўшай пагрозы з боку Мас-коўскай дзяржавы паўстала пытанне аб надзейнасці і трываласці Магілёўскага замка, які ў гэты час выконваў ролю валаснога цэнтра.
Уладальнікам замка з 1520 года быў князь Васіль Саламярэцкі, і за той час, калі ён быў магілёўскім намеснікам, у горадзе пачалі будаваць новы замак, які завяршылі к 1526 году. Пры будаўніцтве “болшего замка” ў 1526 годзе папярэднія старажытныя пабудовы былі засыпаны мятровым слоем гліны. Збудаваны вялікі вал, які ў сваёй аснове дасягаў больш за 16 метраў у шырыню і 5 метраў у вышыню. Насып зрабілі са шчыльнай чырвонай гліны і буйназярністага пяску. Гліняны схіл вала для трываласці абпалілі да цэглападобнага стану і пабудавалі на яго грэбні драўляныя сцены і вежы. У спалучэнні з абарончым рвом, які аддзяляў замак ад горада і 25-цімятровыя стромкія схілы гары – увесь комплекс замка быў магутным вузлом абароны ад ворагаў. Згодна з загадам караля Жыгімонта Аўгуста ад 1561 года жыхары горада былі абавязаны замак і “паркан местскій оправоваті і перекоп около замку і около паркану местского копаті, выправуючы з домов своіх к той работе каждый протів себе чергою”.
Вялікія ваенна-інжынерныя работы разгарнуліся ў Магілёве ў 1561 годзе – будаваўліся гарадскі вал, сцены і вежы. А напярэдадні Лівонскай вайны пачалі перабудоўваць і замак. У гэты час у Магілёве была ўласная артылерыя, якая разам з пушкарамі ўтрымлівалася яшчэ з часоў Жыгімонта І з пачатку 16 стагоддзя за кошт гарадскіх вагаў з “важчего”. Згодна з Магдэбургскім прывілеем 1577 года “водле давнего звычаю важчее за мещанами”, гараджане ўтрымлівалі ў замку адзіннац-цаць пушкароў. У снежні 1595 года казакі Севярына Налівайкі разрабавалі горад, спалілі і замкавыя ўмацаванні.
(Працяг будзе.)
Алег Дзьячкоў.
Магілёў.
Фота: 1. Князь Вітаўт Вялікі.
- Кадр з фільма “Магіла льва.”
- Макет замка на Замкавай гары. Скульптар Андрэй Вераб’ёў.
- Магілёўскі замак на гравюры 18 ст.