Калі сыходзіш, сыходзь…
Не памылюся, калі прадкажу, што 20 лістапада, праз некалькі месяцаў, ад помніка Мураўёву на плошчы Напалеона, якая такі працяглы час называлася Дварцовай, не застанецца і следу.
Чаму я згадваю менавіта дату 20 лістапада? Таму што 20 лістапада па новым стылі ці 8 лістапада 1898 года па ранейшым, старым стылі, быў адкрыты помнік Мураўёву, які ў наш час цалкам прыбіраецца. І нам застаецца толькі назіраць, як апошняя фурманка са смеццем вось-вось прагрыміць па бруку, як абваляцца часовыя рыштаванні з агароджай, і нам будзе здавацца сном тое, што калісьці на гэтым месцы на плошчы амаль што трыццаць гадоў стаяў помнік Мураўёву.
Насамрэч, ён знік адсюль 12 (25) жніўня 1915 года, калі статуя, знятая з пастамента, была эвакуіравана самімі расійскімі ўладамі. Аднак пастамент усё яшчэ тырчаў у цэнтры плошчы, і квітнеў, як каласальная ружа… Нарэшце, і гэта знікне2. Магчыма, усяго праз некалькі дзён. Apage! “А кыш, а кыш!”… як казаў гусляр у Дзядах3.
Узвядзенне помніка Мураўёву ў Вільні і яго пышнае адкрыццё засталося амаль што незаўважаным за мяжой. Я меў магчымасць у гэтым пераканацца, бо працяглы час жыў у Эльзасе-Латарынгіі ў 1899 годзе. Там, у Труа-Эпі каля Кальмара, пасля вечара, праведзенага з вялікай групай французскіх ірэдэнтыстаў (тых, хто імкнуўся каб Эльзас вярнуўся ў Францыю – Л. Л.), эльзаскія патрыёты выказалі мне афіцыйныя спачуванні з нагоды ўсталявання расійскім урадам помніка Мураўёву ў Вільні.
– Ох, якія ж вы няшчасныя! Які ўдар! – у адной з дам на вачах былі шчырыя слёзы…
На што я адказаў:
– Паважаная пані! Мы вытрымалі Мураўёва жывым… Дасць Бог, перажывем і бронзавага.
І вось, мы перажылі. “Кляштар жыве даўжэй за прыёра”.
*
Выклікае рэфлексію нават сам факт, што ўзнікла патрэба праз трыццаць з лішнім гадоў пасля “задушэння паўстання” ўстанавіць у Вільні помнік, каб Мураўёў як пагрозлівы палец указваў у неба.
Але… Мураўёў быў не ідэальным? Бо ўсё ж “на Літву” (як тады казалі) паслалі самага надзейнага чалавека, з самай жалезнай рукой. Імператрыца, калі ён выязджаў з Санкт-Пецярбурга, сказала з неапісальнай інтанацыяй у голасе: “Каб вы толькі змаглі ўтрымаць хаця б Літву!”.
У такі крытычны момант Мураўёў у Вільні разглядаўся як апошняя надзея.
Міхалу Мікалаевічу графу Мураўёву ў той час споўнілася 67 гадоў. Ён добра ведаў польска-расійскія стасункі. У 1830-х гадах, перад паўстаннем 1863 года, займаў “пасаду” губернатара ў Гародні, ведаў “польскія інтрыгі”, і, як выказаўся Селіванаў, “много содействовал усмирению Литвы”. Існаваў нават падрабязны мемарандум, прадстаўлены гарадзенскім губернатарам імператару, у якім мы знаходзім думку, што паўстанне 1830 і 1831 гадоў было выключна бунтам духавенства і шляхты. Таму Мураўёў рэкамендаваў звярнуць пільную ўвагу на каталіцкае духавенства і рэлігійныя ордэны, якія аказвалі вельмі шкодны палітычны ўплыў на насельніцтва края. Прапаноўваў супрацьпаставіць ксяндзам адукаваных праваслаўных святароў. Далей рэкамендаваў “усилить и возвысить” у краі “рускую народность”, рускую мову і як мага шчыльней пакрыць краіну рускімі карэннымі каланістамі і стараабрадцамі.
Мурав’ёў рэалізоўваў гэтую праграму ў Гарадзенскай губерні. У дадатак, ён вешаў, расстрэльваў, знявольваў, высылаў і паліў вёскі і засценкі, збіраў кантрыбуцыю. Ён лічыў, што чым больш жорсткімі будуць рэпрэсіі, тым хутчэй усё скончыцца. Несумненна, гэта быў яго метад, аднак пераканаў ён не ўсіх, не пераканаў нават самых заўзятых патрыётаў. Ацэнка “метаду” графа Мураўёва выявіла рознагалоссі сярод расійскай грамадскай думкі, нават тады, калі Мураўёў выступаў за цэласнасць і адзінства Расійскай імперыі. Вядома, не бракавала яму і прыхільнікаў. Бессмяротныя заслугі Мураўёва ўзносіліся да нябёсаў нават і ў паэзіі.
Некаторыя мемуарысты скардзяцца, што Мураўёў кіраваў у Гародні занадта нядоўга. Таксама нядоўга займаў ён і пасаду ваеннага губернатара ў Менску. У 1842 годзе Мураўёва адклікалі ў Санкт-Пецярбург і паставілі на чале камісіі па ўрэгуляванні дзяржаўных межаў, а ў 1849 годзе ён быў прызначаны ў Дзяржаўную раду. У 1856 годзе ён стаў старшынём Дэпартамента ўладанняў, а праз год атрымаў партфель Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў. Вельмі актыўна ўдзельнічаў у сялянскай рэформе, прыхільнікам якой не быў.
Мураўёў прыбыў у Вільню 14 траўня 1863 года4. А праз паўгода ўжо можна было адклікаць гвардыю назад у Санкт-Пецярбург. Яна не была больш патрэбна…
Пасля задушэння паўстання Мураўёў нядоўга кіраваў у Вільні. Зноў жа, як і ў Гародні, надта нядоўга… Сам ён не лічыў сваю справу цалкам выкананай. У мемарандуме, прадстаўленым імператару 6 красавіка 1865 г., рэкамендаваў трымаць краіну на ваенным становішчы і не адмяняць самыя жорсткія часовыя меры яшчэ некалькі гадоў.
Граф Міхал Мікалаевіч памёр 29 жніўня 1866 г.
*
Ідэя ўсталяваць помнік Мураўёву ў Вільні з’явілася ў 1889 г. у генерал-губернатара Каханава. У пецярбургскіх сферах гэты праект атрымаў самае поўнае прызнанне. У сакавіку 1891 года Аляксандр III падпісаў акт аб зборы ахвяраванняў па ўсёй Расіі. Пазней сам імператар зацвер-дзіў макет помніка і яго месцазнаходжанне.
Тым часам у Вільні будаўніцтвам помніка займаўся спецыяльны камітэт пад кіраўніцтвам генерал-губернатара Каханава, потым Аржэўскага, прызначанага генерал-губернатарам 31 сакавіка 1897 года, і, нарэшце, Троцкага. У склад камітэта ўваходзілі губернатары: віленскі губернатар Грэвеніц, ковенскі Клінгенберг, некалькі маршалкаў шляхты, віленскі “галава” горада Рубцоў (пасля яго генерал Бертхольд), папячыцель Віленскай навучальай акругі Сяргееўскі…
Закладку падмурка з вялікай урачыстасцю адсвяткавалі 3 кастрычніка 1897 года. Але тое святкаванне немагчыма было параўнаць з помпай і святкаваннямі, якія разгарнуліся ў дзень адкрыцця помніка, як ужо згадвалася, 8 (20) лістапада 1898 года.
Сам імператар Мікалай II выказаў сваё найвялік-шае задавальненне ў тэлеграме генерал-губернатару Троцкаму. На адкрыццё ў Вільню прыбылі два графы Мураўёвы – міністры юстыцыі і замежных спраў, тагачасны міністр унутраных спраў Гарамыкін, галоўны дзяржаўны кантралёр Філіпаў… і безліч розных дробных саноўнікаў і чыноўнікаў. З Масквы прыбыў рэдактар незабыўнай газеты “Маскоўскія ведамасці” Грынгмут і не менш памятны нам Камароў, рэдактар газеты “Свет”.
Хапіла ўсіх.
Пасля трох стрэлаў з Замкавай гары, ад сённяшняга касцёла святога Казіміра, які тады быў кафедральным саборам, працэсія рушыла па вуліцах Вялікай і Замкавай, праз Тэатральную да Дварцовай плошчы. Міністр юстыцыі выступіў з грандыёзнай прамовай. (Вядома ж! Бо здзейсніўся суд гісторыі!)
Горад быў багата ўпрыгожаны. Генерал-губернатар Троцкі адразу пасля адкрыцця помніка зладзіў сняданак. Увечары ў ваенным клубе адбыўся адносна непрыкметны літаратурна-музычны канцэрт. І ўсё.
Граніт для помніка прывезлі з Фінляндыі. Несумненна, знойдуцца жыхары Вільні, якія помняць, як салдаты з чыгуначнай станцыі, па ранках, каб не перашкаджаць руху транспарту ўдзень, два дні кацілі гэты масіўны маналіт па бярвеннях.
Помнік спраектаваў скульптар Гразноў. Фігура, адлітая ў Санкт-Пецярбургу, была зроблена па мадэлі акадэміка Чыжова.
Грашовыя складкі ліліся з усёй Расіі. У спісе ахвяраванняў быў нават 1 рубель сціпла ахвяраваны калектывам … прафесараў Дэрпцкага ўніверсітэта. Епіскап з зямелі далёкіх якутаў даслаў 30 рублёў. Няхай такія падрабязнасці нікога не шакуюць. Усяго было сабрана амаль 60 000 рублёў, а ўвесь кошт помніка склаў 42 033 рублі. Лішак выкарыстаны для папаўненне Мураўёўскага музея5.

А зараз, з уласных нататак, напісаных непасрэдна пад уражаннем іншага моманту.
Калі я прыбыў на плошчу Мураўёва 12 (25) жніўня 1915 года, каласальная чорная постаць віленскага сатрапа ўжо стаяла на зямлі6, за чырвона-жоўтым пастаментам, які зіхацеў залатымі літарамі на сонцы цудоўнага жнівеньскага дня.
Вакол пастамента ўзвышаліся рыштаванні. З вальцаў, што круціліся на ланцугах, да фігуры цягнуліся магутныя вяроўкі. Адна з іх як пастромак абвівала шыю сатрапа, другая некалькі разоў абвівала яго жывот, трэцяя падтрымлівала ногі. У апошні момант пад спіну фігуры падвялі яшчэ дзве вяроўкі, і калос пачаў павольна хіліцца на інжынерную платформу, з толькі што ўзятай немцамі Ковенскай цвердзі. Чорная фігура нахілялася надзвычай павольна, паэтапна. Спуск на платформу заняў цэлую гадзіну.
Працу выконвалі салдаты пад кіраўніцтвам гарадскіх тэхнікаў. Гледачоў было вельмі мала, магчыма, 20-30 чалавек з выпадковых мінакоў. Бадай, адзіным не такім выпадковым гледачом быў пан Вацлаў Гізберт-Студніцкі, віленскі архіварыюс, выключны знаўца і энтузіяст віленскай гісторыі7. Доступ за агароджу помніка не быў забаронены… вядома ж, асобам, якія выглядалі па-панску. Такім чынам, без якіх-небудзь пасведчанняў я прайшоў, каб заняць сваё месца побач з панам Студніцкім.
– Відаць, шаноўны пане, мы павінны прадстаўляць віленскае грамадства на гэтай урачыстасці.
Унутры агароджы, таксама непасрэдна перад помнікам, ужо стаяў высокапастаўлены вайсковец, казак. Ён спакойна фатаграфаваў кішэнным кодакам – піетызм ці проста запал калекцыянера? Не магу сказаць.
На платформе ляжала задняя сценка скрыні, у якой павінны былі перавозіць статую. Калі статуя лягла на яе, пачалі настаўляць бакавыя і сцены з верхам.
Быў поўдзень 12 (25) жніўня 1915 года.
*
Так пайшоў Мураўёў, а разам з ім цэлая эпоха ў жыцці і нашага края.
Яшчэ трохі, і на паверхні плошчы, якая 17 гадоў афіцыйна называлася “Плошча Мураўёва”, не застанецца нават і следу ад помніка гвалту.
Sic erat in fatis – гэта хацеў лёс і sic transit gloria mundi – так праходзіць мірская слава.
На старых літаграфіях з альбома Вільчынскага ў цэнтры плошчы, адкуль зараз выдаляюць фрагменты помніка Мураўёва, бачны фантан. Магчыма, мы маглі б аднавіць яго? Няхай ціхім цурчаннем месяцовымі начамі фантан расказвае нашчадкам дзіўную гісторыю гэтай плошчы…
Cz. J. [Чэслаў Янкоўскі] Apage!.. // Slowo. 1926. № 226.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
1 “Apage” – лацінскі выраз, які часта выкарыстоўваецца ў кантэксце, блізкім да “сыходзь”, “прэч” ці “адступіся”. Частка біблейскага “Apage, Satana!” – “Адыдзі ад мяне, Сатана”. У польскай мове можа выкарыстоўвацца наступным чынам: “Apage! Nie chcе ciе wiеcej widzie?!” – “Прэч! Я не хачу больш бачыць цябе!”. – Л. Л.
2 Пастамент лёг у аснову помніка паўстанцам 1863 г. у Дубічах. – Л. Л.
3 У ймя Айца, Сына, Духа
Накладаем Божы крыж –
Непатрэбны хлеб, напоi,
Нас пакiньце вы ў спакоi.
А кыш, а кыш! – цыт. па: Дзяды, Мінск, 1999. Т. 1. С. 31. – Л. Л.
4 Быў генерал-губернатарам шасці губерняў, якія называліся Заходнімі, праз некаторы час яму дадалі яшчэ і Аўгустоўскую губерню.
5 Пра стаўленне да помніка з боку насельніцтва, яскрава напісала ў сваіх успамінах беларуская акторка і педагог Паўліна Мядзёлка: “Іду на Дварцовую плошчу ў шэры дом, што насупраць скверу з помнікам Мурав’ёву-вешацелю. Каля помніка шпацыруе ўзад і ўперад гарадавы. Я ўспомніла, што мне апавядалі аб гэтым помніку. Даўней не было тут гарадавога. Ён паявіўся пасля адной штукі, якую выкінула віленская моладзь. Набралі хлопцы ў бойні трыбухоў і кішок, ноччу абляпілі імі помнік з галавы да ног, а на пастамент вылілі некалькі бутэлек валяр’янкі. Зляцеліся са ўсяго горада сабакі да трыбухоў, а каты на пах валяр’янкі. І што там тварылася ля падножжа помніка, можна сабе ўявіць! З таго часу гарадавы днём і ноччу сцеражэ гэты помнік”. – Л. Л.
6 Міхал Шымялевіч пісаў: “Бачыў асабіста, як у ліпені 1915 г., пры эвакуацыі маскалёў з Вільні, падымалі той помнік (Мураўёву – Л. Л.) з гранітнага пастамента, падвешаны на ланцугах да пастаўленага трохкутніка з тоўстых бетонаў. Потым бачыў тую самую статую ў Пецярбургу пад гмахам Музея артылерыі”. – Л. Л.
7 Цікавую ролю гэты архіварыюс меў у беларускай гісторыі – менавіта бойка паміж Іванам Луцкевічам і Вацлавам Студніцкім у студзені 1916-га ў цукерні (кавярні) “Чырвоны Штраль”, якая ў той час месцілася па адрасе: Георгіеўскі праспект, 12, прывяла да адыходу братоў Луцкевічаў ад краёвай ідэі, браты прыйшлі да высновы, што трэба арыентавацца не на аднаўленне Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага, а на стварэнне незалежнай Беларусі. Заўважу, што віленскі архіварыюс у 1920-30-я гг. Вацлаў Студніцкі, як і яго брат Уладзіслаў, абодва не былі агрэсіўнымі баевікамі, але былі гарачымі польскімі патрыётамі. Пісьменнік Юзаф Мацкевіч успамінаў пра іх: “Прафесар Уладзіслаў Гізберт-Студніцкі (у апошнія гады ён абмяжоўваўся толькі другой паловай прозвішча) родам быў з Лівоніі і ўсёй сваёй істотай належаў XIX ст. “Прафесарам” яго назвалі пазней па трох прычынах: па-першае, некаторы час ён выкладаў у віленскім Інстытуце вывучэння Усходняй Еўропы; па-другое, гэтае званне падыходзіла яму па ўзросту; па-трэцяе, ён быў па-прафесарску рассеяны. Аб яго няўважлівасці хадзіла мноства гісторый. У яго быў брат Вацлаў, віленскі архіварыюс. Таксама нізенькі, падобны на брата, нібы блізнюк, і таксама рассеяны. Аднойчы, пасля збору Таварыства сяброў навук, Студніцкія пераблыталі паміж сабой свае паліто. Іншых такіх жа кароткіх паліто больш у раздзявальні не было. Заўважылі яны гэта, толькі калі выйшлі разам і ўжо рухаліся ў паліцэйскі ўчастак падаваць скаргу аб крадзяжы паліто. Можа, гэта і анекдот: хто б з-за такога пайшоў у паліцыю? Але вось праўдзівы выпадак. Раз, калі Студніцкі ехаў на рамізніку, ён раптам нешта ўспом-ніў, спыніў рамізніка, сышоў і накіраваўся ў адваротны бок. Рамізнік павярнуў каня і паслухмяна рухаўся ўздоўж тратуара, мяркуючы, што гэта такі прафесарскі капрыз. Толькі на трэцяй вуліцы ён звярнуўся: “Паночак, а дакуль гэта будзе?” Узнік буйны скандал, бо Студніцкі быў упэўнены, што ўвогуле ні на якім рамізніку не ехаў. У рэдакцыю ён, бывала, з’яўляўся ў крухмаленым каўнерыку, але без прышпіленага гальштука…”. – Л. Л.

