Выстава, якая працуе ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея зноў папоўнілася. 28 траўня 2026 года ў БДАМЛМ прайшлі XXVI Узвышаўскія чытанні, на якім навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун выступіў з дакладам пра Ніну Тарас паводле дзейнай выставы “Пад белым яварам”. А пасля канферэнцыі адбылася сустрэча з ужо добра знаёмымі (нібы сваякамі), але пляменнікамі Ніны Тарас Галінай Іванаўнай і Іванам Іосіфавічам Сямернікамі. Яны з задавальненнем перадалі на часовую выставу, прысвечаную іх любімай цётцы-паэтэсе, два прыжыццёвыя зборнікі. Хоць гэтыя выданні захаваліся без вокладак, але ж стануць таксама каштоўнымі экспанатамі ў Доме Валянціна Таўлая. Гэта зборнікі “Суніцы” за 1946 год і “Наш бор” за 1968 год.



Што цікава, пад самаробнай вокладкай зборніка “Суніцы” (а думалася, што гэта першае выданне “На ўсход ідучы” за 1940 год) змешчаны рукапісныя папраўкі, зробленыя Валянцінам Таўлаем. Аб тым, што гэты зборнік чытаў Таўлай, поўнасцю даказана ў яго лісце да жонкі Лідзіі, калі лячыўся ў бальніцы. Захавалася яго перапіска, у якой за 2.XII і 3.XII.1946 г. просіць, каб яна прынесла кніжачку “Суніцы” Ніны Тарас. Яму было цікава пазнаёміцца з новым, ужо другім па ліку выданнем сяброўкі-паэтэсы. Калі Таўлай рабіў гэтыя папраўкі ў ім? Напэўна ў той жа лякарны час. І гэтыя ж карэктарскія заўвагі для Ніны Тарас былі значнымі, бо давярала ж яна Валянціну, тым больш, ён ведаў як даводзіць да чысціні мастацкі твор. Гэты асобнік для паэтэсы быў найдаражэйшым! І як за шчасце, вярнуўся ў Ліду ў Дом паэта.

Так, у гэтым зборніку змешчаны вершы як даваеннага (1936, 1937, 1940), так і ваеннага і пасляваеннага часу (1943, 1944,1945 гг.), што поўнасцю адпавядае выхаду “Суніцаў”, а не “На ўсход ідучы” за 1940 год.
Пошукі зборніка “На ўсход ідучы” яшчэ працягваюцца…
Наш кар.

