28 траўня 2026 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыліся XXVI “Узвышаўскія чытанні”, штогадовая міждысцыплінарная канферэнцыя, якая арганізуецца з 2000 г. Яна прысвечана вывучэнню літаратурна-творчага аб’яднання “Узвышша”, што адыгрывала адметную ролю ў развіцці беларускай культуры ў 1926 – 1931 гг. У гэтым годзе ўдзельнікі канферэнцыі мелі асаблівую нагоду для абмеркаванняў – стогадовы юбілей з дня ўтварэння аб’яднання (26 траўня 1926 г.).
“Узвышша” – грамадскае аб’яднанне маладых літа-ратараў БССР, у склад якога ўваходзілі такія вядомыя пісьменнікі, як Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Адам Бабарэка і інш. Удзельнікі “Узвышша” пазіцыянавалі сябе як новы этап у развіцці беларускай савецкай культуры. Пры аб’яднанні існаваў аднайменны часопіс, наклад якога перавышаў наклады іншых беларускіх літаратурных часопісаў “Полымя” і “Маладняк”. Актыўныя даследаванні “Узвышша” пачаліся толькі з канца 1980-х гг. У траўні 2000 г. на базе БДАМЛМ была арганізавана спецыяльная канферэнцыя даследчыкаў, якія прынялі рашэнне зрабіць яе пастаяннай.

Канферэнцыя 28 траўня 2026 г. была адкрыта прывітальным словам А.А. Макаранкі, дырэктара БДАМЛМ. Яна нагадала аб навуковых традыцыях архіва-музея і пажадала яе ўдзельнікам поспехаў у абмеркаваннях. Пленарныя даклады Г.В. Запартыкі, ганаровага архівіста Беларусі, былога дырэктара БДАМЛМ і заснавальніцы канферэнцыі, а таксама М.Ф.Шумейкі, прафесара БДУ, былі прысвечаны гістарычнаму кантэксту дзейнасці “Узвышша”.




У рамках канферэнцыі працавалі дзве секцыі. Першая была прысвечана непасрэдна стогадоваму юбілею. Яе ўдзельнікі разгледзелі пытанні моўнага і філасофска-эстэтычнага ўплыву “Узвышша” на беларускую нацыянальную культуру, уклад у развіццё музыкі і мастацтва. Другая секцыя “Жывая спадчына” сканцэнтравала ўвагу на архіўна-дакументальным складніку даследаванняў, а таксама дзейнасці пісьменнікаў-юбіляраў. Жывую цікавасць выклікаў даклад А.І.Траццяк, вядучага архівіста Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, якая прадэманстравала копіі фатаздымкаў, кіна- і фоназапісаў Кандрата Крапівы.






У заключэнні канферэнцыі ўдзельнікі падвялі вынікі і вызначылі далейшыя перспектыўныя тэмы даследавання спадчыны “Узвышша”. У гонар года беларускай жанчыны кожная выступоўца атрымала ў падарунак ружу.
Алесь Хітрун.
На фота: 1. Прывітальнае слова А.А. Макаранкі; 2. Пленарны даклад Г.В. Запартыкі; 3. Пленарны даклад М.Ф. Шумейкі; 4. Выступае пісьменніца і перакладчык А.А. Данільчык; 5. Я.І. Грыневіч апавядае пра ўнёсак В. Ша-шалевіча; 6. Т.А. Лаўрык, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі адукацыі; 7. Выступае А.У. Трафімчык; 8. Т.А. Васільева атрымлівае пасля цікавага дакладу ружу; 9. А.І. Траццяк і Д.С. Самахвалаў; 10. Выступленне А.І. Марозавай; 11. Д.М. Дрозд робіць даклад; 12. Выступае А.Ч. Хітрун.

