Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

16 кастрычніка 2025, 15:44 літаратура 12
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

“Іван Пятровіч Катлярэўскі ніколі не служыў у Лідзе”, – паведаміў штучны інтэлект

У кнізе “Край наш вольны, край любімы” (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2025) напісана, штоў Лідзе “служыў украінскі паэт Іван Катлярэўскі”. Лідскія краязнаўцы з гэтым пытаннем даўно разабраліся, але як цяжка разбураюцца легенды!

 

А гісторыя пытання такая. Некалі, за савецкім часам, нехта з руплівых лідскіх краязнаўцаў недзе знайшоў інфармацыю, што ў Пскоўскім драгунскім палку служыў нейкі Катлярэўскі. У 1806-1808 гадах Пскоўскі драгунскі полк стаяў у Лідзе. На дварэ была эпоха дружбы народаў, і лідскія гісторыкі вырашылі, што гэта мусіць быць Іван Пятровіч Катлярэўскі, расійскі імперскі афіцэр і па сумяшчальніцтву “пачынальнік украінскай літаратуры”. Інфармацыю паднялі на шчыт, уключылі ва ўсе “святцы” і нават вуліцу ў Лідзе назвалі імем Катлярэўскага.

Але вось біяграфія І.П. Катлярэўскага:

“Іван Катлярэўскі нарадзіўся ў Палтаве ў 1769 годзе ў сям’і Катлярэўскіх, высакароднага казацка-старшыннага роду. Бацька Івана – Пётр Іванавіч Катлярэўскі – займаў пасаду канцылярыста ў палтаўскім гарадавым магістраце. Маці – Параскева Лаўрынаўна Жукоўская – дачка соцен-нага казака з Рашацілаўкі. Дзед па бацьку быў дыяканам у Свята-Успенскім саборы Палтавы.

У 1780-1789 гадах Іван вучыўся ў Екацярынаслаўскйй духоўнай семінарыі. У 1789-1793 гадах працаваў канцылярыстам, у 1793-1796 гадах – дарэктарам у сельскіх абшарніцкіх сем’ях.

У 1796-1808 гадах Іван Катлярэўскі знаходзіўся на вайсковай службе. 1 красавіка 1796 года прызначаны ка-дэтам у Северскі драгунскі полк, 11 ліпеня 1796 года павы-шаны ў аўдытары, у 1798 годзе пераназваны ў прапаршчыкі, 8 студзеня 1799 года павышаны ў падпаручнікі, а 5 лютага гэтага ж года – у паручнікі. У 1802 годзе Катлярэўскі быў прыкамандзіраваны ў якасці ад’ютанта да інспектара Днястроўскай і Крымскай інспекцыі генерала ад кавалерыі маркіза Датышампа. Затым, з 1806 года (арыенціровачна) па 3 лістапада 1807 года Катлярэўскі працягнуў службу як ад’ютант барона К. І. Мейяндорфа, камандзіра 2-га карпуса войскаў, прызначаных для вайны з туркамі. 12 красавіка 1806 года Катлярэўскі павышаны ў штабс-капітаны.

У 1806-1807 гадах Катлярэўскі ў чыне штабс-капітана браў удзел у Руска-турэцкай вайне 1806-1812 гадоў, быў удзельнікам аблогі Ізмаіла. Узнагароджаны ордэнам Святой Ганны 3-й ступені. У 1808 годзе выйшаў у адстаўку. З 1810 года працаваў наглядчыкам “Дома для выхавання дзяцей бедных дваран”. У 1812 годзе падчас паходу Напалеона І Банапарта на Расію Катлярэўскі з дазволу Маларасійскага генерал-губернатара князя Я. І. Лабанава-Растоўскага ў жніўні сфармаваў у мястэчку Гарошыне Харольскага павета на Палтаўшчыне 5-ты Маларасійскі казачы конны полк, за што атрымаў чын маёра. Катлярэўскаму было абяцана, што пасля канца вайны 5-ты Маларасійскі полк будзе захаваны як сталае казацкае войска. Аднак гэтая ідэя засталася нерэалізаванай.

У 1816-1821 гадах Катлярэўскі – дырэктар Палтаўскага Свабоднага тэатра. У 1818-1819 гадах разам з В. Лукашэвічам, В. Тарнаўскім і інш. уваходзіў у склад палтаўскай масонскай ложы М. Н. Новікава “Любоў да Праўды” (в. а. Сакратара ложы, Аратар ложы). Катлярэўскі аказваў садзейнічанне выкупу М. С. Шчэпкіна з прыгоннага стану. У 1827-1835 гадах – апякун богадагодных устаноў.

Памёр у Палтаве, у 1838 годзе. Помнік на магіле на свае сродкі паставіў яго сябар Павел Сцеблін-Каменскі.

File source: https://commons.wikimedia.org/wiki/File:Kotliarevskiy.jpg

Катлярэўскі не быў жанаты. Яго спадчынніцай і гаспадыняй сядзібы стала ахмістрыня Матрона Яфрэмаўна Вяклевічава.

Літаратурную дзейнасць пачаў каля 1794 года. Катлярэўскі – аўтар “Энеіды” (1798, тры часткі; 1842 – поўнае пасмяротнае выданне), якая некалькі разоў перавыдавалася пад назвай “Вергилиева Энеида. На малороссийский язык перелицованная И. Котляревским”. Узяўшы за аснову сюжэтную канву аднайменнай паэмы Вяргілія, а таксама аднайменную парадыйную паэму Мікалая Осіпава “Виргилиева Енеида, вывороченная наизнанку” (1791) на рускай мове (дзе Эней намаляваны як “заліхвацкі хлапчына і самы хвацкі малайчына”), Катлярэўскі ў традыцыях бурлеску стварыў свой арыгінальны мастацкі твор. У паэме аўтар узнавіў розныя бакі жыцця ўкраінскага грамадства ў другой палове XVIII стагоддзя. Нацыянальная афарбоўка і спагада да лёсу простага народа абумовілі вялікі поспех “Энеіды” сярод сучаснікаў.

Здаецца, усё ясна, ні пра якую Ліду ў біяграфіі нідзе няма ні слова, але мы задалі пытанне і самаму вялікаму на сёння знаўцу ўсяго існага – штучнаму інтэлекту. Адказ адпаведны: “І. П. Катлярэўскі ў Пскоўскім палку і ў нашым горадзе ніколі не служыў”. А шкада, але вуліца імя Івана Катлярэўскага ў Лідзе няхай сабе будзе.

Станіслаў Суднік.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Незабыўны Альберт Паўловіч
літаратура

Незабыўны Альберт Паўловіч

21 лістапада 2025, 13:3822
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0919
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0618
ЦВК зьняў забарону на здыманьне фота на выбарчых участках
Грамадства

ЦВК зьняў забарону на здыманьне фота на выбарчых участках

8 жніўня 2019, 16:1318
Далучайцеся да нас