Што можа быць лепшым для культурнага чалавека за добрую кнігу? Таксама добрая кніга, толькі яшчэ не прачытаная. І не важна, што яна не новая, што даўно сышла з друкарскага варштата, што чыталі і перачытвалі яе да цябе.
Сямейная пара Вячаслаў і Нона Буко не першы раз прывозяць кнігі на Нясвіжчыну, каб перадаць іх у бібліятэкі, сельскія клубы, навучальныя ўстановы ці проста ў добрыя рукі. Яны ўжо некалькі гадоў удзельнічаюць у дабрачынным праекце ” Кнізе – другое жыццё”, што ладзіцца пры ААТ “Белгіпс-ЭКА”. Ратаваць добрую кнігу ад утылізацыі – высакародная справа кожнага , лічаць яны. А яшчэ адзначаюць, што кнігі правераныя, апрацаваныя, іх можна без усякай асцярогі браць у рукі, чытаць.
На гэты раз першым прыпынкам на шляху з Менска была Навасёлкаўская школа. А ў Нясвіжы пасярэднікам паміж дабрачынцамі і адрасатамі стала старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса.
– Мяне цікавілі беларускамоўныя выданні, – кажа спадарыня Наталля. – На шчасце, такія знайшліся. Ды не абы-якія! Шматтомнікі Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Вячаслава Адамчыка, творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Шамякіна, Івана Пташнікава. У зборніку “МЫ- беларусы”, дзе сабраны вершы беларускіх паэтаў розных пакаленняў, прыемна было сустрэць найлепшыя патрыятычныя творы нашых землякоў – “Памяць” Паўлюка Пранузы, “Ехаў праз Гасцілавічы” Валера Дранчука, “Радзіміч” Кастуся Жука. Атрыманыя кнігі папоўняць бібліятэчку ТБМ у кабінеце грамадскіх арганізацый.
Большую колькасць з прывезенага спадаром Вячаславам Наталля Плакса перадала ў Карцэвіцкую школу. Бібліятэкар Святлана Гаціла адзначыла, што сярод кніг шмат твораў су-светнай літаратуры, кніг для дзяцей, слоўнікаў і даведнікаў, літаратуры па тэме “Што? Дзе? Калі?” Усё гэта прыдасца ў школьнай працы.
Вучні-пачаткоўцы, якія разам з бібліятэкарам пераносілі пакуначкі з кнігамі, заўважылі, што каля іх усё круціцца цікаўны коцік. “Мабыць, ён хоча замовіць сабе “Кніжку пра мышку”, – пажартавала дасціпная дзяўчынка. А калі сур’ёзна, то жыхары Нясвіжчыны шчыра дзякуюць супрацоўнікам калектыва ААТ “Белгіпс-ЭКА” і непасрэдна сямейнаму тандэму Буко за дабрачыннасць і чакаюць новых сустрэч з добрай старой, але новай кнігай.
Вераніка Васілевіч,
Нясвіж.