Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
На Паўночных могілках у Менску адкрылі помнік акадэміку Радзіму Гарэцкаму

На Паўночных могілках у Менску адкрылі помнік акадэміку Радзіму Гарэцкаму

18 ліпеня 2026, 21:47 Грамадства 39
На Паўночных могілках у Менску адкрылі помнік акадэміку Радзіму Гарэцкаму

22 чэрвеня, роўна праз год пасля смерці акадэміка Радзіма Гарэцкага, на ягонай магіле на менскіх Паўночных могілках урачыста адкрылі надмагільны помнік яму.

 На ўрачыстае адкрыццё помніка сабраліся каля 40 чалавек. Яго аўтар – вядомы скульптар Ігар Засімовіч, у аснове – валун з Браслаўскага краю.

Радзім Гарэцкі пражыў вельмі доўгае, 96 гадовае жыццё, на працягу якога заўсёды імкнуўся служыць сваёй радзіме і свайму народу, хоць воляй лёсу шмат дзесяцігоддзяў быў вымушаны правесці за межамі Бацькаўшчыны.

 

Нарадзіўся Радзім Гарэцкі 7 снежня 1928 года ў Менску, у сям’і Гаўрылы Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук, і Ларысы Гарэцкай (у дзявоцтве Парфяновіч). Ён пляменнік Максіма Гарэцкага, беларускага пісьменніка.

З-за рэпрэсій супраць сям’і Радзім правёў дзяцінства ў Расіі, дзе ў 1952 годзе скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут і пасля больш за 20 гадоў адпрацаваў у Геалагічным інстытуце АН СССР. Толькі ў 1971 годзе ён вярнуўся на радзіму, дзе з 1977 па 1993 год узначальваў Інстытут геахіміі і геафізікі, у 1992-1997 гадах быў віца-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.

Радзім Гарэцкі стаў адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай школы тэктонікі, яго даследаванні дапамаглі адкрыць шматлікія радовішчы карысных выкапняў, за што ён быў ушанаваны Дзяржаўнымі прэміямі СССР і Беларусі.

Акрамя навукі, ён актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, узначальваў Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і напісаў шэраг мастацка-дакументальных кніг пра гісторыю свайго роду і рэпрэсаваную беларускую інтэлігенцыю. У кнізе “Ахвярую сваім “я”… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)” (1998) Радзім Гарэцкі апісаў трагічны лёс сваіх блізкіх.

Ён усімі сіламі падтрымаў рух за незалежнасць Беларусі і дапамагаў станаўленню грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Радзім Гарэцкі быў сталым актывістам ГА “ТБМ імя Францішка Скарыны”, сябрам Рады Таварыства.

Паводле СМІ.

Фота з сацсетак.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0415
Станіслаў Суднік.  ЯЦВЯЖСКІЯ  ЗАМАЛЁЎКІ
Гісторыя і краязнаўства

Станіслаў Суднік. ЯЦВЯЖСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ

11 кастрычніка 2026, 16:3815
20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча
Грамадства

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

1 кастрычніка 2018, 14:4914
У беларускае неба пайшоў Валер Санько
Грамадства

У беларускае неба пайшоў Валер Санько

8 снежня 2020, 19:0614
Далучайцеся да нас