Home
Навука

Першы прэзідэнт НАН Беларусі

Першы прэзідэнт НАН Беларусі

19 красавіка споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння першага прэзідэнта Нацыянальнай Акадэмі навук Беларусі, вучонага-гісторыка, акадэміка Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і Акадэміі навук Украіны Усевалада Ігнатоўскага (1881-1931).

Усевалад Ігнатоўскі нарадзіўся ў вёсцы Такары Берасцейскага павета Гарадзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці) у сям’і настаўніка народнага вучылішча, які потым прыняў сан святара.

Каб працягнуць бацькаў шлях Усевалад Ігнатоўскі паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, але за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях яму пагражала выключэнне з семінарыі, таму ён перавёўся ў Магілёўскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1902 годзе. Паступіў у Пецярбургскі гісторыка-філалагічны ўніверсітэт, аднак за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях і распаўсюджванні пракламацый быў высланы ў Аланецкую губерню (цяпер Архангельская вобласць). Пасля высылкі перавёўся на трэці курс гісторыка-філалагічнага факультэта Юр’еўскага ўніверсітэта (цяпер Тартускага), які скончыў у 1911 годзе. Некаторы час працаваў настаўнікам у Віленскай прыватнай гімназіі, выкладаў гісторыю і геаграфію ў Менскім настаўніцкім інстытуце.

 У 1915 годзе Усевалад Ігнатоўскі стварыў культурна-асветніцкую арганізацыю “Наш край”, сябры якой ставілі сваёй задачай абуджэнне нацыянальнай свядомасці, патрыятызму. У 1917 годзе яна была пераўтворана ў арганізацыю “Маладая Беларусь”, якая ў сваю чаргу праз тры гады стала Беларускай камуністычнай арганізацыяй, якую ўзначаліў Усевалад Ігнатоўскі.

У снежні 1920 годзе Усевалад Ігнатоўскі прымаў удзел у падпісанні “Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”. У 1921 годзе ён адмовіўся ўдзельнічаць у рабоце савецкай дэлегацыі на падпісанні Рыжскага міру, які лічыў ганебным і непрымальным для Беларусі.

 З канца 1920-х гадоў Усевалад Ігнатоўскі, як на-родны камісар асветы, актыўна займаўся пытаннямі яшчэ не афіцыйнага працэсу беларусізацыі, шмат сіл і энергіі патраціў на арганізацыю, станаўленне і развіццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе займаў пасады дэкана факультэта грамадскіх навук і педагагічнага факультэта, намесніка рэктара. Пры непасрэдным удзеле Усевалада Ігнатоўскага ў 1922 годзе быў адкрыты Інстытут беларускай культуры, які ў 1928 годзе рэарганізаваны ў Беларускую Акадэмію навук. Усевалад Ігнатоўскі стаў першым яе прэзідэнтам.

Пры ўсёй службо-вай занятасці вучоны зна-ходзіў час для распрацоўкі тэарэтычных праблем гістарычнай навукі. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 30 прац па гісторыі і культуры Беларусі. Працы “Кароткі нарыс Беларусі” (1919), “Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі” (1921), “Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота” (1922), “Гісторыя Беларусі ў XIX – пачатку XX стагоддзя” (1923), “Каля магілы барацьбіта” (1927) з’яўляліся асноўнымі падручнікамі ў вышэйшых навучальных установах. Праца “1863 год на Беларусі” (1930) – першае грунтоўнае беларускае даследаванне паўстання 1863-1864 гадоў, дзе вылучаецца асоба Кастуся Каліноўскага і даецца ацэнка яго дзейнасці.

 Рэпрэсіі 1930-х гадоў не маглі не зачапіць ідэолага беларусізацыі. Пачалася актыўная крытыка гістарычных поглядаў Усевалада Ігнатоўскага, беспадстаўныя абвінавачванні. 26 снежня 1930 года яго знялі з пасады прэзідэнта Акадэміі навук і выключылі з партыі. 4 лютага 1931 года Усевалад Ігнатоўскі, не вытрымаўшы нападак, скончыў жыццё самагубствам. Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску. Рэабілітаваны ў лістападзе 1990 года.

Усевалад Ігнатоўскі – адзін з найбольш актыўных дзяржаўных дзеячоў, якія аказалі значны ўплыў на развіццё беларускай навукі, культуры, адзін з першых, хто не саромеўся называць сябе беларусам.  Вучоны заўсёды быў верны сваім поглядам, светаадчуванню. Яго талент, любоў да роднай зямлі, адказнасць за лёс беларускага народа справядліва заслугоўваюць высокія ацэнкі. У знак павагі і ўдзячнасці на былым будынку Інбелкульта ў Менску ўстаноўлена мемарыяльная дошка (1991), адной з вуліц Менска прысвоена яго імя. На радзіме Усевалада Ігнатоўскага ў вёсцы Такары закладзена рабінавая алея і ўстаноўлены памятны знак. Імя Усевалада Ігнатоўскага прысвоена Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы, на яе будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Янка Купала прысвяціў Ігнатоўскаму верш “Наш летапісец”.

Паводле СМІ.

 

Previous article Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін у Лідскім музеі
Next article Зьніч - знак памяці і любові. Традыцыі Радаўніцы ў маленькай вёсачцы Стаўпецкага раёна

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201918
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202516
Абнаўленне надзеi i абнуленне тугi"
Выданні

Абнаўленне надзеi i абнуленне тугi"

студ 26th, 202216
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202515