Колеры і масці ў Лідзе
і ў астатняй Беларусі
У 2020 годзе ад Лідскіх курсаў “Мова-нанова” мне паступіла просьба прачытаць лекцыю на тэму “Колеры ў беларускай мове”. Я ўзяў трохі шырэй і, каб было цікавей, дадаў раздзел “Масці ў беларускай мове”. Па часе лекцыя прыпала на складаны перыяд і чыталася дыстанцыйна. Ну, прачыталася і прачыталася, і не лішнім было б яе надрукаваць, але па ходу падрыхтоўкі лекцыі я даведаўся, што ў 2018 годзе выйшла кніга глыбока паважанага мной інтэлектуала Міхала Анампедыстава “Колеры Беларусі”. Кніга на той момант аказалася недаступнай, а без знаёмства з ёй друкаваць нешта было не карэктна. Як у тым выслоўі: “Не так цяжка напісаць дысертацыю, як даведацца, ці не напісана ўжо дысертацыя на гэтую тэму”. А тут ведаеш, што кніга пра колеры напісана, а яе не дастаць, ну і ўсё адклалася. У 2025 годзе я замовіў усё-такі гэтую кнігу па МБА (працуе яшчэ гэтая сістэма), і цяпер можна нешта чэсна запазычыць, з нечым не згадзіцца, але гэтая мая праца – не пераказ кнігі спадара Міхала і не наследаванне, а ўсё, што будзе ўзятае, то гэта толькі для таго, каб ровар другі раз не вынаходзіць.
У Сусвеце два асноўныя і супрацьлеглыя колеры: белы і чорны. На мяжы белага і чорнага існуе шэры колер рознай насычанасці.
Белы, чорны і шэры колер адносяцца да ахра-матычных колераў і па сутнасці колерамі, як такімі ў фізічным сэнсе не з’яўляюцца.
Абсалютна белы колер – гэта сувакупнасць бясконцай колькасці электрамагнітных гармонік, якія выпраменьваюцца ад адной ці некалькіх крыніц. Паколькі бясконцая колькасць гармонік дасягнута быць не можа, на тое яна і бясконцая, то і абсалютна белага колеру не існуе ў фізічнай прыродзе. Існуе ўмоўна белы колер, у той ці іншай ступені набліжаны да абсалютнага. Напрыклад, святло белых зорак больш набліжана да абсалютна белага, чым святло жоўтых, або чырвоных зорак.
Паколькі для чалавека колер – гэта суб’ектыўнае псіхічнае ўражанне, якое ўзнікае дзякуючы яго псіхафізія-лагічным здольнасцям у момант, калі ў вока трапляюць электрамагнітныя хвалі бачнага дыяпазону, то-бок святло, то каб бачыць белы колер, чалавеку дастаткова прыняць вачыма адпаведную колькасць гармонік адпаведнай жа інтэнсіўнасці. Гармонікі высокай інтэнсіўнасці чалавек можа ўспрымаць і іншымі часткамі цела, напрыклад, цяпло ад электрычнай лямпачкі чалавек успрымае і рукой, калі спрабуе яе выкруціць, не выключыўшы. Зусім нябачныя вокам хвалі ад гарачай печы чалавек таксама ўспрымае целам непасрэдна ці апасрэдавана.
Абсалютна чорны колер – гэта, магчыма, колер чорнай дзіркі, якая не выпраменьвае абсалютна нічога, і саму яе вучоныя бачаць толькі на больш светлым фоне. Чорны квадрат Малевіча мы бачым толькі на светлым фоне. Дакладней, мы бачым фон, а сам квадрат ніякіх гармонік не адлюстроўвае.
Чалавечае вока бачыць два чорныя колеры. Адзін чорны колер – гэта сукупнасць гармонік больш нізкай частаты за частату чырвоных гармонік. Другі чорны колер – гэта сукупнасць гармонік больш высокай частаты, чым фіялетавыя гармонікі. Тая з’ява, што некаторыя жывёлы добра бачаць у цемнаце, абазначае толькі тое, што вока гэтай жывёліны ўспрымае больш шырокі спектр, чым вока чалавека.
Шэры колер узнікае ў выніку аслаблення гармонік бачнай часткі спектру.
Гісторыя навукі пра колер
Прынята вылучаць два этапы ў гісторыі класіфіка-цыі колеру: да XVII стагоддзя і XVII стагоддзе – нашы дні.
Міфалагічны этап. Вылучаліся тры колеры: Чырвоны, Белы, Чорны.
1) Архаічная ці трайковая сістэма. Колеры: Чырвоны, Белы, Чорны.
2) Ведычная, ці сістэма заснаваная на Ведах. Наступныя колеры: Чырвоны (усходнія прамяні Сонца), Белы (паўднёвыя прамяні), Чорны (заходнія прамяні), Вельмі чорны (паўночныя прамяні), Нябачны (цэнтр).
Грэка-рымская антычнасць. У 5-м ст. да н.э. Эмпедокл сцвярджаў, што Сусвет складаецца з: вады (Чорны), паветра (Белы), агню (Чырвоны), і зямлі (Жоўты, Охра). А ўсё астатняе атрымліваецца шляхам змешвання гэтых чатырох стыхій.
Арыстоцель вылучаў тры асноўныя колеры: Белы (вада, паветра, зямля), Жоўты (агонь), Чорны (разбурэнне, стан пераходу).
Планід у сваёй “Натуральнай гісторыі” вылучыў чатыры асноўныя колеры: Чырвоны, Белы, Жоўты і Чорны.
Для вызначэння асноўных колераў Эмпедокл і Планід карысталіся зрокавымі ўражаннямі, а Арыстоцель вызначаў іх эксперементальным шляхам.
Сярэднія вякі. Заходняя Еўропа

У Сярэднія вякі ў Еўропе ўсяму, у тым ліку і колернай гаме імкнуліся надаць духоўны пачатак.
На мал. 1 Белы колер сімвалізуе Хрыста, Бога, анёлаў, з’яўляецца чыстым бязгрэшным колерам. Жоўты колер – знак асветы, дзеяння Духу Святога. Чырвоны – агонь, сонца, кроў Хрыста. Сіні – колер неба, мясціны Бога. Зялёны – колер ежы, расліннасці, зямны шлях Хрыста. Чорны – падземны колер, колер зла, Антыхрыста. Фіялетавы – колер супярэчнасцяў.
Гэтак жа досыць цікавай была антысістэма колераў, куды ўваходзілі “згаслыя” колеры, г.зн. любы колер у спалучэнні з Карычневым.
Рэнесанс
Леанарда Да Вінчы – стваральнік новай каляровай сістэмы. Ён лічыў, што асноўных колераў шэсць. Чырвоны, Жоўты, Зялёны, Сіні, Белы, Чорны.
Еўропа. XVII-XIX стагоддзі
Тым часам у гісторыі класіфікацыі колеру пачынаецца новы этап. Пачынаецца працэс падзелу колеру. Ньютан уводзіць навуковую сімволіку падзелу колераў. Ён бярэ спектр белага колеру, у якім вылучае ўсе храматычныя колеры: Чырвоны, Аранжавы (Памяранцавы), Зялёны, Блакітны (Сіне-зялёны), Сіні, Фіялетавы, дадаючы да гэтага спалучэння Пурпурны (лічыць гэты колер змешваннем чырвонага і фіялетавага).
У XVII стагоддзі ў Еўропе пануюць два стылі: 1) Барока. Усхваляцца перавага колеру. 2)Класіцызм. Цэняцца толькі адценні колераў, аснова – прыглушаныя колеры.
У XVIII стагоддзі барока ператвараецца ў ракако. З’яўляецца цяга да асіметрыі кампазіцыі, дэкору (мяккая дэталіроўка форм), спалучэнне яркіх і чыстых таноў колеру з белым і золатам.
Гётэ ў канцы стагоддзя прапанаваў новы спосаб класіфікацыі колераў па фізіялагічным прынцыпе. Колеры: Чырвоны, Аранжавы (Памяранцавы), Жоўты, Зялёны, Сіні, Фіялетавы.

У XIX стагоддзі ў Еўропе ўзнікае рамантызм. У выніку яго ўзнікненне прыводзіць да з’яўлення двух супрацьлеглых кірункаў: натуралізму (датошная перадача ўсіх колераў, таноў, адценняў) і імпрэсіянізму (перадача вобразаў).
У гэты ж час, сучаснік Гётэ, Філіп Ота Рунге распрацаваў свою сістэму класіфікацыі колераў, выкарыстоўваючы прынцып глобуса ці шара.
Вакол экватара размешчаны дваннаццаціколерны натуральны круг, верхний полюс пакрыты белым, ніжні – чорным колерам.

Паміж чыстымі, стракатымі колерамі экватара і некаляровымі палюсамі знаходзяцца сумесі з адпаведна чыстай фарбы з белым колерам (уверсе шара знаходзяцца пастэльныя фарбы) ці з чорным (унізе шара – цёмныя адценні ці пацямненні).
Кожны пункт на гэтым каляровым глобусе можа быць абумоўлены даўгатой і шыратой, што робіць магчымым вызначэння назвы колеру пры дапамозе адпаведнай сістэмы вылічэння. У такой сістэме ён прадугледзеў усе пераходы ад любога колеру да любога.
Акрамя гэтага, можна адзначыць наступных вучоных, якія ўнеслі свой уклад у класіфікацыю колеру: Шаўроль (паўсфера), Адамс, Бецольд, Гельм Гольц.
Мадэрн
Колер становіцца сімвалам. Асаблівасці эстэтыкі стылю мадэрн:
1) Перавага прыглушаных, зацемненых колераў, складаных нюансных гамаў, мноства адценяў пры вузкай палітры, дабаўленне металічных пігментаў (золата, срэбра, бронза)
2) Колер становіцца ў большай ступені сродкам выражэння, чым падражання.
3) Абазначаецца тэндэнцыя набліжэння колеру да музыкі.
Навуковец Оствальд удасканаліў сістэму сферы Рунге. Ён бярэ круг, падзяляе яго на 24 часткі, зафарбоўвае кожны сектар у адпаведны колер (гл. мал.4), але прадстаўляе ўсе колеры ў выглядзе замкнёнага каляровага цела, якое складаецца з двух конусаў, аб’яднаных агульнай асновай. Адзінай воссю конусаў з’яўляецца ахраматычны шэраг: верхняя кропка – белы колер, ніжняя – чорны (гл. мал. 5).


Па акружнасці асновы размешчаны найболей насычаныя спектральныя колеры (колеры вясёлкі), якія размешчаны ў адпаведнай паслядоўнасці: чырвоны – аранжавы – жоўты – зялёны – блакітны – сіні – фіялетавы. Вы напэўна памятаеце жартаўлівую рускамоўную хуткамоўку, у якой першая літара кожнага слова з’яўляецца першай літарай назвы колеру: “Каждый Охотник Желает Знать, Где Сидит Фазан”.
Беларускія адпаведнікі могуць гучаць наступным чынам:
“Чарадзей Апрануў Жупан з Зіхоткімі, Бліскучымі, Стракатымі Фалдамі”.
“Частуецца Апетытнымі Жабкамі З Беларускіх Сажалак Француз”.
P.S. У наш час не прынята падзяляць колеры на другарадныя і галоўныя (выключэнне сустракаецца ў: геральдыцы, сігналізацыі і кадзіроўцы знакаў разметкі).
І цяпер мы пяройдзем да колераў непасрэдна ў беларускай мове.
Асноўныя колеры.
Ахраматычныя: Белы, Чорны, Шэры (Шары).
Гэтыя словы нічога не значаць акрамя саміх сябе, ніадкуль не паходзяць. Белы на санскрыце гучыць як shvetah. Адпаведнае яму па гучанні слова светлы абазначае ў прынцыпе тое самае, але не адказвае на пытанне пра паходжанне самога слова белы. Яно першаснае – таму асноўнае.
Храматычныя: Чырвоны, Жоўты, Зялёны, Сіні. Гэтыя словы таксама першасныя.
Колеры: Аранжавы (Памяранцавы, Памяранчавы) – паходзіць ад назвы апельсіна ў розных мовах. У санскрыце аранжавы – narang. У прынцыпе блізка па гучанні.
Блакітны (Нябескі) – паходзяць ад словаў блакіт і неба.
Фіялетавы ад слова фіялка.
У Беларусі на сёння ўжываюцца спектральныя і дадатковыя да спектра колеры:

Акрамя прыведзеных вышэй ужываюцца яшчэ колеры:
Руды (рыжы) – Рижий,
Русы – Русый,
Срэбны (алюміневы) – серебряный, аллюминевый,
Перламутравы – перломутровый,
Каштанавы – каштановый,
Салатавы – салатовый,
Бэзавы – сиреневый,
Бурачковы – свекольный,
Малінавы – малиновый,
Лімонны (Цытрынавы) – лимонный,
Цынкавы – цинковый,
Медны – медный.
Вядомы таксама гістарычныя колеры:
Гранатовы – гэта не гранатавы, а цёмна-сіні колер. Быў даволі папулярны, часта сустракаецца ў гістарычнай літаратуры.
Амарантавы – малінавы. Колер сцяга гараля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
І гэта кароткі спіс.
(Працяг у наступным нумары.)

