Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ён стаяў на баку чалавечнасці

Ён стаяў на баку чалавечнасці

4 ліпеня 2025, 16:01 літаратура 5
Ён стаяў на баку чалавечнасці

24 чэрвеня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння таленавітага беларускага пісьменніка, перакладчыка, публіцыста Кузьмы Чорнага (1900-1944).

 Сапраўднае імя Кузьмы Чорнага – Мікалай Карлавіч Раманоўскі. Ён нарадзіўся на Случчыне, у вёсцы Боркі (цяпер – Борка-Бялевічы), дзе правёў першыя 7 гадоў свайго жыцця. У 1907 яго сям’я пераехала ў фальварак Вінцэтава, дзе яны працавалі парабкамі. Школ паблізу фальварка не было, а бацька будучага пісьменніка вельмі хацеў, каб старэйшы сын атрымаў добрую адукацыю, таму ўжо праз год яны з’язджаюць і селяцца ў мястэчку Цімкавічы, дзе знаходзілася народнае вучылішча. Мікалай паказаў сябе здольным вучнем, але паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю ў яго атрымалася толькі праз два гады пасля заканчэння вучылішча – у 1915 годзе, а да гэтага юнак разам з бацькам працаваў на гаспадарцы. Да часу вучобы ў семінарыі належаць і першыя літаратурныя спробы Мікалая.

У 1920 годзе Мікалай Раманоўскі скончыў вучобу, а ў 1922 годзе ўжо выкладаў у Цімкаўскай сямігадовай школе, але ўжо праз год з’ехаў у Менск, каб паступіць там у толькі што адкрыты Беларускі ўніверсітэт. У гэты ж час у газеце “Савецкая Беларусь” выходзяць апавяданні Мікалая Раманоўскага, падпісаныя псеўданімам Кузьма Чорны. Чорным калісьці празвалі яго дзеда, вядомага ў сваёй акрузе майстра-сурвэтніка.

У снежні 1923 года пісьменнік становіцца сябрам толькі што створанага аб’яднання “Маладняк”, шмат займаецца літаратурнай дзейнасцю. Першыя яго зборнікі – “Апавяданні” і “Срэбра жыцця” – выходзяць у 1925 годзе. На некаторы час Кузьма Чорны вымушаны быў пакінуць вучобу і з’ехаць у Крым праз хваробу лёгкіх, а вярнуўшыся – ён пачынае працаваць у газеце “Беларуская вёска”.

З гэтага часу Кузьма Чорны публікуецца амаль кожны год: у 1926 годзе ён становіцца старшынём літаратурнага аб’яднання “Узвышша”. З друку выходзяць адразу тры яго зборнікі твораў “Па дарозе”, “Пачуцці” і “Хвоі гавораць”. Праз год Кузьма Чорны пачынае пісаць свой першы раман “Сястра”, а ў 1928 годзе выдаецца другі раман пісьменніка “Зямля”.

Калі ў 1930 годзе пачаліся рэпрэсіі, Кузьма Чорны хутчэй выпадкова не страціў працу разам са шматлікімі сваімі сябрамі, якіх гэтыя падзеі закранулі. Яму давялося шмат у чым перагледзець свой творчы падыход, і ў 1931 годзе з’яўляецца раман “Бацькаўшчына”, па якому да саракавых гадоў Кузьма Чорны напісаў некалькі п’ес. А ў 1934 годзе – застаўся так і не скончаны раман “Трыццаць год”. Кузьма Чорны быў адным з арганізатараў Саюза пісьменнікаў, шмат дапамагаў маладым аўтарам.

 Рэпрэсіі захліснулі Чорнага толькі ў 1938 годзе: ён быў арыштаваны, але ўжо праз год яго выпусцілі з турмы, калі да ўлады прыйшоў Берыя. Зняволенне падарвала здароўе пісьменніка, жахі засценкаў паўплывалі і на яго псіхалагічны стан. Але Кузьма Чорны спяшаецца працяг-нуць сваю літаратурную працу. Да пачатку Другой сусветнай вайны ён напісаў тры раманы. А калі пачаліся баявыя дзеянні, ён пайшоў у армію, але быў перанакіраваны ў групу журналістаў, працаваў у газеце “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

У 1942 годзе Кузьма Чорны разам з сям’ёй апынуўся ў Маскве. Ён працаваў у часопісе “Беларусь”, дзе публікуецца пад псеўданімамі: Максім Алешнік, Арцём Чамярыца, Ігнат Булава з-пад Турава і іншымі. У гэты ж год асобнай кніжкай выходзяць яго сатырычныя фельетоны.

У 1943-1944 гадах выходзяць, напэўна, самыя вядомыя раманы Кузьмы Чорнага: “Пошукі будучыні”, “Млечны шлях” і “Вялікі дзень”, над якім пісьменнік пачаў працаваць яшчэ напачатку вайны.

Калі ў 1944 годзе быў вызвалены Менск, Кузьма Чорны вярнуўся на радзіму, але жыць яму засталося ўсяго два месяцы. 22 лістапада 1944 года пісьменнік памёр ад інсульту і быў пахаваны на Вайсковых могілках. Шмат раманаў і аповесцяў яго засталіся незавершанымі.

Кузьму Чорнага часта называюць пачынальнікам беларускай філасофскай і псіхалагічнай прозы. Героі Чорнага, асабліва ў сталай яго творчасці, схільныя да самааналізу і рэфлексіі. Увага аўтара засяроджана на характарах і прычынах чалавечых паводзінаў. Кузьма Чорны імкнецца даць сваім героям не толькі вонкавую, але і глыбокую ўнутраную характарыстыку. Ён заўсёды стаіць на баку маральнасці і чалавечнасці, закранае пра-блемы выхавання, паводзінаў людзей у цяжкі час войнаў і рэпрэсій.

Імя Кузьмы Чорнага ўшанавана ў Беларусі. Імем яго названа школа ў Цімкавічах Капыльскага раёна. У Цімкавічах існуе літаратурны музей славутага земляка. Яго імем названы вуліцы ў Бабруйску, Менску, Нясвіжы, Слуцку. У 2000 годзе на Капыльшчыне адкрыты два мемарыяльныя знакі.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову
Мова

Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову

2 лютага 2022, 07:5516
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы
Мова

У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы

10 сакавіка 2020, 17:1516
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
Далучайцеся да нас