Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

29 мая 2025, 20:39 Мова 22
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Пярун, пяро, пара, пярсцёнак, палец

 

З вялікага арыйскага кола часу (калі чакра) беларусы, як і многія іншыя народы, выдзелілі маленькае кола часу даўжынёй у адзін год. Як гаварылася раней, і год дзеліцца на яшчэ меншыя адрэзкі часу. У большасці краін свету прынята дзяленне года на чатыры сезоны, па тры каляндарныя месяцы ў кожным. Аднак індыйскі каляндар, напрыклад, дзеліць год на 6 сезонаў, па 2 месяцы ў кожным, каляндар саамаў – на восем, а ў старажытнасці ў некаторых культурах быў шырока распаўсюджаны трохсезонны каляндар. У Кітаі эпохі Інь у годзе былі толькі два сезоны: першая палова года – чунь і другая палова года – цю, позняе слова, якое азначала ў кітайскай мове змену сезонаў года, чуньцю стала пазначаць гістарычную хроніку. Найстаражытны рымскі каляндар утрымоўваў дзесяць месяцаў, прычым, першым месяцам лічыўся сакавік. Нума Пампілій правёў сур’ёзную рэформу календара, былі ўведзены два новыя месяцы – студзень і люты ў гонар багоў Януса і Феба. Такім чынам, каляндар, уведзены Нумам Пампіліем складаўся з дванаццаці месяцаў.

Астранамічныя поры года адлічваюцца ад кропак раўнадзенства (вясна, восень) і сонцастаяння (лета, зіма).

Феналогія вызначае працягласць і тэрміны пачатку кожнай кліматычнай пары года ў адпаведнасці з прыроднымі з’явамі (выкарыстоўваючы паняцце “сезон”). Кожны сезон адрозніваецца характэрнымі для яго пагоднымі і тэмпературнымі ўмовамі.

У беларускай міфалогіі і дахрысціянскіх вераваннях з кожнай парой года звязваўся нейкі бог, які “адказваў” за гэтую пару, дапамагаў або караў. Добрым багам удзялялася менш увагі, бо яны ж і так добрыя, а сярдзітых задобрывалі, прасілі моцна не караць людзей.

У многіх народаў самым сярдзітым лічыўся бог грому і маланкі: Зеўс, Юпіцер ну і Пярун.

 

Пярун у славянскай міфалогіі – бог грому і маланкі, бог навальніцы. У балтаў ён носіць імя Пяркунас. Ріеrkunas у летувіскай мове абазначае гром і мае вялікае слоў-нае гняздо, з чаго шмат хто з даследчыкаў робіць выснову пра запазычанасць слова пярун з балцкіх моваў і, нават, пра запазычанасць славянамі ад балтаў культу Перуна. Але гэтага бьшь не магло хаця б таму, што ўвесь перадхрысціянскі сонм багоў балты запазычылі ў славян. Магчыма некалі ў іх былі і свае багі. Але балцкія багі 2-га тысячагоддзя запазычаны ў славян. I нават галоўны вяшчун (волхаў, жрэц) у жмудзінаў меў назву (імя, тытул) Крыве-Крывейтэ, што абазначае “Крывіч Крывічавіч” і падкрэслівае паходжанне іх вешчуноў ад крывічоў і не ў адным пакаленні, спадчыннае паходжанне.

Гняздо словаў ад ріеrkunas у летувісаў багатае, але ўсё завязанае на значэнне гром. У беларусаў тут усё гняздо ўбіраецца ў адзін сказ: “Пярун уперыў”. Але калі мы абстрагуемся ад значэння гром, то знойдзем у беларускай мове шмат сугучных словаў са словам пярун. Пяро, пярына і гэдак далей. На першы погляд пяро і пярун ніяк не звязаны. Сувязь можна надумаць, але прыдумка яна і ёсць прыдумка. Мы ж прывыклі абапіраць параўнанні і высновы на цвёрды моўны грунт. Таму ізноў прапускаючы ўсе фармацыі звернемся да санскрыту і паспрабуем з дапамогай гэтай мовы зразумець значэнне і слова пярун, і іншых сугучных словаў.

Для тых, хто не чытаў папярэдніх артыкулаў патлумачу коратка, чаму мы будзем шукаць адказ у санскрыце. I беларуская мова, і санскрыт адносяцца да сям’і індаеўрапейскіх моваў. Санскрыт зафіксаваны ў пісьмовым выглядзе недзе 3500 гадоў таму назад, беларускую мову пачалі фіксаваць пісьмова гадоў 500 назад. За тры тысячы гадоў адбыліся вялікія змены ў лексіцы ўсіх моваў індаеўрапейскай сям’і, а зафіксаваны пісьмова санскрыт ужо не мог змяніцца. Таму да яго з невялікай нацяжкай можна адносіцца, як да індаарыйскай першамовы і на ім арыентавацца ў пошуках.

Што мы бачым у санскрыце?

Парама – вышэйшы, галоўны.

Паратман – вышэйшы дух.

Парама-пумс – Вышэйшы Дух, эпітэт Вішну.

Парджаня – воблака, дождж, бог дажджу.

У аснове ўсіх гэтых словаў стаіць моўная форма пара-, якая абазначае найвышэйшую ў сабе, крайнюю ступень. У нашу мову яна дайшла ў форме пера-. Прыведзеныя санскрыцкія словы дакладна раскрываюць значэнне слова Пярун, як Вышэйшага духа дажджу ці наогул Вышэйшага духа, які пераважае над іншымі. Таму і не дзіўна, што Перуна ўзвялічвалі над іншымі багамі. Гэтае ўзвелічэнне ішло не па значэнні. Ярыла ці Велес маглі значыць і больш. Гэтае ўзвелічэнне было традыцыйным, закладзеным у глыбокай старажытнасці. У грэкаў яно выразілася ў вобразе Зеўса, у нас у вобразе Перуна.

Форма пара- ў значэнні крайні дае нам у санскрыце слова парна, што абазначае зубец сцяны, крыло, пяро, ліст (дрэва). Параўнаем з хецкім реrunas – скала, зубец гор. Таму калі мы згадаем слова пярнаты і параўнаем яго з парна, то становіцца зразумелым пахо-джанне слова пяро, як крайняга элемента крыла. Але тады і крайні элемент рукі палец павінен мець такое ж пахо-джанне. Так і ёсць, старая назва пальца – перст. І тут форма пер-. У беларускай мове ад пярста пайшло слова пярсцёнак, у рускай – перчатка, у летувіскай ріrstаs – палец, ріrstуnе – пальчатка.

Слова пара, як газападобнас вада таго ж пахо- джання. Гэта найвышэйшая ступень вады. Старажытныя людзі ведалі што парджаня – воблака ўтвараецца з пары ў выніку выпарэння вады.

Палец, як крайні элемент рукі мог атрымаць сваю назву ад таго ж слова, што і санскрытскае паляча – ліст, як крайні элемент галінкі дрэва. Але калі палец – ад паляча, то адсюль і плячо, і прадплечча.

Вось што мы атрымалі, пачаўшы разглядаць слова пярун. А для крытыкаў мушу пазначыць, што я пра-гледзеў усе даступныя мне этымалагічныя слоўнікі на гэтую тэму.

 

Ярыла, яркі, ворыва, ярмо, вясна

 

Ярыла – другі з найбольш вядомых і шанаваных дахрысціянскіх беларускіх багоў. Сутнасць культу Ярылы, як і Перуна дастаткова добра вывучана беларускімі даследчыкамі, і я думаю, што пасля гэтых нашых публікацый пра Перуна і Ярылу мы атрымаем артыкулы з грунтоўнымі даследваннямі гэтых культаў. Мая ж задача значна прасцейшая – разабрацца з той інфармацыяй, якую дае лінгвістычны аналіз гнязда словаў, у якое ўваходзіць слова Ярыла.

У адпаведнасці з даследваннямі паганскай рэлігіі беларусаў… (дарэчы слова паганскі не абазначае паганы, дрэнны бязбожны, як яго ўспрымаюць, рaganus па-лаціне – сельскі, вясковы. А стала гэтае слова абазначаць язычнікаў пасля перамогі ў Рыме хрысціянства, таму што пры перамозе хрысціянства ў Рыме і іншых гарадах на вёсцы заставалася старая рэлігія, якую і пачалі называць вясковай – paganus. Дык вось, у паганскай рэлігіі беларусаў бог Ярыла займаў постаць Бога вясны, сонца, урадлівасці, пладавітасці. Першае слова якое вяжацца з Ярылам – яркі. Зразумела, сонца вясной свеціць больш ярка. Далей ідуць словы: яравы, яравая пшаніца, ярына. Тут таксама ўсё зразумела. Уся ярына сеецца вясной. Таму іпастась Бога вясны вырысоўваецца яшчэ ярчэй.

Этымалагічны слаўнік Фасмера прыводзіць слова яра ў значэнні вясна і падае балгарскае дыялектнае яра – вясна і чэшскае jаrо – вясна, але і тут у аснове гэтых словаў – ярына. Нам жа трэба сутнасць і ярыны таксама.

Знаёмы з маімі артыкуламі чытач, пэўна чакае, што я зараз зайду ў санскрыт і ўсё стане ясна. Але на гэты раз справа выглядае некалькі не так. Постаць Ярылы там не праглядваецца, што і не дзіўна. Вясна ў Індыі не настолькі актуальная, як у нас. Таму трэба меркаваць, што культ Ярылы (вясны), хоць і ўзнік у тыя далёкія часы, але значнасць сваю набыў некалькі пазней.

Сувязь жа кораня -яр- (Ярыла, яркі, яравы) з вясной мы можам канстатаваць незалежна ад культу Ярылы і магчыма датаваць значна больш раннімі часамі, паколькі гэтая сувязь праглядваецца ўва ўсіх групах індаеўрапейскіх моваў. Так па-нямецку das Jаhr – год. Па-авестыйску год – уаrа, па-готску год – jеіr, па-грэчаску орас – год, пара. Паколькі ў адпаведны перыяд першаснай гісторыі год пачынаўся вясной, то das Jаhr – гэта прамежак часу ад вясны да вясны. Ну, гэта нацяжка, – скажа любы мой апанент. Магчыма, але пяройдзем тады да мовы яшчэ аднаго старажытнага еўрапейскага этнасу, да адной з моў кельцкай групы, а менавіта гэльскай (ірландскай) мовы. Дык вось тут мы бачым: еаrrасh – вясна. Праўда, слова год там сфармавалася паводле іншага прынцыпу. Тым не менш жорсткую прывязку кораня -яр – да вясны мы знайшлі. Прывязаць то прывязалі, але што ў першааснове? Давядзецца ізноў звярнуцца да санскрыту. Тут усё, як звычайна, аrа – руда, медзь, бронза; аrакtа – яркі, чырванаваты. Сонца сапраўды нагадвае чырванаваты медны ці бронзавы дыск. І на ўсякі выпадак згадаем, што бог Сонца ў Егіпце меў імя Ра. Далей у санскрыце: аrс – ззяць, выпраменьваць, аrсі, аrсіs – промень, полымя, аrjunа – светлы, белы. І, нарэшце аrkа – промень, сонца, бог сонца. Таму ў аснове слова Ярыла ляжыць прыметнік яркі, светлы, або дзеяслоў ззяць – аrс, або само слова аrkа – бог сонца, што ніяк не пярэчыць значэнню бог вясны.

Але разглядаючы корань -яр- мы не можам прайсці міма слова яр – круты глыбокі роў, разлом, вымоіна. На санскрыце jаrjаrа – разломаны, разарваны, растрапаны. Jhаrі – рэчка, плынь. Яр і ёсць разлом, які застаецца пасля плыні, прычым, як правіла, пасля веснавой плыні, паводкі. Далей у нашых пошуках варта звярнуць увагу на асноўны элемент вясны. Што гэта за элемент. На розных этапах развіцця цывілізацыі ён, гэты элемент, розны. I ў розных цывілізацый розны.

Але ў земляробаў асноўны элемент вясны – гэта ворыва, а што такое ворыва, як не ламанне зямлі. І вось тут мы ізноў выходзім на корань – яр-. Пяройдзем найперш у летувіскую мову: jartі – узараць, узорваць. Ну, а тут мы ўжо выходзім на нашае роднае беларускае слова араць. Этымалогія гэтага слова павінна быць дастаткова вывучанай. Проста, мне, мабыць, не ўдалося ўбачыць гэтае даследаванне. Разам з тым з радасцю паведамляю, што ў слоўніку іншамоўных словаў яго няма. I то добра. Хаця заглянуць у тыя мовы ніяк не лішне. Так на лаціне земляробства – аrаtіо, аrаtоr – земляроб, селянін; аrаtrum – плуг. Трэба згадаць, што прыладу для ўзорвання зямлі часта і называлі арала (параўнай Ярыла). Па-грэчаску араць – аргано (оrgаnо).

Нам засталося дадаць да гэтай групы словаў назву элемента, да якога мацуюць гэтае самае арала, чым арала імаюць (бяруць) – ярмо.

Вось так корань -ар- (-яр) праз тысячагоддзі мяняючы нацыі і мовы рухаўся па цывілізацыях, увасабляючы сонца і вясну.

Само ж слова вясна прайшло з беларусамі праз тысячагоддзі амаль без зменаў. На санскрыце вясна – vаsаntа і паходзіць ад дзеяслова vаs – жыць, жыць багата, жыць у раскошы; vаsn – багацце, дабро, скарб.

Які ўжо раз здзіўляешся логіцы нашых далёкіх прашчураў, якія не восень называлі залатой, а вясну выве-лі ад слова багацце, добра разумеючы, што ўсё багацце закладваецца менавіта вясной.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Абраны старшыня Гарадзенскай філіі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Культура

Абраны старшыня Гарадзенскай філіі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

26 красавіка 2021, 23:0017
Гарбуз- цудоўны суперфуд
Грамадства

Гарбуз- цудоўны суперфуд

31 кастрычніка 2018, 00:2416
У 1921г. 30 кастрычніка пачаў працаваць БДУ.
Грамадства

У 1921г. 30 кастрычніка пачаў працаваць БДУ.

30 кастрычніка 2018, 13:4816
ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ
ТБМ

ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ

1 чэрвеня 2021, 07:0716
Далучайцеся да нас