Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Івану Навуменку – 100 гадоў

Івану Навуменку – 100 гадоў

27 лютага 2025, 05:38 літаратура 67
Івану Навуменку – 100 гадоў

16 лютага народнаму пісьменніку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, прэміі імя Ленінскага камсамола Беларусі, заслужанаму дзеячу навукі Беларусі, акадэміку Івану Навуменку споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.

Іван Навуменка – прызнаны майстар лірычнай прозы, мастак-рамантык, захоплены прыгажосцю навакольнага свету, а яго творчасць грунтуецца на ўласна перажытым, аўтабіяграфічным.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 16 лютага 1925 года ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна, што на Гомельшчыне, у сям’і чыгуначніка. У школе будучаму пісьменніку лёгка даваліся ўсе прадметы (восьмы і дзявяты класы ён скончыў за адзін год), але найбольш любіў літаратуру.

Калі пачалася вайна, юнаку ішоў сямнаццаты год. Івану, як і яго равеснікам, не давялося здаваць школьныя экзамены. Лёс падрыхтаваў для юнакоў драматычныя іспыты ваенным ліхалеццем. Будучы пісьменнік прымаў актыўны ўдзел у падпольнай барацьбе супраць акупантаў, потым стаў партызанам, змагаўся ў разведвальна-дыверсійнай групе. Ён удзельнічаў у вызваленні роднага мястэчка, а ў 1943 годзе быў прызваны ў армію. Ваяваў на Ленінградскім і Першым Украінскім франтах, у Ка-рэліі, ва Усходняй Прусіі і Сілезіі. На фронце быў старшыной роты разведкі.

Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе Іван Навуменка працаваў у васілевіцкай раённай газеце “Сацыялістычная праца”, потым – карэспандэнтам мазырскай абласной газеты “Бальшавік Палесся”, а затым, пераехаўшы ў Менск у пачатку 1950-х гадоў, – у вядомай рэспубліканскай газеце “Звязда”. З 1953 года загадваў аддзелам прозы часопіса “Маладосць” і адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце БДУ, затым – у аспірантуры.

З 1958 года Іван Навуменка працаваў выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам і загадчыкам кафедры беларускай літаратуры таго ж універсітэта. У 1973 годзе ён стаў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, з 1982-га – яе віцэ-прэзідэнтам, з 1992-га – саветнікам прэзідыума НАН Беларусі. З 1985 па 1990 год Іван Навуменка быў старшынём Вярхоўнага Савета Беларусі 11-га склікання.

 У друку творы Івана Навуменкі з’явіліся яшчэ да вайны. У 1946 годзе абласныя і рэспубліканскія выданні ахвотна змяшчалі нарысы, фельетоны, вершы маладога аўтара. Першыя апавяданні з’явіліся ў 1955 годзе ў часопісе “Маладосць”. У 1957 годзе ўбачыла свет першая кніга Івана Навуменкі – “Сямнаццатай вясной”. У ранняй творчасці Іван Навуменкі адлюстраваны лёс юнакоў у перадваенны і ваенны час. Творы пісьменніка вылуча-юцца мяккім лірызмам, майстэрствам выкарыстання мастацкай дэталі, лёгкім гумарам, глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет герояў.

Паступова аўтар пераходзіў да напісання твораў буйнейшых жанраў: у 1959 годзе выйшла аповесць “Вайна каля Цітавай копанкі”, у 1960-м – аповесць “Бульба”. Неўзабаве чытачы атрымалі раманы Івана Навуменкі “Сасна пры дарозе” (1962), “Вецер у соснах” (1967) і “Сорак трэці” (1974), якія склалі трылогію пра змаганне маладых беларускіх патрыётаў супраць фашысцкіх акупантаў і прынеслі празаіку шырокую вядомасць.

Іван Навуменка з’яўляецца не толькі прызнаным пісьменнікам, але і аўтарытэтным вучоным у галіне літаратуразнаўства. Ён аўтар даследаванняў “Якуб Колас: нарыс жыцця і творчасці”, “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, “Змітрок Бядуля”, “Максім Багдановіч” і іншых. За кнігі “Янка Купала: духоўны воблік героя” і “Якуб Колас: духоўны воблік героя” ў 1972 годзе даследчыку літаратуры прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа. У 1995 годзе Івану Навуменку прысвоена званне Народнага пісьменніка Беларусі.

 Памёр пісьменнік 17 снежня 2006 года, пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску. Імя Івана Навуменкі прысвоена адной са сталічных вуліц, у 2011 годзе ў памяць пра народнага пісьменніка адкрыта мемарыяльная дошка на доме № 36 па вуліцы Карла Маркса ў Менску, выпушчана паштовая марка.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Верабей чырыкае для дзяцей
літаратура

Верабей чырыкае для дзяцей

21 лістапада 2025, 18:3421
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0618
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0918
Незабыўны Альберт Паўловіч
літаратура

Незабыўны Альберт Паўловіч

21 лістапада 2025, 13:3817
Далучайцеся да нас