Ёсць кніга скарочаных успамінаў: Корвін-Мілеўскі Гіпаліт. Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925). Ridero, 2025. – 276 с.
Папяровую кнігу можна заказаць вось тут: https://www.wildberries.by/catalog/333691728/detail.aspx
Электронныя вось тут:
https://digital.wildberries.ru/offer/434821
https://ridero.ru/…/uspaminy_pra_semdzesyat_gado_1855_1925
і на іншых рэсурсах.
“Доўга я пражыў на гэтым свеце, нашмат даўжэй, чым абяцаў аўтар псалмоў простым смяротным. І, дзякуючы абставінам, пра якія чытач далей даведаецца, маё жыццё з ранняга дзяцінства і да нядаўняга часу развівалася ў розных краінах, я меў розныя заняткі і вёў справы з самымі рознымі сацыяльнымі класамі – ад ніжэйшых да вышэйшых, гэта рабіла мяне сведкам ці нават дадатковым чыннікам розных цікавых падзей і гістарычных дэталяў, не заўсёды вядомых даследчыкам. Бо, паўтаруся, перыяд маіх цалкам ясных успамінаў ахоплівае цэлых семдзесят гадоў, і пачаліся яны на маёй радзіме, яшчэ ў па-сапраўднаму феадальныя часы і дайшлі да часоў, калі на трэцяй частцы нашага кантынента ўсё жыццё еўрапейскіх народаў развіваецца пад уладай камунізму, яго пагрозай і пастаянным страхам перад ім. Таму матэрыял для назіранняў і ўспамінаў я маю даволі багаты.
Ужо перад сусветнай вайной многія мае сябры пачалі падахвочваць мяне пачаць пісаць дзённік. Я іх не слухаў, бо я чалавек дзейны і працавіты нават і ў глыбокай старасці. Таму я не меў схільнасці паглыбляцца ў сваё мінулае, бо пакуль, каб запоўніць сваё жыццё, свой час і свае думкі, мне дастаткова сучаснасці. І калі, амаль раптоўна, у 1920 годзе надышоў перыяд поўнай бяздзейнасці і жыццёвага вакууму, узнік сімптом, якога я не пажадаў бы ніводнаму разумова гнуткаму чытачу, – старэчая лянота і абыякавасць. Іх магла пераадолець толькі нейкая “іскра”.
Затрашчала гэтая “іскра” восенню 1925 года ў таварыстве паляўнічых. Паміж двума калегамі адбылася размова пра 1918 год. Адзін з гэтых паноў перажыў той час па гэты, а другі – па той бок “кітайскай сцяны”, створанай фронтам. […] Калі я атрымаў параду пісаць ад адукаванага, начытанага пана і выключна кампетэнтнага дарадцы, дык падумаў, а што яшчэ я магу зрабіць карыснага, і ўзяўся за працу. На самым пачатку ўзнікла некалькі пытанняў. Па-першае, на якой мове мне пісаць? Я шмат пісаў і публічна гаварыў па-польску, па-руску і па-французску. Але галоўнай скрыпкай для мяне заўсёды была французская, віяланчэллю – польская, кантрабасам – руская мова. Для мяне было б забавай пісаць па-французску, але па-польску гэта стала сапраўднай працай. Тым не менш, я спыніўся на польскай мове, бо кожнага пісь-менніка найперш цікавяць чытачы. Сярод замежнікаў іх не знойдзеш, і ў нас змяншаецца колькасць асоб, якія ахвотна і свабодна чытаюць па-французску.
Таму многія прыдзірлівыя чытачы напэўна сустрэнуць словы ці фразы, якія пахнуць галізмамі. Прашу яго прыслухацца да парады сапраўднага “музыканта” польскай мовы, пана Часлава Янкоўскага, які ў некалькіх артыкулах, прысвечаных мне, заўсёды раіў чытачам ці слухачам звяртаць увагу не на тое, як гаворыць ці піша пан Мілеўскі, а на тое, што ён кажа ці піша.
Другое пытанне: якога тыпу гэты дзённік? Згодна з нямецкай тэрміналогіяй: “суб’ектыўны” ці “аб’ектыўны”? Я, безумоўна, аддаю перавагу другому, а не першаму тыпу. На розных мовах я чытаў шмат успамінаў і практычна ўсе яны цікавілі мяне больш, чым раманы, бо самая яркая чалавечая фантазія пра падзеі ці характары не дасягае рэчаіснасці. Які Вальтэр Скот, Гофман, Эжэн Сью, Крашэўскі маглі б прыдумаць … Распуціна? Нават самыя таленавітыя і вядомыя пісьменнікі, як Ж. Ж. Русо ў сваёй “Споведзі” […] пагружаюцца ў нястомнае назіранне за ўласным пупком і знаёмяць чытача са сваімі сардэчнымі рэфлексамі або драбнюткімі дэталямі хатняга жыцця, што ў мяне часам выклікае агіду. Нас людзей, асоб на двух нагах і нібы разумных стварэнняў, на свеце не менш за паўтара мільярды. Кожны з нас у свой час марыў пра манну нябесную, быў закаханы, меў сяброў, кожны ў жыцці меў ад іх разнастайныя сюрпрызы, падманы, прыгоды і г. д. Доўга расказваць пра ўсё гэта чытачам, як гэта робіць Мараўскі пра свае стасункі з чыноўнікамі кансісторыі ці віленскімі месцічамі, або як нядаўна зрабіў знакаміты заходні арыстакрат пра свае шлюбныя спрэчкі, мае такі ж сэнс, як і ваша кухонная кніга…”
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі.