(Працяг. Пачатак у папярэдних нумарах.)
Кут. Куцця. Покуць. Кутнік. Пакута
Кут уяўляе сабой геаметрычную фігуру, утвораную зломам простай лініі. Вугал – гэта тое самае. Розніца паміж вуглом i кутом тая, што назіральнік да вугла, меншага за 180 град. знайходзіцца знадворку, а да кута – знутры. Геаметрычная фігура з трыма вугламі можа з аднолькаыым правам называцца і трохкутнікам, і трохвугольнікам. Усе залежыць ад таго, дзе сябе бачыць назіральнік. Для беларуса больш прыймальнае слова трохкутнік. Бo яму прасцей уявіць сябе, нават падсвядома, унутры, чым знадворку ўсіх вуглоў.
Беларускія патрыёты ад матэматыкі доўга змагаліся, каб у беларускай матэматычнай тэрміналогіі замяніць слова трохвугольнік на слова трохкутнік, хаця і так, і так правільна. Хіба што ў слове трохкутнік менш літар.
Тут да месца будзе дадаць, што і па часе ўзнікнення слова кут больш старажытнае, чым вугал. Гэтае слова мы бачым яшчэ ў санскрыце. Ёсць там словы hima-kuta – снежная вяршыня. Kuta – тут вяршыня, а любая гара здалёк падобная на востры кут ці вугал. Ёсць у санскрыце і слова dhanya-kuta, што абазначае свіран для збожжа. Ад гэтага слова нам засталося слова катух – адгароджаная частка таго самага свірана.
У расейцаў няма выбару. У іх нашым куту і вуглу адпавядае ўсяго толькі слова yгол. У рускай мове мы маем і угол улиц, а вось у беларускай мове гэтаму тэрміну адпавядае рог вуліц. Ну і хто там нешта кажа пра беднасць беларускай мовы?
Хата знадворку мае чатыры вутлы, а ўнутры мае чатыры куты. Месца ў адным з кутоў, у якім ёсць абразы і ля якога стаіць стол, называецца покуццю. Гэта самае ганаровае месца ў хаце. На покуці саджаюць самага ганаровага госця. Калі гасцей няма, на покуць сядае гаспадар.
На покуць у вечар перад Калядамі ставяць гаршчок з куццёй. Куцця – гэта звычайна каша з тоўчаных (ні ў якім разе не сечаных) ячменных круп. Зрэдку бывае з пшанічных. Цяперашнія гаспадыні моцна ў этнаграфію не ўдараюцца і могуць прыгатаваць куццю і з грэчкі, і з проса, і з рысу. Такой бяды. Куцця бярэ назву ад гэтага ганаровага становішча ў куце, на покуці. А ўжо ад куцці, што ў гаршчку, бярэ назву і апошні вечар перад Клядамі- куцця. Па аналогіі з гэтай куццёй называюць яшчэ вечары перад Новым годам і Трыма Kaралямі. Куцця перад Калядамі посная, падаюць толькі посныя стравы. Перад Новым годам куцця скаромная і як найбагацейшая, шчодрая. З-зa гэтага яшчэ мае назву “Шчадрэц”. Перед Трымя Каралямі куцця зноў посная. На куццю не проста вячэраюць, а “куцююць”.
Куцююць у Беларусі і католікі і праваслаўныя. Куцююць усюды як бы аднолькава і ў той жа час па-рознаму. Што ні край – то абычай. Гэта не пра нас, і не пра куццю. Тут што ні вёска – то нешта інакшае. Ды што там вёска – у дзвюх суседніх хатах знойдзеш адрозненні, асабліва цяпер пры багацці самых розных прадуктаў. Гэта некалі ў 60-я гады 20-га стагоддзя, калі прывезлі ў Сейлавічы марожаны хек, то будзе той хек ва ўсіх хатах. Прывезлі селядцы – будуць селядцы, а прывезлі камсу, то будзе камса. І ўсяроўна стравы будуць розніцца. Неад’емным прадуктам на куцю быў мак, то ён быў, мабыць, ува ўсіх. А ўжо з чым і ў якім выглядзе. У Сейлавічах традыцыйна гэта аладачкі з макам. У іншых месцах іншыя мучныя вырабы. Верашчака з грыбамі. Магла быць, магла і не быць… Але на куццю на покуці мусяць быць: гаршчок з куццёю, кавалак хлеба, соль, у католікаў каляда (аплатка), свечка, як правіла ў шклянцы з жытам. Калі свечка ў падсвечніку, то недзе тое жыта павінна быць – хоць у каласах, хоць у зерні.
Як ужо адзначалася, па паходжанні слова кут, як аднаскладовае, вельмі старажытнае. Яно мае шмат пераносных значэнняў. На Беларусі на карэнныя зубы могуць сказаць: “Кутнія зубы”. Кватарант, які здымаў куток або закуток, называўся некалі кутнік. Тут куток у сэнсе жытло.
“Мой родны кут, як ты мне мілы”, – пiшa Якуб Колас i розумее пад словам кут слова край, сваю старонку.
Наступныя словы, якія выходзяць са слова кут – гэта пакутнік і пакута. Першаснае значэнне слова пакутнік – чалавек, які не мае свайго жытла і туляецца па чужых кутках, або чалавек, які туляецца па чужых краях. Гэтае тулянне – сапраўдная пакута. Пазней слова пакута займела шмат іншых сэнсаў: мУка, цярпенне і г.д. Але першая і найбольшая пакута для чалавека – страціць свой дом і свой край. Беларусы на чужыне, нават калі жывуць добра, усяроўна пакутуюць. Адвечная цяга дадому не пераадольваецца і не замазваецца нічым.