У Смаргоні прайшоў фэст з рэканструкцыяй падзей Першай сусветнай вайны
Ваенна-гістарычны фэст па падзеях Першай сусветнай вайны “Беларускі Вярдэн: Смаргонь у гады Вялікай вайны” прайшоў у Смаргоні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Асноўнай падзеяй ваенна-гістарычнага фэсту стала рэканструкцыя баёў на смаргоньскай зямлі ў гады Першай сусветнай вайны. Яе першы эпізод – атака эскадрона 13-га ўланскага Уладзімірскага палка Расійскага імператарскага войска на пазіцыі немцаў каля вёскі Алянец, якія наступалі на Смаргонь у верасні 1915 года. Гэтая атака – адзін з этапаў ліквідацыі так званага Свянцянскага прарыву.
На фэсце таксама прадставілі рэканструкцыю пазіцыйнай вайны ў акопах паміж рускімі і нямецкімі войскамі з атакамі, контратакамі і газавай атакай, якая ўжывалася акупантамі падчас ваенных дзеянняў у Смаргоні. Фінальны эпізод – рэканструкцыя атакі Жаночага ўдарнага батальёна смерці, якая адбылася ўлетку 1917 года каля мястэчка Крэва і ўвайшла ў гісторыю вайны адначасова як знак жаночай гераічнасці і самаахвяраванні і развалу войска і фронту, які актыўна адбываўся пасля лютаўскай рэвалюцыі. У канцы пастаноўкі – перамір’е паміж германскімі і рускімі войскамі, братанне салдатаў, якія ўсвядомілі бессэнсоўнасць гэтай вайны.
Кіраўнік ансамбля старадаўняй казачай песні “Курэнь” і намеснік камандзіра клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Данская кулямётная каманда”, які базі-руецца ў Падмаскоўі, Віктар Панкоў падзяліўся, што ён з калегамі прыязджае ў Смаргонь не ўпершыню.
– Смаргонь для нас – вельмі знакавае месца. Калі прайсці па наваколлях, то тут ляжыць вельмі шмат нашых прадзедаў, у каго і прапрадзедаў. Паколькі тут баі вельмі жорсткія ішлі, у гэтага месца ёсць яшчэ другая назва – “Рускі Вярдэн”, хоць я б сказаў, што Вярдэн – гэта бельгійская (французская. – Заўв. БЕЛТА) Смаргонь. Гэта святое месца для нас, – сказаў ён.
На інтэрактыўнай пляцоўцы рэканструктараў рускай і германскай армій разгарнулі сваю дзейнасць палявы лагер, зброевая выстава, афіцэрскі сход, шпіталь Чырвонага Крыжа. Дэманструе разам з калегамі працу медыцынскага пажыўнага пункта, які знаходзіўся на перадавой заўсёды, і працу невялікага перасоўнага шпіталя аўтар праекта “Жанчына. Вайна. Міласэрнасць” Марыя Весніна з Масквы. Сярод прадстаўленых экспанатаў – дабрачынныя жэтоны кубкавага збору. Распавядаючы пра тое, чым цікавая інтэрактыўная пляцоўка, Марыя Весніна падзялілася эмоцыямі ад прыезду ў Беларусь.
– Мы прыехалі на беларускую зямлю, тым больш на шматпакутную зямлю Смаргоні. Для нас гэта велізарны гонар, велізарная, напэўна, і радасць, што мы змаглі ў гэтыя юбілейныя дні тут апынуцца. Вельмі трапяткое пачуццё падзякі за тое, што цяпер гэтая зямля, якая бачыла нашых продкаў, сясцёр міласэрнасці, таму што тут недалёка быў шпіталь, якім кіравала Аляксандра Львоўна Талстая, прыняла нас у якасці гасцей, – адзначыла Марыя Весніна.
Для наведвальнікаў таксама падрыхтавалі дэманст-рацыю штыкавога бою, кавалерыйскія курсы, фотазону з легендарным кулямётам “Максім”.
Выраз “Хто пад Смаргонню не бываў – той вайны не бачыў” стаў крылатым. Пад Смаргонню рускія войскі спынілі нямецкпе наступленне і 810 дзён трымалі абарону аж да заключэння міру. Тут 16-тысячны горад быў ператвораны ў руіны і атрымаў назву “мёртвага”, але непакорнага. Адгэтуль сыходзілі ў неўміручасць жаночы батальён смерці Марыі Бачкаровай і экіпаж легендарнага самалёта “Ілля Мурамец”. Тут адбываліся першыя на ўсходнім фронце газавыя атакі. Тут гартаваўся характар і дужэла воля будучых маршалаў Вялікай Перамогі – Радзівона Маліноўскага, Барыса Шапашнікава, Сцяпана Красоўскага.
grodnonews.by.