Узнікненне Смаргонскіх абваранкаў гістарычна звязваюць з не менш славутай Мядзведжай акадэміяй, заснаванай Радзівіламі ў Смаргоні яшчэ ў XVII ста-годдзі. Першапачаткова вырабы мелі зусім іншую форму – гэта былі палоскі з цеста, звараныя ў кіпені, а затым высушаныя і падсоленыя, і выкарыстоўваліся яны для дрэсіроўкі мядзведзяў.
Паступова печыва эвалюцыянавала натуральным шляхам. Паколькі ўвесну павадыры са сваімі выхаванцамі выпраўляліся на заробкі па кірмашах Рэчы Паспалітай, Вугоршчыны, Нямеччыны, Расіі, а восенню вярталіся дадому, то ў дарогу значна зручней было браць круглыя пачастункі, нанізаныя на вяровачкі.
Мясцовыя гаспадыні з цягам часу ўдасканалілі рэцэптуру абваранкаў, і яны зрабіліся ласункам ужо для людзей.
Па сцвярджэнні рускага гісторыка, журналіста, географа і аўтара кулінарных кніг Вільяма Пахлёбкіна: “Слова “абваранак” паходзіць ад дзеяслова “абварыць”. Радзіма абаранкаў – горад Смаргонь у Беларусі, дзе з заварнога (абварнога) цеста ўпершыню пачалі рабіць вузкія жгуцікі і выпякаць з іх абваранкі (вырабы з абваранага цеста). Іх называлі абвараначкамі, абаранкамі, і, нарэшце, баранкамі”.
Мы маем поўнае права называць Смаргонь радзімаю абваранкаў. Прынамсі, для Беларусі – гэта так. Але варта адзначыць, што традыцыя іх прыгатавання мае нашмат глыбейшыя карані і сягае ажно ў XIV стагоддзе. Абвараныя ў кіпені альбо гарачым тлушчы, а потым выпечаныя “abwarzanki” ўпершыню згадваюцца ў 1394 годзе ў рахунках Кракаўскага двара вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы. Але ж і Ягайла – спадчынны крэўскі князь, таму пахо-джанне абваранкаў усё ж трэба імкнуцца захаваць за намі.
Калі разглядаць смаргонскія абваранкі ў рэчы-шчы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, то мала якія яшчэ традыцыі маюць такі гістарычны грунт. Столькімі сведчаннямі аб шматвекавым існаванні, аб папулярнасці і вядомасці могуць пахваліцца хіба што слуцкія паясы. І колькі знакамітых асобаў паўстае ў ліку сведкаў, на якіх мы сёння можам спасылацца.
Пісьменнік і даследчык Леанід Лаўрэш пераклаў аповесць Камілы Юрэвіч з Нарбутаў, у якой яна распавядала: “У Смаргоні наш экіпаж акружылі маладыя дзяўчаты з вязанкамі дробных абваранкаў у руках. Кожная хваліла свае, штурхала і лаяла чужыя…”. Каміла вандравала разам з бацькам, гісторыкам Юстынам Нарбутам “з Літвы (Лідчына) у Беларусь (на Дняпро)”. Леанід Лаўрэш адзначае, што кніга Камілы Юрэвіч выйшла ў 1852 годзе, а яе бацька, Юстын Нарбут памёр у 1845 годзе. Таму апісаныя падзеі хутчэй за ўсё адбываліся да 1840 года.
Аповесць Віктара Гамуліцкага “Сёмы аман ягамосці пана Макрэцкага” хоць і выглядае лёгкай, пазітыўнай і нават казачнай, але, як заўважае даследчык і журналіст Станіслаў Суднік, вызначаецца “высокай дакладнасцю фактуры, што робіць аповесць з мастацкай амаль дакументальнай”. Твор, напісаны ў канцы XIX стагоддзя, апісвае стагоддзе XVIII, і ўтры-млівае мастацкі выраз “…nie czekajаc na obwarzanki smorgonskie” ў кантэксце апісання падарожжа Кракаўскага шкаляра Самуэля з Закрута пад Вільняй, які, “выправіўшыся па сушы да Гарволіна праз Балтыйскае мора, убачыў на Дарданскай вежы дзікага мядзведзя ў мармуровым футры і які, не дачакаўшыся смаргонскіх абваранак, паспяшаўся на санях у Хойніцы, каб убачыць цудоўнага аленя на чатырох нагах з двума рагамі. Афрыка спараджае монстраў” (пераклад з польскай – Леанід Лаўрэш). Выказванне, відавочна, мае пераносны сэнс, але наўпрост сведчыць аб такой вялікай вядомасці і каштоўнасці абваранкаў, якая пераводзіла іх у афарызм альбо прыказку.
У 1882 годзе ў беларускім томе выдання “Жи-вописная Россия” Адам Ганоры Кіркор пісаў: “… У Смаргонях, Ашмянскага павета, Віленскай губерніі, ледзь не ўсё мяшчанскае насельніцтва занятае выпечкай маленькіх бублікаў, або крэндзялькоў, якія карыстаюцца вялікай вядомасцю пад назвай смаргонскіх абваранкаў. Кожны праезджы абавязкова купіць некалькі звязак гэтых бублікаў; акрамя таго, іх развозяць у Вільню і іншыя гарады”.
З мемуараў Караля Ёдкі, перакладзеных Галінай Лаўрэш і апублікаваных у беларускім біяграфічным альманаху “Асоба і час”, дзе ён праўдзіва апісвае жыццё лідскіх месцічаў напрыканцы XIX стагоддзя, між іншым падаецца наступнае: “Здаўна славіцца ў Лідзе кірмаш 40-гадзіннага набажэнства, які назы-ваецца звычайна “чтэрдзестова” і прывязаны да 14 верасня. Калі ў Лідзе яшчэ не было чыгункі, з’язджаліся на кірмаш фурманкамі ажно з-пад Вільні “галантарэйнікі”, а са Смаргоні – пекары са смаргонскімі абваранкамі”.
Выбітны дзеяч беларускай культуры Францішак Багушэвіч таксама не абышоў увагаю наша знакамітае печыва, калі ў 1885 годзе пісаў: “Напярэдадні і ў дзень заступніка Літвы – святога Казіміра, 3 і 4 сакавіка, у Вільні, на Катэдральным пляцы збіраецца кірмаш, дзе прадаюць пераважна рознае начынне і драўляныя вырабы, вясковыя фабрыкаты з рэштак нашых пушчаў: куфры, мэблю, вазы, такарныя вырабы, дзіцячыя цацкі і розныя кірмашовыя прысмакі; бутрыманьскія пернікі, смаргонскія абваранкі і г.д….”
Прыгадваў абваранкі-смаргонкі ў сваім дарож-ным дзённіку і наш ганаровы зямляк Уладзіслаў Сыра-комля, называючы Смаргоні “горадам старой Акадэміі мядзведзяў і сталіцай славутых на ўсю Літву абваранкаў”.
Паэт, гісторык Чэслаў Янкоўскі ў сваім “Павеце Ашмянскім”, выдадзеным у Пецярбургу ў 1898 годзе, сцвярджае, што “Смаргоні расславілі на цэлы край і далёка па-за межамі краю: акадэмія і абваранкі”. Краязнавец піша, што слава смаргонскіх абваранкаў нават пераўзыходзіць славу мядзведжай акадэміі, але выказвае меркаванне аб тым, што абваранкі “напаткаў супольны лёс усіх вялікіх вынаходніцтваў”, калі, “пачаткова – найпраўдападобней яшчэ ў мінулым стагоддзі – яны вырабляліся толькі ў Смаргонях, і назва лакальная слушна ім належала”. Толькі з цягам часу рэцэптура перастала быць таямніцаю і знакамітыя смаргонскія абваранкі пачалі выпякаць у розных гарадах, і з усяго між сабою супольнага яны захавалі толькі назву. Чэслаў Янкоўскі называе ў сваёй працы “астатнюю, бадай, “абвараніцу” смаргонскую чыстай крыві – ганаровую пані Чаховічаву”, і ўсё ж канстатуе, што “няма сапраўднага кірмашу літоўскага без абваранкаў смаргонскіх… А хто з кірмашу дадому вяртаўся без вянка смаргонскіх абваранкаў, той, існа, невядома па што на кірмаш ездзіў”. (Пераклад з польскай – Алена Бобіна (Шатурына)).
Не менш багатым на звесткі выглядае і ХХ стагоддзе. Вядома, што ў 1900-х гг. у Смаргоні налічвалася каля 60 арцеляў па вытворчасці абваранкаў. Сярод вядомых вытворцаў жа значыліся Янчуковічы, Альхімовічы, Вайцяхоўскія, Чаховічы, Хацілоўскія, Русецкія, Александровічы, Руткоўскія, Завадскія, Казлоўскія, Рубіновічы і іншыя.
Карэнная жыхарка Смаргоні Наталля Уладзіміраўна Шчасная распавяла аўтарцы пра свайго дзядулю, Юшкевіча Фёдара Осіпавіча, 1905 года нараджэння, які малым хлопчыкам, перад школай шторанак разносіў па Смаргонях абваранкі, што пякла яго маці, Анастасія з Гурскіх. У канцы XIX – пачатку ХХ стст. сям’я жыла на сучаснай Чырвонаармейскай вуліцы. Калі ж пачалася Першая сусветная вайна, продкі Наталлі Уладзіміраўны апынулася ў ліку бежанцаў і з’ехалі, як і большасць жыхароў мястэчка.
У кнізе “Над Гаўяй” польскага пісьменніка, ураджэца Суботнікаў, Казіміра Нехвядовіча, знаходзім сведчанне аб тым, што ў мястэчку Смаргоні ў 1934 годзе “было чатыры тысячы чатырыста жыхароў і 80 пякарняў, дзе выраблялі розныя абваранкі”. Смаргонь у той час была знакамітай па ўсёй Польшчы менавіта абваранкамі, і, як у больш раннія часы, так і ў першай палове ХХ стагоддзя Віленскія Казюкі ў памяці людзей трывала асацыяваліся са смаргонскімі абваранкамі.
Юзаф Кардаш, настаўнік з Лідчыны 1924 года нараджэння, у сваёй гістарычнай працы “Ліда сапраўдная”, выдадзенай у Ольштыне ў 1997 годзе, апісваючы фарны касцёл у Лідзе ў міжваенны перыяд, між іншым адзначае, што “кожны год 14 верасня ў касцёле адбываліся ўрачыстасці Адпусту. Вуліца і плошча пры мураванай агароджы ў той час былі застаўлены фурманкамі, якія прыбывалі з мястэчка Смаргоні з вязанкамі слынных на Віленшчыне абваранкаў”.
Удалося нават зафіксаваць успаміны некаторых абвараначніц, чыё дзяцінства прыпала на 30-я гг. ХХ стагоддзя. Так, Валянціна Булава працавала ва ўласнай пякарні з маці і сёстрамі. Яна распавядала, што выраб абваранкаў быў сямейным бізнэсам, і толькі ў самыя “гарачыя” перыяды – на Яна, на Пятра і Паўла і на Казюкі, перад кірмашамі, у падмогу наймалі пабочных людзей. Тавар распрадаваўся хутка, бо быў даволі танным і меў непаўторныя смак і якасць, як, зазвычай, і любы прадукт, зробены ўручную.
Кацярына Мінкоўская ў 1930-я гг. працавала ў адной з прыватных пякарняў і ў сваіх успамінах зазначала, што самы вялікі попыт на абваранкі быў на куццю. А ў Смаргоні абваранкі прадавалі як на базары, так і на чыгуначным вакзале і па навакольных вёсках. На Віленскія ж кірмашы абваранкі-смаргонкі дастаўлялі на вазах, укладзеных сенам, і, дзеля захавання таварнага выгляду, печыва ўкрывалі белымі прасцінамі, сшытымі між сабою. Кацярына Аляксандраўна згадала таксама Янчуковіча з вуліцы Новай (цяпер – Пятра Балыша), з пякарні якога абваранкі адпраўлялі на продаж у Варшаву, Гданьск, Гдыню і Сопат.
З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе абва-раначная справа, як і іншыя накірункі прыватнага бізнэсу, перастала існаваць.
З таго часу мінула 85 год. Аб смаргонскіх абва-ранках выходзілі артыкулы ў друкаваных выданнях, успаміны некалькіх носьбітаў былі запісаны ў 1990-х гадах, у Смаргоні раз у два гады ладзіцца фестываль пад аднаіменнай назвай. Але спробаў адрадзіць традыцыйную вытворчасць за ўсе гады так і не адбылося.
Аўтар дадзенага артыкула даследавала і паспяхова ініцыявала ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь 27 аб’ектаў – помнікаў архітэктуры на тэрыторыі Смаргонскага і Астравецкага раёнаў; элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, адзінага ў Беларусі ўзора інструментальнага выканальніцтва – музычна-інструментальнай традыцыі “Смаргонскія найгрышы”; павышэнне катэгорыі Крэўскага замка да статусу помніка міжнароднай значнасці, а сядзібы Багушэвіча ў Кушлянах – да статусу нацыянальнай; кіравала праектам па будаўніцтве вежы-дазорцы на Юравай гары ў Крэве. І, прысвяціўшы ўсё свядомае жыццё захаванню спадчыны, натуральна, што ад справы адраджэння смаргонскіх абваранкаў застацца ў баку проста не магла. Плёнам ідэі, якая выношвалася шмат год, стала вывучэнне гістарычных, архіўных крыніц у Беларусі і за яе межамі, якія дагэтуль не былі вядомымі або апублікаванымі, размова і запіс успамінаў Ядвігі Хадалёнак, 1942 г.н., з вёскі Вішнева Смаргонскага раёна (адзінай, хто сёння памятае, як гатаваліся абваранкі), вывучэнне і аналіз расповядаў абвараначніц са Смаргоні, чые ўспаміны былі зафіксаваныя яшчэ ў 1990-я гг. Доўгі працэс практычнай работы над адраджэннем рэцэптуры і тэхналогіі, абапіраючыся выключна на гістарычныя матэрыялы і з выкарыстаннем прадуктаў хатняй вытворчасці, у супрацоўніцтве з прафесійным шэф-поварам аднаго з рэстаранаў сталіцы, рэгістрацыя таварнага знаку “АБВАРАНКІ-СМАРГОНКІ”, – усё гэта атрымала ўвасабленне ў густоўна аформленых і глыбока змястоўных па сваёй сутнасці пакунках са свежымі і духмянымі традыцыйнымі абваранкамі ручной вытворчасці. І цяпер можна сказаць, што мы здолелі адрадзіць старадаўнюю рэцэптуру і тэхналогію і захоўваем лакальную традыцыю дзеля ўмацавання нацыянальнай культуры Беларусі. Але сказаць сціпла, бо гэта толькі пачатак шляху, і сапраўднага поспеху можна будзе дасягнуць адзіна пры ўмове і ў выніку каласальнай, адказнай працы, якая мае быць у агляднай будучыні.
Алена Бобіна (Шатурына),
спецыяліст па ахове помнікаў, ініцыятар і кіраўнік шматлікіх праектаў у галіне
гісторыка-культурнай спадчыны,
музеязнаўца, паэтка.