Штогод у лютым гучыць роднае слова з кожнага кутка Лідскай зямлі. Тыдзень беларускай мовы выступае нагодай для таго, каб дазнацца нешта новае пра беларускую культуру і мову, паглядзець на сябе збоку, адкрыць сваю краіну іншай і ўбачыць у сваёй культуры сапраўдныя каштоўнасці. Сёлета ён праходзіў пад назвай “Лідчына гаворыць па-беларуску”.
Мова яднае нацыю, народ і ўсіх людзей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны. Кожны чалавек павінен шанаваць сваю мову, традыцыі і культуру свайго народа. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для ўсіх філіялаў ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”, вельмі важным святам для супрацоўнікаў, чытачоў, наведвальнікаў бібліятэк і звычайных аматараў беларускай мовы. Усе арганізаваныя мерапрыемствы былі накіраваныя на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы.
Шанаванне роднай мовы распачалі ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 2” 16 лютага з мэтай знаёмства з роднай мовай на аснове твораў беларускіх класікаў і сучасных пісьменнікаў. Для ўдзельнікаў клуба “Буслік” прайшоў літаратурны конкурс вершаў “Да роднай мовы крок зрабі”. Навучэнцы адказна падрыхтаваліся да мерапрыемства, паказалі сваё майстэрства, арыгінальнасць і эмацыянальнасць у час дэкламавання твораў на роднай мове. А лепшыя з іх былі ўзнагароджаны дыпломамі.
У гэты ж дзень у філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 2” завіталі выхаванцы старэйшай групы ДУА “Дзіцячы сад № 22 г. Ліды” на пазнавальную гадзіну “З мовай змалку сябрам будзь!”. Падчас пазнавальнай гадзіны, яны спраўна перакладалі словы на родную мову, адказвалі на пытанні, а падтрымліваць цікавасць да беларускай мовы дапамагалі беларускія казкі, загадкі, гульні.
17 лютага ў філіяле “Інтэграваная бібліятэка в. Мінойты” адзначалi Мiжнародны дзень роднай мовы. Мерапрыемства праходзiла ў рамках праекта “Залаты ўзрост”. Удзельнікі пiсалi дыктоўку, тэкст з твора I. Шамякiна “Глыбокая плынь”. Пасля народны тэатр “Бераг” КДЦ в. Мiнойты запрасiў прыняць удзел у сюжэтнай гульнёвай праграме “Матчына мова”. У канцы бiбліятэкар правяла конкурс эрудытаў “Ручай крыштальны мовы роднай”, дзе трэба было прадоўжыць прыказкi, назваць сiнонiмы прапанаваным словам, назваць, што сабой уяўляе тая цi iншая страва, па апiсанні назваць свята беларускага народнага календара i iнш. У канцы – знаёмства з выставай “Чарадзеi роднага слова”.
Напярэдадні Дня роднай мовы ў філіяле “Бярозаўская гарадская бібліятэка” былі праведзены гучныя чытанні “Гучы, роднае слова”, удзел ў якіх прымалі наведвальнікі аддзяленне дзённага прыбывання інвалідаў г. Бярозаўкі. Напачатку бібліятэкар пазнаёмiла прысутных з гiсторыяй беларускай мовы і з шляхам яе станаўлення. Пасля прысутныя чыталі беларускія вершы, успомнілі і растлумачылі беларускія прыказкі і прымаўкі, адгадвалі беларускiя загадкi-жарты. Скончылася мерапрыемства словамi З. Бядулi: “Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб”.
У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 3” прайшла гадзіна роднай мовы “Слова да слова – будзе мова”. На мерапрыемстве ішла размова пра гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы і аб неабходнасці захавання беларускай мовы. Для дзяцей была праведзена гульня, дзе яны паказалі добрыя веды: пісалі дыктоўку, разгадвалі загадкі і рэбусы, падбіралі розным прадметам беларускія назвы. Мерапрыемства дало магчымасць кожнаму ўдзельніку папоўніць слоўнікавы запас новымі словамі і выразамі.
А дарослыя напісалі дыктоўку па тэксце Міхася Лынькова “Векапомныя дні”.
“Люблю цябе, зямлі бацькоўскай слова” – пад такой назвай 21 лютага ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 1” прайшоў урок беларусазнаўства. Хлопчыкі і дзяўчынкі ДУА “Дзіцячы сад № 7 г.Ліды” слухалі вершы на беларускай мове, адгадвалі загадкі, расказвалі прыказкі і прымаўкі, удзельнічалі ў віктарынах, здзейснілі падарожжа ў гісторыю Міжнароднага дня роднай мовы. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў бібліятэкары звярнулі на кніжную выставу “З легендаў і казак… ты выткана, родная мова!”, якая раскрыла юным чытачам асаблівасці беларускай мовы і яе паходжанне. Менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, моц і прыгажосць народнага слова.
Тым жа днём у філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” адбыўся турнір знаўцаў роднай мовы “Знаёмая мова, чароўны радок!” суместна з аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ “ЛРТЦСАН” у рамках сацыяльнага праекта “Свет адзін на ўсіх”. З цікавасцю прысутныя слухалі гісторыю заснавання Міжнароднага дня роднай мовы, удзельнічалі ў перакладзе слоў, адказвалі на пытанні віктарыны “Знатакі роднай мовы”, дэкламавалі прыгожыя беларускія вершы, зачытваючы ўрыўкі з твораў беларускай літаратурнай спадчыны. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава “Рускай мове дай разгрузку: размаўляй па-беларуску”.
Бібліятэкар філіяла “Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча” была запрошана для правядзення дыктоўкі для вучняў 9 класа ДУА “Дварышчанская сярэдняя школа” ў Міжнародны дзень роднай мовы. Тэкстам для напісання быў абраны ўрывак з твора В. Быкава “Знак бяды” і быў прымеркаваны да 80-годдзя з дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Літаратурная гасцёўня “Любім і ведаем родную мову” прайшла ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 6”. На свята роднай мовы завіталі людзі розных прафесій і ўзросту, шмат было людзей, якія скончылі школу сорак і больш гадоў таму. Для прысутных у гэтым годзе была прапанавана дыктоўка – урывак з рамана “Векапомныя дні”. Пасля напісання дыктоўкі ўдзельнікі выразілі жаданне пачытаць вершы на роднай мове. Для прысутных быў арганізаваны стол з гарбатай з беларускіх траў і салодкімі пачастункамі.
Супрацоўнікі філіяла “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” падрыхтавалі літаратурна-пазнавальную скарбонку “Сябруй з роднай мовай!”, удзельнікамі якой сталі дзеці з прышкольных лагераў ДУА “Сярэдняя школа №5 г. Ліды” і ДУА “Сярэдняя школа №15 г. Ліды”. Дзяцей чакала чарадзейная скарбонка з заданнямі “Дапоўні беларускім словам”, “Загадкі”, “Перакладчыкі”. Дзеці пазнаёміліся з беларускімі казкамі, даведаліся пра тое, якімі яны бываюць, паслухалі аўдыё-казку “Як курачка пеўніка ратавала”. Свае пачуці да роднай мовы, дзеці паказалі ў гульні “Якая мая мова”.
З мэтай абуджэння цікавасці да беларускай мовы і літаратуры, выхавання пачуцця гонару за родную мову і паважлівых адносін да яе ў філіяле “Інтэграваная бібліятэка агр. Крупава” прайшла гадзіна роднай мовы “У родным слове – цэлы свет”. Разам з бібліятэкарам школьнікі ўзгадалі паходжанне роднай мовы і паразважалі аб яе выкарыстанні ў сучаснасці, пазнаёміліся з лепшымі творамі класікаў і сучасных аўтараў беларускай літаратуры, успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі і жарты. А таксама пачыталі вершы на роднай мове.
Гэты дзень у нашай краіне – свята, якое нагадвае кожнаму з нас, што без роднай мовы немагчыма адчуваць сябе паўнавартасным грамадзянінам, часткай свайго народа. У гэты дзень у філіяле “Інтэграваная бібліятэка агр. Гуды” прайшла гадзіна роднай мовы “Мы чытаем па-беларуску”. На мерапрыемстве прысутныя зачытвалі ўрыўкі з твораў беларускіх аўтараў на роднай мове, пісалі дыктоўку, тэкстам для якой быў абраны ўрывак з твора Івана Шамякіна “Глыбокая плынь”. Напрыканцы сустрэчы прысутныя прыйшлі да высновы, што мова – наш найдаражэйшы скарб, які мы павінны не толькі зберагчы для нашых нашчадкаў, але і памножыць.
У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы 21 лютага ладзілася паэтычная хвілінка “Гучанне слоў жывых”. На мерапрыемстве прысутнічалі паэты, пісьменнікі і аматары пісьменства Лідчыны. Гэтая сустрэча стала нагодай яшчэ раз задумацца пра лёс той, адзінай, якую завём матчынай, яшчэ раз узгадаць гістарычны шлях нашай мовы, паслухаць вершы. Удзельнікі таксама напісалі агульнанацыянальную дыктоўку, праверылі узровень валодання нормамі літаратурнай мовы, адчулі энергію і самабытнасць беларускага слова, прадэманстравалі сваю любоў і павагу да роднай краіны.
У той жа дзень у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы напісалі дыктоўку сябры літаб’яднання “Суквецце” пры “Лідскай газеце”. Тэкст з кнігі Уладзіміра Карпава “Далёкія зарніцы” чытаў паэт і празаік, навуковы супрацоўнік аб’екта “Дом Таўлая” Алесь Хітрун.
І гэта толькі частка яскравых і найцікавейшых мерапрыемстваў, якія прайшлі ва ўтульных залах бібліятэк Лідчыны, супрацоўнікі якіх упэўнены, што мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове, нікога не пакінулі абыякавымі, і яны змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што трэба ведаць і любіць – “зямлі бацькоўскай слова”. Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі перажыць моцныя пачуцці радасці і гонару за сваю Радзіму, пераканацца, што родная мова – бясцэнны скарб, якім усе павінны ганарыцца і які павінны шанаваць.
Бібліятэкар
аддзела бібліятэчнага маркетынгу
Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
К.С. Сандакова.