Каляды ў Германіі – ціхае сямейнае свята, а вось Новы год прынята адзначаць шумна і весела. У рэстаранах, барах, клубах, на гарадскіх плошчах і набярэжных збіраюцца кампаніі, усе віншуюць адзін аднаго, абменьваюцца сувенірамі і плаўна “саслізгваюць” у новы – вядома ж, вельмі шчаслівы год.
Феерверкі, салюты, ляскаўкі: немцы выходзяць на вуліцы, каб запускаць усю гэтую навагоднюю піратэхніку на цэнтральных плошчах, на набярэжных і ў парках. Звычай сустракаць Новы год з грукатам, песнямі і скокамі звязаны з сярэднявечным павер’ем: лічылася, што шум адганяе злых духоў і ўсялякія няўдачы. Пярэдадзень Новага года ў Германіі завуць Silvester – па імені Папы Рымскага Сільвестра I, які памёр 31 снежня 335 года. Традыцыйна немцы жадаюць адзін аднаму добрага “ўезду” ці “слізгацення” ў новы год: Einen guten Rutsch! А апоўначы, стукаючыся шампанскім, яны кажуць: “Prosit Neujahr”, што азначае: “Хай усё атрымаецца ў новым годзе”.
Гулянне пад адкрытым небам у цэнтры Берліна – самае буйное ў краіне і адно з самых вялікіх у свеце. Кожны год тут збіраецца да двух мільёнаў гасцей. На сцэне каля Брадэнбургскіх варот усю ноч змяняюць адзін аднаго музыкі, на вуліцы 17 Чэрвеня ўладкоўваюць “кулінарную мілю”, а роўна апоўначы ў неба ўзлятае каля 6 тысяч салютаў.
У Гамбургу народныя гулянні адбываюцца па ўсім горадзе. Ахвотнікі паглядзець феерверкі пад акампанемент званоў ідуць на набярэжную Эльбы ці ў порт, а аматары начнога жыцця сустракаюцца на знакамітай вуліцы Рэпербан у раёне Санкт-Паўлі.
У Дрэздане навагоднія гулянні разгортваюцца на плошчы Тэатэрплятц, у Франкфурце – на беразе ракі Майн, у Кёльне – на Саборным пляцы і набярэжнай Рэйна, у Мюнхене – на лузе Тарэзіенвізэ ў цэнтры горада. На выспе Зільт Новы год адзначаюць без піратэхнікі: тут яна забаронена з-за саламяных дахаў многіх мясцовых хатак. Затое імпрэза суправаджаецца шматлікімі канцэртамі, пляжнымі вечарынкамі і грандыёзнымі навагоднімі купаннямі ў Паўночным моры.
Тыя, хто сустракае Новы год дома, таксама не нудзяцца. Падчас застолля многія глядзяць святочную тэлепраграму з папулярнымі шлягерамі, гуляюць у настольныя гульні ці варожаць. Вельмі папулярны звычай варажбы на свінцы – Bleigiessen. Для гэтага кожны растоплівае ў лыжцы кавалачак свінцу, а потым хутка вылівае яго ў ваду і глядзіць, якая фігурка атрымалася. Значэнне фігурак тлумачыцца ўсімі разам, пасля чаго яны хаваюцца да наступнага года, каб падчас традыцыйнай вячэры выняць іх і распавесці, ці спраўдзілася прадказанне. Так, напрыклад, сэрца азначае закаханасць, кольца – хуткае вяселле, лодка – вандраванні. Адзіная фігура, якая сапраўды не прынясе нічога добрага, – ідэальны шар – знак шчасця, якое адкочваецца.
Навагодні стол у немцаў таксама звязаны са шматлікімі павер’ямі. У якасці закускі падаюць стравы з сачавіцы – суп ці розныя салаты. Плоскія зярняткі падобныя на манеткі і павінны прынесці ў хату грошы на ўвесь будучы год. Традыцыйнай галоўнай стравай лічыцца запечаны карп, серабрыстая луска якога таксама сімвалізуе багацце і дастатак. Часам асноўную страву рыхтуюць са свініны, паколькі парася ў Германіі – таксама знак поспеху і дастатку. У Рэйнскай вобласці на стол, як правіла, падаюць гусака. Іншыя гаспадыні пазбягаюць рыхтаваць да святочнага стала птушку – кажуць: “Шчасце паляціць”. А ўжо моладзь аддае перавагу меней клопатным стравам, і ўсё большую папулярнасць у немцаў знаходзяць фандзю і раклет. І ўсё-такі навагодні стол не абыходзіцца без любімых ласункаў – выпечкі з цукатамі і разынкамі, а таксама печаных яблыкаў з мёдам, марцыпанам і арэхамі. З напояў абавязкова п’юць шампанскае – нямецкі Sekt, а яшчэ піва, крушон і пунш.

Freddie Frinton als Butler James und May Warden als Miss Sophie in dem Sketch “Dinner for One oder Der 90. Geburtstag” als Fernsehproduktion des NDR in Hamburg am 8. März 1963, Deutschland 1960er Jahre. | Verwendung weltweit
Ёсць у немцаў і свая “Іронія лёсу…” для навагодняй ночы. Гэта камедыйны скетч “90-ты дзень нараджэння, ці Вячэра на аднаго”. Сюжэт фільма такі: шаноўная дама адзначае юбілей, усе яе сябры даўно памерлі, але лакей Джэймс жадае пацешыць гаспадыню і стварае ілюзію прысутнасці гасцей. Зноў і зноў верны слуга перакульвае чарачку і чарговая падача страў становіцца смяшней за папярэднюю. Гэта стужка 1963 года занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самы паўтараны фільм у свеце. Сярод іншых хітоў нямецкага навагодняга эфіру – чароўная казка “Тры арэшкі для Папялушкі” вытворчасці Чэхаславакіі і ГДР. Яна ўжо даўно здабыла культавы статус і збірае каля экрана ўсю сям’ю. Яшчэ адна казка – “Марозка” савецкага рэжысёра Аляксандра Роў – завецца тут “Прыгоды ў чароўным лесе”. Яе нямецкі дубляж зрабіла ў 1965 годзе ўсходнегерманская студыя DEFA, і дагэтуль героі фільма – Іван, Насценька і Марфуша – неверагодна любімыя нямецкім гледачом.
Што да падарункаў, то іх у Германіі прынята да-рыць на Каляды. У навагоднюю ноч блізкія і сябры абменьваюцца толькі сімвалічнымі сувенірамі. Гэта могуць быць марцыпанавыя цукеркі ў форме ўсяго таго, што традыцыйна прыносіць шчасце – парасяці, канюшыны, падковы ці камінара. Дарэчы, камінар – гэта яшчэ адзін вельмі навагодні персанаж. Лічыцца, што сустрэча з ім у святочную ноч абавязкова прынясе поспех на ўвесь год. А калі шчасліўчык яшчэ і пакратае камінара за гузік ці выпацкаецца ў сажы, то ўжо хутка ён будзе сапраўдным пестуном лёсу.
Дар’я Хрушчова.