Беларускі прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Мікола Савіцкі напісаў і выдаў кнігу пра лёс беларускай мовы. Назва кнігі вельмі доўгая “Гучала – гучыць і будзе вечна гучаць беларуская мова ў незалежнай Беларусі”. Кніга мае падзагаловак “Барацьба за адзіную дзяржаўную беларускую мову. Асабісты архіў пад адной вокладкай”.
У кніжцы на 282 старонках змешчаны артыкулы аўтара, у якіх апісаны факты, падзеі, мерапрыемствы ў жыцці беларускага грамадства на ніве беларускага адраджэння на мяжы ХХ і ХХI стагоддзяў. Пададзены як бы факталагічны зрэз жыццядзейнасці беларускага грамадства ва ўмовах навязанага беларусам так званага двухмоўя, адкрытай антынацыянальнай палітыкі ў моўнай сферы. Ужо колькі дзесяцігоддзяў у афіцыйным жыцці краіны беларускае слова знаходзіцца на нулявым узроўні. Няспынны гістарычны працэс беларускага нацыянальнага адраджэння патрабуе ад кожнага беларуса пасільнага ўдзелу ў самавыратавальным працэсе беларускай нацыі ад русіфікацыі і асіміляцыі. Менавіта пра гэта разважае 89-гадовы прафесар Мікола Савіцкі. Вось як гучыць прадмова да кнігі.
П Р А Д М О В А
Як і многіх нацыянальна свядомых беларусаў, аўтара дадзенай кнігі вельмі непакоіць будучыня дарагой, любімай, роднай Айчыны. Так жахліва, несправядліва сталася, што ёй на карысць не пайшло нават аднаўленне ўласнай дзяржаўнасці, якой па віне царскай Расіі давялося пазбавіцца ў канцы XVIII ст. Ад таго часу і да канца 1980-х гадоў, за выключэннем некалькіх гадоў міжваеннай беларусізацыі, наш бацькаўскі край знаходзіўся ў эпіцэнтры царскай, а затым савецкай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі. І самае страшнае, што ў правядзенні яе актыўна ўдзельнічала многа і беларусаў, са спакойнай душой, па-здрадніцку заганяючы ў магілу самую дарагую духоўную каштоўнасць нашай Бацькаўшчыны – яе родную, непаўторную ва ўсім свеце, спрадвечную беларускую мову, якая аб’ядноўвае народ у адно цэлае, з’яўляецца адным з галоўных паказчыкаў адметнасці нацыі, этнасу. Да канца існавання СССР яе вельмі моцна абкарналі, напоўнілі русізмамі амаль да нуля звялі сацыяльную функцыю, але яна на вялікую радасць не здалася, перажыла ўсталяваную камуністамі савецкую дзяржаўную русіфікатарскую сістэму.
Пры ўсіх негатыўных наступствах савецкай русіфікатарскай палітыкі беларусам у апошнія гады існавання СССР усё ж удалося стварыць больш-менш адпаведную іх нацыянальным інтарэсам дзяржаву. Узяты ёю прагрэсіўны, гістарычна апраўданы цвёрды курс на нацыянальна-культурнае адраджэнне знайшоў, без перабольшвання, моцную ўсенарод-ную падтрымку.
Паводле ж прынятага 26 студзеня 1990 года Закона “Аб мовах у Беларускай ССР” усе сферы грамадскай дзейнасці ў краіне павінны былі абслугоўвацца толькі беларускай мовай, што дапамагло б ёй нарэшце стаць рэальна дзяржаўнай, дзякуючы чаму здзейснілася б запаветная мара многіх пакаленняў нацыянальна свядомых беларусаў. Многім верылася, што абрыдлая русіфікацыя назаўжды пакінула змардаваны ёю беларускі абшар.
Усё карэнным чынам змянілася ў горшы бок пасля ўсталявання ўлетку 1994 года без патрэбы навязанай краіне прэзідэнцкай сістэмы кіравання. Ужо з першых дзён істотная колькасная перавага ў яе чыноўніцкім апараце асобаў прарускай арыентацыі прычынілася да аднаўлення згубнай сваімі разбуральнымі наступствамі русіфікатарскай палітыкі. Практыка апошніх трыццаці гадоў пераканаўча засведчыла, што такая палітыка дае найбольшую эфектыўнасць ва ўмовах, калі яе праводяць уласныя ўлады, а не якая-небудзь знадворная сіла, як гэта было за царскім і савецкім часамі. Вось чаму ў такім цяжкім, гаротным становішчы і знаходзіцца сёння беларускі народ, ужо не будучы падобным сам на сябе.
Калі на такую нацыянальную палітыку мы смела, рашуча не адкажам моцным усенародным супрацівам, застануцца марнымі спадзяванні беларусаў знаходзіцца ў сям’і самабытных народаў цывілізаванага свету. Сённяшняя нашая бяздзейнасць смерці падобнае. Хацелася б, каб справу нацыянальнага адраджэння працягнулі людзі, не абдзеленыя лёсам упарта дамагацца жаданага поспеху і ў самой сітуацыі, якая доўжыцца ў нас амаль трэць стагоддзя і не падае ніякай надзеі на пазітыўныя змяненне. Адсутнасць буйнамаштабнага нацыянальна-адраджэнскага руху немінуча прывядзе наш народ да этнічнай смерці, а яго краіну – да страты дзяржаўнага суверэнітэту.
Без этнічнай мовы няма нацыі, а ёсць неідэнтыфікаванае насельніцтва, таму любой цаной трэба захаваць гэтую неацэнную каштоўнасць, сапраўдную святыню Беларусі – беларускую мову.
Аўтар прысвяціў кнігу ўласнаму 90-годдзю.
Наш кар.