Вёска (цяпер аграгарадок) Лучнікі на Случчыне – мая радзіма. Тут я нарадзіўся ў 1932 годзе, тут правёў дзяцінства, адсюль пайшоў, як гаворыцца, у вялікае жыццё. І ўсё ж нейкая неадольная сіла не адпускала, прымушала раз за разам вяртацца ў родныя мясціны. Яны ж мяняліся з цягам часу, а яшчэ больш – у выніку дзейнасці чалавека.
Сёння можна толькі з сумам успомніць, якіх плотак і акунёў лавілі мы некалі ў Бычку – рэчцы, што пачынаецца каля суседняй вёскі Варкавічы і паўз Лучнікі цячэ да Слуцка, дзе папаўняе водную плынь Случы. Рэчышча Бычка каналізавалі – і забылі мы пра акунёў і плотак.
Непазнавальна змянілася былое Тапілава – багністае месца, праз якое даводзілася хадзіць або ездзіць на конях, бо іншай дарогі не было. А як пойдзеш, калі там, як расказвалі старыя людзі, чэрці мужыкоў цягалі ў багну? Мне нават паказвалі тое “чортава акно”. Цяпер у былым Тапілаве – раўнюткае поле, дзе і пасля вялікага дажджу лужыны не знойдзеш.
Каля дарогі ў вёску Сярагі некалі былі Горкі – два невялікія ўзвышшы, па ўсім відаць – не прыроднага, а штучнага паходжання. Расказвалі, што ў гэтым месцы казакі, якія ваявалі з палякамі, пахавалі сваіх загінулых таварышаў і на іх магілы ў папахах насілі зямлю. Іншае меркаванне адносіць узнікненне Горак да 1812 года: быццам там пахаваны французы, якія адступалі з нашай зямлі пасля паражэння ў вайне з Расійскай імперыяй. Як было ў сапраўднасці – цяжка сказаць, ад Горак жа і следу не засталося пасля таго як у 1970-х гадах іх узаралі, а поле адвялі пад пасевы сельскагаспадарчых культур. Наўрад ці хто пазнае цяпер колішнія Маргі, Валок, Прыдаткі, Салатопку, Алешнікі… У кожнай назвы – свая гісторыя, якую ўжо мала хто з лучнікоўцаў можа ўспомніць.
З дзяцінства я чуў, што ў маёй вёскі – багатая і цікавая гісторыя, што з даўніх часоў у ёй жылі незвычайныя людзі, якіх называлі “выбранцы”, што сярод яе ўраджэнцаў – знаныя вучоныя, пісьменнікі, воіны – абаронцы Радзімы, хлебаробы. Мінуўшчына роднай вёскі захапляла, ды так адбылося, што я ведаў пра яе ўрыўкамі, часта не звязанымі паміж сабою. Скласці з іх стройную гістарычную кампазіцыю не атрымлівалася па розных жыццёвых абставінах.
Іскра маёй цікавасці да мінулага Лучнікоў па-новаму ўспыхнула пасля знаёмства з Анатолем Пятровічам Грыцкевічам – доктарам гістарычных навук, прафесарам, аўтарам больш за тысячу публікацый (у тым ліку шасці манаграфій) па гісторыі Беларусі. Не пакінуў ён па-за ўвагай і слуцкую мінуўшчыну, прысвяціў ёй кнігі “Слуцк: историко-экономический очерк”, “Древний город на Случи”, “Вакол “Слуцкага паўстання””, “Слуцкае паўстанне 1920 года”.
Бацька Анатоля Пятровіча паходзіў з вёскі Варка-вічы, і на гэтай глебе зямляцтва заснавалася наша шматгадовае знаёмства. Неяк ён мяне вельмі здзівіў, паказаўшы генеалагічнае дрэва роду Грыцкевічаў, якое сягала ў сярэдзіну XVII стагоддзя. Яго продкі былі выбранцамі на Случчыне пасля таго, як перасяліліся сюды з-пад Капыля. Убачыўшы радавод земляка, я падумаў: “Вось бы мне зрабіць такое. У якіх глыбінях стагоддзяў знайшоў бы я сваіх прапрапрадзедаў?”
Аднаго разу я асмеліўся папрасіць прафесара, каб ён дапамог мне сабраць гістарычны матэрыял пра Лучнікі.
– Добра, памагу. Пойдзем у архіў і паглядзім, што там ёсць пра вашы Лучнікі, – адказаў Анатоль Пятровіч.
Праўда, з працай у архіве ў мяне тады не атрымалася, а Анатоль Пятровіч прадоўжыў пошукі звестак пра маю вёску. Вось што ён расказваў па выніках сваёй работы ў архіве.
Упершыню ў гістарычных дакументах Лучнікі згадваюцца ў “Інвентары горада і княства Слуцкага і Капыльскага, у годзе 1566 напісаным” як сяло Лучніковічы з дваццацю валокамі ворнай зямлі (валока – прыкладна 21,36 гектара).
Назва сяла хутчэй за ўсё паходзіць ад паселеных раней тут лучнікаў (людзей, узброеных лукамі), якія хадзілі ў паходы разам са слуцкімі князямі. Аднак, у сярэдзіне XVI стагоддзя, магчыма, тут ужо жылі звычайныя сяляне. Да гэтага часу з’явілася агнястрэльная зброя, больш эфектыўная за лук, і ён выйшаў з ужывання ў час бою.
У першай палове XVII стагоддзя назва паселішча скарачаецца, і ў інвентары 1651 года яно ўжо названа сялом Лучнікі, дзе мелася 35 валок зямлі. У 1650 годзе ў Лучніках быў 31 “дым” (двор).
Вайна 1654-1667 гадоў паміж Расіяй і Рэччу Паспа-літай прынесла разбурэнні і спусташэнні на беларускія землі. Асабліва пацярпелі вёскі каля Слуцка ў 1655 годзе, калі расійскія войскі на чале з князем Аляксеем Трубяцкім двойчы спрабавалі ўзяць Слуцк. Вось што князь паведамляў цару Аляксею Міхайлавічу: “… губернатор и градцкие люди отказали, что они тебе великому государю добить челом не хотят и города Слуцка не сдадут. И мы, холопы твои, велели слуцкие посады и слободы все выжечь…”.
Спаленыя вёскі, голад, эпідэміі прывялі да змян-шэння колькасці насельніцтва і заняпаду гаспадаркі ў нашым краі. Для выпраўлення сітуацыі ў 1670-х гадах па загаду княгіні Людавікі Караліны Радзівіл у блізкіх да Слуцка сёлах Агароднікі, Варкавічы, Лучнікі, Сярагі, а ў 1680-1690-х гадах – у Бранавічах і Падзеры пасялілі ваенна-служылых людзей, каб яны служылі ў слуцкім гарнізоне князёў Радзівілаў (“выбранцы”).
Па закону Вялікага Княства Літоўскага 1595 года за сваю службу выбранцы і іх сем’і былі вызвалены ад усіх падаткаў і павіннасцяў на карысць дзяржавы і князёў Радзівілаў, за выключэннем ваеннай службы ў слуцкім гарнізоне (тыдзень – служба, тыдзень – праца на сваіх зямельных надзелах).
Падпарадкоўваліся выбранцы камандзіру “выбранецкай” роты, звычайна капітану. Зброю і вайсковую форму яны набывалі за свой кошт. Іх узбраенне – мушкеты і шаблі. У XVIIІ стагоддзі яны насілі шэры суконны камзол з зялёнымі абшлагамі, шэрыя порткі, шапку з мядзведжай шкуры з зялёным верхам, чорны гальштук, боты з раменьчыкамі. Акрамя таго мелі рэмень, патранташ.
Судзілі выбранцоў і іх сем’і, адрозна ад іншых жыхароў, у судзе ваеннага губернатара Слуцкага княства (каменданта Слуцкай цвердзі). У месцах жыхарства выбранцоў усімі службовымі, гаспадарчымі і адміністрацыйнымі справамі кіравалі капралы вёсак, прызначаныя камендантам, за вайсковую службу выбранцы атрымлівалі “ў вечнасць” зямлю.
Набіралі выбранцоў з дробнай шляхты (у якой раней было менш зямлі), з вольных людзей і нешматлікіх сялян, якія засталіся пасля вайны 1654-1667 гадоў у выбранецкіх вёсках. Падбіралі (выбіралі, адсюль – і выбранцы) на службу не абы-каго, а рослых і дужых хлопцаў. Жаніцца яны абавязаны былі толькі з дзяўчатамі, якія паходзілі з выбранецкіх сем’яў. Да таго ж нявеста выбранца не магла быць ростам ніжэй за 2,5 аршына (1 аршын = 0,71 метра), менш за 64 кілаграмы вагой і немалаважна – “лицом чтобы была не кривая”.
У час сваёй ваеннай службы ў Слуцку (які належаў Радзівілам, але лічыўся фармальна дзяржаўнай цвердзю) выбранцы здолелі замацаваць сваё становішча ў граматах (прывілеях) караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ (1720 год) і князя Гераніма Фларыяна Радзівіла (1747 год), караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які пацвердзіў каралеўскую грамату 1720 года.
Выбранецкая служба жыхароў вёскі Лучнікі, як і астатніх пяці выбранецкіх вёсак, працягвалася да канца XVIIІ стагоддзя, калі ў 1793 годзе цэнтральная частка Беларусі разам са Случчынай была далучана да Расійскай імперыі. Усе войскі ў Вялікім Княстве Літоўскім царскі ўрад скасаваў, у тым ліку і слуцкі гарнізон князёў Радзівілаў.
Тагачасны ўладальнік Слуцка і навакольных маёнткаў Дамінік Радзівіл у 1808 годзе намерыўся перавесці выбранцоў у сялянскае саслоўе. У сувязі з гэтым для іх ён ўвёў павіннасць па ахове Слуцка, грашовы чынш (аброк), працу па 14 дзён у год па адным чалавеку з “дыма” (двара) “са сваёй сякерай” на будаўніцтве і шэсць дзён у год з “дыма” – на цагельным прадпрыемстве. Патрабаванне князя выклікала хваляванні жыхароў шасці выбранецкіх вёсак (каля 300 сем’яў, прыблізна 1500 чалавек).
Губернская ўлада накіравала ў вёскі паліцыю для ўціхамірвання выбранцоў. У іх адрэзалі “жаўнерскія косы”, якія яны насілі паводле прускага ўзору (маральнае пакаранне) і што сведчыла аб іх вольнасці. Самыя актыўныя ўдзельнікі хваляванняў былі жорстка збітыя, ад чаго пяцёра з іх памерлі. Аднак, і пасля такой расправы жыхары выбранецкіх вёсак адмаўляліся выходзіць на паншчыну, вызначаную Д. Радзівілам. Выбранцы заяўлялі: “Лепш памрэм, але дзеці нашы застануцца вольнымі”.
Выбранцы спрабавалі адстаяць свае даўнія правы на волю і зямлю праз суд, але нічога ў іх не атрымалася. Справа яшчэ больш ускладнілася, калі ў 1846 годзе землі горада Слуцка і шасці выбранецкіх вёсак былі выкуплены дзяржавай у князя Льва Пятровіча Вітгенштэйна за 342921 рубель серабром. З гэтага часу выбранцам давялося мець справу з дзяржавай, якая лічыла іх дзяржаўнымі сялянамі тыпу аднадворцаў.
З цягам часу колькасць жыхароў у Лучніках мянялася. У 1670 годзе яны налічвалі 39 валок зямлі і 39 “дымоў” (двароў), з іх больш палавіны былі выбранецкія. У 1886 годзе ў Лучніках былі ўжо 101 двор і 670 жыхароў, у 1909 годзе – 149 двароў і 1069 жыхароў. Тут знаходзілася ўправа Слуцкай воласці.
Да пачатку ХХ стагоддзя жыхары выбранецкіх вёсак мелі спецыфічныя рысы побыту, ніколі не абувалі лапці, хадзілі выключна ў ботах. Яны стараліся не змешвацца з сялянскім насельніцтвам. У далейшым выбранцы падзялілі лёс беларускага сялянства, усяго народа.
На жаль, у 2015 годзе Анатоль Пятровіч Грыцкевіч пайшоў з жыцця. Я ж ганаруся тым, што меў шчаслівую магчымасць асабіста ведаць рупліўца на ніве беларускай мінуўшчыны, які дапамог нам, беларусам, адкрыць частку сваёй душы, вылечыцца (на жаль, не ўсім) ад беспамяцтва. А мне – па-іншаму паглядзець на родныя Лучнікі і сваіх продкаў.
Віктар Савановіч,
жыхар г. Слуцка.
Фота Анатоля Жука.