А ці можа хто ў Слоніме так любіць яго, як любіць свой горад Сяргей Чыгрын? Нават, калі Чыгрына адправіць у якую-небудзь тундру, то і тады яго не адарвуць ад Слоніма, бо Слонім паедзе з ім у сэрцы, у памяці, у думках і творах. Ды не толькі Слонім, а ўся Беларусь, якую ён усё жыццё даследуе, шукае, піша, друкуе. Са школьных гадоў не развітваецца Сяргей Чыгрын з пяром, бо без гэтага і Беларусі ён не зможа жыць: “О, Беларусь – спагада і свабода, я без цябе і думаць не змагу!”.
Сяргей Чыгрын і нарадзіўся 24 верасня 1958 года ў вёсцы Хадзявічы, ад якой дзесяць кіламетраў да старажытнага Слоніма. Хату, у якой ён гадаваўся, пабудаваў ягоны дзед ажно ў 1907 годзе. Хата стаіць і па сёння, Сяргей часта наведваецца на радзіму.
З гэтай дзедавай хаты Сяргей пайшоў у школу. Маці марыла, каб ён стаў настаўнікам. У беларускіх вёсках тады мала хто марыў пра большае, мала пра тое большае ведалі, але долі калгасніка з адвечнымі буракамі і гноем ніхто сваім дзецям не хацеў.
Ужо ў школьныя гады яго імя з’явілася на старон-ках дзіцячага піянерскага друку – у газетах “Піянер Беларусі”, “Зорька”, часопісе “Бярозка”. Сяргей дасылаў у рэдакцыі зацемкі, допісы, смяшынкі, замалёўкі. Пачаў ён складаць і вершы. А натхніла яго на тое, каб сесці за стол і рыфмаваць, па яго словах, “радыё, якое заўсёды, паста-янна гаварыла на роднай беларускай мове”. Сапраўды, у той час, калі Сяргей быў школьнікам, ледзь не ў кожнай вясковай хаце беларускае радыё працавала цэлы дзень, не сціхала аж да поўначы. Мы штодня чулі з эфіру мілаг-учную плынь родных слоў. Праўда, паэтычны дэбют Сяргея Чыгрына ў друку адбыўся толькі ў 1975 г. Сакавіцкі нумар часопіса “Бярозка” выйшаў з яго вершам “Свеціць сонейка”.
У школьныя гады Сяргей стаў вялікім аматарам кінамастацтва, цікавіўся тагачаснымі часопісамі пра кіно. Потым яго завабіў і незвычайна захапіў тэатр. Гэта і прадвызначыла выбар, які зрабіў адораны юнак са Слонімшчыны. Пасля сканчэння Хадзявіцкай васьмігодкі (1974) ён паехаў паступаць на тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культпрасветвучылішча. Тады яму не мінула і шаснаццаці гадоў. Перш чым здаваць асноўныя экзамены, перад прыёмнай камісіяй Сяргею неабходна было паказаць эцюд. Страшэнна хваляваўся, бо яму бракавала сцэнічнага досведу, аднак, нягледзячы на гэта, не разгубіўся і добра выканаў эцюд-імправізацыю. Рэжысёр Валянцін Іванавіч Ермаловіч, які ў складзе прыёмнай камісіі ацэньваў абітурыентаў, пахваліў юнака. Магілёўскі перыяд стаў надзвычай важным і, напэўна, вызначальным у лёсе Сяргея Чыгрына. Ад таго часу, калі ён выходзіў на сцэну ў спектаклях, да сённяшніх дзён ён спалучаны з тэатрам. Сяргей Чыгрын шчыра прызнаўся: “…Пра вялікую сцэну не марыў. Я марыў быць тэатральным крытыкам. І крыху мая мара збылася. Бо я па-ранейшаму люблю тэатр. Бо тэатр – гэта хвароба: калі яе падхапіў, то назаўсёды” (“У творах – мой жыццяпіс”). У суаўтарстве з Васілём Ткачовым напісаў п’есу “Зачараваная хатка” (2016). З-пад яго пяра на свет з’явіліся п’есы “Падарункі Дзеда Мароза”, “Зайкаў скарб”, “Верталёт бабы-ягі”, “Прыгоды вакол баравічка”, для дарослых – камедыя “Банкамат для пенсіянераў”. Пераклаў для тэатральных пастановак больш як 20 п’ес іншамоўных драматургаў: А. Астроўскага, К. Манье, К. Гальдоні, А. Хайта, Э. Успен-скага, С. Міхалкова, Н. Абрамцавай, Г. Лабакіна, К. Папова, М. Каляды і іншых. Спектаклі па п’есах гэтых аўтараў знайшлі ўвасабленне на падмостках Слонімскага драмтэатра і сцэнах іншых беларускіх тэатраў. У 2008 годзе Сяргей Чыгрын выдаў кнігу “Тэатр у Слоніме” (2008), а ў 2020 годзе – “Слонімскі драматычны тэатр”.
Рэжысёр, заслужаны работнік культуры Беларусі Валянцін Ермаловіч – родны брат вядомага гісторыка Міколы Ермаловіча. Праўда, тады С. Чыгрын пра гэта не ведаў. Сваёй беларускасцю і адносінамі да тэатральнай справы Валянцін Іванавіч зрабіў вялікі ўплыў на юнака са Слонімшчыны. Удзячнасць да свайго выкладчыка і старэйшага сябра Сяргей Чыгрын захаваў на ўсё жыццё. Ён падрыхтаваў і выдаў зборнік успамінаў пра В. Ермаловіча “Ачышчэнне душы” (2014). Менавіта Валянцін Іванавіч паспрыяў знаёмству Сяргея з паэтам Аляксеем Пысіным.
Сустрэча з Аляксеем Пысіным стала ў яго творчым жыцці і біяграфіі вельмі важнай і значнай, па сутнасці знакавай. Пачаўся паваротны этап у станаўленні Сяргея Чыгрына як паэта, маладога літаратара. Людзі мастацтва, якія сустрэліся на шляху юнака, і атмасфера творчага жыцця паўплывалі на яго далейшы лёс. Сяргей Чыгрын гаворыць: “За тры гады вучобы ў Магілёве з Валянцінам Ермаловічам і Аляксеем Пысіным мне давялося не раз прымаць удзел у літаратурна-музычных вечарынах і сустрэчах з чытачамі… Дзе мы толькі на Магілёўшчыне не былі! Дзе мы толькі не выступалі! Гэта быў раман-тычна-светлы і найцікавейшы час майго юнацтва” (“Адчуванне сэрцам”).
У 1977 г. Сяргея прызвалі ў савецкае войска. Яму, як казалі ў той час, патрэбна было аддаць Радзіме доўг. Трапіў ажно на савецка-кітайскую мяжу, служыў у Забайкальскай вайсковай акрузе. Нягледзячы на цяжкасці, складанасці салдацкага жыцця і побыту, імкнуўся праявіць свой творчы патэнцыял, а таму наладзіў сувязь з ваеннымі перыядычнымі выданнямі, для якіх пісаў на армейскія тэмы.
На схіле восені 1979 г. пасля тэрміновай вайсковай службы Сяргей вярнуўся ў родныя Хадзявічы. Не захацеў сядзець склаўшы рукі, уладкаваўся на працу ў суседняй вёсцы загадчыкам Сынковіцкага сельскага клуба. Праз нейкі час даслаў у “Сельскую газету” свае вершы. З рэдакцыі адказала літкансультант паэтка Яўгенія Янішчыц. Менавіта яна спрычынілася да публікацыі вершаў Сяргея Чыгрына на старонках газеты, а таксама дзякуючы ёй паэтычныя творы маладога аўтара са Слонімшчыны прагучалі на радыё ў перадачы “Шчырага сэрца парывы”.
Цалкам лагічным і заканамерным быў шлях Сяргея на філалагічны факультэт БДУ. Тут ён апынуўся ў асяродку творчай беларускамоўнай моладзі, вучыўся на адным курсе з Сяргеем Кавалёвым, Міхасём Карпечанкам, Леанідам Трубачом, Міколам Хаўстовічам, Вольгай Савасцюк і інш. На філфаку ён знайшоў сябе як малады творца-паэт і крытык, паспрабаваў свае сілы і ў мастацкім перакладзе. Сяргей Чыгрын стаў старастам літаратурнага аб’яднання “Узлёт”, якое на той час лічылася лепшым у рэспубліцы. Кіраваў “Узлётам” прафесар і паэт Алег Антонавіч Лойка. На чале аб’яднання такім чынам аказаліся два слонімцы.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Сяргей Чыгрын з маладой жонкай Ірынай паехаў працаваць на сваю радзіму. На Слонімшчыне настаўнічаў у Глоўсевіцкай сярэдняй школе (1985-1988). Потым маладога настаўніка ўзялі на працу ў газету “За перамогу камунізму” (цяпер “Слонімскі веснік”), чатыры гады ён адпрацаваў карэк-тарам. Шмат пісаў, друкаваўся. Аднойчы сакратар Слонімскага гаркама партыі Уладзімір Разінкевіч сказаў, што Сяргей Чыгрын хоць карэктар, але піша больш за ўсіх супрацоўнікаў раёнкі. У 1992 г. з рэдакцыі газеты перайшоў у Слонімскі драматычны тэатр, дзе працаваў загадчыкам літаратурнай часткі. Затым падаўся ў не-дзяржаўны перыядычны друк, пакаштаваў журналісцкага хлеба. У 2003-2011 гг. – на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай”. Аднак абставіны склаліся так, што вярнуўся ў тэатральную стыхію. Ранейшы досвед працы ў тэатры і літаратурна-творчы патэнцыял зноў спатрэбіліся ва ўнікальнай установе культуры раёна і краіны. Сяргей Чыгрын у 2011 годзе стаў загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра, дзе працаваў да гэтага года..
Жыць і працаваць на радзіме – лёсу наканаванне. Напэўна, так Бог пажадаў-захацеў, а не толькі так склаліся абставіны. Гэта і жыццёвы крыж, і светлая радасць з дамешкам суму, і шчасце – шчасце ўжо хаця б таму, што Сяргей Чыгрын напісаў столькі цудоўных кніг пра свой родны край! Хтосьці любіць радзіму на адлегласці, з настальгіяй згадвае яе, а ён жыве тут, “дзе сэрцу ўсё блізка…”. Штодня ходзіць па слонімскіх вуліцах, ездзіць шляхамі-дарогамі сваёй бацькаўшчыны, сузірае хараство навакольных краявідаў.
Радзімазнаўства – галоўны кірунак даследча-пошукавай і творчай дзейнасці Сяргей Чыгрына. І на гэтай дзялянцы ён знайшоў сябе, за шмат гадоў многае паспеў. Вывучаючы гісторыю радзімы як краязнавец, неўзабаве пераканаўся, што, кажучы яго словамі, “тут – поле неаранае”. У нястомным шчыраванні на ніве радзімазнаўства Сяргей Чыгрын займеў багаты плён уласнай працы. Слонімскі руплівец выдаў некалькі дзясяткаў гістарычна-краязнаўчых кніг і літаратурных артыкулаў: “Янка Купала і Слонімшчына” (1993), “Родам са Слонімшчыны” (2003), “Пакліканыя на родны парог” (2005), “Чамяры і чамяроўцы” (2006), “У пошуках слонімскіх скарбаў” (2007), “Мастак Антон Карніцкі” (2009), “Жыў роднай песняй” (2010), “Альбярцін” (2011), “Па слядах Купалы і Коласа”, “Такі іх лёс”, “Слонімскія падмуркі”, “Сярод сваіх людзей” (усе – 2012), “Іншых шляхоў не было”, “Слонімскі буквар” (абедзве – 2013), “Хочацца дахаты”, “Слонім і ваколіца” (абедзве – 2014), “125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны” (2015), “Час спагад-лівым не бывае” (2016) і інш. У гэтую скарбонку радзімазнаўчых выданняў дадаліся таксама такія кнігі Сяргея Чыгрына, як “Легенды і паданні Слонімшчыны” (2013), “Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках (1900-1950)” (2014), “Слонімскія настроі” (2016) “Слонімскія гісторыі” (2017) і некаторыя іншыя.
Галоўны клопат Сяргей Чыгрына палягае ў тым, каб землякі, усе, хто жыве на Слонімшчыне, мелі дакладнае ўяўленне пра тое, што адбывалася на іх зямлі, хто і чым вызначыўся ў мінулым, каб зрабіць свой край і яго жыццё лепшым, праславіў яго сваім талентам і здзяйсненнямі. У краязнаўчых кнігах С. Чыгрын аднаўляе “часоў былых і новых сувязь”, стварае найперш персаніфікаваную гісторыю радзімы – г. зн. гісторыю ў асобах, імёнах, абліччах славутых і вядомых землякоў. Без гэтай дыялектыкі малога і вялікага, без канкрэтных радзімазнаўчых ведаў па вялікім рахунку не можа быць сапраўднага нацыянальна-патрыятычнага духу і гарту, духоўнай еднасці і адзінства людзей. У чалавека мусіць быць адчуванне таго, што ён жыве і стаіць на сваёй зямлі, што радзіма – яго і грунт-апірышча, і духоўнае заплечча. Вось таму слонімскаму краязнаўцу і хочацца, каб кожны зямляк жыў у сэрцы з Радзімай, ведаў, адкуль ён і хто ён, ганарыўся зямлёй продкаў і выдатных людзей свайго краю.
У цэнтры краязнаўчых і літаратурна-даследчых зацікаўленняў С. Чыгрына – асоба, яе жыццё і дзейнасць. Сваю духоўную пародненасць, повязь са Слонімшчынай ён адчувае праз далучанасць да лёсу выдатных і выбітных землякоў. Ён даследаваў жыццёвы і творчы шлях Язэпа Стаброўскага, Гальяша Леўчыка, Кандрата Лейкі, Якуба Міско, Сяргея Дарожнага, Валянціна Таўлая, Анатоля Іверса, Сяргея Новіка-Пеюна, Васіля Супруна, Міколы Арочкі, Алега Лойкі, Янкі Саламевіча, Самсона Пярловіча і інш. Аднак краязнавец распавядае не толькі пра пісьменнікаў-землякоў, але і вядомых людзей са слонімскай зямлі самых розных прафесій і заняткаў: дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, мастакоў, навукоўцаў, медыкаў, вайскоўцаў, музыкаў, асветнікаў, педагогаў, сапраўдных беларускіх інтэлігентаў і патрыётаў. Імёны некаторых землякоў, як ужо адзначалася, вернуты краязнаўцам па сутнасці з нябыту. Дзякуючы яму стала больш вядомай асоба кампазітара і харавога дырыжора Антона Валынчыка і адбылося адраджэнне памяці пра мастака Антона Карніцкага – кожнаму з гэтых творчых людзей прысвечаны гістарычна-біяграфічны нарыс.
Шмат часу і высілкаў С. Чыгрын аддаў збіранню і вяртанню спадчыны заходнебеларускіх пісьменнікаў і літаратараў-землякоў. Дзякуючы яго пошукавай, збіра-льніцкай і ўкладальніцай працы пабачылі свет кнігі “Вяртанне да сваіх” (1999) Станіслава Грынкевіча, Франука Грышкевіча, Уладыслава Казлоўшчыка, “Рабінавы хмель” (2009) Сяргея Хмары, “Аўсяныя росы” (2011), “З глыбінь жыцця”, “Жыццё і творчасць Анатоля Іверса” (абедзве – 2012) Анатоля Іверса, “Захацелася шчасця” (2012) Алеся Сучка, “Маркотныя зоркі” (2014) Янука Дарашкевіча, “Пан Трудоўскі” (2015) Кандрата Лейкі, “Прыкрыты сэрца боль” (2015) Язэпа Вількоўшчыка і некаторыя іншыя.
Паэтычная творчасць – яскравая, адметная грань асобы С. Чыгрына. Уласна кажучы, з вершаў ён пачынаў, як малады паэт-пачатковец уваходзіў у нашу беларускую літаратуру. Сёння на ягоным творчым рахунку чатыры вершаваныя зборнікі: “Шчырая Шчара” (1993), “Горад без цябе” (1999), “Лірыка” (2007), “Камень Міндоўга” (2009), “Едуць гетманы ў Слонім” (2020). У гэтых кнігах добра выявіўся талент Сяргея Чыгрына як паэта-лірыка. Тэксты лепшых паэтычных твораў пераконваюць, што ён умее пісаць вершы вобразныя, сэнсава ёмістыя і ўзнёсла-пачуццёвыя. Імпануе нацыянальны пафас твораў пра мінулае і беларускую рэальнасць. У лірыцы кахання найбольш адметна ўвасобіўся рамантычны свет яго лірычнага героя. Аднак у паэзіі Сяргей Чыгрын не прытрымліваецца прынцыпу “ні дня без радка”. У адной з гутарак ён прызнаўся: “Час паэзіі ў мяне ўжо прайшоў. Гэта час маладосці…”. Як вынікае са зместу інтэрв’ю апошняга часу, вялікай унутранай патрэбы ў тым, каб пісаць вершы, ён цяпер не мае. Гэтым і тлумачыцца катэгарычнасць выказвання пісьменніка: “…Сёння паэтычны перыяд скончыўся. Графаманам я быць не хачу, бо іх і так хапае ў кожным раёне. Хаця ўвага да паэтычных творцаў у нас сёння не такая пільная і шаноўная”. Між тым Сяргей адразу абмовіўся, можна сказаць, выдаў сябе: “Але вершы пішу рэдка” (Рэжым доступу: baj.by›be/analytics/syargey-chygryn-grafamanam…bo…). Значыць, вершы ўсё ж пішуцца, няхай сабе не так часта, як раней.
Няпоўнай была б характарыстыка пісьменніцкай індывідуальнасці Сяргея Чыгрына без вылучэння яшчэ адной важнай творчай грані – іпастасі перакладчыка. Заахвоціла яго да паэтычных перастварэнняў на філфаку БДУ выкладчыца французскай мовы Святлана Мікалаеўна Любіч. Сяргей у студэнцкія гады зрабіў спробы перакладаў твораў Луізы Мішэль, Поля Элюара, Поля Верлена, Сальвадора Далі і іншых франкамоўных паэтаў. Перакладчыцкая праца займела свой працяг. Пераўва-сабляў творы пераважна з украінскай і рускай моў. Апрача беларускамоўных перастварэнняў французскіх і ўкраінскіх паэтаў, ён пераклаў творы іншамоўных драматургаў.
А характарыстыка чалавека і грамадзяніна Сяргея Чыгрына была б няпоўнай, калі б не згадалі яго актыўную працу ў ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Менавіта Сяргей Чыгрын быў рэдактарам літаратурных альманахаў “Паланэз” (Слонім) і “Ятранка” (Дзятлава), якія выходзілі пад патранажам ТБМ. Трэба згадаць і плённае супрацоўніцтва С. Чыгрына з газетай “Наша слова”. А з 2022 года ён стаў адным з асноўных аўтараў газеты “Наша слова.pdf”.
Сяргей Чыгрын не чакае ніякай і ні ад каго падзякі за сваю любоў да Слоніма, да іншых рэгіёнаў Беларусі, пра якія напісаў дзесяткі кніг. Хаця ён даўно заслугоўвае гэтага. Літаратар проста працуе і ўсё. Магчыма, што калі не сёння, дык праз 100 гадоў, нейкі беларускі краязнавец ці гісторык “адкрые” асобу Сяргея Чыгрына і здзівіцца той вялікай любові да радзімы, да нашай культуры і літаратуры, якая гучыць у кожным творы самага шчырага патрыёта Слонімшчыны і астатняй Беларусі.
(Канспект артыкула доктара філалагічных навук,прафесара Алеся Бельскага
“Закаханы ў родны край”).