Пошукі і знаходкі
У сваім двухтомніку “Пад сузор’ем веры і надзеі” (Мінск, “Кнігазбор”, 2021) даследчык нашай літаратурнай спадчыны з Маладзечна Міхась Казлоўскі апублікаваў даволі цікавы раздзел “Кнігі і лёсы забытых пісьменнікаў”. У гэтым раздзеле аўтар кнігі прыгадвае шмат забытых беларускіх літаратараў, якія пры жыцці выдалі па адной-дзве кнігі, і пра якіх проста забыліся. А пра некаторых сёння зусім не ведаюць і не чулі нават пісьменнікі і даследчыкі нашай літаратуры. І гэты спіс даволі вялікі.
Сярод забытых літаратараў Міхась Казлоўскі прыгадаў і дзіцячага паэта Івана Юкляеўскага. Сапраўды, быў такі беларускі паэт, які пісаў вершы для дзяцей. І наш абавязак, як піша аўтар кнігі, згадаць ціхім добрым словам гэтага чалавека. Але звестак пра яго зусім мала. Невядома нават, дзе ў Беларусі ён нарадзіўся, як трапіў у горад Перм, з кім у Беларусі сябраваў, ліставаўся. Няма нават добрага фотаздымка яго. Таксама невядома, калі Іван Юкляеўскі памёр. Таму я вырашыў пашукаць слядоў гэтага паэта, які, сапраўды, варты нашай памяці.
Свае пошукі пачаў з расійскіх архіваў. Але ў тых архівах, куды я звяртаўся, звесткі пра Івана Юкляеўскага адсутнічаюць. І толькі з Комі-Пермяцкага акруговага дзяржаўнага архіва Расіі я сёе-тое атрымаў. Але гэта таксама сціплыя факты. Тым не менш, згадаць пра паэта трэба.
Нарадзіўся Іван Юкляеўскі ў 1910 годзе. Як ён трапіў на Урал – невядома. Магчыма, з бацькамі, якія знаходзіліся ў бежанстве падчас Першай сусветнай вайны ў Курганскай вобласці, а, магчыма, сам паэт быў рэпрасаваны ў 1930-х-1950-х гадах. Але большасць свайго жыцця ён пражыў у Пярмі, дзе і памёр.
Вельмі часта Іван Юкляеўскі наведваў Беларусь, сваю маленькую радзіму. Відаць, у яго тут жыло шмат сваякоў і сяброў. Ён пісаў вершы, найперш для дзяцей. Дасылаў гэтыя вершы ў часопісы “Вясёлка”, “Работніца і сялянка” і “Бярозка”, якія актыўна іх друкавалі. Пісьменнік Уладзімір Ліпскі адшукаў адзін з вершаў Івана Юкляеўскага “Хвалько” у афармленні мастака Уладзіміра Пашчасцева ў адным з нумароў “Вясёлкі” за 1976 год і копію прыслаў мне. Старонка атрымалася выдатная. Гэта верш пра вераб’я, які хваліўся, што лётаў туды, дзе цячэ Ніл, і праглынуў там кракадзіла, а каля двара злавіў арла. Вераб’іха пачула і сказала, што ён “пустаплёт і скамарох… толькі з мухамі герой…”. Цудоўны верш.
Верш “Хвалько”, а таксама яшчэ 29 вершаў увайшлі ў кнігу Івана Юкляеўскага “Ранак верасовы”, якая пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” у 1979 годзе. Гэта адзіная беларускамоўная кніжка паэта, якая з’явілася ў друку.
У 1970-1980-х гадах Іван Мяркур’евіч Юкляеўскі быў адным з самых папулярных людзей Прыкам’я. Ён самастойна вывучыў музычную грамату, а таксама навучыўся іграць на баяне, хаця сам усё жыццё працаваў у Пярмі звычайным слесарам. За сваё жыццё беларус напісаў каля 200 песень – словы і ноты. Пермская зямля поўнасцю была апета ў яго паэтычна-музычных творах. Песні паэта і кампазітара там гучаць да сённяшніх дзён. А тады ніводзін канцэрт, мерапрыемства, сустрэча ў Пермскім краі не абыходзіліся без песень Івана Юкляеўскага. Ён быў там самым любімым народным кампазітарам. Песні Юкляеўскага выконвалі на сцэнах палацаў і дамоў культуры падчас розных аглядаў, фестываляў і конкурсаў. Яны гучалі ў быту, на працы, падчас адпачынку.
Творы Івана Юкляеўскага ўвайшлі ў рэпертуар і прафесійных выканаўчых калектываў, салістаў – Волжскага, Сібірскага і Уральскага дзяржаўных народных хораў, у рэпертуар вядомай выканаўцы рускіх народных песень Кацярыны Шаўрынай. Гэта песні “Закамачка”, “Пра жука”, “Горад мой” і іншыя. Песні нашага паэта і кампазітара гучалі найперш у выкананні народных харавых калектываў. Іх творчы стыль самадзейнага кампазітара базіраваўся ў асноўным на народнай аснове. Народная музыка аказала ўздзеянне на мелодыку, рытміку і форму песень Івана Юкляеўскага.
Цікава тое, што ў 1961-1978 гадах у Пярмі жыў беларускі паэт і перакладчык Міхась Стрыгалёў. Ён там працаваў літкансультантам у Пермскай абласной пісьменніцкай арганізацыі СП РСФСР, загадчыкам фальклорна-выдавецкага аддзела Пермскага Дома народнай творчасці, літсупрацоўнікам газеты “Вечерняя Пермь”, кіраўніком гарадскога клуба паэзіі “Лукамор’е”. Ды і першы зборнік вершаў паэта “Хмель” выйшаў у Пярмі ў 1966 годзе. І на сто працэнтаў даю гарантыю, што Міхась Стрыгалёў быў асабіста знаёмы з Іванам Юкляеўскім. І, магчыма, яны там шчыра сябравалі. Ці не з добрай рукі Міхася Стрыгалёва і з’явіўся ў друку зборнік вершаў “Ранак верасовы” Юкляеўскага ў Менску. Бо ў гэты час Міхась Стрыгалёў з сям’ёй ужо вярнуўся на Бацькаўшчыну і жыў у Барысаве. На жаль, запытацца пра Івана Юкляеўскага ў Міхася Стрыгалёва немагчыма, бо і яго ўжо няма на гэтым свеце. Адна надзея на чытачоў “Нашага слова”, а раптам нехта са сваякоў ці сяброў прачытае гэты матэрыял і адгукнецца.
Сяргей ЧЫГРЫН.