У паэме “Сымон-музыка”, якая ўвабрала ў сябе запаветныя думкі Якуба Коласа пра мастацтва, і ў якім ён гаворыць пра лёс таленавітага чалавека ў старой Беларусі, ёсць журботныя радкі пра незлічоныя таленты з народа, якія некалі жылі на нашай зямлі, тварылі, а цяпер зусім забытыя:
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць,
Неапетых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім…
Да такіх талентаў адносіцца і зусім забыты сёння празаік, журналіст і спартсмен Яўген Пушкін (1939-1992). Так-так, у нас быў свой Пушкін – таленавіты чалавек, якога ведалі і з якім сябравалі многія пісьменнікі і журналісты. І які пісаў добрыя апавяданні, мініяцюры, нарысы. Пасля смерці Яўгена Пушкіна прайшло больш за 30 гадоў. І ніхто за гэты час яго ніколі не згадаў і не перавыдаў яго творы. Таму вырашыў я вярнуць забытае беларускае імя да чытачоў, хаця зрабіць гэта было не вельмі проста. Тым не менш, хоць невялікая, але згадка атрымалася.
Сляды пошукаў мяне прывялі ў Магілёў да кандыдата гістарычных навук, дацэнта Ігара Пушкіна. Ігар Пушкін – родны пляменнік Яўгена Пушкіна. Але біяграфіяй роднага дзядзькі Ігар Аляксандравіч асабліва не цікавіўся. Ён гісторык, даследуе нацыянальную меншасць БССР у грамадска-палітычным і культурным жыцці 1920-х гадоў. Ды і пра лёс жонкі і дзяцей свайго дзядзькі ён сёння амаль нічога не ведае. Тым не менш, усё ж Ігар Пушкін дапамог мне распавесці гісторыю пра беларускіх Пушкіных, сярод якіх быў і Яўген Рыгоравіч Пушкін.
У бацькі Яўгена Пушкіна Рыгора Пушкіна, які быў жанаты з Ганнай Масалковай, нарадзілася трое дзяцей: Тамара (1937 года нараджэння), Люба (1947 года нараджэння) і Яўген (1939 года нараджэння).
Калі пачалася вайна Рыгор Пушкін пайшоў на фронт. Летам 1943 года ён быў паранены і трапіў у палон. Знаходзіўся на тэрыторыі пазней акупаванай саюзнікамі – Англіяй і ЗША. Пасля вайны яго ўзнагародзілі медалём “За адвагу”. Вярнуўся з палону на Бацькаўшчыну Рыгор Пушкін у 1946 годзе. Набыў у Оршы хату, меў вялікі сад і агарод. Працаваў на Аршанскім ільнокамбінаце. Памёр ад хваробы сэрца, як толькі пайшоў на пенсію.
Сын Рыгора будучы празаік і журналіст Яўген Пушкін нарадзіўся ў Оршы ў 1939 годзе. Калі быў школьнікам, ён пазнаёміўся з пісьменнікам-земляком Уладзімірам Караткевічам. Уладзімір Сямёнавіч працаваў у Оршы ў школе № 8. У класе, дзе вучыўся Яўген Пушкін, пісьменнік выкладаў рускую і нямецкую мовы.
Пасля школы Яўген Пушкін паступіў у Белдзяржуніверсітэт на філалагічны факультэт па спецыяльнасці “Журналістыка”. Вось як прыгадвае пра свайго аднакурсніка Альбін Макарэвіч: “Быў сярод нашых аднакурснікаў i аднафамілец вялікага рускага паэта Пушкін Яўген. Ён паказаў сябе не толькі здольным журналістам, але i спартсменам-раварыстам. Не адзін раз займаў прызавыя месцы сярод роварагоншчыкаў БДУ i горада Менска. Кожную свабодную хвіліну ездзіў на сваім роваракані ў тыя мясціны, куды нi на якім аўтамабілі дабрацца было нельга. Пicaў аб людзях, якія ніякімі гучнымі пасадамі не вызначаліся. Паступова гepoi яго нарысаў сталі героямі кароткіх апавяданняў з не прыдуманымі, а сапраўднымі імёнамі i прозвішчамі…”.
Пасля ўніверсітэта Яўген Пушкін паехаў на будоўлю Волжскай ГЭС, служыў у Савецкай Арміі. Потым вярнуўся ў Менск, працаваў загадчыкам аддзела ў газеце “Чырвоная змена”. Жонка паэта Уладзіміра Скарынкіна Валянціна Пятроўна Скарынкіна, якая 35 гадоў адпрацавала ў “Чырвонай змене”, добра ведала Яўгена Пушкіна. Праз дзесяткі гадоў, што ўжо мінулі з той пары, яна падрабязнасцей там усялякіх прыгадаць не змагла, а на пахвалу не паскупілася: “Яўген быў добрым, вельмі добрым і чалавекам, і журналістам, ніколі пра яго нічога кепскага ў рэдакцыі ні разу не чула”.
Напрыканцы 1960-х гадоў Яўген Пушкін разам з Міхасём Ткачовым збіраюць матэрыялы пра партызанку Любу Гайдучонак (1921-1943), якая загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яна была накіравана ўпаўнаважанай ЦК ЛКСМБ па гораду Менску (жнівень – снежань 1942 г.). Прымала актыўны ўдзел у стварэнні камсамольска-маладзёжнага падполля ў Менску. У канцы 1942 года дзяўчына наладзіла сувязь з уцалелымі пасля арыштаў арганізацыямі і групамі, што дзейнічалі ў горадзе, дапа-магала наладжваць падпольную барацьбу, давала заданні, інструктавала, правярала іх выкананне. 22 траўня 1943 года, вяртаючыся з чарговага задання, з групай тавары-шаў трапіла ў варожую засаду. Параненая, прыкрывала іх адыход, адстрэльвалася да апошняга патрона, потым кінула ў гітлераўцаў дзве апошнія гранаты, а сама застрэлілася. Пахавана Любоў Гайдучонак у вёсцы Плябанцы Менскага раёна.
Вынікам працы пошукаў пра Любоў Гайдучонак стала кніжка “Камсамольскі камісар”, якую Яўген Пушкін і Міхась Ткачоў напісалі і выдалі ў выдавецтве “Беларусь” у 1969 годзе.
Калі Яўген Пушкін жыў у Менску і працаваў у “Чырвонай змене”, ён часта прыязджаў у родную Оршу. Па ўспамінах Ігара Пушкіна, калі прыязжаў дзядзька Яўген на радзіму ў Оршу, яму давалі ў гаркаме кампартыі службовы аўтамабіль. Добрыя адносіны былі ў Яўгена Пушкіна са стрыечным братам Аляксандрам Барысавічам Пушкіным – бацькам гісторыка Ігара Пушкіна, які жыў у Оршы, працаваў электрамеханікам на чыгунцы, дапамагаў яму набываць чыгуначныя квіткі, каб з’ездзіць да сясцёр і маці ў г. Волжск. А калі ў Оршы руйнавалі помнік архітэктуры позняга барока – комплекс базыль-янскага манастыра XVIII стагоддзя, Яўген Пушкін выступіў супраць гэтага і напісаў абуральны артыкул, са зваро-там прыпыніць “дзікунства”. На сёння захаваўся толькі жылы корпус.
Яшчэ ў школе, Яўген Пушкін “хіліўся” да земляка-пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Старэйшы літаратар убачыў у юнаку талент, дапамагаў яму, раіў. Хаця яшчэ ў школе Яўген пачаў займацца ровараспортам, выступаў на розных спаборніцтвах, але любіў моцна і літаратуру, журналістыку. І пасля школы Яўген Пушкін часта сустракаўся і перапісваўся з Уладзімірам Караткевічам. На вялікі жаль, пакуль не ўдалося адшукаць дачку і сына Яўгена Пушкіна, але пошукі працягваюцца. А ў іх могуць захавацца пісьмы Уладзіміра Караткевіча і фотаздымкі. Дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, Яўген Пушкін падрыхтаваў першы свой зборнік апавяданняў і мініяцюр “Бабіна лета”, які пабачыў свет у 1974 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У кнігу ўвайшлі 11 апавяданняў і 14 мініяцюр. Галоўнай тэмай літаратурных твораў першай кніжкі Яўгена Пушкіна быў чалавек працы, яго клопаты, радасці і перажыванні, запаветныя мары і спадзяванні. Зборнік выйшаў пад рэдакцыяй таго ж Уладзіміра Караткевіча. Уладзімір Караткевіч напісаў і прадмову да “Бабінага лета”. На вялікі жаль, пра сяброўства Уладзіміра Караткевіча і Яўгена Пушкіна, пра прадмову земляка да кнігі Яўгена Пушкіна нідзе і ніхто не прыгадаў ва ўсіх выданнях Уладзіміра Караткевіча, а тым больш ні ў зборы твораў у васьмі тамах Уладзіміра Караткевіча, ні ў перса-нальнай энцыклапедыі “Уладзімір Караткевіч”, нідзе.
Прадмова Уладзіміра Караткевіча да кнігі “Бабіна лета” Яўгена Пушкіна не мае загалоўка. І хоць яна невялікая, але вельмі шчырая, добрая, з пажаданнямі плёну на ніве літаратуры. Гучыць яна так: “Цяжкавата бывае гаварыць аб чалавеку, з якім звязваюць вузы зямляцтва, сяброўства і, шчыра кажучы, “вучнёўства”. Не таму, што Я.Пушкін вучыўся ў мяне пісаць. Якраз у гэтым сэнсе ён чалавек дужа самастойны і нікому не дазволіў бы вучыць сябе. А так, у вельмі простым і празаічным сэнсе: калі ён вучыўся ў дзесятым класе, я выкладаў у гэтым класе літаратуру.
У свой час я ганарыўся Яўгенам Пушкіным як адным з найбольш здольных спартсменаў рэспублікі. І не толькі спартсменам, а і рэкардсменам. Ганарыўся ім як журналістам з на дзіва дакладным, прыцэльным вокам, журналістам, які заўсёды ў час трапляе на тое самае месца, якое вымагае яго прысутнасці.
Цяпер, думаецца мне, я не буду саромяцца і празаіка Яўгена Пушкіна, чалавека рэдкіх пакуль што ў нашай літаратуры тэм. Пісьменніка з паглыбленай увагай да чалавечай псіхалогіі так званых”маленькіх” вялікіх людзей. Ён умее пранікнуць у іхнія душы. Хай сабе гэта старая сялянка, веласіпедыст-спрынцёр, шафёр у “Лютым рэйсе” або проста пляжны курортнік, які плыве “за пацалункам”.
Мне было б крайне цікава пражыць яшчэ некалькі дзесяткаў год і прасачыць, у што разгорнуцца самабытныя здольнасці Яўгена Пушкіна, прачытаць яшчэ некалькі ягоных кніг і парадавацца ім. А пакуль што мне хочацца проста сказаць яму “на добры шлях”, гэтаму добраму хлопцу і, спадзяючыся, добраму літаратару”.
У 1975 годзе ў выдавецтве “Беларусь” выходзіць новая невялікая кніжачка Яўгена Пушкіна “Песня ў сімфоніі працы”. Яна распавядае пра вопыт арганізацыі адпачынку рабочых галоўнага прадпрыемства Бабруйс-кага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання – фанера-дрэваапрацоўчага камбіната. Дарэчы, пэўны час Яўген Пушкін працаваў уласным карэспандэнтам маскоўскай “Лесной газеты” па Беларусі.
Больш з друку кніг Яўгена Пушкіна не выйшла. І ці пісаў ён апавяданні і мініяцюры, аповесці хаця б у шуфляду, ці спраўдзіў надзеі Уладзіміра Караткевіча – невядома. Часцей за ўсё свае творы празаік друкаваў у часопісе “Маладосць” у канцы 1960-х – напачатку 1970-х гадоў.
Да каго б са старэйшых нашых літаратараў я не звяртаўся, тыя, хто ведаў Яўгена Пушкіна, успаміналі яго самымі шчырымі і добрымі словамі. Сляды пошукаў прывялі мяне і да пісьменніка Міколы Чарняўскага. З ім мы і пагутарылі.
– Мікалай Мікалаевіч, ведаю, што Вы былі знаё-мыя з празаікам Яўгенам Пушкіным. Ці так?
– У пэўнай ступені ты, Сяргей, не памыліўся. Сапраўды, я Жэню добра ведаў, даволі часта выпадала з ім сустракацца, нават у сямейных абставінах, дый пры іншых нагодах.
– А калі Вы з ім блізка пазнаёміліся?
– Найбольш блізка я пазнаёміўся з ім на кватэры ў Рыгора Барадуліна, дзе я бываў не такім ужо і рэдкім госцем. Рыгор Іванавіч жыў у Менску тады на вуліцы Бялінскага, 6, а Жэня з жонкай Вольгай і сынам Алегам недзе непадалёк, ці не на вуліцы Кнорына. Не ведаю, ці гэта суседства паспрыяла іх збліжэнню, ці, як мне казалі, іх зямляцтва, бо Пушкін быў родам таксама з Віцебшчыны, але Рыгор Барадулін вельмі прыхільна ставіўся да Яўгена Пушкіна, па-сяброўску імкнуўся ўсяляк падтрымаць яго літаратурныя спробы творчасці. Асабліва ў самым пачатку, у той час, калі Жэня працаваў у газеце “Чырвоная змена” і пачаў сваё журналісцкае ўменне ўзнімаць да ўзроўню пісьменніцкага. Як я памятаю, яго першыя апавяданні, што пачалі з’яўляцца ў часопісе “Маладосць” (мне запомнілася, здаецца, самае першае – “Боця”), былі даволі прыхільна сустрэты крытыкай, бо тады ў нашай літаратуры амаль не было твораў, дзе б дзейнымі персанажамі з’яўляліся людзі ад спорту, а канкрэтна – звязаныя з роварагоншчыкамі.
– Яўген Пушкін займаўся ровараспортам.
– Так. Таму тэма пра спартсменаў-роварагоншчыкаў была яму блізкая са студэнцкіх гадоў, нават змог атрымаць званне “Майстар спорту СССР”. Ён выступаў на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Калі не памыляюся, прыгадваецца адзін фотаздымак, на якім Жэня Пушкін зафіксаваны ў спартыўнай спецэкапіроўцы і з роварам. Шкада, што яго мастацкая проза абмежавалася толькі выхадам аднаго зборніка “Бабіна лета”. Яго кніжкі нарысаў я ў разлік не бяру. Гэта – звычайная журналістыка, не болей.
– Якім чалавекам па характары і знешне быў Яўген Пушкін?
– Калі прыгадваю яго, заўсёды перад сабой бачу яго прыгожы твар, цёплы позірк вачэй, лагодную ўсмешку, няспешлівую разважлівую гаворку, адчувальную памяркоўнасць у гутарцы. Здаецца, ніколі не пакідалі яго шчырасць і дабрыня, якія самі сабой адбіваліся ў яго паводзінах, пры гутарках з ім. Я ніколі не чуў, каб ён скардзіўся на нешта, ці на некага штосьці нагаворваў, зайздросціў некаму. Вельмі гарнуўся да дзяцей, а тыя не хавалі сваёй прыхільнасці да яго. Памятаю, як гулліва любіла пагарэзнічаць з дзядзькам Жэнем дачушка Барадуліных Ілона.
– Яўген Пушкін быў у добрых адносінах з Рыгорам Барадуліным?
– З усёй сям’ёй Рыгора Барадуліна быў у добрых адносінах. Жэня вельмі паважліва ставіўся да жанчын. Асабліва да жонкі Рыгора Барадуліна Валянціны Міхайлаўны, жанчыны такой жа добразычлівай і лагоднай па натуры, як і ён быў сам. Не без гумару мне прыгадваецца той перапалох, які ўчыніў аднойчы вечарам Яўген Пуш-кін сярод жыхароў дома № 26 па вуліцы Рэспубліканскай (цяпер – Раманаўская Слабада), куды сям’я Барадуліных перабралася на новае месца жыхарства з вуліцы Бялін-скага. Цяпер гэта, напэўна, нікога б не здзівіла і не ўстрывожыла асабліва, а тады… З’яўленне ў прыцемках у двары дома армейскага бронетранспарцёра выклікала ў жыхароў бліжэйшых пад’ездаў сапраўднае недаўменне і спалох: што здарылася? А бронетранспарцёр спыніўся насупраць барадулінскага пад’езда. Людзі ўбачылі, як з яго выскачыў афіцэр з букетам палявых кветак і шпарка знік у пд’ездзе. А праз адну-дзве хвіліны ён ужо стаяў перад кватэрай пад нумарам 26 і націснуў на кнопку званка. Нечаканым госцем быў Жэня Пушкін. А прыехаў ён павіншаваць Валянціну Міхайлаўну Барадуліну з днём нараджэння.
– А чаму Пушкін прыехаў менавіта на баявой машыне?
– Бо іначай не выпадала павіншаваць. У той час Яўген знаходзіўся на вайсковых зборах. Вяртаючыся з вучэнняў у сваю частку, карыстаючыся правамі камандзіра мотастралковага ўзвода, дазволіў сабе такі незвычайны “рыцарскі” ўчынак, калі з’явіўся да жанчыны з кветкамі не на белымі, а на “жалезным кані”. Затое сярод нас, усіх сяброў-знаёмых, гэты Жэнеў “конік” доўга не забываўся, не абыходзіўся без жартаў…
– Як склаўся лёс Яўгена Пушкіна пасля працы ў “Чырвонай змене”?
– Пасля “Чырвонкі”Яўген Пушкін з’яўляўся ўласным карэспандэнтам усесаюзнай тады “Лясной газеты” па Беларусі. Таму ў тыя гады мне не дужа часта даводзілася з ім сустракацца. Дакладна не ведаю, але чуў, што з пачаткам перабудовачнай неразбярыхі і так званых “ліхіх 90-х” яго супрацоўніцтва з маскоўскай газетай спынілася. І як далей склалася ягонае жыццё-быццё мне мала вядома. Мая жонка аднойчы на вуліцы сустрэла Яўгенаву жонку Вольгу, і ад яе мы даведаліся, што Пуш-кіны разышліся і што Жэня стаў беспрацоўным. З-за чаго развяліся, я не дапытваўся, а толькі здагадваўся, што працуючы карэспандэнтам “Лясной газеты” Яўген Пушкін вельмі часта ездзіў па лясніцтвах рэспублікі, а “лесавікі” заўсёды былі гасцінныя і шчодрыя на пачастункі, таму не ўсе маглі б устрымацца ад такой спакусы. Можа ў Вольгі з часам “накіпела”. А можа нешта іншае мае адносіны да іх разводу ў сувязі з тагачасным ліхалеццем. На вялікі жаль, не ведаю і прычыны яго заўчаснага зыходу з жыцця…
Перад смерцю Яўген Пушкін працаваў у рэспуб-ліканскай газеце “Набат”. На працу яго ўзяў рэдактар газеты пісьменнік Васіль Якавенка (1936-2018).
Пасля гэтай публікацыі, магчыма адклікнуцца сваякі пісьменніка і журналіста, з вуснаў якіх мы зможам больш даведацца пра таленавітага чалавека Яўгена Пуш-кіна, які варты нашай светлай памяці.
Сяргей ЧЫГРЫН.