“І неабдымнасць неба і зямлі
мяне не як уласніка хвалюе…”
2023 год у літаратурным жыцці Лідчыны працягвае радаваць новымі кнігамі лідскіх аўтараў. Вось і нядаўна ў Лідскай друкарні выйшла кніга паэзіі і прозы аднаго з найстарэйшых і самых аўтарытэтных пісьменнікаў Лідчыны, колішняга супрацоўніка рэдакцыі “Лідскай газеты”, былога кіраўніка літаб’яднання “Суквецце” пры ёй Уладзіміра Гаўрылавіча Васько “Неабдымнае”. У кнігу ўвайшлі вершы, байкі, апавяданні. Гэта ўжо восьмая кніга Уладзіміра Васько. Нагадаем, што раней выйшлі яго кнігі “Прасветленасць” (1981), “На схілах берагоў” (1997), “Кругазварот жыцця” (2011), “Лясная рапсодыя” (2013), “Зігзагі лёсу” (2017), “Энергія душы” (2018), “На перавалах часу” (2021). Пачынаючы са зборніка “Энергія душы”, у кнігах аўтара змяшчаюцца разам і паэзія, і проза. Новая кніга “Неабдымнае” змяшчае больш за сотню вершаў, восем баек, шэсць апавяданняў.
Адкрывае зборнік верш “Неабдымнае”, які і даў назву ўсёй кнізе. Ужо з першага верша перад чытачом раскрываецца шматгранная, цікавая, няўрымслівая асоба аўтара. Аўтар сустракае кожны новы дзень з вясёлымі надзеямі, з настроенасцю рабіць добрыя справы, адчувае сябе ўдзельнікам розных падзей – і блізкіх, і далёкіх, імкнецца ўвабраць у сябе неабдымны сусвет, паўсюль чэрпае сілы і натхненне.
І неабдымнасць неба і зямлі
мяне не як уласніка хвалюе.
Я тут, а дзесьці ружы расцвілі,
і ў Байкануры мой зямляк стартуе.
Паэт вядзе актыўны лад жыцця, мае шмат захапленняў, умее радавацца ўсяму, што бачыць навокал, знаходзіцца ва ўзнёслым настроі і заклікае чытача радавацца разам з ім:
Не варта, сяброве, нам болей журыцца
і ў смутку ў твары людзей пазіраць –
і знікне з душы небыліцай імгліца,
і сэрцу захочацца крылы ўзняць…
Не заганяю сам сябе ў скруху,
таму й такі парыўны, гаваркі.
Люблю хадзіць праз поле ў завіруху,
на лыжах уздымацца на грудкі…
“Раўнадушша лёд” абыходзіць паэта, ён умее супе-ражываць, любіць усё жывое. “Натура ўжо такая, прывыкла на ўвесь свет агнём гарэць”, – тлумачыць аўтар сваю датычнасць да ўсяго, што адбываецца навокал.
Галоўнае – не спаць і не ляжаць,
а да прыроды і людзей імкнуцца:
касіць з расой густую сенажаць,
з разбегу смела ў рэчку акунуцца…
У многіх вершах Уладзіміра Васько адчуваюцца яго захапленне роднай прыродай, імкненне зліцца з ёй. Лясных зязюль, драздоў, салаўёў паэт называе дарагімі сваякамі.
Усё так проста, натуральна тут
жыве, расце, квітнее першародна,
і я, шчаслівы, берагам іду.
Буяй, буяй, любімая прырода!
Аўтар, хоць і не пераносіць адзіноты, любіць часам пабыць на ўлонні прыроды сам-насам з сабой:
…Я адпраўляюся, натхнёны,
пад стогадовы дуб адзін,
каб збоку паглядзець на эру,
асэнсаваць сябе і час…
Паэта натхняе спеў птушак у лесе, і ён шкадуе, што “такіх спевакоў не стае ў хрушчоўцы маёй цёмнай, цеснай”. Аўтара абураюць варварскія адносіны некаторых людзей да акаляючай прыроды. Так, ён шкадуе пакалечаную куляй чаплю і асуджае чалавека, які выстраліў у яе:
Ён рады, што здорава бахнуў і метка,
не прамахнуўся, сваё даказаў.
А можа, унутры бушавала гарэлка?
А можа, нячысцік стральнуць падказаў?
Паэт любіць снежную, з завеямі зіму, любіць катацца такой зімой на лыжах, адчуваючы сябе ў такія моманты юным.
Ад вёскі да вёскі на лыжах лячу,
не адчуваючы стомы ніякай.
У снежны прасцяг апантана крычу:
– Зіміца, сястрыца, бязмежнае дзякуй!
Ёсць у зборніку і верш, прысвечаны Лідскаму замку – каменнаму сведку сівой даўніны. “Акно адкрыю, пакланюся табе, каменны бастыён”, – выказвае аўтар у канцы верша сваю пашану да помніка старажытнасці.
Шмат у кнізе і інтымнай лірыкі, поўнай дарагіх, цёплых, хвалюючых успамінаў, яркіх карцін прыроды, трапных эпітэтаў і параўнанняў.
Заклікаў зялёны далягляд,
маладое жыта красавала,
радасці было ў нас зашмат,
шчасце ў юных душах бушавала…
Святое святых тое месца,
дзе я сустракаўся з табой.
Пчаліная доўгая меса,
мядовага паху прыбой…
Душу каханай паэт параўноўвае з расцвіўшым, свежым, светлым садам. “Эх, каб у гэтым садзе заблукаць і з яго не выбрацца святла!” – жадае ён, а таксама жадае шчасця і спакою дарагому чалавеку, каб сад гэтай душы абышоў халодны град.
Вартыя ўвагі таксама байкі і апавяданні аўтара. У байках Уладзімір Васько, як заўсёды, выкарыстоўвае яркія, каларытныя вобразы герояў – звяроў і птушак, – пад якімі падразумяваюцца людзі, а ў дыялогах герояў баек выкарыстоўваюцца сакавітыя, трапныя выразы гутарковай мовы. Яркія, запамінальныя і героі апавяданняў, як станоўчыя, так і адмоўныя. Асобных персанажаў у канцы апавяданняў насцігае кара за жорсткасць (“Злыдух”), прагу да чужых, “лёгкіх” грошай (“Нячыстыя грошы”), сквапнасць (“Жалеза перажыве чалавека”). У некаторых апавяданнях прысутнічае любоўная лінія (“Страта”, “Пашчасціла”), паказваецца, як каханне ўзвышае чалавека, дапамагае бачыць усю прыгажосць навакольнага свету: “Дамоў я ішоў у дзівосным, радасным настроі. Зусім не такімі, як раней, мне падаліся каровы, якія пасвіліся ўнізе на квітнеючым лузе, жыта паабапал дарогі, пабліск-ваючая між лоз рачулка і наша вёска, уквечаная прамымі стужкамі белых дымкоў. Усё было нейкім адухоўленым, замілаваным”.
Адухоўленасць роднай прыроды, замілаванне ёй нязменна прысутнічаюць і ў лірыцы Уладзіміра Васько. Як ужо гаварылася раней, аўтар імкнецца зліцца з прыродай, увабраць у сябе неабдымны сусвет, яго вабіць далёкае і недасягальнае. Нездарма ў якасці эпіграфа да ўсяе кнігі ўзяты наступныя радкі:
Забаўна на неба глядзець,
на Млечную брукаванку.
Эх, каб з каханай туды паляцець
сёння ці заўтра наранку!
Аляксей КРУПОВІЧ.