10 траўня беларускаму пісьменніку Янку Маўру (1883-1971) споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння.
Янка Маўр быў пісьменнікам-першапраходцам, адкрывальнікам. Ён асвоіў невядомыя раней нашай беларускай дзіцячай літаратуры тэмы і жанры, спрыяў яе інтэлектуальнаму ўзвышэнню і мастацкай дасканаласці. У сваёй творчасці арыентаваўся на ўзроставыя асаблівасці юных чытачоў, умеў задаволіць іх цікаўнасць, узбагаціць іх веды, актывізаваць фантазію, станоўча ўплываць на фарміраванне характару. Пісьменнік быў упэўнены, што дзіцячая кніга павінна быць толькі добрай, цікавай і карыснай. I ён падарыў юным чытачам такія творы, якія і сёння ў актыве нашай дзіцячай літаратуры.
У 1927 годзе выйшла з друку першая кніга пісьменніка – аповесць “Чалавек ідзе” і мела вялікі поспех. У тым жа годзе Янку Маўру прапанавалі падпісаць дамову на новую кнігу. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага выдавецтва Цішка Гартны зазначыў, што ў Беларусі не шмат прыгодніцкіх кніг беларускіх аўтараў, а дзецям яны патрэбны; ён падказаў таксама, што гэта магла б быць кніга падарожжаў. У 1928 годзе ў свет выйшла прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра “У краіне райскай птушкі”, у тым жа годзе ўбачыла свет і аповесць “Сын вады”, а ў 1929 годзе – раман з загадкавай назвай “Амок”. Адначасова друкаваліся апавяданні Янкі Маўра аб далёкіх краінах: “Слёзы Тубі”, “Лацароні”, “Незвычайная прынада”, “Звяры на караблі” (цяперашняя назва “Бунт звяроў”) і іншыя. Так з’явіўся цыкл шырока вядомых таленавітых твораў Янкі Маўра пра далёкія краіны. Яны назаўсёды замацавалі за ім славу выдатнага майстра прыгодніцкага жанру. З павагай называем мы яго нашым беларускім Жулем Вернам. Матэрыялу па тэме жыцця ў іншых краінах у пісьменніка было дастаткова, бо заўсёды цікавіла яго тое, што адбывалася не толькі ў Беларусі, a і ва ўсім свеце. Не выпадкова яшчэ ў 1903 годзе ён дасканала авалодаў штучнай міжнароднай мовай эсперанта. На яго імя ў 1920-1930-я гады, а потым і пазней, прыходзіла карэспандэнцыя ледзь не з паўсвету: з Новай Зеландыі, Інданезіі, Амерыкі, Румыніі, Галандыі, Італіі, Новай Гвінеі, Явы і іншых.
Сам Янка Маўр выпісваў перыёдыку і іншую літаратуру на мове эсперанта. З канца 1920-х гадоў асноўнай у творчасці Янкі Маўра стала тэма роднай Беларусі, жыцця і спраў беларускіх дзяцей. У 1930 годзе выйшла з друку вострасюжэтная прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”. У ёй чытач адпраўляецца ў незабыўнае падарожжа па беларускім Палессі. У сюжэт аповесці “Палескія рабінзоны” ўключаны элементы дэтэктыва, тут шмат прыгод, шырока выкарыстаны прыёмы загадкавасці, таямнічасці, нечаканага ўскладнення і абрыву дзеяння. I сёння з цікавасцю чытаецца аповесць Янкі Маўра “ТВТ” – Таварыства Ваяўнічых Тэхнікаў (1934 год). У ёй няма незвычайных прыгод, бо напісана яна пра самае будзённае, у якім знайсці што-небудзь рамантычнае няпроста. Як лепшы твор беларускай дзіцячай літаратуры аповесць “ТВТ” у 1934 годзе была адзначана першай прэміяй на Усебеларускім конкурсе. На Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў у тым жа 1934 годзе Самуіл Маршак назваў яе лепшым творам усёй савецкай дзіцячай літаратуры.
За поспехі ў галіне літаратуры і грамадскай дзейнасці Янка Маўр узнагароджаны трыма ордэнамі, медалямі. У 1968 годзе яму было нададзена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР, а ў 1972 годзе Янка Маўр першы з беларускі дзіцячых пісьменнікаў быў адзначаны (пасмяротна) Дзяржаўнай літаратурнай прэміяй БССР.
Паводле СМІ.