Пабачыла свет кніга мастоўскага пісьменніка Язэпа Палубяткі “Прыгоды Мармулка”. Аповесць падае замалёўкі з кругаверці падзей першай паловы 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Яшчэ ходзяць “зайчыкі”, і пад выспяткамі лёсу галоўны герой, выпускнік філфака слыннага ў свеце ўніверсітэта, сам, як той заяц, туляецца па сталіцы маладой дзяржавы і раз-пораз уваходзіць у стасункі з самымі рознымі, добрымі ў большасці, сваёй людзьмі. А дзе трапляюцца не зусім добрыя, то яны не вінаватыя – жыццё такое.
У прадмове аўтар пазначае:
“Паўстаў стэаратып, што гісторыю робяць палітыкі. Яно недзе так. Толькі мая мама пра тое мела сваю думку. На ўсе іх дзеі было ў простай кабеты слушнае меркаванне: каб іх аброба абрабіла. Як і спакон веку, так і зараз, палітыкі тую гісторыю робяць хцівасцю да грошай, славы, надутага гонару. Чыніцца тое подкупам, крывёю нявінных ахвяр, даступнай ласкай працавітых на тое дыктатарак і г. д.
Яшчэ больш недарэчным паўстае меркаванне, што гісторыю пішуць гісторыкі. Не варта прыводзіць бязмерную колькасць супярэчлівых таму фактаў. Аднак, засведчу адзін, яскравы прыклад. Ён гаворыць пра
іх хлусню. Гісторыкі адзін у другога перапісваюць показкі, быццам болей за тысячу гадоў былі сведкамі тых падзей. Падзей, як прыклад, жахлівага і змрочнага часу старажытнага Егіпту, калі галодныя рабы цягалі тонныя камяні на вялікую вышыню для пабудовы пірамідаў. Пэўна, галадуха ім сілы надавала, што яны спраўляліся з тым лепш, чым сучасныя высотныя краны.
Усё гэта надуманае. Сапраўдную гістрыю пішуць сатырыкі. Толькі яны праўдзіва асвятляюць свой час і падзеі. Чытайце сатыру! Чытайце і будзеце як сведкамі гісторыі, так і яе стваральнікамі!
Смейцеся! Тым самым вы надасце сабе здароўя і пасееце ў тлумныя галовы недаверкаў зерне будучых усходаў дабрачыннасці, справядлівасці ды надзеі на лепшую будучыню”.
Пра аўтара:
Язэп Палубятка (Іосіф Іосіфавіч Палубятка) нарадзіўся 14.10. 1955 г. на хутары Боркі ля вёскі Дашкаўцы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобл. У 1978 г. скончыў Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці радыёфізіка і электроніка. Болей за дваццаць гадоў працаваў сувязістам у Мастах.
Першыя літаратурныя практыкаванні – раённая газета “Зара над Нёманам”. У рэспубліканскім друку дэбютаваў у 1991 г. у “Маладосці” апавяданнем “Краб”. У 1996 г. у гэтым жа часопісе выйшла аповесць “Вялікая жнівенская”. У часопісе “Першацвет” (1993 – 1995 гг.) надрукаваны апавяданні “Белы конь”, “Апошняя сповядзь”, “Маё дзіўнае вяселле”. Творы друкаваліся і ў іншых выданнях (“Алеся” і г. д.). У часопісе “Крыніцца” № 6 за 1997 г. была змешчана аповесць “Вайсковае евангелле. Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты”, якая была прызнана лепшым друкам года і ўганаравана прэміяй. У гэтым жы часопісе ў 2001 годзе свет пабачыла сатырычная аповесць “Прыгоды Мармулка”. Аповесць “Дуралесіца”, напісаная ў 1989 г., была надрукавана напачатку 2000-га года ў газеце “Наша слова”. Доўгі час супрацоўнічаў з часопісам “Вожык” (болей за два дзесяткі гумарэсак). У 1995 годзе на конкурсе “У гэтым свеце рознае бывае…” прызнаны пераможцам. Ініцыятар стварэння літаратурнага дадатку “Літаратурная Беларусь” пры газеце “Новы час”. Там жа друкаваўся.
Па розных выданнях змешчана болей за сорак трыялетаў.
У выдавецтве ЛитВек у электронным варыянце выйшлі дзве кнігі: “Прыгоды Мармулка” і “Вайсковае евангелле”.
Аповесць “Прыгоды Мармулка” па задуме аўтара распачынае сатырычную серыю на матывы беларускага жыцця. Наступнай кнігай ужо сёлета павінна стаць іранічна-праўдзівая аповесць “Вандроўка ў Чыкага”.
“Адбылося яно болей як дваццаць гадоў назад, але ўспаміны пра той час і зараз цешаць старэчую душу.
“Неспадзяванка! Такое бывае толькі раз у жыцці”, – фантастычныя мроі тлумілі розум чалавеку. Андрэй Міклашэвіч з маленькага мястэчка М. да самага апошняга моманту, нягледзячы на тое, што ўжо меў на руках пашпарт з візаю, не верыў, што яму пашанцавала паехаць у Амерыку, у горад быдлазабойцаў, ганстараў, мафіі – Чыкага. Толькі ў дзень ад’езду ўпэўніўся: “Абламалася Яе Вялікасць халява!”…
Наступнымі будуць “Дуралесіца” і “Вялікая жнівеньская”.
Нехта засумняваецца, ці сённяшні час – час для сатыры. А, мабыць, самы час. Вакол усё так хістка і няпроста, так глабальна няпэўна, што просты чалавек нічога ні памяняць не можа, ні нават разабрацца ў падзеях, якія адбываюцца. Добра верніку – ён можа проста верыць. А калі веры той малавата, то застаецца толькі смяяцца.
У аповесцях Язэпа Палубяткі смех перамяжаецца з іроніяй, іронія – з сатырай, сатыра – з праўдай, праўда – з небыліцамі, а разам гэта арыгінальная літаратура.
Яраслаў Грынкевіч.