18 лютага споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, літаратуразнаўца і фалькларыста Максіма Гарэцкага (1893-1938).
Максім Гарэцкі нарадзіўся у 1893 годзе ў вёсцы Малая Багацькаўка, што на Мсціслаўшчыне, у сялянскай сям’і, дзе акрамя яго было яшчэ чацвёра дзяцей. Хлопчык меў добрую музычную памяць і граў на скрыпцы, балалайцы, з захапленнем слухаў і запамінаў народныя песні. У 1909 годзе паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, якое скончыў у 1913 годзе.
У Максіма рана абудзілася любоў да мастацкага слова. У 1912 годзе ў газеце “Наша ніва”, якая выдавалася ў Вільні, пачалі з’яўляцца карэспандэнцыі, допісы, нататкі Гарэцкага, а 25 студзеня 1913 года там жа пад псеўданімам Максім Беларус было апублікавана яго першае апавяданне “У лазні”. У 1919 годзе пісьменнік пераехаў у Менск, потым у Вільню. Там выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі, дзе пазнаёміўся з настаўніцай Леанілай Чарняўскай, якая неўзабаве стала яго жонкай, паплечніцай і вернай спадарожніцай на нялёгкім жыццёвым шляху. Па заканчэнні вучобы Максім Гарэцкі жыў ў Вільні, дзе працаваў каморнікам землеўпарадкавальных камісій Віленскай губерні і дзе ён пазнаёміўся з Янкам Купалам, Змітраком Бядулем. Там жа ў 1914 годзе быў выдадзены і першы зборнік маладога пісьменніка пад назваю “Рунь”. У 1914 годзе Максіма Гарэцкага прызвалі ў царскую армію. Падчас службы ён адчуў усе цяжкасці салдацкага жыцця ваеннага часу: адразу трапіў на фронт, быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталях. Пасля невялікага перапынку зноў апынуўся на фронце. У 1916 годзе вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы ў Петраградзе, атрымаў званне пра-паршчыка, праходзіў службу ў Іркуцку, Гжацку, адтуль франтавыя дарогі прывялі яго на Палессе. Неўзабаве ізноў трапіў у шпіталь, доўга лячыўся. Антываенны настрой пісьменніка, антыгуманны, антынародны характар імперыялістычнай вайны знайшлі сваё яркае адлюстраванне ў такіх яго творах ваеннага часу, як “Літоўскі хутарок”, “Генерал”, “Палонны”, “На этапе”, “Рускі”, “Прысяга”, а запіскі Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне” (1914-1919) дазваляюць даследчыкам лічыць яго адным з пачынальнікаў ваеннай дакументалістыкі ў беларускай прозе. Камісаваны ў 1917 годзе, Максім Гарэцкі пераехаў у Смаленск, уладкаваўся на працу ў рэдакцыю газеты “Известия Смоленского Совета Рабочих, Солдатских и Крестьянских депутатов”, быў супрацоўнікам газеты “Звезда”. Разам з братам Гаўрылам склаў і выдаў “Руска-беларускі слоўнік” (1918) – першы вынік працы пісьменніка ў галіне лексікаграфіі. Праз год у Вільні быў выдадзены “Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнічак”, а ў 1924 годзе з’явіўся складзены разам з Міколам Байковым “Практычны расейска-беларускі слоўнік”. Педагагічную працу Гарэцкі сумяшчаў з працай у “Нашай думцы”, “Беларускіх ведамасцях”, а таксама з літаратурнай творчасцю. У гэты час былі напісаны яго аповесць “Дзве душы”, апавяданні “Апостал”, “Кросны”, “Панская сучка”. У 1920 годзе ўбачыла свет “Гісторыя беларускай літаратуры”, якая доўгі час была адзіным падручнікам для школ і ВНУ.
У студзені 1922 года Максім Гарэцкі разам з іншымі дзеячамі беларускай культуры быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў вядомы астрог на Лукішках па абвінавачванні ў сувязях з камуністамі і дзейнасць супраць дзяржаўнага ладу. Пэўны час Максім Гарэцкі знаходзіўся ў Латвіі, чытаў лекцыі на беларускіх настаўніцкіх курсах у Дзвінску. У гэты перыяд ім былі створаны драматычныя абразкі “Салдат і яго жонка”, “Свецкі чалавек”, “Каменацёс”, “Чырвоныя ружы”. У ліпені таго ж года вярнуўся ў Вільню, а ў 1923 годзе разам з сям’ёй пераехаў у Менск. У Менску ён чытаў лекцыі на рабфаку БДУ, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР, выконваў абавязкі навуковага сакратара літаратурнай камісіі Інбелкульта, быў яго правадзейным членам. З 1926-га па 1928 год Гарэцкі ўзначальваў кафедру беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Гэты перыяд жыцця быў вельмі плённым для пісьменніка. Выйшлі з друку яго аповесці “У чым яго крыўда?”, “Ціхія песні” (“Ціхая плынь”), зборнік “Досвіткі”, пасля паездкі ў Сібір і на Далёкі Усход з’явіўся цыкл невялікіх апавяданняў “Сібірскія абразкі”, прысвечаны жыццю беларусаў-перасяленцаў. У 1928 годзе пісьменнік разам з сям’ёй вярнуўся ў Менск, працаваў вучоным спецыялістам Інстытута навуковай мовы Інбелкульта, застаўся на гэтай пасадзе і пасля рэарганізацыі інстытута ў Акадэмію навук.
18 ліпеня 1930 года па безпадстаўным абвінавачванні ў прыналежнасці да неіснуючага “Саюза вызвалення Беларусі” Гарэцкага арыштавалі і асудзілі на 5 гадоў з высылкай у Вятку, дзе яму давялося працаваць чарцёжнікам, тэхнікам-каштарыснікам, простым рабочым. Па заканчэнні тэрміну ссылкі ў 1935 годзе Максім Гарэцкі ўладкаваўся настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе ў пасёлку Пясочня Калужскай вобласці. Але і ў гэтых неспрыяльных і нават драматычных абставінах пісьменнік не спыняў творчай дзейнасці, пісаў раман-хроніку “Віленскія камунары”, які лічыцца адным з найбольш значных твораў беларускай літаратуры 1930-х гадоў. Працаваў над задуманай яшчэ у 1920-х гадах “Камароўскай хронікай”, своеасаблівай сялянскай, сямейнай хронікай, у якой імкнуўся адлюстраваць лёс беларускага народа ад часу прыгоннага права да сучаснасці. Для работы выкарыстоўваў назапашаныя матэрыялы з ўласнага архіва, што ў 1932 годзе прывезла жонка, якая прыехала ў Вятку разам з дзецьмі. У гэтыя ж гады Гарэцкі працуе над сваімі апошнімі творамі “Лявоніус Задумекус” і “Скарбы жыцця”, у якіх адлюстроўваецца драматызм становічша рэпрэсаванага пісьменніка, яго роздумы аб сутнасці жыцця.
У ноч на 4 лістапада 1937 года Максіма Гарэцкага зноў арыштавалі, а 5 студзеня 1938 года прыгаварылі да расстрэлу. Па некаторых звестках, ён быў расстраляны ў тым жа годзе ў Вязьме. Рэабілітавалі ў 1957 годзе.
Паводле СМІ.