У Календары-Чысленніку творчых асобаў на 2023 год унесены даты, якія заканчваюцца на лічбы 3 і 8 — для напамінку пра юбіляраў і даты Памяці творцаў.
Даты звонкія мы ўносім
чым? Чароўнай лічбай – восем.
Юбілярам у сябры
просіцца і лічба – тры.
1 жніўня 2003 года паэт Уладзімір Скарынкін пакінуў такія пажаданні:
Тым, хто вандруе з грэкаў у варагі,
няўрымслівасці зычу і адвагі!
А мае зычэнні чытачам такія:
– Сто летаў, зімаў, вёснаў
і новых творчых вёслаў,
каб кожны зведаць востраў,
Планету павярнуць
і ў Космас зазірнуць:
мо й НАШЫ там жывуць?
Але – што трэба найперш?
Каб з новай патрэбай жыць
і шчыраму сэрцу парадзіць –
самога сябе адкрыць
Веку, Радзіме, Праўдзе.
…Варта нам не забыцца прытуліцца да класікаў:
ЯНКА КУПАЛА:
І няма на свеце так вялікай меры,
І няма на свеце так каваных дзвераў,
Каб хоць на часіну ў будні ці нядзелю
Беларусь са мною разлучць пасмелі.
Таму кожны раз пры сустрэчы пытаюся:
– Хто ахвочы, каб сустрэліся на Ўзвыссі?
Вочы ў вочы! Сэрца ў сэрца! Мыслі ў мыслі!
Сяргей Чыгрын, народжаны 24.09.1958 года, першым азваўся са Сноніма…
Глыток-радок паднёс Чыгрын:
матае не на вус – на дрын…
І кожны том яго – з іскрын,
каб мёрскі малец лез на тын.
Малец з Мёраў падтрымаў:
Вам зычэнні, каб шчырэць,
бегчы, несціся, гарэць,
радавацца, не паддавацца,
шчыра каб зычэць-гучаць,
Бацькаўшчыну велічаць.
30.Х1.2020.
Велічаць – пад ясну зарыцу! 2 кастрычніка 2013 года ў Празе адбылося прадстаўленне дыска маіх фальклорных запісаў “Пад ясну зарыцу” (запіс 1968-69 гадоў), дзякуючы спрыянню Сяргея Доўгушава, народжанага 17.04.1983 года.
Прага. Прабіліся з памяці і маркотныя даты: 21.08.1968-1981 – аперацыя “Дунай”. Акупацыя Чэхаславакіі войскамі Варшаўскай дамовы.
А суседка Чэхіі – Сербія. Там нарадзілася 12.03.1993 года Даяна Лазарэвіч,
Памяць – Вір пастаяны,
непагаснасці Зьніч.
Дзе Гучанне Даяны,
там і Сербіі кліч!
15.Х.2017.
У 2019 г. Даяна выдала зборнік перакладзеных ёю маіх вершаў пад назвай “Вішні цвітуць”. Я апублікаваў стос перакладаў вершаў Даяны разм з перакладамі вершаў Эвы Панізнік з Польшчы ў зборніку “На падкове Дзвіны” (2019).
На планеце ля дзяржаўных межаў
весніцца сваяцкая душа, –
І няма – у роўнасці – замежжа,
і знікае – ў роднасці – мяжа.
Паўлычка Дмытро Васільевіч нарадзіўся 28.09.1929 года -украінскі паэт, перакладчык, літаратурны крытык, дыпламат, Герой Украіны. На яго зборніку вершаў “Гранослов” я атрымаў аўтограф у г. Мікалаеве 8.VII.1968 г. А 6.02.2009 г.. – дарчы надпіс у Менску. Запомнілася, што Дмытро Васільевіч адрасаваў аўтограф мне, свайму беларускаму брату, “з вялікай надзеяй на заўтрашні дзень твайго жыцця і жыцця Беларусі”.
Убарадулены!
Каму “камы-клёцкі”,
а наш Алесь Камоцкі
Заслужыў – і не ўчора –
Дабраслаў ад Рыгора!
9.VI.2008 год.
Мірановіч Міхаіл Канстанцінавіч, народжаны 18 лютага 1948 года. Сатырык, мемуарыст, парадыст. У 2003 г. стаў лаўрэатам прэміі імя Кандрата Крапівы.
З віншаваннем Міхасю
шлю мяцеліцу – усю!
Каб круцілася фарсіста
ля паэта-парадыста.
І прысядзе тоўсты Слон
на яго зыбучы ўслон.
18.02.2016.
1.03.1943 г. нарадзіўся Уладзімір Пецюкевіч. На вершы паэта напісалі песні кампазітары М. Алешка, Дз. Даўгалёў, Я. Захлеўны, П. Ярмоленка…
Пад зоркай Мілавіцай
жыві з любоўю ты.
Хай песні з-пад званіцы
ткуць ветразь малады.
26.01.2010.
1.03.1948 г. нарадзіўся Анатоль Сідарэвіч. Пра-панова на яго ганцавіцкі выгук:
Ёсць выхад адсуседзіцца,
узвысіцца адлупамі…
І ў Нацыю з Насельніцтва
з ахвотаю патупаем.
31.V.2012.
Эспіноза Руіс Анхэла нарадзілася ў 1993 годзе ў Іспаніі. Паэтэса, літаратуразнаўца, перакладчыца.
Эдуард Гашынец, славацкі славіст, нарадзіўся 29.ХІ.1923 года.
17.01.1953 г. нарадзілася Ірына Жарнасек, паэтэса, празаік пякучай тэмы.
Ад’язджае Каляда…
Для Ірыны не бяда:
І Вадохрышча спаткае.
Святы Юзаф прывітае.
Ну а я не Ледасек.
Вам дарунак маю – лек
– Будзь шчаслівым,
Творчы Век!
17.01.2018.
3.V.1953 г. нарадзіўся Франц Сіўко – празаік, публіцыст. Лаўрэат прэміі “Гліняны Вялес” (2015).
1998 г. Ордэнам Трох Зорак (Трыс Звайгзнэ) ад прэзідэнта Латвійскай Рэспублікі ўзнагароджаныя Васіль Сёмуха, Рыгор Барадулін, Сяргей Панізьнік.
25.1Х.1938 г. нарадзіўся Вячка Целеш – мастак, педагог, выдавец, фалькларыст, краязнавец, заснавальнік Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, Рыжскай нядзельнай школы…
Вячка! Дружа!
Жменю ружаў
пасылаю праз прасцяг.
Будзь жа дужы,
як наш Сцяг.
З верасьнёвых новых дзей
Маеш гонар! Маладзей!
27.Х!.1988 г. Вячка Целеш заснаваў Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.
Скарына Рыгу не забудзе –
нам зорыстым дазорам будзе!
На дзвюх мовах выдаў Вячка Целеш анталогію “Беларускія мастакі ў Латвіі 1920-1990” – па-латышску і па-беларуску.
1158 год. Нямецкія купцы заснавалі гандлёвае паселішча ў вусці (рыгве) Дзвіны. Узнікла Рыга, сталіца Лівоніі. Узбагацеў гандлёвы Шлях з Грэкаў у Варагі.
1888 год. Андрэй Пумпур апублікаваў латышскі гераічны эпас “Лачплесіс”.
Ачнуўся люд. Адчуў ён сэрца зрух:
– З адвагаю і вернасцю жывіце!
Уваскрасае гераічны дух,
калі гадуе нацыю Будзіцель.
17 – 30.У.1988 год. Экалалагічную экспедыцыю па Дзвіне-Даўгаве правёў Васіль Якавенка (5.05.1936-22.01.2018) – празаік, публіцыст, выдавец. Удзельнікі – вучоныя з Латвіі, Расіі, Беларусі.
19.01.1518 г. Убачыла свет “Премудрости Божией книга” Францішка Скарыны.
Per aspera ad astra
Праз церні да зорак.
27.02.1958 год. Рэабілітаваны Юрка Гаўрук (6.05.1905-18.02.1979) – аўтар першай на Беларусі анталогіі паэтычных перакладаў “Кветкі з чужых палёў” (1928).
30.06 – 7.07.1968. У Мікалаеве на Украіне праходзіў Другі фестываль паэтаў братніх рэспублік. Прысутныя Алесь Разанаў, Мікола Маляўка, Сяргей Панізьнік.
4.Х.1498 г. Полацку – сталіцы першай дзяржавы на беларускай этнічнай тэрыторыі нададзена Магдэбургскае права. Упершыню згадваеца Полацак у 962 годзе.
Веча гудзе. Сёння з продкамі сталі мы ў шэраг.
Дабраславеннем у сэрцайку кожным гарыш,
Полацак! Ты радаводны наш бераг,
Вечны як наш Еўфрасінеўскі Крыж!
25 сакавіка 1918 года абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.
13.03.2018 г. у парку імя Янкі Купалы (Мінск) адкрыты памятны знак у гонар ідэёлагаў беларускай дзяржаўнасці Антона і Івана Луцкевічаў. Спрыянне Маргарыты Сяргееўнай Пяровай – стрыечнай пляменніцы Луцкевічаў.
Тут браты спазналі лёс:
Быць на новым старце…
І Купалу не да слёз…
Беларусь – на варце!
Эва Панізьнік-Бах жыве ў Польшчы; нарадзілася 5.01.1988 г. у Гданьску.
А Вераніка Панізьнік нарадзілася ў Менску 9.02.1978 г. Жыве ў Канадзе.
Будзе сёння і пасля,
нібы той Скарыны бохан,
Беларусь для ўсіх пад Богам –
Веры, Любасці зямля.
Крук Валянціна Іосіфаўна нарадзілася 9.ХІ.1958 г. 23 гады ў Верхнядзвінску працавала кніжніцай рухавай, мая музейная Хата бабкі Параскі была пад яе апекай. У Полацку часта запрашала мяне для выступленняў. На мой расповяд пра прысутнасць на чарнобыльскай зямлі мілая Валянціна Іосіфаўна напісала: “Сяргей Сцяпанавіч, жывіце доўга, даўга!” Адказаў ёй так:
Будзем жыць, як набяжыць?
Нам над марамі кружыць,
Бо струна яшчэ дрыжыць!
Сэрцу хочацца служыць,
Бацькаўшчынай даражыць.
2.IV.2018 г.
9.У.1953 года нарадзіўся Віктар Хурсік.
І не ў хроніцы-заслонцы,
а пры светленькім ваконцы
Павіншую я суседа,
каб тварыў для запавета
з Беларусі – на паўсвета.
І пры Поўні, і пры Сонцы –
сёння, заўтра і бясконца!
9.V.2019.
Мой зборнік для дзяцей “Літары ў расе” ў 2011 г. з’явіўся ў выдавецтве Віктара Хурсіка. У тым жа годзе і зборнік “На ўсе вякі…” – па-беларуску і ў перакладзе на англійскую мову Дагмар Волкат, на французскую – Ніны Дзябольскай.
6.IV.2013 г. Барыс Уладзіміравіч Кіт пакінуў такі запіс: “…Шкада толькі, што сярод беларусаў ніколі не было паяднання”.
Ёсць наказ
любіць не на паказ…
А мо лепей, каб упыры
вывесілі цэтлікі
“Неяднанцы-растапыры,
выправім хрыбетнікі!”
30.VII.2013.
.
Еўфрасіння Полацкая (1104 – 23.V. /5.VI/ 1173).
У 1883 г. прылічана да ліку святых. У 1931 г. копія Крыжа заступніцы і асветніцы, народжаная Прадславай, была ўстаноўлена ў Яўнлатгальскай царкве (цяпер Абрэнэ на тэрыторыі Расіі).
У 1938 г. Сяргей Сахараў выдаў у Рызе кнігу “Пре-подобная Евфросиния, княжна Полоцкая”.
Мне не суджана пакахаць.
Буду веру аберагаць
ад грахоў.
Цераз полымя гарадоў
Прыплыву да сваіх братоў
па любоў.
(Песню “Споведзь” на мае словы стварыў кампа-зітар Віктар Войцік).
15.02.1943 г. – пачатак Асвейскай трагедыі пад назвай “Зімовыя чары”. Стварылі кнігі на гэтую тэму Ірына Жарнасек, Сяргей Панізьнік.
2003 год. Сяргею Панізьніку нададзена званне Ганаровага грамадзяніна Асвеі.
І не мружацца Асвеі
зацярушаныя веі,
і не вылюблена выя…
Шэрым воўкам Доля вые…
(З “Рэквіяма па ахвярах Асвейскай трагедыі”).
22.03.1943 г. – трагедыя ў Хатыні. Загінула 149 чалавек, з іх 76 дзяцей. Даты жыцця Камінскага Іосіфа Іосіфавіча: 1887-1973.
А дзе той каваль жыве,
што каваў падковы?
Над Хатыню звон плыве
вечнасці суровай.
Валяніна Казлоўская – Лясная Кветка (19.08.1907 – 31.03.1938) – расстраляная як шпіёнка латвійскай разведкі.
Яснейшых дзёён у Бога дачакаем,
і пройдзе час нялюбасці і зла.
О, знай тады, што для цябе, мой Краю –
Мой шматпакутны, для цябе жыла.
Каб стала Домам Дружбы – уся Зямля!
Эдуарду Зарыцкаму (9.02.1946 – 6.06.2018) – кам-пазітару, Народнаму артысту Рэспублікі Беларусь, Заслужанаму дзеячу мастацтваў, майму сутворцу:
Габой. Валторна. Пастараль.
Капрычыё і канцэрціна.
Там фартэп’яна, тут – раяль…
Зарыцкі – айсберга ільдзіна.
9.02.2010.
Багач. Уладзіміру Сакалоўскаму (10.ХII.1930-20.VI.2013) – навукоўцу, перакладчыку.
Я пры жыцці яго падзяку
насіў, бо знаў не дзіваком,
Калі ён Веду і Пазнаку
валок з Еўропы ў менскі дом.
Падносіў скарб не для бадзягі,
а на падоймы тыражу…
Я пры жыцці насіў падзякі, –
паклон і сёння паднашу.
20.VI.2013.
Ліс Арсень Сяргеевіч (4.02.1934 – 28.У.2018) – літа-ратуразнавец, доктар філалагічных навук, адзін з укладальнікаў акадэмічнага збору “Беларуская народная творчасць”, аўтар кніг пра Я. Драздовіча, М. Гарэцкага… У 2008 г. выдаў кнігу “Gloria viktis”. Імя Арсена Ліса – у кнізе гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.
Янка Купала.
Мінск, Маладзечна, Вільня –
Як жа знаёмы шлях гэты!
Змерыў яго я калісьці,
Як шукаў шчасця па светах.
Вольга Грыцук, дачка Васіля Дуброўскага (29.Х.1923 – 22.IV.2019 ) – грамадзянка Канады, аўтар вершаў, успамінаў …
Жыла ў Дзісне з Дуброўскімі, Ластоўскімі.
Там чула Жаўняровіча псалмы.
Дасюль Дзісна ні крыгамі, ні войскамі
не змецена: там Адзігітрыя і мы.
- IХ.2013.
10.V.1968 года Уладзімір Караткевіч мне параіў правесці Дзень народзінаў у двары дома на вуліцы Веры Харужай, 26, дзе ён меў кватэру. Тады і пазнаёміў мяне з Вацлавам Жыдліцкім, Аляксандрам Баршчэўскім. З Алесем Барскім я сустракаўся часта. Запомніўся яго жарт у тэлефоннай размове з паненкай: “О, як вы сёння хораша выглядаеце!” Чуўся вясёлы смех задаволеай слухачкі. Алесь нарадзіўся на Беласточчыне 2.ХІ.1930 года. Беларускі паэт, літаратуразнавец, публіцыст, перакладчык, Ганаровы доктар БДУ (1993) развітаўся з польскімі прасторамі 28.03.2022 года.
Ніна Янсанэ – Панізьнік (21.ХІ.1933 – 11.ІХ.2019) – перакладчыца з латышскай мовы твораў Яніса Райніса, Саулцэрытэ Віесэ, Андрыса Веянса, Матыльды Езавітавай, Вілберта Краснайса, Айі Лацэ… Мая родная сястра падрыхтавала для мяне падрадкоўнікі вершаў многіх латыш-скіх паэтаў. Пакінула лірычныя ўспаміны і вершы пра айчынную зямлю, дзе і Сонца па зямлі хадзіла…
Сястра, зажурынка мая,
і мне ты кладачкі масціла.
Вясной пакормім салаўя,
каб Сонца па зямлі хадзіла.
Леанід Маракоў (15.IV.1958 – 17.ХII.2010) – пісь-меннік, журналіст, энцыклапедыст, даследчык гісторыі рэпрэсій на Беларусі. Аднавіў біяграфіі больш як 20 тысяч грамадскіх і культурных дзеячаў.
Імёны катаў акаяных
на свет выводзіў Леанід.
Боль Беларусі – акіянны,
але пад намі ёсць граніт.
Нудзьга Грыгорый Антонавіч (21.01.1913 -14.03.1934) – украінскі пісьменнік, фалькларыст, крытык. Аўтар даследавання “Беларуская песня за мяжой”. (Часопіс “Полымя”, № 4, 1967 г.)
У 1823 годзе арыштаваны ў Расіі па справе філаматаў Адам Міцкевіч (24.ХII.1798 – 26.ХI.1855). Яго жыццёвы шлях ад Завосся каля Наваградка – да Кракава ў Польшчы. Польскамоўны беларускі паэт, публіцыст, асветнік.
У 1818 г. стварыў першы верш “Гарадская зіма”. Яго вызначалі як аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, беларускім польскамоўным паэтам. Прафесар славянскай славеснасці на кафедры славянскіх літаратур у Каледж дэ Франс у Парыжы прамовіў: “На беларускай мове, якую называюць русінскай, гавораць каля дзесяці мільёнаў чалавек, гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана”.
Кастусь Каліноўскі /Вінцэнт Канстанцін / (2.02.1838 – 22.03.1864) – нацыянальны герой Беларусі, кі-раўнік вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў. Публіцыст, паэт, выдавец, аўтар “Лістоў з-пад шыбеніцы”, “Мужыцкай праўды” (1862) – першай у гісторыі газеты на беларускай мове.
Хай жа будзе заўжды пры нас
З добрым імем, каляным, носкім,
Як вось гэты гранітны сказ:
“Кастусь Каліноўскі”.
5.IV.1967.
Абала Мірдза Эдуардаўна (23.02.1923 – 24.02.2007) – доктар філалагічных навук, перакладчыца, даследчыца беларуска-латышскіх сувязяў, стваральніца “Беларуска-латышскага і латышска-беларускага слоўніка” (З дапамогай Ніны Янсанэ).
О, Мірдза Абала, пішы:
З рыгва Даўгавы латышы
Купалу звалі на прыём…
– Laj dzivo! Ў дружбе мы жывём!
28.VIII.2021.
Белакоз Алесь Мікалаевіч (11.ХІ.1928 – 1.ХІІ.2016) – стваральнік Літаратурна-этнаграфічнага музея ў Гудзе-вічах Мастоўскага раёна. Пасля сустрэчы там з вялікай сябрынай апантаных творцаў напісаўся ўзнёслы верш. Вось некалькі радкоў, народжаных у 1984 годзе:
Слова там на вусенках журкоча,
гоіць і зачарствелы шрам…
Дзе вы, Гуды? Крочу не на ўзбочча,
а на шлях у выратавальны Храм.
Талерка Мікалай Нікандравіч (4 /17/ ХII.1898 -3.04.1984) – педагог, паэт, мастак, празаік, фалькларыст, беларускі культурна-грамадскі дзеяч у Латвіі.
Сартакоў Сяргей Венядзіктавіч (26.03.1908 -1.V.2005) – рускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1970). У Віцебску на літаратурнай сустрэчы прамовіў:
– А я, браткі, напалавіну беларус. У мяне мама беларуска…
(На літаратурнай вечарыне ў Верхнядзвінску прысутнічала дачка Сяргея Сартакова. Адбылося і наве-данне вёскі каля старажытнай Дрысы.)
– На радзіме і дождж сушэйшы! – Прамовіў Васіль Быкаў у Пуцілкавічах 16.VI.1985 года, калі мы аглядалі Дом-музей Петруся Броўкі. Незабыўныя сустрэчы адбыліся з ім ў Горадні, на Кургане Дружбы каля Верхнядзвінска…
Васіль Уладзіміравіч Быкаў (19.VI.1924 – 22.VI.2003) – у сваю дывізію пайшоў, як і Аляксей Пысін. Таму і жыве абаронная раць удзельніка баёў у Румыніі, Венгрыі, Югаславіі, Аўстрыі… Падчас Кіраваградскай аперацыі яго паранілі (памылкова імя запісалі на абеліску загінуўшым 7.01.1944 года).
Але як пісьменніка, грамадскага дзеяча Васіля Быкава не забываюць на мацерыках планеты, памятаюць у нас народнага дэпутата, Ганаровага грамадзяніна Ушацкага раёна… А найперш Васіль Быкаў – Герой Сацыялістычнай працы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Народны пісьменнік Беларусі.
З 1966 года у Васіля Быкава часта былі непярэліўкі. З яго гарадзенскіх успамінаў вычытаў: “…многа мы перажылі ўдвух з Карпюком”.
Першы верш, які я прысвяціў Васілю Быкаву пасля ўзрушанай сустрэчы ў чэрвені 1969 года, пачынаўся радком “Трубілі трубачы ў Гародні”. Дазнаўся, чаму сцены гарадзенскія стаяць? А каб не ведаць нападу і згубы…
Для чысленніка з яскравымі лічбамі 3 і 8 далучаю і такія весткі:пра лаўрэата
Дзяржаўнай прэміі БССР (1978), лаўрэата Ленінскай прэміі (1988), у 1988 г. Васіль Быкаў стаў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага Фронту (прыслухаўся да парады Рыгора Барадуліна). 1968 год быў асвечаны выхадам кнігі Быкава “Праклятая вышыня”, а 1998 год – выхадам кнігі “Крыжовы шлях”.
А я ў кнізе паэзіі “Чало і век” (1979) Васілю Быкаву прысвяціў верш “У Гродні”. Там ёсць такія радкі:
Як ваяцкая булава
паднялася над горадам сонца.
І жыве абаронная раць,
звонка трубяць гарачыя трубы!
Каб не ведаць нападу і згубы –
сцены гродненскія стаяць.
І сцены ў літоўскім гарадку Ніда трапяталі пры размове Васіля Быкава з украінскім паэтам Дмытром Чараднічэнкам. Я пераклаў верш Дмытра “Куршская дуга”, прысвечаны Быкаву. Там ёсць і такія радкі:
Так пахла ў паветры Свабодаю,
Калі мы сустрэліся ў Нідзе!
Прытуляю некаторыя цытаты з вершаў-прысвячэнняў Васілю Уладзіміравічу:
Перада мной учэпісты рубеж:
Яго і бураломам не праб’еш…
Чую-чую: у звыклай буднасці
трапяткое крыло… І верыцца:
не заснула ты, чуйнае сэрца,
да прылётнай абуднасці.
Пад завеяй не задыхнулася,
не знямела яшчэ – і можа
тою гулкаю быць Каложай,
што над Нёманам нахінулася.
“Васіль Быкаў: “І жыве абаронная раць…”. Артыкул быў змешчаны ў кнізе нататак “Абліччы сустрэчаў” (2017). Друкавалі мае тэксты і ў іншых выданнях. Людміла Хейдарава пра мае высілкі адказала так: “Дзякую за ўсе Вашыя згадкі, па якіх можна выбірацца з лабірынтаў мінулага да нашай еднасці, гонару і славы, каб “стаць у шэрагі непахісных”. І гэты неацэнны быкаўскі цуд: “На радзіме і дождж сушэйшы!” – да слёз” (19.06.2018).
Так, светлая Памяць пра атланта Быкава асмельвае нас на ўгаспадаранне яго айчыннага мацерыка.
Сяргей Панізьнік.
Снежань 2022 года.