Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Сяргей Панізьнік. СУБЯСЕДНІКІ

Сяргей Панізьнік. СУБЯСЕДНІКІ

14 снежня 2022, 07:14 літаратура 47
Сяргей Панізьнік. СУБЯСЕДНІКІ

Нарадзіўся 10 траўня 1942 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Бабышкі ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласьці БССР. Скончыў Магілёўскую медыцынскую вучэльню (1962), факультэт журналістыкі Львоўскай вышэйшай ваенна-палітычнай вучэльні (1967).

З 1967 года – ваенны журналіст. Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі(1967). Знаходзячыся на службе ў Савецкім Войску ў верасьні 1969 года быў накіраваны ў Чэхаславаччыну.

З 1977 года працаваў у газеце “Вячэрні Мінск”, з 1980 гада – рэдактар на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982-1996 гадах – у выдавецтве “Юнацтва”, адначасова ў 1992-1994 гадах – у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны, у 1996-1999 гадах – навуковы сакратар Літаратурнага музея Я. Купалы.

 

  Радзіма ў слове ёсць,

                                         Пакуль вы з намі,

                                  Купалы неба,

                                   Коласа зямля.

                                                             Рыгор Барадулін.

 

У творчых бяседак удзельнічаюць аўтар пад пазнакай  / – /, і яго  субяседнік  пад  пазнакай / + /.

 

х   х   х

 

– Скажыце, а хто жыве ў жыце?

+ А гэта  – Жыцень!

– З ім падружыце і не тужыце,

ласкаю абкружыце і старажыце…

З ім Памяць асвяжыце,

чужым не давайце,

з ім выспявайце!

+ З памоста на аванпост:

адразу пойдзем у рост!

 

х   х   х

 

– Шлюб – шляя, ці почап?

+ І не матавіла!

– Дзеўка замуж хоча.

Кажа ля кадзіла:

“Толькі ў Бога сіла!”

 

х   х   х

 

– Усёй гамэрняй на мяне?

+ Цябе і кій мой не міне…

– Запалі хутчэй лучынку

для адчайнага ўчынку!

 

х   х   х

 

– Не макаў у пюрэ я пяром…

+ Ты стылом верш паслаў на паром?

– Сплыў бы ў Дрысу, а там Антон-гром…

+ Рвецца ў вершы твае напралом?

 

х   х   х

 

– Чаму Тунгус круціў мне вус?

+ Каб стаў шляхетным беларус!

– І каб змяніў на стол абрус?

+ А генералісімус – свой курс!

х   х   х

 

– Ля відэльцаў косці

пакінулі  госці…

+ А сыйшлі ягамосці–

і сядзіба  ў млосці.

– Ох, сабака ў злосці…

 

х   х   х

 

– Да каўбас ёсць толькі квас…

+ Ох, пакрыўдзіш ты ўсіх нас….

– У суседа чуцен бас…

+ Падламаў яго абцас?

– Закусон дае не ў час…

х   х   х

 

– Адкінуць пархі – і сканаць?

+ Аддаць канцы – яшчэ не знаць,

хто будзе свечачку трымаць…

+…І хто ўсіх нас прыпамінаць.

 

х   х   х

 

– Адна душа – на два каўшы.

Усё былое – ў поўненькім

+А над пустым вятры-стрыжы,

дзе сам ты стаў ахоўнікам,

ды не слаістага лаўжа,

а будучыні-пространі…

– Хай стане поўніцай душа,

калі запоўню ростані.

 

х   х   х

 

– У скамечанага вечара

ёсь і такое лечыва –

уздых:  – Вады!

+ Няма хады

далей грады?

Дай лататы…

Такой бяды…

– Дзе свечачка сустрэчная -?

Я ж – малады!

(Даць лататы – даць драпака.)

 

х   х   х

 

– Нельга  часта частавацца

і гасцінцу пакланяцца…

+ І на кліч не азывацца?

– Нельга часта адлучацца,

каб гуляць у падшыванца…

+ Хто чакае – не блукае,

адхіляе свалату.

– О, то хай на гібкай кладцы

разгайдае ён бяду,

напрамкі на свет пайду!

 

х   х   х

 

– Крэкча гультаёк нядзельны:

“Вам прывет мой абнадзейны!”

+ Надакучлівы свой тост

перадай казе пад хвост!

 

х   х   х

 

– Прастылай новай раніцай

дзень свежы не параніцца.

+ Ты ведаеш, што браць,

каб грэлася каленца

і гаспадынькі сэрца.

– Ёй радасць мне вяртаць,

сугрэвам думак стаць.

 

х   х   х

 

– Зноў пратопалі сустрэчныя…

Помню гнуткія парэнчыны.

Калыхала рэчка быстрая,

зараджала Волта пырскамі…

+ Годы мчацца, абдымаюцца,

за парэнчыны трымаюцца.

 

х   х   х

 

– Мая суседачка Выява

так пахваліла: – І Вы – ява!

+ Лагодных позіркаў праява:

ажно становіцца мне млява…

– Учынак той – натхнення з’ява.

Таму і складзена заява:

“Той, хто працуе “на халяву”,

не будзь падобны на казяву!”

+ Цалуй суседку,  не раззяву!

 

х   х   х

 

– Радзіўся “ў роўную пару”!

+ І ты – узняўся на гару?

– Няўдачы скочылі ў нару…

+ З”явілася на галінцы краска?

– У “роўную пару” каханне – ласка!

 

х   х   х

 

– Пад падушкай “ні шаша”…

Шэпча шарая душа:

“Ты падобны на глыжа…”

+ Цыркну з поўнага Каўша:

“Будзь ты мне за Талаша!”

(Коўш – сузор”е ў паўночнай частцы зорнага неба..

Дзед Талаш /25.Х!!.1844-23.У111.1946/)

 

х   х   х

 

– Рунь – схавалася варона.

Юр’е – зелянее крона.

Час *пайсці пад жыта* і гукаць вясну.

+ Я з Дзядамі і Ярылам –

чарадзеем белакрылым

крыламі ўзмахну…

– Я да саменькага ранку лягу ў баразну…

 

х   х   х

 

– Сусед з суседам ладзіць

і да стальніцы гне…

+ Мо кій на кій – завадзіць,

абед  з абедам – не!

 

х   х   х

 

– Закінь назад , і знойдзецца – наперадзе…

+ А ваша шчасце дзе ?

– Шукаю  і не ў пустынным нераце.

Убачыце мяне – находцы вы паверыце!

 

х   х   х

 

– Ёсць сястрыца – не сварыцца…

+ Ёсць капліца – памаліцца.

– Ёсць у домніцы карытца,

дзе выварваецца крыца

+ І каваль, каб маладзіцца,

хоча крыцай пагаліцца…

– Нам каваць -каб не скарыцца!

(Крыца –  жалезная нарыхтоўка, якую выварвалі з чугуну ў плавільнай домніцы).

 

х   х   х

 

– Там Шлях відзён,

дзе  Сцягі дзён

і сам душою маладзён!

+ І мы  – няўлоўны легіён,

каб Сцягі ўзняць на бастыён.

– Паверыў я, што Мова – Плён.

Без Мовы трапім у палон.

 

х   х   х

– Кубел  мудрасці  адкрыўся

для сівога  Гуся:

*З галавой не дагаварыўся, –

і да ног ня сунься!*

+ Стукне Гусь  у  звонкі кубел,

слоў набраўшы ў глотку:

*Я з Гусыняй сяду ў лодку:

паміж ног і галавою буду пасяродку”

 

х   х   х

 

– Спіць стоячы, на адной назе…

+ Такое не ўдаецца і Казе.

– Прашу: няхай не кружыца Зямля,

а то саскоча Поўня з Жураўля.

(Журавель – падымач над студняй).

 

х   х   х

 

– Не хмялею, а мялею.

Болей вып’ю – акалею.

У глытку чарговым – ноч:

веташок плыве наўзбоч.

+ Анямеўшы, агалеўшы, –

і не ўспомніш: хто ты, дзе…

Ночка ўбачыць, Ветах з’еўшы:

воддаль водмель… КОРЧ плыве.

 

х   х   х

 

– Страха страху не вісіць!

+ Нарэшце…

+ Ком на рэшаце…

Насіць?

– Нарэжце…

 

х   х   х

 

– Ні туды, ні сюды…

А куды?

+ Па дарозе ідзі  без нуды!

– Добра бегчы, пакуль малады.

+ Вёскі зніклі. Паўсюль гарады.

– А фальклор без гулянак – худы…

 

х   х   х

 

– Ён крычаў бясконца:

“Выпівай да донца!”

+ Не схаваецца скарынка:

ў нагавіцах ёсць шырынка.

– Як завецца яна ў турка?

+ Мой сусед назваў: кятурка.

( У літоўскай мове keturka )

 

х   х   х

 

– Косьці ў бэйбуса зайграюць,

то худзягу чым караюць?

+ Пасля лазні на душку

яго не зловіш і ў мяшку!

 

х   х   х

 

– На мяне панёс прахвост:

“Не паправіў казе хвост…”

+ Ну а хто там у лазе

выкрутасамі трасе?

– Мо Квактуха скарб нясе…

 

х   х   х

 

– Бедны гаруе,

што “кіем” не ўкіруе…

+ А багаты тужыць,

што “кій” яму не служыць.

 

х   х   х

 

– Былі дзянькі ашчадныя,

былі часіны чадныя.

+ Чуў, як Мудры

ад лахудры

адбіваўся, з”еўшы путры:

“Не вучы вучонага –

з’еш аўсу таўчонага!”

–  Ох, не знала шлюха наша,

што такое путра-каша…

(Лахудра – шлюха; путра – забеленая каша з аржаной мукі.)

 

х   х   х

 

– Так-так-так! Напружвай грудзі:

разам пойдзем на палюддзе

+ Ператакаваць не буду,

а то раніцу забуду

– Не паснедаўшы – заблудзім,

не ўзгадуем ласку людзям.

+ Так-так-так! Любоў дабудзем!

На палюддзі скарб увудзім!

(Палюддзе – збор даніны.)

 

х   х   х

 

– З”елі яешню –

пайшлі на палешню.

+ А ваўчаняты-парнісцікі

пахаваліся пад лісцікі.

(Палешня – паляванне, парнісцікі – блізняты.)

 

х   х   х

 

– Няма чаго рабіць.

Куды сябе падзець?

 Жыццё перасядзець,

гузы каб не набіць?

+ А клопат загубіць –

любоў не прытуліць

 і люстрадзён разбіць,

сябе не разглядзець…

– Тады Сусвету ніць

пачне ў цябе слабець.

 

х   х   х

 

– Ліліпуты-шалапуты

раскруцілі свае путы.

+ Тыя путы для пакуты

– Ліліпуты,

з намі  – гуды!

+ І таму мы ладзім цуды!

(Гуды – беларускамоўнае насельніцтва на памежных зонах. Гуды –  майстры-умельцы, слаўныя ў бітвах.)

 

х   х   х

 

– Эх, жылі дуронікі

і складалі “Хронікі”.

+ І куды падзелі

беларусаў дзеі?…

 

х   х   х

 

– Не журы

мяне “Журы”:

у сваёй  я кажуры.

+ Знаем, як аблупленага,

для надзей не згубленага.

 

х   х   х

 

– Дукрыць – гэта не дурэць:

паднябенне словам грэць.

+ Вяпла, бэшла і раскол

страпянуцца: шась пад стол…

– Кіну я іх на пабойню.

Ну а жлукту і лахудру

не ў лядоўню –

жлукціць путру…

+ Каб і звяга, шкарадзь, шляйка

ведалі: баслуй, як лялька.

 

х   х   х

 

– Шавыр-шавыр па панадворку…

А пачуў ты мой ускрык?

+ Ты дагары нагамі  – брык,

але ўчапіўся мне за шворку…

 

х   х   х

 

– Гора

не ад кагора –

ад нецвярозага Рыгора.

+ Ён пярэчыць: “Не магу…”,

а нап’ецца “у дугу”…

– Як зноў вып’е – вохне,

і апошні певень здохне.

 

х   х   х

 

– Гром грыміць – зямля трасецца,

на мяне Пярун нясецца.

+ Твой Пярун

ды не пярдун:

у яго сямнаццаць струн!

– З ім змагу  я скарб урваць,

не збаюся станцаваць,

да спадніцы

прышчаміцца…

+ Людзі скажуць: “Гром грыміць!

Ля цябе Пярун пасецца.

– Вось чаму Зямля трасецца.

х   х   х

 

– Цікава:

тут кісель, ці кава?

+ А ты вочы не казель, раззява…

– Бачу: па цябе  паўзе казява…

 

х   х   х

 

– Недавярак, ахламон,

слепіньдзя, аборвыш…

+ Гультая не выгнаць вон,

пакуль не накорміш…

(Ахламон – непрыемна апрануты, лянотны, дурненькі…)

 

х   х   х

 

– Стукні ў карак ахламону,

гіцалю і неўгамону,

бо прайдохі, лотры, лярвы

мне напялі капіляры.

+ Будуць лысіны і пяты

зноў прызыўкамі напяты.

– Абзыванкі – не вянкі,

эпітэтаў камякі.

 

х   х   х

 

– Выпіў грамадзянін

раніцою грам адзін.

Думаў: гэта ж лечыва –

і сто грамаў выпіў вечарам.

+ Поўзала істота гнуткая…

Выратавала “Хуткая”.

 

х   х   х

 

– Наеўся  хлеба –

і што старэнькаму трэба?

+ Тры дошкі –

і зверху трошкі,

каб свіцілася неба.

 

х   х   х

 

– Пахваліўся Піжон:

“Я не лезу на ражон!

Душу я ўзяў пад пяткі,

душу яе без аглядкі…

+ Ведаю яго, аблупленага:

і прададзенага і купленага.

 

х   х   х

 

– У кулак трубіць не будзем. 

Дайце хлеба мне і студзень

Каб уволечку пад’есці,

можна і панцак паднесці…

+ Едакі не лайдакі!

Ім не зубы на паліцу,

а уёдаваць курыцу.

На затычынку –

індычынку,

а субіну каўбасы – на спіцу…

+ О, сусед! У стол не ўткніся,

бо так, бывала, наясіся,

што хоць  на пупіку круціся!

(Трубіць у кулак – галадаць. Субіна каўбасы – адрэзак.)

 

х   х   х

 

– Там, дзе справы куцыя –

ходзіць Экзекуцыя,

стогне Канстытуцыя;

сонная Юстыцыя –

мерзне Інвестыцыя.

+ Думае Петыцыя:

“Трэба Рэпетыцыя.

Ажыве Кандыццыя –

будзе  Інгаляцыя.

Там, дзе Варыяцыя,

ажыве і Нацыя”.

– Каму ў шчасце верыцца –

на Радзіму вернецца!

 

х   х   х

 

– Не замежная,

а заможная.

Не сумежная –

падарожная

+ Прыналежная –

не парожняя.

Непарушная

і не скрушная.

– З кожнай вестачкай

асцярожненька,

як нявестачка

ідзе пожанькай…

+ Мову зоўную

даў нам Божанька.

 

ПАСЛЯСЛОЎЕ

 

Спадзеву надае надзвычай багатая дыялектыка нашай мовы, якая далёка не вычарпана. Асабліва на поўначы Беларусі, у рэгіёне старой крывіцкай цывілізацыі, дзе наш этнас найменш размыты. 

                                                                      Арсень Ліс.

 

Радзіма – гэта Рух народа па сваёй зямлі з глыбінь стагоддзяў да жаданай будучыні.

                                               Аляксей Талстой.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4022
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас