У кожную з пор года гэты старадаўні парк выглядае зусім па-рознаму, ствараючы атмасферу таямнічасці вакол сябе. Улетку цяністыя алеі хаваюць гасцей ад пякучага сонца, а ўвосень цешаць яркімі фарбамі. Помнік прыроды мясцовага значэння з’яўляецца пярлінай Лідскага краю. І па хуткім часе ён перасягне новы этап у сваім жыцці – вырашаецца пытанне пра ўключэнне парку “Гарні” ў спіс аб’ектаў Нацыянальнай спадчыны Рэспулікі Беларусь.
Запаведны свет
Падчас прэс-тура “Адраджэнне парку “Гарні” лесаводамі Гарадзеншчыны, ці фармаванне правільных каштоўнасцяў у моладзі”, які нядаўна праходзіў на базе Лідскага лясгаса, удалося ў чарговы раз прагуляцца па ўжо знаёмых алеях.
– Гісторыя парку “Гарні” бярэ пачатак з далёкага 1881 года. Тады па ініцыятыве царскай Дзяржаўнай лясной аховы на паўднёвай ускраіне Ліды былі пасаджаны першыя дрэвы, – выступаючы ў ролі экскурсавода, распавядае намеснік кіраўніка Лідскага лясгаса Часлаў Барко. – Цяпер плошча парку складае 6,7 гектара. Тут суіснуюць 2070 дрэў, якія адносяцца да 41 віду. 30 адсоткаў тэрыторыі займаюць экзатычныя расліны – прышэльцы з заморскіх краін. Большасць зялёных волатаў, уключаючы рэдкія віды, перасягнула векавую мяжу. У снежні 1964 года рашэннем Лідскага райвыканкама гэты ўнікальны аб’ект быў абвешчаны батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння, які мае навуковае, гістарычнае і экалога-асветніцкае значэнне.
Калі ўважліва паглядзець вакол, паўсюль усталяваны таблічкі з назвамі віду дрэва і месцам яго распаўсюду. А яшчэ на зялёных волатах маюцца парадкавыя нумары. Часлаў Міхайлавіч расстаўляе ўсе кропкі над “і”. Аказваецца, кожны парадкавы нумар як пашпарт для чалавека. Дзякуючы яму можна дазнацца “біяграфію” дрэва: від, назву, узрост, вышыню – усю неабходную інфармацыю. Заманліва, аднак.
Разам – назаўжды!
Не сакрэт, што парк папулярны сярод мясцовых жыхароў і гасцей Лідскага краю. Апроч першароднай прыроднай прыгажосці ў яго маецца яшчэ адна важная роля – ён з’яўляецца мудрым настаўнікам. Калі пазнаёміцца з дрэвамі бліжэй, то можна дазнацца іх неверагодна цікавую гісторыю жыцця.
– Вось, да прыкладу, лістоўніца сібірская, – звяртае ўвагу на чарговае дрэва Часлаў Міхайлавіч. – Паўночная прыгажуня ўражвае і прыгажосцю, і вышынёй, і асаблівасцямі свайго віду. У сярэднім дрэва жыве 300-400 гадоў, вырастае да 50 метраў у вышыню, а на зіму, як лісцяныя дрэвы, пазбаўляецца ад іголак. Адгэтуль і назва. Але адмысловую каштоўнасць уяўляе яго драўніна, якая пераўзыходзіць па якасці іншыя іглічныя пароды. Яна мала падвяргаецца гніенню, вельмі цвёрдая і цяжкая. Што незвычайна: калі змясціць ссечанае дрэва ў ваду, праз некалькі хвілін яно пачынае тануць у вадзе. Іншыя дрэвы застаюцца на паверхні.
Прайшоўшы яшчэ некалькі метраў па зялёным лабірынце, сустракаем яшчэ аднаго магутнага волата. Цукровы клён, дыяметр ствала якога 180 сантыметраў(!), – разыначка парку. Чаму такая “салодкая” назва? Усё вельмі проста. Гэта адно з нешматлікіх дрэў у свеце, сок якога вельмі салодкі. Працягласць жыцця дрэва – да чатырохсот гадоў. Праўда, чужаземец мясцовай “прапіскі” пакуль яшчэ юнак. Яму стукнуў усяго вось 141 год! А яшчэ гэта дрэва незвычайна прыгожае ўвосень: колер свайго лісця яно змяняе з зялёнага на ярка-чырвоны. Што сказаць, прырода – неперасягнены геній!
– Ёсць у нашым парку гэтакія “антыгероі”, – заўважае Часлаў Міхайлавіч. – Вось, да прыкладу, дуб чырвоны. Здавалася б, сапраўдны волат з Паўночнай Амерыкі. Але дрэва занесена ў “Чорную кнігу” флоры Беларусі і з’яўляецца інвазіўным відам, які можа нарабіць шкоды навакольнаму асяроддзю. Гэта расліна-асаднік. Апынуўшыся ў новых для сябе прыродных умовах, яно не губляецца і пачынае актыўна ўкараняцца ў мясцовыя раслінныя супольнасці, выцясняючы пры гэтым абарыгенныя віды дрэў. Дарэчы, у гэты спіс патрапілі і яго суседкі – рабініі-ілжэакацыі. Гэтыя дрэвы растуць і ў нашым горадзе, таму сталі звыклымі для мясцовых жыхароў. Разам з тым, рабінія-ілжэакацыя таксама нясе пагрозу мясцовай флоры. Расце яна хутка, асабліва ў першыя дзесяць гадоў. Штогадовы прырост можа складаць 60-80 сантыметраў. У нашых умовах да 30 гадоў яна дасягае вышыні 10 метраў і больш. Вось такая небяспечная прыгажосць!
Сустракаюцца ў парку “Гарні” насаджэнні дубу чарэшчатага, а таксама хвоі веймутавай, якая мае свае асаблівасці: іголкі гэтага віду складаюцца з пучкоў-кутасікаў (хваінкі вельмі мяккія, як хвост вавёркі!), а шышкі маюць дэкаратыўны выгляд, як быццам хтосьці адмыслова афарбаваў кончыкі іх лускавінак у белы колер. І, нарэшце, на адной з алей парку можна ўбачыць ліпу і дуб, якія растуць практычна з аднаго кораня. Гэта ўнікальнае месца з нядаўняга часу аблюбавалі маладыя для фотасесій, лічачы гэтыя дрэвы знакам кахання і вернасці.
– За паўвекавую гісторыю закаханыя і сварыліся, і мірыліся, – усміхаючыся, заўважыў наш гід, – але, нягледзячы на ўсе нягоды, яны ўсё адно разам!
“Вуха жаданняў” і зялёны лабірынт
У парку Гарні можна лёгка дакрануцца да казкі. Яшчэ адзін маршрут сярод зялёных волатаў зроблены адмыслова для маленькіх наведвальнікаў і юных натуралістаў. Дзіцячая экалагічная сцежка “Лукамор’е” знаёміць з папулярнымі міфічнымі персанажамі: Бабай Ягой, лясным духам Берандзеем, цмокам, русалкамі. У аднаго з дрэў з’явілася “вуха жаданняў”. Кожны можа прашаптаць у яго самае патаемнае жаданне, і яно абавязкова спраўдзіцца. Але жаданне, як заўважыў Часлаў Барко, павінна быць толькі адным, і да таго ж рэальным, а не фантастычным.
Разыначкай жа парку па праве можна назваць зялёны лабірынт з туй, які быў закладзены ўвосень 2017 года па праекце супрацоўнікаў Інстытута эксперымен-тальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук. Складаецца з 1415 штук туй смарагд з ляснога гадавальніка Смаргоньскага доследнага лясгаса. Лабірынт карыстаецца велізарнай папулярнасцю ў дзяцей і дарослых наведвальнікаў парку. Заблудзіцца сярод больш тысячы смарагдаў можа нават дарослы. Квэст у лабірынце – займальнае баўленне часу.
– У траўні 2017 года на тэрыторыі парку пачаў функцыянаваць рэгіянальны лясны экалагічны адукацыйны цэнтр, які быў створаны на сродкі міжнароднага гранта Еўрапейскага звяза і Праграмы развіцця ААН “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай эканомікі” (яшчэ двума гадамі раней Лідскі лясгас выйграла конкурс праекту “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай эканомікі”, грант склаў 112 тыс. даляраў), – распавядае Часлаў Міхайлавіч. – Сёння на яго базе падрастаючае пакаленне знаёміцца з жывёльным і раслінным светам Гарадзеншчыны. Апроч лідскіх школьнікаў, сюды з экскурсіямі прыязджаюць навучэнцы з іншых раёнаў вобласці. У экалагічным класе ўсталяваны кампутары, круглы стол на 25 месцаў. Гэта пляцоўка таксама выкарыстоўваецца для правядзення розных навучалых семінараў. Напрыклад, злёту лесаводаў-пачаткоўцаў.
Але і на гэтым усё самае цікавае не скончылася. У гэты дзень мы змаглі паспытаць мядку, зазірнуць у шышкасушылку, наладзіць фотасесію. А затым, як прынята ў канцы любой экскурсіі, падзякавалі Чаславу Міхайлавічу за цікавы аповяд пра парк “Гарні” – пярліну Лідскага краю. Застаецца толькі запрасіць і іншых лідзян наведаць гэтае дзіўнае месца. Нішто не дадасць гэтулькі станоўчых эмоцый, як зносіны з прыродай і сустрэча з казкай!
Вольга Капцевіч.
http://lidanews.by/news/life/26741news.html