Натуральна, што за апошні тыдзень хвалі ўцекачоў з Расеі ад так званай мабілізацыі разышліся ва ўсе бакі. Асноўныя накірункі гэта, канешне, Беларусь, Грузія ды Казахстан. Але чакаюцца гэтыя ўцекачы і ў краінах Заходняй Еўропы, як напрыклад, у Германіі. Аб тым, як быць з такімі прадстаўнікамі “рускага свету” з Жаннай Кромер, якая займаецца праектамі па інтэграцыі ўцекачоў, пагутарыў наш карэспандэнт.
Кар: Вы займаецеся бежан-цамі, зараз значная хваля бежанцаў ва Усходняй Еўропе – гэта бежанцы з Расіі. Што гэта можа прынесці для рэгіёна, для Еўропы?
Жанна Кромер: Так, з пачатку года, канешне, не толькі вельмі вялікая плынь украінскіх бежанцаў ад вайны, але даволі адчувальная плынь таксама палітычных бежанцаў з Расіі. Гэта журналісты, праваабаронцы, людзі інтэлектуальных прафесій, праграмісты. То-бок людзі з пазіцыяй, якія ўжо зразумелі, што ім пагражае ў краіне, і з’ехалі. І зараз шукаюць палітычны прытулак. Але натуральна ў апошнія дні вельмі шмат тут размоваў, што нас можа захлынуць хваля таксама людзей, якія ўцякаюць ад мабілізацыі. Гэта іншыя людзі, магчыма, іншая адукацыя, іншыя погляды і не заўсёды нават яны пацыфісты і людзі, якія выступаюць супраць вайны, але паміраць ніхто не хоча. Было некалькі выказванняў у інфапрасторы з боку нямецкіх палітыкаў, якія, магчыма, падбадзёрваюць гэтых людзей прыязджаць у Германію. Я не бачу гэта так аптымістычна, бо я бачу, як выглядаюць абставіны на самой справе. Атрымаць прытулак у Германіі вельмі цяжка, недастаткова толькі факту, што твой узрост падыходзіць і што ты мужчына, напрыклад, якога могуць забраць у армію. Нават недастаткова, хутчэй за ўсё, будзе позвы. Звычайна ў такіх выпадках трэба даказваць, што ты сапраўды перажыў нейкую дыскрымінацыю, што быў нейкі ціск. То-бок, калі ты прыйшоў ці адмовіўся прыходзіць па позве, ці цябе штрафавалі ці па цябе прыйшлі і неяк гвалтам забіралі. Але з такой сітуацыі ўжо цяжка выехаць. У людзей жа, якія проста скажуць, што мне 20 год і мяне забяруць, баюся, што ў іх не ўсё так лёгка атрымаецца. Германія, на жаль, пакуль не чакае гэтых людзей. Створана петыцыя, расейская дэмакратычная дыяспара зараз збірае подпісы, звяртаецца да кіраўніцтва Германіі, каб гэтыя абставіны трохі змяніліся, каб было дапасавана заканадаўства і каб было дастаткова быць проста прызыўніком ці проста быць мабілізаваным, каб не трэба было даказваць нешта больш цяжкае ці нейкі гвалт. Але нямецкая бюракратыя цяжкавагавая, яна вельмі павольная, таму нават, калі будуць нейкія змены, яны будуць вельмі марудна прасоўвацца. Не хачу сказаць, што расейцам не трэба ехаць, я разумею людзей, якія сваё жыццё ратуюць, і ў іх няма, можа, іншага выйсця, але калі ёсць нейкія іншыя варыянты, то Германія – не самы лёгкі варыянт.
Кар: Калі сярод гэтых людзей будуць тыя прыхільнікі “рускага свету”, якія на словах яго толькі падтрымліваюць, але не гатовыя ісці, баяццца, і не могуць, і не хочуць ісці ваяваць, але пры гэтым яны прасоўваюць ідэі “рускага свету”? І вось зараз іх можа з’явіцца вельмі шмат у краінах Еўропы і ў Беларусі.
Жанна Кромер: Гэта не будзе нічога новага, бо ў Еўропе даволі шмат прыхільнікаў “рускага свету”, аматараў Пуціна, нават ёсць слова спецыяльнае для аматараў Пуціна на нямецкай мове. Ёсць людзі, якія выступаюць за вайну, якія ходзяць у цішотках з партрэтам Пуціна, якія выходзілі на Дзень перамогі, якія рэгіструюць аўтапрабегі і ездзяць з расейскімі сцягамі. Натуральна, гэта не тое, што бальшыня, але іх вельмі шмат. Гэта расейская дыяспара або расейскія немцы, то-бок людзі, якія прыехалі з постсавецкай прасторы і ў якіх, магчыма, не задалася самаідэнтыфікацыя ў Германіі.
Паводле СМІ.