Да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка і вучонага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, прафесара Уладзіміра Калесніка
Асабіста я не быў знаёмы з Уладзімірам Калеснікам. Але пра яго мне шмат распавядаў слонімскі паэт Анатоль Іверс (1912-1999). Яны сябравалі, перапісваліся, сустракаліся, тым больш, што Уладзімір Андрэевіч усё жыццё даследаваў Заходнюю Беларусь і яе знакамітых асобаў.
Я бачыў Уладзіміра Калесніка на літаратурных мерапрыемствах у Менску, калі вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце, але падыйсці да яго не хапіла смеласці. Пасля заканчэння БДУ я прыехаў у родны Слонім і пачаў цікавіцца лёсам беларусаў Заходняй Беларусі, у тым ліку і сваіх землякоў. Аднойчы я напісаў ліст Уладзіміру Андрэевічу і запытаўся, што ён ведае пра заходнебеларускага юнака, рэдактара газеты для моладзі “Піянер” Уладзіміра Бялько, паэму якому прысвяціў той самы паэт Анатоль Іверс. Праз пэўны час прыйшоў з Берасця ліст. Гэта быў не проста ліст-адказ, але і пажаданне, парада і кароткі аповед пра сябе. Вось гэты ліст ад Уладзіміра Калесніка, які ён адрасаваў мне з Берасця 10 снежня 1986 года:
Паважаны Сяргей!
Мне было прыемна пачуць голас жывой душы са Слоніма, старажытнага горада і цэнтра рэвалюцыйна-вызваленчага і патрыятычнага беларускага руху 1920-х-1930-х гадоў. Добра, што і Вы берыцеся за свой родны край, даходзіце да карэнняў і зародкаў, толькі нельга абмяжоўвацца гэтым, асуджаць сябе з самага пачатку на рэгіяналізм, калі сёння не хапае свежых сіл у самым сталічным ствале і кроне нашай літаратуры. Праўда, там існуе адчуванне перанаселенасці, бо ўсе згрудзіліся ў адным месцы і для многіх адзіная крыніца жыццёвых уражанняў – гэта чуткі-плёткі з таго ж літаратурнага катла, у якім ён варыцца сам, або літаратурная прэса, адна для ўсіх і аднолькавая для кожнага. З’явішча такое не нармальнае, як ненармальным з’яўляецца праект запусціць у гэты ставок зубастых шчупакоў-крытыкаў, каб тыя павыгразалі слабейшых плотачак і карасікаў, а самі далі прыбытак нагулянымі гэтым людаедскім спосабам кілаграмамі. Вопыт цывілізацыйнага развіцця самых культурных народаў паказвае, што чалавеку творчаму супрацьпаказана жыць у табуне. Так жыў без табуна, наводшыбе Талстой, Шолахаў, Грын, так цяпер жыве Распуцін, Бялоў, Іван Васільеў. У нас жыў і не тужыў доўгія гады Васіль Быкаў, цяпер жывуць Аляксей Карпюк, Данута Бічэль-Загнетава, на Брэстчыне – Ніна Мацяш, Міхась Рудкоўскі і Ваш пакорны слуга. Я вяду гэтую гаворку да таго, каб Вы не ўспрымалі сваё становішча як ссылку. Я бы, каб бліжэй ведаў Вас, мог бы параіць пераехаць і жыць у тую вёску, дзе працуеце ці нарадзіліся. Гэта прыблізіць Вас да людзей, да вяскоўцаў і да вострых эканамічных, экалагічных і гуманітарных праблем, якім жыве сучасная беларуская вёска, надзейная ахоўніца роднай мовы, народных звычаяў, патрыятычных і маральна-этычных каштоўнасцей. Збліжэнне з вёскай збавіць Вас ад адчування адзіноты і нематы, увалье ў Вас творчы струмень жывога жыцця, рэальнай, а не высмактанай з пальца канфліктнасці, дасць байца і асмеліць змагацца словам за духоўны рост і доўгавечнасць нашага народа ў гэтым зменлівым свеце.
Рады буду чытаць Вашы матэрыялы ў прэсе. Толькі не абмяжоўваўцеся рэгіянальным краязнаўствам: мінулае патрэбна для сучаснага і будучага.
Здымак Валодзі Бялько недзе ў мяне ёсць. Пастараюся пераслаць і Вам даслаць. Але гэта будзе не хутка, бо цяпер заняты тэрміноваю работай да вясны і за друкаванне здымкаў, а тым больш пераздыманне, не вазьмуся. Запланавана ў мяне ў выдавецтве “Аповесць пра Таўлая” пачатак якой друкаваўся ў “Полымі” гадоў ці не 15 таму назад. Вось буду рабіць гэтую рэч, дык заадно і зраблю здымак для Вас. Пра грамадскую актыўнасць У. Бялько ў Віленскай беларускай гімназіі нічога не чуў. Гэта павінны ведаць Анатоль Іверс ці Юрка Тарасюк з Казлоўшчыны. Пры выпадку перадавайце ім прывітанні ад мяне. Усяго Вам добрага!
Уладзімір Калеснік.
Пра Уладзіміра Калесніка заўсёды шчыра любіць сёння прыгадваць грамадскі актывіст, краязнавец і былы педагог Валерый Петрыкевіч з Дзятлава. Бацька Валерыя Петрыкевіча Міхась Петрыкевіч (1913-1999) – заслужаны настаўнік Беларусі, заснавальнік Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея, усё жыццё сябраваў з Уладзімірам Калеснікам.

– Пасля вайны ў 1946 годзе бацька давучваўся ў Менскім педінстытуце, – распавядае Валерый Петрыкевіч. – У групе, у якую ён трапіў, вучыўся тады і будучы знакаміты літаратуразнавец Уладзімір Калеснік. З ім тата быў ужо знаёмы. Калеснік змагаўся з фашыстамі ў адным з партызанскіх атрадаў у лясах Налібоцкай пушчы. Бацька, як чалавек адукаваны, пры немцах працаваў рахункаводам у Любчанскай канторы вузкакалейкі. Характар перавозак цікавіў партызан. Звесткі пра іх бацька перадаваў праз сувязнога Уладзіміра Калесніка, у якога былі сяброўскія партызанскія стасункі з будучым народным пісьменнікам Беларусі Янкам Брылём.
У Менску 33-гадовы Петрыкевіч-студэнт меў ужо вялікі жыццёвы вопыт, вучыўся выдатна, вызначаўся пакладзістым характарам, карыстаўся павагай. Заўсёды ён дапамагаў малодшым студэнтам у вучобе. Яны да яго цягнуліся, паважалі і любілі. У аўдыторыях і ў інтэрнаце Менскага педінстытута завязалася моцная мужчынская дружба, выпрабаваная часам і пранесеная праз усё жыццё паміж Міхаілам Петрыкевічам, Уладзімірам Калеснікам і Янкам Брылём. Іх яднала яшчэ і тое, што Наваградчына была для іх агульнай малой радзімай. Паміж іхнімі роднымі вёскамі Падкасоўем, Сіняўскай Слабадой і Загор’ем усяго пару няпоўных дзесяткаў кіламетраў…”.

На працягу свайго жыцця Уладзімір Калеснік і Янка Брыль ніколі не абміналі вёску Валеўка Наваградскага раёна, дзе з 1951 да 1966 гадоў у мясцовай дзесяцігодцы Міхась Петрыкевіч займаў пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, дзе шырока разгарнулася яго педагагічна-краязнаўчая праца. Багацейшая гістарычная спадчына гэтага краю, маляўнічыя і непаўторныя ўзгоркі, легендарная Свіцязь, Чамброва, Варонча, Плужыны, Туганавічы, праслаўленыя Адамам Міцкевічам, сцежкі і дарогі, па якіх ён хадзіў і ездзіў, натхнялі на плённую працу. Уладзімір Калеснік і Янка Брыль не толькі штогод наведвалі Валеўку, але і прывозілі сюды сваіх сяброў, знаёмых літаратараў, аднадумцаў. Сярод іх былі – украінскі пісьменнік Максім Рыльскі, балгарскі пісьменнік Георгій Вылчаў, беларускія літаратары Ян Скрыган, Фёдар Янкоўскі, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч і дзесяткі іншых знакамітых людзей. Уладзімір Калеснік любіў знаёміць з Наваградкам і ваколіцамі студэнтаў філфака Берасцейскага педінстытута, у якім ён працаваў…

Сёння я заўсёды карыстаюся кнігамі Уладзіміра Калесніка, яны стаяць побач на адной з кніжных паліц маёй хатняй бібліятэкі. Амаль штодня бяру ў рукі кнігі Уладзіміра Калесніка і гартаю, чытаю, шукаю тое, пра што пісаў гэты таленавіты даследчык у сваіх, вартых і нашага часу, кнігах. Першая кніга “Паэзія змагання” (Мінск, 1959), прысвечана Максіму Танку і заходнебеларускай літаратуры. Разглядаючы літаратурна-грамадскую дзейнасць Максіма Танка да верасня 1939 года, літаратуразнавец прыйшоў да высновы і пераканана даказаў, што творчы шлях паэта быў просты, але не лёгкі.
Пасля “Паэзіі змагання” з друку выходзяць новыя кнігі Уладзіміра Калесніка: “Час і песні”, “Зорны спеў”, “Ветразі Адысеі: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі”, “Максім Танк: нарыс жыцця і творчасці”, “Лёсам пазнанае: выбраныя літаратурныя партрэты”, “Тварэнне легенды”, “Янка Брыль: нарыс жыцця і творчасці” і іншыя.

Уладзімір Калеснік шмат напісаў пра паэта Уладзіміра Жылку, які быў у цэнтры літаратурнага працэсу Заходняй Беларусі першай паловы 1920-х гадоў, вёў актыўнае творчае жыццё ў Савецкай Беларусі канца 1920-х -пачатку 1930-х гадоў. Даследчык літаратуры напісаў не толькі пра паэта Жылку, але вёў гаворку пра ўсю тагачасную грамадскую атмасферу, пра жыццё і барацьбу, пра палітычную і мастацкую думку, пра творчыя кірункі, метад, стыль. Многі аспекты творчасці Уладзіміра Жылкі літаратуразнаўцам праяснілі праблему ўзаемасувязей літаратуры былой Заходняй Беларусі з савецкай літаратурай, польскай рэвалюцыйнай паэзіяй і заходнееўрапейскімі літаратурамі.
Пісаў у сваіх кнігай Уладзімір Калеснік пра Францішка Скарыну, Міколу Гусоўскага, Янку Купалу, Гальяша Леўчыка, Міхася Васілька, Алеся Салагуба, Міколу Засіма, Рыгора Шырму, Валянціна Таўлая, Уладзіміра Караткевіча, Ніну Мацяш, Аляксея Карпюка. А ў сваім “Пражскім эпісталярыі” даследчык літаратуры даў шырокую панараму літаратурнага, культурнага і палітычнага жыцця Беларусі 1920-х-1930-х гадоў і ўдзелу ў ім такіх вядомых асобаў, як Антон Луцкевіч, Ігнат Дварчанін, Тамаш Грыб і іншых беларусаў.
Дзякуючы Уладзіміру Калесніку свет пабачылі дзве кнігі паэзіі Заходняй Беларусі: “Сцягі і паходні” (1965) і “Ростані волі” (1990). Чытаючы ўсе выданні, дзіву даюся, калі і дзе ён знаходзіў час, сілы, веды, каб столькі напісаць сур’ёзнага, праверанага на факты, цікавага і грунтоўнага, новага і разнастайнага.

Пасля смерці Уладзіміра Калесніка (памёр у 1994 годзе), яго сябры і калегі з Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта падрыхтавалі і выдалі вялікі том яго памяці “Пасланец Праметэя”. У прадмове да яе напісана: “Запатрабавальнасць Калесніка, як літаратара і мастака ніколі і ў нікога не выклікала сумнення, а ягоныя кнігі знікалі з паліц магазінаў імгненна”. І гэта так. Уладзімір Андрэевіч сваім прыкладам паводзін увасабляў сумленнасць, праўду і справядлівасць. А голас яго жывой душы быў і застанецца не толькі над горадам над Берэсцем і ракой Бугам, але і над усёй нашай Беларуссю.

Сяргей ЧЫГРЫН.

