Александрыя сабрала на святочнае Купалле тысячы гасцей
9 і 10 ліпеня ўся ўвага была прыкавана да маленькага аграгамястэчка Александрыя ў Шклоўскім раёне. У кожным куточку купальскай пляцоўкі адбывалася нешта цікавае і ўнікальнае. Александрыя сабрала на святочнае Купалле тысячы гасцей.
Грыміць купальскі кірмаш, у паветры лунаюць смачныя пахі, адусюль нясуцца спевы ў народных рытмах. Трынаццаты па ўліку фестываль “Александрыя збірае сяброў” па-беларуску сардэчна і гасцінна вітаў усіх, хто пажадаў да яго далучыцца.
На выставе-кірмашы сабралася каля 500 народных умельцаў, у тым ліку звыш 80 з Таджыкістана і 13 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі – Дагестана, Сахі (Якуція), Ханты-Мансійскай аўтаноміі Югра, Бранска, Курска, Ленінградскай, Ніжагародскай, Новасібірскай, Арэнбургскай, Пскоўскай, Разанскай, Саратаўскай, Смаленскай і іншых абласцей.
Каларытныя падворкі, ажыўшыя персанажы гісторыі, прэзентацыі лепшых вытворцаў Беларусі.
На фестывальнай лугавіне сабраліся, як той казаў, усе браты 12 месяцаў. Менавіта такія ўражанні выклікае выстава-кірмаш “Кола жыцця”, якая аформлена ў адпаведнасці са святамі беларускага народнага календара. На ёй Менск адлюстраваў асаблівасці зімовых свят, Берасце і Гародня – веснавых, Магілёў – летніх, Гомель і Віцебск – восеньскіх. Кожны рэгіён прадстаўляе тэматычныя пляцоўкі з творчымі праграмамі-прэзентацыямі.
Адна з самых відовішчных падзей александрыйскага Купалля – фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі – 2022”. За перамогу ў конкурсе змагаліся шэсць маладых сем’яў – Дзмітрыя і Вольгі Богуш з вёскі Зарэчка Драгічынскага раёна Берасцейскай вобласці, Дзмітрыя і Вікторыі Дундзер з аграгарадка Обруб Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, Дзяніса і Юліі Веракса з вёскі Брыскавічы Мазырскага раёна Гомельскай вобласці, Паўла і Людмілы Занеўскіх з аграгарадка Гудзевічы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці, Дзмітрыя і Юліі Татарэнкі з аграгарадка Язёры Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці, Іллі і Таццяны Тарасевіч з аграгарадка Лошніца Барысаўскага раёна Менскай вобласці.
Вельмі шматлюдна каля палаткі Саюза пісьменнікаў Беларусі. У наведвальнікаў ёсць магчымасць сустрэцца з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі Алесем Карлюкевічам, Таццянай Жылінскай, Жаннай Міус, Алесем Казекам, Аленай Стэльмах.
– Прыгожае народнае свята, – адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч. – Прыемна, што шмат людзей цікавіцца кнігамі ў такі вясёлы час.
На палічках шырока прадстаўлена літаратура як Выдавецкага дома “Звязда”, так і іншых вядучых беларускіх выдавецтваў. А на дзіцячыя кніжкі Жанны Міус неверагодны попыт. Аўтарка ледзь паспявае ставіць аўтографы.
“Шаноўныя сябры, дорогие друзья, сардэчна запрашаю вас усіх і тых, хто нас сёння бачыць па тэлебачанні, на цудоўную александрыйскую зямлю.
Вельмі рады таму, што з году ў год у гэтыя сакра-льныя для нашага народа вечары я вітаю тут усё больш і больш нашых гасцей.
Па-першае, сапраўдных беларусаў – разумных, добрых, сумленных, якія разам, як у нас кажуць, талакой, могуць і працаваць, і святкаваць.
Па-другое, шчырых сяброў, што цікавяцца нашай найбагацейшай народнай культурай.
Але, каб яе зразумець, гэту культуру, трэба разам з намі дакрануцца да старажытных беларускіх традыцый, убачыць прыгажосць купальскай ночы, надыхацца водарам квітнеючых летніх палёў. Адчуць, як недзе ў глыбіні душы чароўнай папараць-кветкай прарастаюць любоў і асаблівая павага да беларускай зямлі і беларускага народа.
Кожны, хто хоць раз пабываў у нашай краіне, пазнаёміўся з людзьмі, дакладна ведае: мы, беларусы, мудрыя, годныя і вольныя людзі. Мы шануем сваіх продкаў, добра ведаем сваіх герояў. З адкрытай душой сустракаем тых, хто прыйшоў з мірам. Заўсёды гатовы падзяліцца кавалкам хлеба і даць прытулак тым, хто страціў сёння ўсё.
Мы ганарымся сваёй гісторыяй і сваёй зямлёй. І ні пры якіх абставінах не адмовімся ад гэтай зямлі. Але мы ніколі не дазволім дыктаваць нам, як жыць і што рабіць.
Я добра ведаю, сапраўдны беларус – той, хто мае тут дом і заўжды будзе яго абараняць. Калі спатрэбіцца, то і са зброяй у руках. Таму што гэты дом у нас – адзіны.
Мы адказныя за яго. І перад тымі, хто быў на гэтай зямлі да нас, і перад тымі, хто прыйдзе пасля нас. Нездарма казалі нашы продкі: “Свая хатка – родная матка, а чужая – мачаха”… – звярнуўся да ўдзельнікаў свята Прэзідэнт краіны.
Апагеем свята стаў вялікі гала-канцэрт- музычная камедыя “Ёсць на што паглядзець!” У аснове канцэрта – лірычная музычная камедыя на тэму пошуку талентаў на свята ў Александрыі.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фота аўтара і Таццяны ПАДЛІПСКАЙ.