Home
Культура

Музей вузкакалеек ствараецца пад Лідай

Музей вузкакалеек ствараецца пад Лідай

За 12 км ад Ліды, на базе торфабрыкетнага завода “Дзітва”, гістарычна-культурная ўстанова “Нязведаная вузкакалейка” стварае першы ў Беларусі музей вузкакалейнай тэхнікі.

Улетку 2021 гады ідэя аднаўлення вузкакалеек перамагла ў конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend і атрымала грант 10 000 беларускіх рублёў. Гэта стала пачаткам: на грошы быў набыты і адрэстаўраваны першы вагон.

Цяпер установа займаецца пошукам, дастаўкай на “Дзітву” і аднаўленнем рэдкай вузкакалейнай тэхнікі. На сённяшні дзень ва ўласнасці ў праекта – два крытыя грузавыя вагоны, нямецкі 1948 года і савецкі 1968 года, мотадрэзина з прычэпам, а таксама даваенныя ваганеткі. Музей у Дзітве – фактычна дзейсная станцыя вузкакалейкі.

– Вузкакалейкі – утульныя, маленькія, такая хатняя чыгунка, па памеры супастаўная з чалавекам. Гэта досыць вялікі і цікавы пласт нашай гісторыі. Калісьці, падчас Расійскай імперыі, з’явіліся прыватныя пасажырскія вузкакалейкі, падчас Першай сусветнай вайны іх сотнямі будавалі для фронта, палова Палесся была ахоплена лесавознымі вузкакалейкамі, – распавёў заснавальнік праекта “Нязведаная вузкакалейка” Арцём Слізкі.

Ён лічыць торфабрыкетны завод у Дзітве адным з лепшых, а іх вузкакалейную дарогу – самай дагледжанай у краіне.

Ужо з 20 гадоў над Лідчынай вітае ідэя зрабіць турыстычны маршрут па лідскіх вузкакалейках. Акрамя вузкакалейкі на Дзітву працуе вузкакалейка на Першамайскім радовішчы торфу.

Трэба дадаць, што перад вайной не толькі на Палессі, а і на Лідчыне сетка вузкакалеек была даволі густая. Ежы Путрамант апісвае свае паездкі па вузкакалейцы з Іўя ў Ліду, з Наваельні ў Наваградак. Была вузкакалейка з Бярозаўкі ў Сялец. А пра славутае абрабаванне лоркі (лорка – чыгуначная платформа, якую цягнуў конь) на “міжнароднай трасе Васілішкі-Скрыбаўцы” пісалі буйныя еўрапейскія газеты. Рабунак здзейсніў Сяргей Пясецкі з кампаньёнам. Расказаць турыстам будзе пра што.

Наш кар.

Previous article ІНТЭРАКТЫЎНАЯ ПЛЯЦОЎКА "МІР ТАБЕ, КРАЙ ПАД НЕБАМ БУСЛІНЫМ"
Next article Памёр Іван Грос

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Памёр прафесар Ян Чыквін
Культура

Памёр прафесар Ян Чыквін

Ліст 29th, 202217
У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”
Выданні

У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”

Ліст 28th, 201816
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Май 2nd, 202116
Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”
Грамадства

Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”

сак 28th, 201915