Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ЛЕТНІЯ ВАНДРОЎКІ “ЭКВАТАРА”. 17-19.06.22. РОСЬ-ВАЎКАВЫСК-РЭПЛЯ-ПАЧУЙКІ…

ЛЕТНІЯ ВАНДРОЎКІ “ЭКВАТАРА”. 17-19.06.22. РОСЬ-ВАЎКАВЫСК-РЭПЛЯ-ПАЧУЙКІ…

5 ліпеня 2022, 19:38 Культура 37
ЛЕТНІЯ ВАНДРОЎКІ “ЭКВАТАРА”. 17-19.06.22. РОСЬ-ВАЎКАВЫСК-РЭПЛЯ-ПАЧУЙКІ…

2022-гі год, хаця яшчэ і да сярэдзіны не дацягнуў, але ўжо прынёс літаратурнаму клубу “Экватар” страшэнныя страты. Мы губляем сяброў, прычым самых блізкіх… 20 сакавіка ўва ўзросце васьмідзесяці сямі год пайшла з жыцця Людміла Аляксееўна Сівалобава. Гэта было складана прыняць, нягледзячы на тое, што чалавек быў ужо вельмі пажылы. Вельмі балючай і сумнай нечаканасцю стала для ўсіх нас смерць 8 чэрвеня бягучага года яшчэ аднаго нашага блізкага сябра – Сержа Мінскевіча. А яму было ўсяго пяцьдзесят тры… І вось у сеціве Інтэрнэт ужо надрукаваны ён, памінальны альбом – з фотаздымкамі Сержа розных гадоў, калі ён прымаў удзел у розных самых мерапрыемствах літаратурнага клуба “Экватар”… Прайшло дзевяць дзён ад пахавання…

І мы адпраўляемся на Гарадзеншчну, бо вельмі любім гэты рэгіён: з ім звязана шмат добрых успамінаў. Інга Вінарская ўвогуле любіць казаць, што калі б дваццаць год таму яе не падтрымала, як пісьменніцу, Данута Бічэль-Загнетава, якая тады была старшынёй Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменікаў, то Інга ўвогуле сышла б і з літаратуры, і нават з журналістыкі. Затым спадарыня Вінарская атрымала падтрымку Менска. А потым ужо і Берасце (адкуль Інга родам) пэўную паперку з сябе “выціснула”. І Інга Вінарская ў 2004-м годзе стала сябрам Саюза пісьменнікаў…

Калі працягваць казаць пра Гарадзеншчыну, то немагчыма не зазнычыць, што больш за ўсё буйных журналісцкіх праектаў Вячаслаў Корбут і Інга Вінарская зрабілі менавіта ў гэтым рэгіёне. А займаліся яны звыш дзесяці год прамысловай журналістыкай: стварэннем навукова-вытворчых кніг, прысвечаных прадпрыемствам Беларусі. На Гарадзеншчыне былі зроблены кнігі пра ААТ “Мастоўдрэў”, Скідзельскі цукровы камбінат, Шчучынскі лясгас, Слонімскую мэблевую фабрыку, Ваўкавыскі лясгас і іншыя канторы…

І канешне, асобным радком у гісторыі літаратурнага клуба “Экватар” пазначана супрацоўніцтва з шаноўнай газетай “Наша слова”, якая таксама выдаецца на Гарадзеншчыне. Ад гэтага выдання мы атрымлівалі і працягваем атрымліваць вельмі моцную падтрымку, за што “Нашаму слову” – вялікі дзякуй!

Але трэба ўсё ж зазначыць, што раніцай у пятніцу 17 чэрвеня бягучага года мы адправіліся ў Гарадзенскі рэгіён не толькі для таго, каб аднавіць у памяці прыемныя ўспаміны. Была яшчэ і працоўная нагода: у сябра нашага клуба Мікалая Іваноўскга выйшла новая кніга вершаў пад назвай “Суквецце любові”. Амаль усе работы па макеце гэтага выдання зрабіла Інга Вінарская. Яна ж напісала ўступны артыкул. Па дамоўленасці з аўтарам, мы павінны былі даставіць яму тыраж кнігі.

І вось пакункі з асобнікамі загружаны ў машыну, і мы – Інга Вінарская і Вячаслаў Корбут – разам з нашым сябрам і кіроўцам аўто Вадзімам Калістратавым накіроў-ваемся з Менска ў бок Пачуек… Але не адразу: па дарозе нас чакаюць у некалькіх гарадах – на выступленні.

Першым ў спісе значылася імпрэза 17 чэрвеня ў Роскай бібліятэцы. Нас вельмі гасцінна там сустрэлі дзве прывабныя жанчыны-бібліятэкаркі: Ірына Сухоцкая і Святлана Свірыдава. Праз нейкі час пад’ехаў у Рось і Мікалай Іваноўскі. Менавіта там і адбылося ягонае першае спатканне са сваёй новай кнігай вершаў “Суквецце любові”.

На сустрэчу з прыехаўшымі ў Рось пісьменнікамі прыйшлі вучні Роскай СШ № 2, удзельнікі аздараўляльнага лагера “Летні DRIVE” – разам са сваімі педагогамі. Перад дзіцячай аўдыторыяй надта складанага нічога не пачытаеш, таму ўсе пісьменнікі-выступоўцы стараліся падабраць нешта больш адпаведнае. Вячаслаў Корбут, які праводзіў сустрэчу, перш за ўсё, канешне, павіншаваў Мікалая Іваноўскага з новай кнігай. А потым прачытаў шэраг сваіх вершаў, сярод якіх былі: “Там, дзе Колас, дык там і Купала…”, “Суніцаў пах і водар ліпы…” і іншыя, а таксама байкі “Крочыў вучань на ўрок”, “Галубок і галубка”.

Мікалай Іваноўскі чытаў творы пра прыгажосць роднага краю і пра сваю любоў да сваіх мясцін, а дакладней да ўлюбёнай вёсачкі Пачуйкі. Прагучалі вершы: “Пачуйскія ночы”, “Сцяжынка дзяцінства”, “Родная хатка”, “Маё гняздзечка” і іншыя.

Інга Вінарская, якая некалькі год таму працавала над макетамі некалькіх дзіцячых кніжак, з гэтай нагоды напісала нізку дзіцячых вершаў. Некаторыя з іх спадарыня ўзгадала на імпрэзе ў Росі: “Нашым коткам”, “Дзяўчынка такая смяшлівая…”, “Па слядах Алісы ў краіне цудаў”, “Ледзь ружовым падсвечана воблака…” і інш.

Напрыканцы сустрэчы разумныя роскія дзеткі пачалі задаваць пытанні. Адно з іх з’явілася для прыехаўшых паэтаў нечаканым: “А які ў кожнага з вас свой любімы твор?” – спытала светлавалосая дзяўчынка. Вячаслаў Корбут адказаў, што вельмі любіць свае жартаўлівыя тво-ры, і напэўна, усе яны любімыя. Інга Вінарская зазначыла, што зараз любімая ў яе кніга перакладаў “Гучы, маё сэрца, гучы…”, работа над якой была вельмі складанай, таму што аўтапераклад – гэта ўвогуле няпроста. А вось Мікалай Іваноўскі назваў любімым свой адзін канкрэтны верш – “Матуліна цяплынь”. І перад тым, як яго прачытаць, заклікаў прысутных хлопчыкаў і дзяўчынак любіць, паважаць і берагчы сваіх матуль:

***

Матуліны рукі і вочы, і сэрца –

У розныя поры прывабна сагрэцца.

Нас клопатам мама сустрэне з парога,

Адправіць нас шэптам малітвы ў дарогу.

 

Ля прыпечка пчолкаю бзынкае ўранку

І, як у дзяцінстве, гатуе мачанку.

З расолам у місцы да бульбы цыбулька,

За ласку, цяплынь шчыра дзякуй, матулька.

 

Прыпомніцца часта вясковая ежа,

Калі ад’язджаеш надоўга за межы.

Цудоўная “бабка”, румяненькі дранік –

Вясковы наш смак не заменіш на пранік.

 

Нам вочы макрэюць і ў горле камок,

Дадому прыехаў – на хатцы замок.

Без мамы цяпла не хапае ў той хаце,

Бацькі калі побач – адчуеш багацце.

 

Але на роскай імпрэзе 17 чэрвеня справы нашых выступоўцаў не скончыліся. У другой палове дня паэтаў чакалі на мерапрыемства ў Ваўкавыскай міжраённай бібліятэцы. Там сабралася поўная зала народу: аматары літаратуры, бібліятэчныя супрацоўнікі з розных устаноў, інтылігенцыя, былі нават прадстаўнікі мясцовай ўлады.

Гасцінна сустрэла прыехаўшых на імпрэзу выступоўцаў новая загадчыца Ваўкавыскай бібліятэкі Наталля Лешчык разам са сваімі супрацоўніцамі. Спадарыня Наталля, дарэчы, і адкрыла літаратурнае мерапрыемства, назваўшы клуб “Экватар” адным з самых вядомых і паспяховых  літаратурных клубаў у Беларусі. І канешне, яна павіншавала Мікалая Іваноўскага з новай кнігай.

Вячаслаў Корбут коратка распавёў прысутным пра працу і дасягненні “экватарыяльнай” літаратурнай суполкі. А потым прачытаў некалькі сваіх вершаў, сярод якіх былі: патрыятычны твор “Я змагу”, лірычны верш “Ён крочыць паэт і крочыць…”, гумарыстычны опус “Ехаў дзед на ровары…” і іншыя.

Сваё выступленне ў Ваўкавыску Мікалай Іваноўскі пачаў са словаў падзякі Інзе Вінарскай і Вячаславу Корбуту, якія, дарэчы, з сямі ягоных кніг дапамаглі яму ў выданні шасці. Спадар Мікалай назваў Інгу і Вячаслава хроснымі бацькамі сваіх кніжак, а потым прачытаў шэраг твораў са свайго новага вершаванага зборніка “Суквецце любові”, сярод якіх былі: “Родам з вёскі”, “Мне беларусам звацца варта”, “Чакаем дамоў”, “Пачуйскія пылінкі” і іншыя.

Інга Вінарская прадставіла прысутным сваю новую кнігу “Гучы, маё сэрца, гучы… Выбраныя вершы ў перакладах на беларускую мову”. Яна распавяла, што выданне складаецца з трох раздзелаў і прачытала загалоўны верш з кожнай з трох частак кнігі: “Начныя цягнікі”, “Сонца паэтаў”, “Нефрытавыя воіны любві…” Потым спадарыня зазначыла, што ў яе ёсць шэраг прыгожых летніх твораў, і некаторыя з іх агучыла. Сярод гэтых летніх вершаў быў і наступны:

 

***  

 

У спрадвечнасці вечара

Зноў удзелам адзначуся.

Мэты быццам намечаны,

І шляхі шчасця бачныя.

 

Ягад жоўтых, з пакутаю,

Раскідана шмат сцежкаю,

Алычовай атрутаю

Бездань кліча – з усмешкаю.

 

Ды паветра ўсё ж плавіцца –

Над кастром лета з марывам!

Ноч плыве, бы прывабніца, –

Адвячоркавым зарывам.

 

Пахі траваў і квецені,

Стрыкуны адгукаюцца,

Лёс, такі хітра сплецены,

На вянцы студні маецца.

 

А бярозкі, паважныя,

Усё ведаюць, слухаюць,

Ды праз шэпты адважныя,

Размаўляюць зноў з духамі

Альбо з душамі пруткімі,

Ў кроны зноў прыляцеўшымі,

З імі дзеляцца чуткамі –

Галасамі падсеўшымі.

 

Моц у гэтым падманная…

Толькі… Выйду за дзверы я,

Разуменне, стараннае,

Ад бязвер’я йдзе з вераю…

 

На наступны дзень, у суботу 18 чэрвеня бягучага года, адбылося яшчэ адно выступленне нашых аўтараў: на гэты раз, у старажытнай Рэплі, якая славіцца сваім магутным прыгожым касцёлам, бачным здалёк. Вячаслава Корбута, Інгу Вінарскую і Мікалая Іваноўскага прымаў Рэплеўскі Дом культуры. Шчыра сустрэлі там нашых паэтаў загадчыца клуба Марыя Гжэсяк і намесніца дырэктара мясцовай школы Ілона Маўчанава. Людзей шмат не сабралася – субота ўсё ж такі, выходны дзень… Але, як зазначыла Інга Вінарская, у старой актавай зале Рэплеўскага Дома культуры такая чароўная акустыка, што спадарыня атрымала сапраўдную асалоду ад гучання свайго голасу і гатова была выконваць свае вершы бясконца… А прачытала Інга насамрэч у той дзень нізку сваіх летніх вершаў і некалькі твораў на тэму кахання.

Мікалай Іваноўскі, канешне, рэкламаваў сваю новую кнігу “Суквецце любові”. Прагучалі творы з кожнага з пяці яе раздзелаў: “Вясной вяртаецца любоў…” (вершы пра каханне), “Памяць не парвецца…” (патрыятычная лірыка), “А вёсачка вабіць…” (вершы, прысвечаныя малой радзіме і роднай мове), “Пах палёў, збажыны…” (лірыка прыроды і пораў года) і “Байкі і жарты” (гумарыстычная паэзія).

У сваім выступленні ў Рэплі Вячаслаў Корбут таксама эксперыментаваў з жанрамі: былі прадстаўлены і лірычныя творы пра каханне, і патрыятычная паэзія, і гумарыстычныя вершы і байкі. Але асобна можна было выдзяліць верш “Першая настаўніца”, які аднолькава блізкі і дарослым, і дзецям:

***

Настаўніца ты першая мая…

Імя, як у княгіні нашай: Вольга.

Для нас, малых, была, нібы маяк,

Свяціла сваім сэрцам так прывольна.

 

А мы, вясёлыя, як тыя галубкі,

Яе лавілі словы і развагі,

І пазіралі ціха мы ў бакі,

На дошачцы чыталі неяк знакі.

 

Тых валасоў сівых яе капна…

Запомнілася шчырасцю – усмешка…

Маршчынкі ля вачэй – была вайна,

Да партызанаў помнілася сцежка.

 

Яна вучыла сэрцам дабрыні,

Чуллівым быць і ведаць сілу слова.

Цяпер спрабуй, былое павярні,

Калі ў жыцці згарэла столькі дроваў.

 

Калі гляджу, як крок у першы клас

Нясмела робяць паціхеньку дзеці,

Я адчуваю радасць, бо за нас

Былі бацькі шчаслівейшымі ў свеце.

 

Настаўніца найпершая мая,

Ты засталася ў памяці магічнай –

З усмешкай шчырай, светлай, як маяк,

І сэрцам, нам адданым фанатычна!..

Вось такія тры мерапрыемствы атрымаліся ў нашых паэтаў на Гарадзеншчыне. Да слова дадаць, уся кампанія некалькі вечароў і начэй правяла ў вёсачцы Пачуйкі, у хаце Мікалая Іваноўскага. Сказаць, што там прымалі гасцінна, – гэта нічога не сказаць. Усё было вельмі файна. А менчукі, вярнуўшыяся 19 чэрвеня ў сталіцу, яшчэ доўга будуць ўспамінаць, як спявалі салаўі, гулі пчолкі, пахлі кветкі і стракаталі конікі ў маляўнічых Пачуйках…

Інга Вінарская,

Вячаслаў Корбут.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Абраны старшыня Гарадзенскай філіі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Культура

Абраны старшыня Гарадзенскай філіі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

26 красавіка 2021, 23:0017
У 1921г. 30 кастрычніка пачаў працаваць БДУ.
Грамадства

У 1921г. 30 кастрычніка пачаў працаваць БДУ.

30 кастрычніка 2018, 13:4816
ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ
ТБМ

ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ

1 чэрвеня 2021, 07:0716
Гарбуз- цудоўны суперфуд
Грамадства

Гарбуз- цудоўны суперфуд

31 кастрычніка 2018, 00:2416
Далучайцеся да нас