У Менску выйшла паэтычная кніжка Зміцера Цеслянка з Мастоў “Каля нуля”. У прадмове Лявон Вашко адзначае:
“У паэтычным зборніку Зміцера Цеслянка чутно водгулле ўжо няблізкага, але яшчэ жывога і помнага часу нулявых гадоў з ягонымі ўзнёслымі і няспраўджанымі надзеямі, акрыленымі пошукамі, рамантычнымі парываннямі.
Рэха маладых галасоў сучаснікаў раз-пораз наганяе сённяшнюю памяць цёплым пачуццём незваротнае прамінуласці – настальгічнымі фотаздымкамі непаўторнасці перажытага, пачутага, прамоўленага…
З нулявых гучаць і вершы паэта Зміцера Цеслянка ў ягоным зборніку з сімвалічнай назваю “Каля нуля”.
Памятаюцца тагачасныя “калянулявыя” лясныя сустрэчы мастоўскіх беларусаў з вольна разгорнутым нацыянальным сцягам па-над нёманскімі хвалямі. На тыя беларускія маёўкі прыходзіў і неабыякавы да грамадска-палітычнага жыцця краіны школьнік Дзіма. Ён даставаў з кішэні блакнот ды чытаў свае творы. Прамоўленыя насуперак часу-зэра бунтарскія вершы вучня Дзімы ўтваралі ў прасторы адмысловыя адценні магіі, адухаўлялі грамадска-палітычны вычын шаманскімі рытмамі, напаўнялі падзеясветаўтворнай энергіяй паэзіі распачатыя жыццямі навакольныя часанулі. На пачатку дзвюхтысячных гадоў я надрукаваў верш Зміцера Цеслянка “Я прашу ад вас цішыні…” у адным з нумароў літаратурнага агляду “Дзеячас”. У вершы сумная прага свабоды выяўляецца разам са свядомай грамадзянскай нязгодаю. Бадай што, на сёння гэта адзіная публікацыя аўтара ў перыядычным друку.
I вось праз даволі вялікі тэрмін вусныя вершаваныя формы увасобіліся ў кніжны тэкст. Усе творы зборніка – з тае пары распачатага тысячагоддзя.
Выдавецкая няспрытнасць паэта, праз якую першы зборнік выйшаў так “позна”, кампенсуецца негаданай тугою, што ўзнікае пры чытанні, па страчаным незваротна часе, яскравым, натхнёным і таму дарагім. Туга – той нечаканы і знячэўны канцэптуальны ніт, які яднае вершы між сябе. Яна ўтвараецца нават з прачытання юначых вершаў-абвяшчэнняў, характэрных для любой пачатковай паэзіі. Такія юначыя вершы-транспаранты, як “Мы прыйдзем”, “Неба плача”, “Не грыміце гарматы ў сэрцы маім…” ды некаторыя іншыя, “рэанімуюць” сцвярджальныя рытмы пачатку 2000-х гадоў насуперак часазабыццю, а стылізаваны пад тагачасны моладзевы гарадскі фальклор верш “Сышоў маладым” явіць чытачу мелодыку яшчэ не дарэшты забытага рэпу – гэта такі сабе паэтычны аповед-“графіці” пра смерць юнака і неадольную марнасць навакольнага жыцця…
Туга ў больш глыбокім сэнсе, не як рэакцыя памяці на перажытую мінуўшчыну, а як чароўнае мастацкае рэчыва складанага лірычнага свету, таксама прысутнічае ў вершах. У творы інтымнае лірыкі “Мы на розных канцах Беларусі…” яна шчымліва сілкуе тэму растання, якое суджана не могуць пераадолець закаханыя адно ў аднаго лірычныя героі.
Тэма расчараванасці з пахібнасці навакольнага свету характэрная для шматлікіх вершаў. Гэтак у вершы “Я вырашыў сысьці зь нябёс” лірычны герой сярод стратнае рэчаіснасці сумуе па ідэальным пазаісным свеце. Туга па ідэальным і вечнанедасяжным свеце ў свеце вечнанедасканалае прыроды собскага пахібнага існавання гучыць і ў вершы “Калі б…”:
Каб сябраваў я з Маткай Боскай,
Маліўся б я пры сьвечках з воску.
I хутаў бы я коўдрай неба,
Бы навароднае жыцьцё…
Ісус сказаў бы: “Вось як трэба
Захутаць у пяшчоту ўсё!”
Калі б паўсюдна бачыў думкі
Зямлі і грэшнай, і сьвятой,
Зазнаў бы я таемства гукаў,
Што ў мове сьцішаны маёй.
Гэткі ж тужлівы покліч у шчаслівую пазаіснасць адгадваецца ў вершы “Прыляцела куля ў спіну…”, дзе недасканалае бытаванне лірычнага героя ў няволі разам з тым ёсць высокая мера асабістае біялагічнае вартасці, якой ён ахвяруецца дзеля высокіх духоўных ідэалаў:
Прыляцела куля ў сьпіну,
А я ўзяў ды не сагнуўся.
I застаўся я з Радзімай,
Са сваёю Беларусяй.
Зь Беларусяй буду вечна
Праплываць між яскаў-зораў,
У нябёсах Шляхам Млечным
Я і ў радасьці, і ў горы.
У калысцы Беларусі
Буду трызьніць снамі зорна,
Не ў палоне, не ў прымусе…
А ці ты на гэта здольны?
Уласцівасць часу брыняць з нулёў бясконцым лікам лічбападзеяў, пераўтвараючы непарушныя гмахі ў старыя руіны, а старыя руіны ў пыл, і падымаючы на іх месцы горы новых здзяйсненняў, дазваляе з ашчаднасцю зірнуць на першы вершаваны зборнік Зміцера Цеслянка, што напісаны на той мяжы, дзе працяг чарговым разам абнуляецца і пераходзіць у пачатак. Першае, што заўважаецца ў творчасці маладога паэта – гэта беларуская адпачатнасць. Зборнік “Каля нуля” каштоўны сваёй пачатковасцю ў прамым і пераносным сэнсах: ён адкрывае чытачу новага беларускага аўтара і з’яўляецца яшчэ адным творчым вытокам беларушчыны ва ўмовах паўсюднага вынішчэння беларускага духу”.

