Дачка Аркадзя Мардвілкі паведамляе з Ташкента пра спадчыну перакладчыка
Аркадзь Мардвілка (1905, в. Языль, Бабруйскі павет, Менская губерня, цяпер Старадарожскі раён, Менская вобласць -1986, Ташкент) – параўнальна малавядомы савецкі, узбекскі англіцыст, а таксама беларускі савецкі перакладчык і крытык. Ён не амерыканіcт, але, тым не менш, да свайго пераезду на Маскваволгабуд, а потым у Ташкент звяртаўся да амерыканскай літаратуры, індзеяністыкі. Яго ранняя творчасць была беларускамоўная, пасля ад’езду гэтая практыка спынілася. Перакладаў з англійскай і ўзбекскай на рускую. Звязаны з Сярэднеазіяцкім універсітэтам. Выкладаў англійскую мову. Яго кніга “Как скорее усвоить значение английских слов” (М., 1968), хаця ўжо і рэдкасць, прынесла і яшчэ можа прыносіць карысць шматлікай аўдыторыі філолагаў, што растуць у прафесіі.
У сярэдзіне 20-х гадоў гэты малады пісьменнік пераклаў асобныя раздзелы “Спеву аб Гаяваце” на беларускую мову. Пераклады сталі папулярнымі сярод інтэлігенцыі пасля апублікавання ў часопісе “Маладняк” (1926, № 4; 1926, № 7-8; 1927, № 2; 1928, № 2; імя перакладчыка было схаванае пад псеўданімам “А. Лясны” і крыптанімам “А. М.”). Поўнага і асобнага беларускамоўнага выдання чытач тады не меў (яго ўжо ў пасляваенны час па-майстэрску ажыццявіў А. Куляшоў), таму знаёміўся са светам індзейскіх легенд пераважна па рускім перакладзе І. Буніна. Але калі пішуць, што да вайны чыталі або і дэкламавалі Лангфела, без удакладнення, або “Спеў” у Менску, напрыклад, М. Гарэцкі або вялікі знаўца замежных літаратур Э. Самуйлёнак, то няма пэўнасці – бунінскі гэта быў ці мардвілкаўскі пераклад. Акалічнасці, звязаныя з перакладам Мардвілкі, заслугоўваюць спецыяльнай увагі.
Другая палова 20-гадоў была часам надзвычайнага ўздыму беларускай культуры і навукі, у тым ліку і ў развіцці індзеяністыкі. Вось як гэта было адзначана яшчэ на мяжы 1980-х і 1990-х гг. у рукапісе нашай “Індзейскай сцежкі праз Беларусь” – манаграфіі па гісторыі беларуска-індзейскіх сувязей:
“1925-1928 гг. можна б было лічыць “пікам” беларусізацыі і ў галіне індзеяністыкі, прычым на гэты перыяд прыпадаюць найважнейшыя публікацыі як у Беларусі, так і за яе межамі – аўтараў – выхадцаў з Беларусі. На працягу гэтых чатырох гадоў выдаецца “Геаграфія па-заеўрапейскіх краёў” А. Смоліча і М. Азбукіна (1925), А. Мардвілка перакладае главы з паэмы “Спеў аб Гаяваце”, у БДТ-2 робіцца спроба пастаноўкі “Гаяваты”, Я. Маўр піша аповесць “Сын вады” (1927), якая выдадзена ў наступным годзе. Гумарыстычнае мікраапавяданне “Позна” ў зборніку О. Генры “Чырвоныя ружы” (Масква, 1925, але друкарня – Віцебск) – верагодна, першы твор з усіх літаратур свету, цалкам прысвечаны індзейскай тэме, які з’явіўся ў выданні, надрукаваным у Беларусі”. Адной з наступных падзей у гэтым шэрагу было асобнае выданне апавядання з паўночнага (аляскінскага) цыклу Дж. Лондана: “Чародей: рассказ / Джек Лондон. – [Гомель] : Гомельский рабочий, 1926. – 18, [1] с.” (каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).
Мы звярнуліся да дачкі А. Мардвілкі, скарыстаўшы адрас, які паведаміў нам у сваім лісце ад 18.10.1988 г. “маладняковец” С. П. Шушкевіч:
“№ 3, 4.1.1989, Гомель.
Паважаная Ніна Аркадзьеўна!
У нашым таварыстве аб’яднаны людзі, якія цікавяцца гісторыяй і культурай індзейцаў, іх адносінамі з еўрапейцамі. Некалькі апошніх гадоў мы збіраем матэрыялы, якія аб’ядноўваюцца тэмай “Беларуска-індзейскія сувязі” (г.зн. разнастайныя кантакты, узаемаўплывы, паралелі і г.д. паміж Беларуссю і карэнным насельніцтвам Амерыкі). Гэта асабліва актуальна ў сувязі з маючым адбыцца 500-годдзем адкрыцця Амерыкі.
Магчыма, Вы ўжо зразумелі прычыну нашага звароту да Вас. Ваш бацька Аркадзь Пятровіч пераклаў раздзелы з “Песні пра Гаявату” Лангфела на беларускую мову, зрабіў гэта першым у 1926-28 гадах. Гэта вельмі буйная з’ява ў вашай сферы.
І тут узнікае мноства пытанняў. Ці ўсё з перакладзенага было апублікавана? Ці засталіся рукапісы перакладаў? Што вядома пра матывы, звароты да “Гаяваты”? Як ішла праца і які быў рэзананс, ці згадваецца яна ў перапісцы? Якога роду водгукі былі?
Зрэшты, нас цікавіць многае, і мы ахвотна ўзяліся б садзейнічаць любым мерапрыемствам па ўшанаванні памяці Аркадзя Пятровіча, няхай гэта будзе выданне яго літаратурнай спадчыны ці біяграфічныя даследаванні.
Ваш адрас мы атрымалі ад Станіслава Пятровіча Шушкевіча.
Будзем Вам вельмі ўдзячныя за дапамогу ў вырашэнні ўзніклых праблем. Вашы ўспаміны і даведкі будуць вельмі карысныя пры напісанні адпаведнага раздзела ў манаграфіі з меркаванай назвай “Індзейская сцежка праз Беларусь”.
Шчасця і здароўя Вам у новым годзе.
Алесь Сімакоў, БІТ” (пераклад з рускай).
Ліст у адказ ад Н. А. Бабаянц у нашым перакладзе з рускай (ён цікавы тым, што звязвае Гомель, Ташкент, Менск і Языль, у ім аб’ядноўваюцца звесткі, якія ў некаторай ступені ўзнаўляюць, дэталізуюць прычыны, працэс работы пісьменніка над творам, захаванасць спадчыны ў асабістым, хатнім, сямейным архіве, склад апошняга, напрыклад, дзённікі, што захаваліся):
“Паважаны Алесь Сімакоў!
(На жаль, не ведаю Вашай імя па бацьку, таму такі трохі нязграбны зварот.)
Ваш ліст я атрымала. Вельмі прыемна ведаць, што на радзіме бацькі на яго не забываюць. Вось толькі я, відаць, мала чым магу Вам дапамагчы. Так, я ведаю, што бацька пераклаў чатыры раздзелы з “Гаяваты”, і ў яго ў старых запісах ёсць згадка аб гэтым – вясной 1926 г. у Менску ён пераклаў тры раздзелы, затым у канцы мая з’ехаў у сваё роднае сяло Языль і там працягваў працаваць над перакладам. Але ўжо на 26-м годзе запісы яго заканчваюцца, а затым ужо ідуць адрывіста з 1935 года, і пра “Гаявату” больш нічога няма. Што тычыцца матываў звароту да “Гаяваты”, то гэта, па-мойму, яго любоў да Лангфела наогул, хаця менавіта “Гаявату” ён вельмі любіў, часцяком дэкламаваў урывачкі па-беларуску. Перапіскі тых часоў у нас амаль не засталося, а з кніг бацькі ёсць толькі дзве – “Садоўнік” Тагора і “Вялікае нараджэнне”. Чарнавікоў перакладаў амаль няма. Але ёсць некалькі яго ўласных вершаў, некалькі вершаў Лангфела, Гейнэ, перакладзеных на беларускую, – не ведаю, ці былі яны надрукаваны калі-небудзь. Дзённікі ж у асноўным закранаюць дзіцячыя гады.
Станіславу Пятровічу таксама дасылаю ліст і фатаграфіі.
Буду рада адказаць на ўсе пытанні, калі яны ў Вас узнікнуць.
Жадаю Вам усяго найлепшага.
З павагай Ніна Аркадзьеўна
2 лютага 1989 г.”
Мы паспрабавалі прасачыць дынаміку звестак пра пераклад, у т.л. указанае месца, пры публікацыі ў часопісе “Маладняк”:
1 – год, нумар часопіса; 2 – старонкі; 3 – аўтар; 4 – агульны загаловак; 5 – загаловак раздела; 6 – крыніца (англ.); 7 – пераклаў; 8 – месца перакладу; 9 – дата перакладу:
Ч. 1 – 1) 1926, № 4; 2) с. 74-75; 3) Г. Лёнгфэлаў; 4) Гайаватавы сябры; 5) Hiawatha’s Friends from “The Song of Hiawatha” by Henry Longfellow; 6) З “Песьні аб Гайаваце”; 7) Пераклаў з ангельскае А. Лясны; 8) МЕСЦА ПЕРАКЛАДУ НЯМА; 9) 31-III-26 г.
Ч. 2 – 1) 1926, № 7-8; 2) с. 82-90; 3) Г. Лёнгфэлаў; 4) З “Песьні аб Гайаваце”. 5) Сватаньне Гайаваты; 6) Hiawatha’s Wooing from “The Song of Hiawatha” by Henry Longfellow; 7) Пераклаў з ангельскае А. Лясны. 8) МЕСЦА ПЕРАКЛАДУ НЯМА; 9) ДАТЫ ПЕРАКЛАДУ НЯМА;
Ч. 3 – 1) 1927, № 2; 2) с. 61-66; 3) Г. Лёнгфэлло 4) З “Песьні аб Гайаваце”. 5) Голад; 6) The Famine From (sic – вялікая літара) “The Song of Hiawatha” by Henry Longfellow; 7) Пераклаў з ангельскае А. М. 8) Менск. 9) 20-XII-26 г.
Ч. 4 – 1) 1928, № 2; 2) с. 79-80; 3) Г. Лёнгфэлло; 4) АГУЛЬНАГА ЗАГАЛОЎКА (З “Песьні аб Гайаваце”) НЯМА; 5) Гайавата і Мэджэківіс; 6) “Hiawatha and Mudjekeewis” (sic – у двукоссі ) from “The Song of Hiawatha” by Henry Longfellow; 7) ПЕРАКЛАДЧЫК НЕ ЎКАЗАНЫ; 8) МЕСЦА ПЕРАКЛАДУ НЯМА; 9) ДАТЫ ПЕРАКЛАДУ НЯМА.
Алесь Сімакоў,
даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ілюстрацыі:
- Ліст Н. А. Бабаянц
- Частка 4 публікацыі – вокладка, усе 3 старонкі з тэкстам.