28-29 красавіка ў Менску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся XVIII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. Сёлета яны былі звязаны з важнымі датамі – 100-годдзем Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і 500-годдзем выдання “Малой падарожнай кніжкі” Ф. Скарынам у Вільні. Міжнародныя форумы кнігазнаўцаў адбываюцца на Беларусі з 1998 года.
Гасцямі гэтай прадстаўнічай канферэнцыі ў розныя гады былі прафесар Арнольд Мак-Мілін з Вялікабрытаніі, Кшыштаф Мігань, Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў, Марыя Підлыпчак Маеровіч з Польшчы, Лілея Коўкель, Дайва Нарбуцене, Арвідас Пацевічус і іншыя. Мерапрыемства аб’ядноўвае філолагаў, гісторыкаў, культу-ролагаў, бібліятэкараў, музейных супрацоўнікаў, пісьменнікаў і кнігавыдаўцоў.
Сёлета праблемнае поле канферэнцыі ахоплівала кнігазнаўчую тэматыку, гісторыю беларускай кніжнай культуры, дзейнасць Ф. Скарыны і яго паслядоўнікаў, развіццё бібліятэчнай справы на Беларусі, 100-гадовую гісторыю фарміравання фонда Нацыянальнай бібліятэкі, ролю кнігі ў сучасным соцыякультурным і інфармацыйным асяроддзі.
Прывітальнае слова форуму накіраваў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. У канферэнцыі ўзялі ўдзел вядомыя скарыназнаўцы Джаміля Рамазанава, Ларыса Шчавінская, Юры Лабынцаў і іншыя.
На першым пасяджэнні панаваў велікодны настрой, прыўнесены выступленнем рэктара Менскай духоўнай Акадэміі Архімандрыта Афанасія, які прысвяціў сваё паведамленне месяцаслову з “Малой падарожнай кніжкі” Ф. Скарыны. Тэолаг разважаў над пытаннямі, якія шанаваныя святы ў гонар Ісуса Хрыста, Маці Божай, св. апосталаў, памяць святых, унёс у свой каляндар змешчаны ў Малой падарожнай кніжцы” Францішак Скарына. Тэаолаг пацвердізіў, што Скарына прытрымліваўся ўстава Ерусалімскай царквы ХIV стагоддзя. (Але ў каляндар Ф. Скарыны не ўвайшло ўшанаванне св. Ефрасінні Полацкай і св. Віленскіх пакутнікаў). Шэраг дакладаў на канферэнцыі быў звязаны з дзейнасцю Ф. Скарыны, яго прававымі і палітычнымі поглядамі.
Напоўненымі велікоднай радасцю былі выступленні на канферэнцыі Галіны Рыгораўны Нячаевай з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый і Святланы Іванаўны Лявонцьевай з гэтага ж музея.
Святлана Лявонцьева распавяла пра каштоўны рукапісны кніжны помнік ХVI стагоддзя – Чырвонае Евангелле, якое было знойдзена ў вёсцы Покаць Чачэрскага раёна, дзе існавала царква стараабрадцаў з 1848 года. У каштоўнай кнізе існаваў укладны запіс ад 1670 года пра тое, што Евангелле было набыта яго гаспадаром за 360 грошаў (за гэтую суму сям’я магла набыць 4 каровы ці 30 свіней). Фёдар Шкляраў набыў каштоўнае рукапіснае Евангелле ў ХХ стагодзі ў жыхаркі вёскі Покаць і перадаў у дар Веткаўскаму музею ў 1983 годзе.
Галіна Уладзіміраўна Кірэева распавяла пра ўнёсак у развіццё скарыназнаўства беларускага бібліёграфа Валянціны Нічыпараўны Дышыневіч, якая была адной з першых даследчыц і прысвяціла гэтай тэме больш за 20 навуковых артыкулаў, пачынаючы з 1979 года.
Адметнымі былі выступленні загадчыка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіла Бараноўскага, навуковых супрацоўніц літаратурнага музея Петруся Броўкі Карыны Бадылевіч і Дар’і Карчашкінай, дацэнта БДУ Андрэя Любага, Міхаіла Пажарыцкага з Гарадзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы і іншых.
Загадчык сектара аналітычнай інфармацыі па культуры і мастацтве інфармацыйна-аналітычнага аддзела НББ Таццяна Анатольеўна Лаўрык паведаміла пра адлюстраванне тэмы гісторыі ўніяцкай царквы і яе дзеячаў у творах беларускіх пісьменнікаў, а Юры Лаўрык, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь распавёў пра рукапісны зборнік жыццяпісаў святых ў фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея.
Змястоўным было выступленне прадстаўнікоў Нотна-навуковай бібліятэкі БДАМ Ганны Гамезы і Тарэсы Сінкевіч.
Пры падвядзенні вынікаў канферэнцыі галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Галіна Уладзіміраўна Кірэева адзначыла, што ўсе ўдзельнікі атрымалі вялікае задавальненне ад прафесійных кантактаў, ад абмену думкамі, прагучала больш за 50 дакладаў.
Кожны выступовец імкнуўся распавесці пра скарбы і здабыткі сваіх бібліятэк, значная роля ўдзялялася прадстаўленню працы розных бібліятэк краіны і абмяркаванню ролі кнігі ў сучаснай соцыякультурнай прасторы.
У кожным дакладзе была свая “разынка” пра той ці іншы кніжны помнік.
Бібліятэкараў асабліва ўразіла выступленне архімандрыта Афанасія, які дапытліва даследаваў месяцаслоў Францішка Скарыны ў “Малой падарожнай кніжцы” і заўважыў там дэталі, на якія раней бібліёграфы не звярталі ўвагі.
Эла Дзвінская, фота аўтара.