Турысты, якія прыязджаюць у аграмястэчка Дворышча і аглядаюць славутасці старадаўняга месца, абавязкова звяртаюць увагу на будынак акруглай формы, увянчаны купалам і праваслаўным крыжом.
Будынак, складзены з каменю, быццам увабраў у сябе дух часу. Безумоўна, ён удала ўпісваецца ў агульны гістарычны інтэр’ер паселішча, хоць па ўзросце нашмат яго маладзей, разоў так у дзесяць! Амаль пяцьдзесят гадоў назад ён быў пабудаваны для патрэб калгаса (у ім была дыспетчарская), аднак у народзе з-за сваёй акруглай формы зваўся няйначай як царква. Сёння ў ім і ёсць дзейны праваслаўны храм у гонар беларускай святой Сафіі Слуцкай.
Прыгажосць не зямная – чароўная
Зазірнуць унутр незвычайнага храма мне хацелася вельмі даўно. І вось такая магчымасць з’явілася. Каля сцен царквы перш за ўсё дакранаюся да камянёў, нагрэтых сонцам, – спрабую адчуць цяпло дварышчанскай зямлі, уявіць яе душу. Зазіраю ў невялікае даўгаватае акенца ўнутр – відаць, як прамень сонца падае прама ў цэнтр храма. Вось ужо сапраўды прыгажосць, не зямная – чароўная.
Храм у Дворышчы – адзін з нямногіх у Беларусі, які носіць імя беларускай святой – Сафіі Слуцкай. Дзень памяці яе адзначаўся зусім нядаўна, 1 красавіка. Нельга сказаць, што пра гэтую святую вядома шмат. Князёўна, а затым княгіня Слуцкая, паходзіла са старажытнага роду Алелькавічаў, княжыўшых у г. Слуцку. Апошняя з роду князёў Слуцкіх і Капыльскіх, нашчадкаў вялікага князя Альгерда, яна нарадзілася ў 1585 г. і вельмі рана асірацела. Апекаваць дзяўчынку ўзяліся далёкія сваякі – жмудскі стараста Юры Хадкевіч, які павёз яе з сабой у Вільню, а пазней – віленскі кашталян, берасцейскі стараста Еранім Хадкевіч. Калі абодва завінаваціліся князям Радзівілам значныя сумы, то вырашылі разлічыцца маёнткамі адзінай прамой спадчынніцы багатага роду, склаўшы ўгоду пра выдачу князёўны Сафіі па дасягненні ёю паўналецця за Януша Радзівіла, князя Нясвіжскага. Пераходзіць у каталіцтва юная нявеста адмовілася. Янушу нават давялося звяртацца да Папы Рымскага з прашэннем пра дазвол узяць шлюб з князёўнай Сафіяй Слуцкай, якая застаецца ў праваслаўі і паставіла ўмову, каб іх дзеці выхоўваліся ў праваслаўнай веры. Княгіня пасля замужжа актыўна займалася справамі на карысць царквы. Дзякуючы ёй Слуцк быў адзіным горадам Вялікага Княства Літоўскага, пакінутым незалежным ад Рыма. Сафія таксама шмат займалася дабрачыннасцю. Памерла ў 1612 годзе пры родах дачкі, ва ўзросце 26 гадоў.
Са святымі мошчамі Сафіі пазней абыходзілі горад, каб пазбегнуць пажару. Лічыцца, што святая дапамагае ў родах жанчынам. У нашы дні нятленные мошчы святой Сафіі Слуцкай спачываюць у прытворы Свята-Духава кафедральнага сабора г. Менска ў гонар Менскага цудатворнага абраза Божай Маці.
Светлы храм
– Рашэнне стварыць у Дворышчы праваслаўны храм было прынята дзесяць гадоў назад, – распавядае яго настаяцель, протаіерэй Георгій Муха. – Абраны і будынак – былая дыспетчарская РСУП “Саўгас “Лідскі”. Праўда, будынак знаходзіўся ў гнятлівым стане: фактычна – толькі сцены. Дах правальваўся. Пасярод будынка высілася ма-сіўная труба, побач ляжала вялікае трактарнае кола. Вакол панавала запусценне. Пачынаць, рабіць усё трэба было з нуля.
І людзі, мясцовыя жыхары, разам са святаром пачалі рабіць. Запал вернікаў быў на высокім уздыме яшчэ і таму, што ў храма з’явіўся мецэнат з Украіны, які першыя часы спансаваў большасць будаўніча-рамонтных работ. Агульнымі высілкамі была дэмантаваны стары і зроблены новы дах, заліта сцяжка падлогі, устаўлены шклопакеты. Абтынкованы сцены, падшыты сайдынгам скляпенні. Пры будынку з’явілася прыбудова, у якой размясціліся кабінет святара і хрысцільня. Тут жа ўсталяваны ацяпляльны кацёл, які паліцца драўнянымі пялетамі, – у храме стала цёпла.
Адначасова вялося ўнутранае добраўпарадкаван-не. Ужо праз год вернікі змаглі правесці першае набажэнства.
Дарэчы, праз некалькі гадоў украінскаму мецэнату стала не да храма ў Дворышчы. І цяпер яго дабудоўваюць выключна за сродкі мясцовых жыхароў. Працягваецца ўнутранае ўладкаванне храма, хрысцільні, трэба пакласці плітку ў алтары, усталяваць іканастас.
– Вось ужо другі раз нам дапамагае дабрачынны праект з Расійскай Федэрацыі “Прыход.ру”: мы атрымалі прастол, ахвярнік, галгофу і вялікі абраз. У хуткім часе нам павінны даставіць і новы іканастас.
Усярэдзіне храм святой Сафіі Слуцкай васьмівуго-льнай формы, што надае яму адмысловую атмасферу. Светлы (нібы святы), ён настройвае на чыстыя думкі і малітву. Па цэнтры, на аналоі, – абраз святой княгіні Сафіі Слуцкай з часцінкай мошчаў. Да яе перш за ўсё падыхо-дзяць мясцовыя жыхары, просячы дабраславення і святых малітваў беларускай нябеснай заступніцы.
“Я ўсяго толькі прараб…”
– Як магчыма пабудаваць храм у сельскім пры-ходзе? – з непадробнай цікавасцю пытаю ў айца Георгія.
– Я ўсяго толькі прараб, – адказвае святар, – а ствараюць і робяць усё людзі, мясцовыя жыхары.
З аповяду айца Георгія дазнаюся: падчас будаўніцтва многія патрэбы па волі выпадку, а хутчэй – промыслам Божым, вырашаліся самым удалым чынам:
– Парой, мы нават не просім, а проста гаворым, што будуецца храм… Патрэбны праект – у праектнай майстэрні ідуць насустрач. Прыходзім у краму купляць плітку – прадаюць без нацэнкі. Купляем сайдынг – тое самае: робяць вялікую зніжку. Неяк адзін індывідуальны прадпрымальнік з в. Мінойты прапанаваў: “Давайце я прадам вам кацёл”. “Пакуль мы не можам яго купіць, – адказваю, – грошай няма”. А ён усё адно кацёл прывёз: “Калі будуць грошы, аддасце”. І выйшла вельмі ўдала: цяпер гэты кацёл каштуе ў некалькі разоў даражэй. Нам ахвотна дапамагае Уладзіслаў Юльянавіч Лабецкі – дырэктар ААТ “Будтрэст № 19”, а раней – ПМК-169. Кажа: “Вы толькі звяртайцеся, чым змагу, дапамагу”.
Распавядаючы пра дапамогу храму, айцец Георгій заўважае:
– Актыўную падтрымку аказвае ўладыка, епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфырый: заўсёды цікавіцца, якія ёсць пытанні, праблемы, дапаможа і словам, і справай. Уладыка прапанаваў ужо сёлета храм высвянціць. Аднак нам хочацца давесці яго добраўпарадкаванне да канца, зрабіць такім, якім і павінен быць дом Божы.
“Мы яму верым”
Успамінаецца выпадак, як гадоў восем назад з аграмястэчка Дворышча ў рэдакцыю прыйшоў калектыўны ліст – людзі прасілі садзейнічання ў тым, каб іх бацюшку, айца Георгія, не пераводзілі ў іншы храм. Забягаючы наперад, скажам, што гэта прашэнне хутчэй за ўсё сыграла ролю, і святара сапраўды пакінулі служыць у Дворышчы.
– Для многіх з нас, выгадаваных у 60-я, атэістычныя гады, усё тое, што пачалі рабіць у Дворышчы айцец Георгій і яго матушка Ірына, было новым, – распавядае загадчыца бібліятэкі Людміла Марцінкевіч. – Яны наладзілі ў аграмястэчку такую працу па ўладкаванні духоўнага жыцця!.. Ахапілі і шматдзетныя сем’і, і дзяцей, і пажылых. Ладзілі мерапрыемствы, сустрэчы, святы (ёлкі, калядкі). Да кожнага чалавека здолелі знайсці падыход…
– Айцец Георгій вельмі адказны і заўсёды лёгкі на пад’ём. Спакойны, ураўнаважаны, ён і ў чалавека сваім словам уселіць спакой, – кажа Людміла Марцінкевіч. – Матушка, хоць і маладая, але за сваё добрае сэрца набыла павагу нават пажылых. Айцец Георгій такі, за якім хочацца ісці. Мы яму верым.
Уклад кожнага дварышчанца дапамагае будаваць храм
Храм у Дворышчы будуецца сіламі і выключна на сродкі людзей. Многія з іх – сціплыя і не любяць афішаваць сваіх заслуг.
– З самага пачатку будаўніцтва храма я тут, – распавядае Аляксандр Сямашка. – Па меры сіл дапамагаю з добраўпарадкаваннем, аздобнымі працамі, дастаўкай, разгрузкай матэрыялаў – раблю ўсё, што просіць бацюшка. Вядома ж, на добраахвотных пачатках, бо ўсе мы вельмі хацелі, каб у Дворышчы была царква. Зараз душа цешыцца. Службы кожную нядзелю. Утульна, светла, цёпла. Лавачка ёсць – прысесці можна. Наш храм і ўладыка наведваў. Самых актыўных вернікаў і памочнікаў адзначыў Архірэйскімі граматамі.
– Гэта вельмі добра, што ў нас цяпер ёсць свой храм. Не трэба ў Ліду ехаць. Былі часы, калі ўстану рана, а ў мяне гаспадарка, карова, ухаджуся і – бегам на аўтобус. А цяпер блізка зусім. І дзяцей прывучала да царквы, а зараз і ўнукаў, – кажа Алена Ліхарад. – Як маленькае дзіця вучыцца хадзіць, так і мы нашу царкву з малога ствараем. Я збіраю ахвяраванні: людзі ахвяруюць, хто як можа, але кожны ўносіць свой уклад.
– У гэтай царкве я сапраўдная, у ёй я станаўлюся сама сабой, магу адпачыць душой, знайсці падтрымку ў Бога. Царква аб’ядноўвае нас, у ёй мы хрысціяне і мы разам, – лічыць Галіна Ліхарад.
Яшчэ адна прычынна прыехаць у Дворышча
Турыстычны комплекс на старым млыне, конна-спартовая школа і проста прыгажосць старажытнага месца… Да гэтых прычын прыехаць у Дворышча можна дадаць яшчэ адну – незвычайны храм беларускай святой – княгіні Сафіі Слуцкай. Царква практычна гатовая, зрабіць засталося зусім трохі, але і на гэта патрабуюцца вялікія матэрыяльныя выдаткі. Таму, калі ў вас ёсць жаданне ўнесці свой уклад і дапамагчы такому дзіўнаму сельскаму храму, не адкладайце богадагодную справу на заўтра, ахвяруйце і проста прыязджайце – па чысціню думак і пачуццяў, на сустрэчу з самім сабой і з Богам.
Вольга Яхантава.