Лідзянка, у руках якой ганчарны круг творыць цуды, дзеліцца сакрэтамі старажытнага рамяства
Ёсць нешта магічнае ў гэтым рамястве: гліна, нібы жывая істота, у руках майстра згодна мяняе сваю форму, кручэнне круга зачароўвае, гіпнатызуе, адкрываючы партал у свет мінулага і адносячы нас на сотні і тысячы гадоў назад. Ганчарнае рамяство лічыцца адным з найстара-жытнейшых, і ў кожнага народа свая гісторыя яго развіцця.
Сёння сакрэтамі працы за ганчарным кругам валодаюць адзінкі. Скептык, вядома, тут запярэчыць: навошта вынаходзіць кола?! Вытворчасць посуду даўно набыла прамысловыя маштабы, і ў сучасных крамах ён – на любы густ. І… не будзе мець рацыі. Вырабаў ручной працы, у якія ўкладзена часцінка душы мастака, на гандлёвых паліцах вы не знойдзеце, як бы шырока ні быў прадстаўлены асартымент!
Затое ў сувенірнай краме, што працуе пры аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раён-ны цэнтр культуры і народнай творчасці”, працы мясцовых майстроў па кераміцы і ганчарстве прадстаўлены на любы густ. Бываючы ў нашым горадзе, турысты ахвотна набываюць керамічныя сувеніры на памяць і вязуць у розныя краіны зараджаныя дадатнай энергетыкай “кавалачкі” Лідчыны.
Днём вучыла, а па начах малявала
Адзін з аўтараў прадстаўленых прац – Алена Міхайлаўна Свідэрская, майстар па кераміцы і ганчарстве аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. У дапамогу прыроднаму таленту лідзянкі – прафесійная адукацыя: Алена Міхайлаўна – выпускніца мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава (цяпер Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава).
Дваццаць гадоў Алена Свідэр-ская працавала ў сярэдняй школе №12, што ў мікрараёне Індустрыяльны, настаўнікам выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання. Днём вяла ўрокі, вучыла дзяцей бачыць прыгажосць і быць крэатыўнымі, а па начах… малявала. Так ужо ўладкованы чалавек творчы, што не можа сабе дазволіць пражыць хоць дзень без занятку сваёй любімай справай, каб не страціць майстэрства, натхненне.
Гадамі працаваць у такім рэжыме было досыць складана, і аднойчы Алена Міхайлаўна вырашыла зрабіць выбар на карысць творчасці, пакінуўшы сваю педагагічную працоўную дзейнасць у мінулым.
У 2015 годзе лідзянка прыйшла працаваць у аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры.
І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц
– Калектыў у аддзеле рамёстваў падабраўся вельмі творчы, – у гутарцы з журналістам “Лідскай газеты” адзначае Алена Міхайлаўна. – Гэта людзі, у добрым сэнсе слова “апантаныя” захаваннем традыцый беларускай народнай культуры. Тут кожны супрацоўнік – прафесіянал, майстар сваёй справы.
Узаемадзеянне – яшчэ адна характэрная рыса аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Працы майстроў, якія нязменна высока ацэньваюцца на мерапрыемствах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, часцяком калектыўныя і спалучаюць у сабе адразу некалькі тэхнік: кераміку, размалёўку, ткацтва, інкрустацыю і пляценне з саломкі. У прызнанні ж заслуг аднаго з супрацоўнікаў ёсць агульная заслуга.
Зрэшты, у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры кожны – і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц! Да прыкладу, Алена Свідэрская не толькі займаецца ганчарствам і керамікай, дае майстар-класы і вядзе курсы, але і бярэ ўдзел у вырабе персанажаў для народнага аматарскага лялечнага тэатра “Батлейка”, выконвае замовы на выраб падарункаў і прызоў для конкурсаў, юбілеяў і іншых мерапрыемстваў.
А яшчэ Алена Міхайлаўна ўваходзіць у склад народнай фальклорнай групы “Талер”, якой праводзіцца вялікая праца па адраджэнні і захаванні фальклору. Калектыву пад сілу ўсё: песні, абрады, гульнявыя праграмы і нават майстар-класы па навучанні традыцыйным танцам.
Кампутарны “горан”
Слова “ганчар” паходзіць ад слова “горан” – так зваліся печы для абпалу, якія ў мінулым рамеснікі абсталёўвалі прама ў зямлі. Першапачаткова майстроў клікалі “горнчарамі”, але з часам са слова выпала літара “эр”, якая абцяжарвае вымаўленне, і атрымаўся спрошчаны сучасны варыянт – “ганчар”.
– Для таго каб гліна не прапускала ваду, прызначаны для штодзённага выкарыстання посуд пасля абпалу ў печы малочылі, чарнілі або адварвалі, – распавядае Алена Міхайлаўна. – Таксама посуд глазуравалі. Але паколькі задавальненне гэтае не з танных, глазуру эканомілі, пакрываючы ёю толькі ўнутраную паверхню выраба.
У сучасных ганчароў у земляной печы няма неабходнасці: да іх паслуг – прафесійныя керамічныя печы, здольныя набіраць тэмпературу да 1500 градусаў па Цэльсіі. У цэнтр рамёстваў, які быў адкрыты ў год правядзення ў Лідзе рэспубліканскіх “Дажынак”, у 2010 годзе, печ набылі вытворчасці Чэхіі, сучасную, з кампутарным кіраваннем.
Праўда, пачаткоўцаў Алена Міхайлаўна папярэджвае: вынік абпалу заўсёды непрадказальны: выраб можа пакрыцца расколінамі або лопнуць. Так здараецца, калі гліна недастаткова старанна размята і ў ёй захоўваюцца бурбалкі паветра. Таму, працуючы з гэтым прыродным матэрыялам, неабходна выконваць свае тэхналогіі.
Па сакрэце – па ўсім свеце
Трэба сказаць, што ганчарства заўсёды было справай сямейнай. Пакуль старэйшыя ўпраўляліся за ганчарным кругам, дзеці майстравалі з гліны цацкі і свістулькі. Сакрэты рамяства перадаваліся прадстаўнікам сямейнай дынастыі з пакалення ў пакаленне і старанна хаваліся ад суседзяў. Перад тым як сесці за працу, дзверы хаты зачыняліся: “ганчарыць” у прысутнасці пабочных было не прынята.
Як і іншыя майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, Алена Свідэрская, насупраць, ахвотна дзеліцца сваімі ведамі. Па серадах яна праводзіць курсы па кераміцы, якія наведвае і стары, і малады. Сярод тых, хто жадае навучыцца старажытнаму рамяству, не толькі лідзяне, але і жыхары суседніх раёнаў.
– Нягледзячы на адлегласць (а жывём мы ў Шчучынскім раёне), другі год прыязджаю ў Ліду на заняткі па кераміцы і ганчарстве, – распавядае Наталля Ціхавод. – Займаюся разам з сынам, яму цяпер 13 гадоў. Леанід асвойвае працу з ганчарным кругам, мне ж больш падабаецца лепка з гліны. Алена Міхайлаўна, як педагог са стажам, умее даходліва тлумачыць і накіроўвае нас на праяву індывідуальнасці ў сваіх працах. Канчатковы вынік творчага працэсу нязменна прыносіць задавальненне: адчуваеш пачуццё радасці ад усведамлення таго, што ты трымаеш адзіны ў сваім родзе, зроблены ўласнымі рукамі выраб. Некалькі гадоў назад з Гародні мы пераехалі жыць у вёску, і дзякуючы заняткам у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры керамічныя працы (галоўным чынам гэта посуд і пано) надаюць нашаму жыллю непаўторны этнаграфічны каларыт.
Лілея Лапшына,
lidanews.